вторник, 11 ноября 2014 г.

Эдзя Брацкі. Старшыня Саўнаркаму Беларусі ва ўспамінах Пётры Ўпхолава. Койданава. "Кальвіна". 2014.



    Былы міністар мэліярацыі і воднай гаспадаркі ЯАССР, пэрсанальны пэнсіянэр Саюзнага значэньня Пётра Міхайлавіч Упхолаў нарадзіўся 14 кастрычніка 1920 года ў сяле Ныкілей Качугскага раёна Верхнеленскага вуезду Іркуцкай вобласьці у бурацкай сям’і даволі заможнага селяніна. Пасьля заканчэньня вэтэрынарнага аддзяленьня Іркуцкага сельскагаспадарчага тэхнікума, ён з-за матэрыяльнай нястачы пераехаў да брата ў горад Якуцк, дзе давучваўся ў якуцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме. У чэрвені 1939 г. яго накіравалі працаваць на поўнач ЯАССР у Верхаянскі раён, у сакавіку 1940 г. ён быў прызначаны загадчыкам вэтэрынарнага ўчастка Абыйскага раёна, а ў студзені 1944 г. яго прызначаюць загадчыкам заавэтучасткам Аймяконскага раёна ЯАССР.
    У сваіх успамінах “Дороги моей судьбы” [Якуцк, 2003.] ён пакінуў цікавыя ўспаміны аб адной сустрэчы, якая датычыцца Беларусі:
                                                            ПАЕЗДКА Ў САРДАНАХ
    “...Аднойчы я паехаў у Сарданах /Сордоннох/. Увечар даехаў да калгасу імя Сталіна. Старшыня Каладзезьнікаў запрасіў мяне дахаты на начлег. ... Увечар гаспадыня прыгатавала вельмі смачную вячэру з духмяным сьвежым мясам, падала чорную парэчку са сьмятанай і іншымі далікатэсамі. За вячэрай старшыня сказаў:
    - Прыехалі дальбудаўцы для прыёмкі быдла, прызначэньне на сто галоў, але для катла просяць яшчэ дзьве галовы, можа вы дазволіце ў рахунак пастаўкі, аформіць трэба выбракоўваньнем з рамонтнага пагалоўя.
    - Падумаю, раніцай скажу.
    З брыгадай дальбудаўцаў прыехаў іхні начальнік - таксама зьняволены, кажа, што ён раней працаваў старшынёй Саўнаркаму Беларусі і намякае, каб увечар дзе-небудзь пасядзець, як гэта заведзена. Парай што рабіць?
    - Могуць табе паставіць у віну, што меў зносіны з палітычнымі зьняволенымі, напэўна, сярод іх ёсьць інфарматар, але яго просьбу трэба ўшанаваць. Днём трэба перадачу быдла скончыць крыху раней, пасьпець быдла затаўраваць, падразаць хвасты. Потым хай быдла гоняць далей ад мястэчка. Пасьля прыяжджайце ў праўленьне калгасу з беларусам, хай загадзя прыгатуюць вячэру, і пасядзіце, пагаманіце.
    - Дзякуй, слушна кажаш, але я б жадаў, каб ты быў з намі, калі не баісься.
    Мне днём чым раней трэба ехаць зварот, мае дакумэнты вы днём падпішаце, ды і па ўзросьце ў кампанію не падыходжу.
    Не, я без цябе не буду нічога ладаваць. Заўтра ты дахаты не паедзеш, у нас з вамі ёсьць яшчэ справа, паглядзім фэрмы, быдла, ёсьць хворыя, зьезьдзім на Індзігірку, пакаджу зарасьнікі чорнай парэчкі, пастраляем качак.
    На гэтым скончылася вячэра ў кватэры Каладзезьнікава, пайшлі спаць. Раніцай пачалася праца па перадачы і прыёмцы быдла. Дальбудаўскія лягеры ператваралі людзей амаль у зьвяроў. Страшна апісваць - яны біліся, адзін аднаго зьбівалі без дай прычыны, а часта і без усякіх чыньнікаў. Яны ўсе вельмі баяліся, што прынятае быдла ізноў сыдзе ў калгасны статак, лічы, што ўсё зьнікла. Не ведалі таго, што мясцовыя не возьмуць іхняе быдла ў любым выпадку, а калі ўжо перамяшаецца з калгаснымі статкамі, абавязкова вернуць.
    У канцылярыі калгасу старшыня падрыхтаваў для, так званага кіраўніцтва дальбудаўцаў, абед на некалькі пэрсон. Мяне Каладзезьнікаў усё ж такі ўгаварыў прыняць удзел, мабыць, калі паўстане штосьці, то віну падзяліць напалову. Увечар, пасьля афармленьня дакумэнтаў, засталіся з Дальбуду трое. Адзін з іх - былы старшыня Саўнаркаму Беларусі. Мужчына, відаць, хаджалы, прыстойны, інтэлігентны, з буйнымі рысамі твару, ужо паджылы, гадоў пад шэсьцьдзесят, лысы. Двое маладзей, рускія, таксама не з простых, асуджаныя па 58 артыкулу. Адным словам, букет антысаветчыкаў, ці па тым часе, контрыкаў. Стол накрыты, наварана шмат мяса, керчэх (зьбітая сьмятанка) і сьмятана, нават нейкія саленьні. Каладзезьнікаў выставіў 3 бутэлькі разьведзенага сьпірту, у яго яшчэ ў запасе 2 бутэлькі. Яны прынесьлі дзьве бутэлькі нейкага віна. Гутарка пачалася нязмушана, госьці распавядалі пра сваё жыцьцё ў змрочных фарбах. Кожны з іх страціў веру ў лепшае, зварот у сям’ю не маячыў. Яны елі добра, казалі, што яны ад такой ежы і абставінаў даўно адвыклі. Адзін нават паплакаў:
    - Мне часта хочацца перавярнуць гэты несправядлівы сьвет, карны сьвет, але сіл няма. Думаў, можа за нас, пакрыўджаных, гэта зробяць немцы, але яны апынуліся супраць Сталіна, Жукава нясталымі, слабымі шчанюкамі.
    Гутарка пачала прымаць палітычны характар. Старшыня Саўнаркаму Беларусі ўважліва слухаў, паступова стаў п’янець:
    - Дзеці, што са мной зрабіла наша савецкае кіраўніцтва, НКУС, ды і што хаваць - таварыш Сталін. Я быў і ёсьць сумленны камуніст, да мозгу костак, я сын вялікага славянскага, беларускага народа, жадаў толькі добрага свайму народу, савецкай улады. Ніколі не быў ворагам народа, нашай вялікай партыі. Ведаў, сустракаўся, праводзіў лінію партыі разам з цяперашнім кіраўніцтвам партыі і дзяржавы. Сустракаўся па працы з В. М. Молатавым, уваходны быў у яго кватэру ў Крамлі, ягоная жонка Жамчужная частавала нас гарбатай і г.д. Я мог казаць, не зьвяртаючыся да паслуг перакладчыкаў, з прадстаўнікамі замежных амбасадаў. Зараз я нават не ведаю дзе мая сям’я, дзеці, родныя, блізкія.
    Вось у такім духу ішла гутарка падчас вячэры. Я быў змушаны наступіць на нагу Каладзезьнікаву, даючы зразумець, што пара вячэру, якая зацягнулася, завяршаць. Кароткім падзячным тостам Каладзезьнікаў падвёў рысу сустрэчы, дзелавога кантакту, пажадаў ім дабрабыту, заканчэньня вандраваньня па Калыме і хуткага вяртаньня да сем’яў. Такая прамова кранула за жывое госьцяў, яны расплакаліся, абдымалі нас. На гэтым вячэра закончылася.
    Увечары ў хаце Каладзезьнікава абмяркоўвалі сустрэчу. Застаўся горкі асадак ад усяго пачутага. Тады я не мог ведаць, што ДПУ і НКУС, праз некаторы час, зоймецца нашым вечарам.
    На другі дзень, пасьля ад’езду дальбудаўцаў, мы з Каладзезьнікавым паехалі па жывёлагадоўчых, конегадоўчых фэрмах, сустракаліся з людзьмі, усюды пілі чай, нас частавалі. У канцы дня на беразе Індзігіркі Каладзезьнікаў мне паказаў велізарныя зарасьнікі дзікай чорнай парэчкі з гронкамі буйных, сасьпелых ягад. Хто б мог падумаць што ў цэнтры ўсясьветнага холаду так багата растуць ягады... [С. 101-103.]
    Эдзя Брацкі,
    Койданава.