пятница, 17 октября 2014 г.

Айталіна Булус. Муж міністра. Койданава. "Кальвіна". 2014.


    Ісай Спірыдонавіч Дзяраба /Дерябо/ нарадзіўся ў 1917 г. ў вёсцы Новы Янчын Зачысцкай воласьці Барысаўскага павету Менскай губэрні Расейскай імпэрыі (цяпер в. Новае Янчына ў Зачысьценскім сельсавеце Барысаўскага раёна Менскай вобласьці Рэспублікі Беларусь) у сям’і селяніна-серадняка.
    Ягоны бацька памёр у 1918 годзе, пакінуўшы пецярых дзяцей. У 13 гадоў Ісайка ўладкаваўся наборшчыкам у Барысаўскую раённую друкарню, дзе ў 1933 годзе атрымаў валавяннае атручваньне і быў вымушаны кінуць працу ды зьехаць у родную вёску, дзе пачаў дапамагаў маці па гаспадарцы.
    У 1935 годзе, трохі ачуняўшы ад хваробы, Ісай Дзераба паступіў на двухгадовыя курсы тэхнікаў-земляўпарадкавальнікаў пры Іркуцкім абласным земаддзеле. У жніўні 1937 г. па распараджэньні Наркамзема СССР разам з іншымі таварышамі Дзяраба быў камандзіраваны ў Якуцкую АССР для арганізацыі выдачы калгасам дзяржаўных актаў на карыстаньне зямлёй.
    У апэратыўным складзе кіраваньня земляўпарадкаваньня Наркамзема Якуцкай АССР, у якасьці тэхніка-земляўпарадкавальніка, Ісай Дзяраба прыбыў у Верхневілюйскі раён. Тут ён пазнаёміўся з аграномам райземаддзела Моцяй Бяльчусавай. Неўзабаве яны пажаніліся, пры гэтым маладая захавала сваю дзявочае прозьвішча.
   Матруна Ўладзімераўна Бяльчусава /Бельчусава/ нарадзілася 28 сакавіка 1916 г. у І-м Нерукцейскім насьлезе Алёкмінскага ўлуса Алёкмінскай акругі Якуцкай вобласьці Расейскай імпэрыі ў шматдзетнай сялянскай сям’і. Яе маці, Александра Іванаўна, памерла ў 1926 годзе, калі Моці было 10 гадоў. Матруна Бяльчусава вучылася ў Нерукцяйінскай ды Абагінскай школах Алёкмінскага ўлуса Алёкмінскай акругі ЯАССР, затым у Алёкмінскім паляводчым сельгастэхнікуме, які скончыла 29 студзеня 1935 года, атрымаўшы спэцыяльнасьць агранома па зерню. Працоўную дзейнасьць пачала ў тым жа 1935 годзе ў Вілюйскім райземаддзеле аграномам, а загадам наркама земляробства Якуцкай АССР у траўні 1935 г. была прызначаная старэйшым аграномам Верхневілюйскага раёна, які ў лютым 1935 года быў вылучаны з Вілюйскага раёна. Матруся Бяльчусава, акрамя сваёй непасрэднай працы, займалася актыўнай камсамольскай работай, бо ў камсамол уступіла яшчэ быўшы студэнткай сельгастэхнікума, вытыркала з дакладамі і гутаркамі сярод насельніцтва. У сакавіку 1940 года Бяльчусава ўступіла ў шэрагі чальцоў УКП(б).
    З лютага 1940 года Ісай Дзяраба працуе старэйшым землеўпарадчыкам  Верхневілюйскага райземаддзела, а ў чэрвені 1942 г. ён быў пакліканы ў РСЧА, але адразу на фронт не патрапіў. Вучыўся ў Свярдлоўскім ваенна-палітычным вучылішчы, затым у Ленінградзкім чырванасьцяжным ваенна-палітычным вучылішчы імя Ф. Энгельса. Ваяваў у саставе 246-га гвардзейскага стралковага полка і пад час штурму м. Позен /Познань/ ў Польшчы 25 студня 1945 года быў паранены асколкам міны ў правае бядро з пашкоджаньнем косткі. 3 красавіка 1945 года Ісаю, каб прадухіліць гангрэну, ампутавалі правую нагу. Дадому ў Верхневілюйск ён вярнуўся толькі напрыканцы жніўня 1945 года, але доўга там не затрымаўся, бо падаўся ў Якуцк, дзе інвалід-франтавік быў прызначаны старшынёй прафсаюза работнікаў МТС і зямельных органаў.
    Матруна Бяльчусава ў 1943 г. была высунутая загадчыкам райземаддзелам, а ў студзені 1944 г. яна была абраная другім сакратаром райкама УКП(б). Пасьля вяртаньні мужа з войску Бяльчусава, па сямейных абставінах, была адкліканая ў распараджэньне Якуцкага абкама УКП(б). У 1947-1948 гг. яна вучылася на аднагадавых курсах пры Якуцкай партыйнай школе, а ў 1949 г. была абраная першым сакратаром Якуцкага райкама УКП(б).
    У 1946-1949 гг. Дзяраба працаваў уласным карэспандэнтам газэты “Социалистическая Якутия”, затым два гады вучыўся ў двухгадовай партыйнай школе пры Якуцкім абкаме КПСС. Скончыўшы яе, па накірунку абкама КПСС стаў рэдактарам міліцэйскай шматтыражкі “На боевом посту”. Затым вярнуўся ў “Социалистическую Якутию”, дзе з 1951 г. быў спачатку загадчыкам аддзелам сельскай гаспадаркі, а затым загадчыкам аддзелам лістоў.
    Першы сакратар райкама Матруна Ўладзімераўна Бяльчусава 12 сакавіка 1950 г. была абраная дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР па 570-й выбарчай акрузе. Пасьля заканчэньні двухгадовай партыйнай школы ў 1954 г. яна была прызначаная міністрам сацыяльнага забесьпячэньні Якуцкай АССР. Двойчы абіралася дэпутатам Вярхоўнага Савету ЯАССР: першы раз - па 31-й Далырскай выбарчай акрузе ў Верхневілюйскім раёне, а другі раз па Хатаскай выбарчай акрузе.
    Ісай Спірыдонавіч Дзяраба памёр у Якуцку 4 сьнежня 1974 г. пасьля цяжкай кароткатэрміновай хваробы, аб чым у нэкралёгу паведаміла газэта “Социалистическая Якутия”.
    Матруна Бяльчусава прапрацавала міністрам сацыяльнага забесьпячэньні ЯАССР 13 гадоў. Яна ўзнагароджаная двума ордэнамі “Знак Пашаны”, у 1966 г. занесена ў Кнігу Пашаны Якуцкай АССР за заслугі у гаспадарчым і культурным будаўніцтве, ёй нададзенае ганаровае званьне “Заслужаны работнік народнай гаспадаркі ЯАССР”, у лістападзе 1966 г. прызначаная асабістая пэнсія саюзнага значэньня.
    У Ісая Спірыдонавіча Дзярабы і Матруны Ўладзіміраўны Бяльчусавай нарадзілася трое дзяцей: дзьве дачкі, ураджэнкі Верхневілюйскага раёна ЯАССР і сын. Старэйшая, Клара, жыве ў Ленінградзкай вобласьці, другая, Валянціна, урач, жыве ў Якуцку разам з маці, якой мінула 90 гадоў. Сын, Валерый Ісаевіч, быў вельмі вядомым у Якуцку маладым спэцыялістам, арганізатарам інфармацыйнага цэнтраАхсаан”. Ягонае жыцьцё трагічна абарвалася 31 ліпеня 1994 года ад рук злачынцаў-забойцаў. У 1998 г. Матруна Бяльчусава напісала аўтабіяграфічную кнігу “Мінулыя дні і гады”.
    Літаратура:
    Докторов П. И.  Землеустроитель. Воин. Журналист. // Якутия. Якутск. 15 февраля 2007.
    Докторов П. И.  Землеустроитель. Воин. Журналист. // Докторов П. И.  Коммунисты и патриоты Якутии. Якутск. 2009. С. 117-120.
    Докторов П. И.  Верхневилюйский район она считала своей второй родиной. // Докторов П. И.  Коммунисты и патриоты Якутии. Якутск. 2009. С. 112-116.
    Айталіна Булус,
    Койданава