четверг, 2 октября 2014 г.

Віцёк Шэндэровіч. Няўрымслівы Шэндэр. Койданава. "Кальвіна". 2014.


    Шэндэр [Шендер, Александр] Самуілавіч [Самойлович] Гурэвіч [Гуревич] – нар. у 1868 г. у губэрнскім месьце Магілёў Расейскай імпэрыі, у габрэйскай купецкай сям’і м. Ворша Магілёўскай губэрні.
    Вучыўся ў 6-й Маскоўскай гімназіі, дзе далучыўся да партыі “Народная Воля”. У 1887 г. ён вучань 7-га клясу. 10 красавіка 1887 г. Гурэвіч перавёз друкарскую скрынку з Пятроўска-Разумоўскай акадэміі на сваю кватэру, а затым Канстанцін Церашковіч перадаў яму на захоўваньне пакет з друкарскім шрыфтам.
    Быў прыцягнуты да дазнаньня ў 1887 г. пры Маскоўскім жандарскім упраўленьні па справе аб рэвалюцыйным гуртку сярод студэнтаў Пятроўска-Разумоўскай земляробчай акадэміі па абвінавачваньні ў зносінах з Канстанцінам Церешковічам ды безвынікова абшуканы. У сувязі са студэнцкімі беспарадкамі, якія адбываліся ў Маскве ў канцы лістапада 1887 г., Гурэвіч быў прызначаны ў сьнежні 1887 г. маскоўскім генэрал-губэрнатарам да высыланьня з Масквы з-за ягонай палітычнай нядобранадзейнасьці. Таму ён быў арыштаваны і высланы ў Магілёў-губэрнскі пад асобы нагляд паліцыі.
    Па высачэйшаму загаду ад 27 ліпеня 1888 г. Шэндэр падлягаў высылцы ў распараджэньне Іркуцкага генэрал-губэрнатара дзеля пасяленьня на жыхарства ў мясцовасьцях даручанага яму краю на 5 гадоў пад публічны нагляд паліцыі. Таму ён быў арыштаваны ў Магілёве і ў канцы жніўня 1888 г. адпраўлены з Масквы ў Сыбір.
    За удзел у дэманстрацыі, зладжанай групай ссыльных пры адпраўцы іх 27 верасьня з Томску, Гурэвіч быў прызначаны ў найаддалены ўлус Колымскай акругі Якуцкай вобласьці.
    25 лютага 1889 г. Шэндэр быў дастаўлены ў абласное места Якуцк, дзе 22 сакавіка 1889 г. разам з іншымі прыняў удзел ва узброеным супраціве ўладам (Манастыроўскі бунт або Якуцкая трагедыя), быў арыштаваны і па пастанове іркуцкага генэрал-губэрнатара ад 14 красавіка 1889 г. адданы ваеннаму суду па законах ваеннага часу. Прысудам вайсковага суду пры Якуцкай мясцовай камандзе, канфірмаваным 20 ліпеня 1889 г. камандуючым войскамі Іркуцкай ваеннай акругі, прысуджаны быў да пазбаўленьня ўсіх правоў стану і да ссылкі ў катаржныя працы без тэрміну. Для адбываньня цяжкіх працаў быў накіраваны ў Вілюйскі астрог, куды прыбыў у самім пачатку 1890 г. (мянушка сярод таварышаў: “Саша анёл”).
    У 1891 г. бацька Шэндэра падаў найпакорнейшае прашэньне пра зьмякчэньне долі сыну. З-за спрыяльнага водгуку аб ім іркуцкі генэрал-губэрнатара па моцы высачэйшага загаду ад 17 красавіка 1891 г. бестэрміновыя катаржныя працы Шэндэру былі замененыя 20-гадовымі.
    У сакавіку 1892 г. Гурэвіч быў адпраўлены з Вілюйска праз Якуцк, куды прыбыў у красавіку 1892 г., у Акатуйскую турму, дзеля адбываньня далейшага пакараньня.
    19 лістапада 1892 г. Гурэвіч быў дастаўлены ў Акатуйскую турму. У Акатуе Шэндэр працаваў у шахце з крымінальнымі катаржанамі і з часам зрабіўся найлепшым сьвідравальшчыкам ды выконваў сьвідравальна-ўзрыўныя працы. “Па сумяшчальніцтву» нават распрацаваў і зьдзейсьніў пасьпяховы праект незвычайнай двухпавярховай царквы пры Акатуйскай турме. Два паверхі былі патрэбныя дзеля таго, каб катаржане не кантактавалі з мясцовымі жыхарамі.
    У сьнежні 1894 г. бацька Шэндэра зьвярнуўся ў міністэрства ўнутраных спраў з прашэньнем аб хадайніцтве памілаваньня сыну з дазволам вярнуцца на радзіму. Па высачэйшаму загаду ад 22 лютага 1895 г. Шэндэр быў пералічаны ў разрад сасланых на жыцьцё з частковым аднаўленьнем у правах і з правам праз 10 гадоў з дня ўступленьня прысуду ў законную сілу, г. зн. 7 жніўня 1899 г., вярнуцца ў межы Эўрапейкай Расеі пад умовай падначаленьня публічнаму нагляду паліцыі на тры гады ў межах габрэйскай аселасьці, па-за унівэрсытэцкіх гарадоў.
     19 сакавіка 1895 г. Гурэвіч быў адпраўлены з Акатую ў Чыту на селішча і па пастанове Забайкальскай казённай палаты ад 16 лістапада 1895 г. прылічаны да мяшчанскай грамады м. Чыты. Быў на службе ў Г. М. Фрыдэнсана па пабудове Забайкальскай чыгункі чыгуначным тэхнікам: пабудаваў чыгуначны мост пад Чытой. Па пастанове Асобай нарады ад 29 ліпеня 1896 г. за ўжываньнем маніфэста ад 14 траўня 1896 г. тэрмін ссылкі Шэндэру быў скарочаны на 1 год.
    3 лістапада 1898 г. Гурэвіч выехаў з Чыты ў Магілёў, дзе быў падпарадкаваны публічнаму нагляду. У 1899 г. Шэндэр замаўляў пра дазвол выехаць дзеля лячэньня раматусу ў Нямеччыну або на Адескі ліман. Неўзабаве атрымаў дазвол на часавую адлучку ў м. Акерман Бесарабскай губэрні, куды выехаў 26 жніўня 1899 г. Пры вяртаньні праз месяц у Магілёў быў па хваробе пакінуты ў Крамянчугу да акрыяньня.
    У 1900 г. Шэндэр замаўляў пра дазвол выехаць у Чыту, куды прыбыў у пачатку траўня 1900 г. Працаваў на пабудове Маньчжурскай чыгункі, дзе знаходзіўся пад публічным наглядам паліцыі. Па канчатку тэрміну публічнага нагляду быў падпарадкаваны сакрэтнаму з забаронай жыхарства ў сталіцах і Пецярбурскай губэрні надалей да адмысловага распараджэньня, не дакранаючыся абмежаваньняў, якія ляжаць на ім як на габрэю. У 1902 г. Шэндэр замаўляў пра дазвол выезду ў Адэсу, які атрымаў на агульнай падставе.
    21 чэрвеня 1902 г. Гурэвіч выехаў у Адэсу, а ў кастрычніку 1902 г. за мяжу, дзе намерваўся паступіць у адзін з нямецкіх палітэхнікумаў. У 1903 г. Шэндэр далучыўся да партыі с.-раў і вярнуўся ў Расею ў 1904 г. у якасьці ўпаўнаважанага ад цэнтральнага камітэту партыі. Выконваў адказныя даручэньні партыі: адкрыў у Менску мылаварны завод, на якім вырабляўся дынаміт; вёў зносіны ад імя партыі з паўстаўшым браняносцам “Потемкин Таврический”, пра што зьмясьціў допіс выданьні “Революционная Россия”; перавёз нелегальна у Жэнэву аднаго з галоўных дзеячаў “Пацёмкіна” боцмана Апанаса Мацюшэнку, які потым быў выдадзены Расеі і там пакараны сьмерцю; актыўна працаваў у лістападзе 1905 г. у Маскве па падрыхтоўцы сьнежаньскага паўстаньня. У пачатку сьнежня 1905 г. Шэндэр быў выкліканы ў Адэсу, дзе неўзабаве быў арыштаваны і пасьля некалькіх месяцаў турэмнага зьняволеньні высланы ў Архангельскую губэрню, адкуль па прыезьдзе ў прызначанае яму месца адразу ж зьдзейсьніў уцёкі.
    У 1907 г. Гурэвіч працаваў у якасьці ўпаўнаважанага ЦК партыі с.-раў на Ўрале, у Кацярынбурзе і ў Пермі. Быў арыштаваны ў 1907 г. і ў 1908 г. высланы ў Нарымскі край, адкуль пераведзены ў Чыту, дзе ізноў паступіў на службу ва ўпраўленьне Забайкальскай чыгункі.
    У пачатку 1912 г. Шэндэр прыехаў у Маскву дзеля лячэньня, пасьля чаго адправіўся на службу ў Благавешчанск у золатапрамысловую кампанію. У 1914 г. ізноў прыбыў у Маскву, адкуль адправіўся на лячэньне ў Нямеччыну, у Наугейм.
    Перад самым пачаткам Усясьветнай вайны Шэндэр Гурэвіч пасьпеў вярнуцца ў Расею і адправіўся зноў у абласное места Благавешчанск Амурскай вобласьці, дзе і памёр 16 жніўня 1914 [1915] г. ад хваробы сэрца.
    Літаратура:
    Осипович Н. Об Александре Самуиловиче Гуревиче. // Кандальный Звон» IV. 1926. С. 143-147.
    Орлов М. Александр Самойлович Гуревич на поселении в Забайкалье. // Каторга и ссылка. Историко-революционный вестник. № 4 (53). Москва. 1929. С. 163-175.
    Кротов М. А.  Якутская ссылка 70 - 80-х годов. Исторический очерк по неизданным архивным материалам. Москва. 1925. С. 131-133, 178.
    Патронова А. Г.  Государственные преступники на Нерчинской каторге (1861-1895 гг.). Материалы к «Энциклопедии Забайкалье». Вып. 1. Чита. 1998.
    Віцёк Шэндэровіч,
    Койданава.