четверг, 2 октября 2014 г.

Зубраіла Ліпень. Друкар Зэльман Гельман. Койданава. "Кальвіна". 2014.

 
    Зэльман [Зельман; Соломон] Шмуйлавіч [Семенович] Гельман - нарадзіўся ў 1871 годзе во вуездным месьце Лепель Віцебскай губэрні Расейскай імпэрыі, ў мяшчанскай сям’і фэльчара.
    Да 16 гадоў Зэльман займаўся вывучэньнем Талмуда і толькі на 17 годзе жыцьця паступіў у пачатковую гарадзкую вучэльню, куды яго бацькі раней на пускалі з асьцярогі што ён стане “вальнадумцам”.
    Калі праз 3 гады ён скончыў школу, то ўвесну 1891 года зьехаў у Менск і паступіў у тыпалітаграфію Дворжаца ў якасьці падручнага ў пераводнага літаграфскага станка. У канцы 1893 г. Гельман перайшоў на прадпрыемства Тасьмана, дзе друкаваўся “Минский листок”. Там ён прызвычаіўся да рэгулярнага чытаньня газэт і зацікавіўся пытаньнямі грамадзкага жыцьця. Вялікую ролю ў абуджэньні ў Гельмана палітычных інтарэсаў згуляла забойства французскага прэзыдэнта Мары Франсуа Садзі Карно (Carnot), які быў забіты 24 чэрвеня 1894 года італьянскім анархістам С. Казерыё, у разгар сьвятаў у Ліёне па выпадку выставы.
    У канцы 1894 года Гельман перабраўся з Менска ў Гомель, з мэтай удасканаленьня ў сваёй прафэсіі, але пражыўшы ў Гомелі некалькі месяцаў, з-за залішне нізкай заработнай аплаты кінуў там працу і зьехаў у Кіеў. Аднак і за гэты кароткі час ён пасьпеў пазнаёміцца з некаторымі ўдзельнікамі гомельскага рэвалюцыйнага кружка сацыял-дэмакратычнага напрамку.
    Пасьля Кіеву, дзе яму не атрымалася ўладавацца з-за адсутнасьці пасьведчаньня на жыхарства, Гельман у пошуках працы перабываў у шматлікіх гарадах - Крамянчугу, Кацярынаславе, Вільні, Коўні, Гародні, Беластоку, Варшаве, а ў канцы 1895 г. ён зноўку вярнуўся на працу ў Гомель.
    На гэты раз, бо стаў ужо сьвядомым рэвалюцыянэрам, ён неадкладна стаў актыўна працаваць у мясцовым с.-д. руху. У спрэчках, што адбываліся ў Гомелі ў сярэдзіне 90-х гадоў, пра пераход ад чыста прапагандысцкай гуртковай працы да агітацыі сярод мас, аб мэтадах і зьмесьце гэтай агітацыі, Гельман разам з часткай (меншасьцю) тагачасных гомельскіх сацыял-дэмакратаў абараняў неабходнасьць адначасова з эканамічнымі момантамі высоўваць і палітычныя, заклікаць масы на барацьбу з самадзяржаўем.
    У пачатку 1897 года, пазбавіўшыся працы ў Гомелі, Гельман зьехаў у Харкаў, дзе неўзабаве знайшоў працу ў друкарні Якаўлева ў якасьці літаграфскага друкара. Прымаў удзел ў Харкаве ў с.-д. кружку пад кіраўніцтвам І. М. Рома (Лінцэр, Гершановіч, Матросаў, Фёдараў, Гельман па мянушцы “Краеўскі”.)
    Улетку 1897 г. Гельман быў выкліканы Майсеем Лурье ў Кіеў і, калі прыняў прапанову аб уступе ў лік чальцоў так званае “Групы рабочых-рэвалюцыянэраў” (пазьней “Руская сацыял-дэмакратычная партыя” або “Працоўны Сьцяг”), быў накіраваны ў Беласток дзеля ўсталяваньня падпольнай друкарні групы і працы ў ёй, пры гэтым ён сам адвёз з Кіева шрыфт для яе.
    У друкарні, якая пачала функцыянаваць у верасьні 1897 года [працаўнікі: Д. Гершановіч (наборшчык), Гельман (друкар), затым далучыліся Р. Фрыдман і Р. Страж], быў аддрукаваны шэраг брашур і праклямацый ды таксама № 1 газэты “Рабочее Знамя”. У ноч на 26 ліпеня 1898 года, падчас друкаваньня № 2 газэты, друкарня была выкрытая паліцыяй. Тады ж быў арыштаваны і Гельман, які жыў на асобнай кватэры, дзе ў яго быў знойдзены склад выданьняў групы. Праз некалькі дзён ён быў адпраўлены ў Пецярбург і 1 жніўня зьняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасьці, у якой праседзеў да 4 сакавіка 1900 года, калі быў пераведзены ў Дом папярэдняга зьняволеньня.
    На падставе найвысачэйшага загаду ад 23 лютага 1900 г. Гельман быў высланы на 5 гадоў ва Ўсходнюю Сыбір. 17 жніўня 1900 г. ён быў дастаўлены ў абласное места Якуцк і прызначаны ў 1-ы Мадуцкі насьлег Намскага улуса Якуцкай вобласьці.
    Да пачатку якуцкага пратэсту (так званага Раманоўскага бунту, люты - сакавік 1904 г.) Гельман зьявіўся ў Якуцку і прыняў у ім актыўны ўдзел. Па справе “раманаўцаў” яго судзілі 30 ліпеня - 8 жніўня 1904 г. у Якуцкім акруговым судзе і ён быў асуджаны па 263 і 268 (269) артыкулам укладаньня аб пакараньні (КП) да 12 гадоў катаргі і адпраўлены ў Аляксандраўскую турму ў Іркуцкай вобласьці. Па найвысачэйшым загадзе 26 кастрычніка 1905 г. Гельман, як і іншыя “раманаўцы”, быў амніставаны. Некаторы час ён жыў у Пецярбурзе, а ўлетку 1906 г. эмігрыраваў у Амэрыку.
    Аддаўшыся удзелу ў амэрыканскім рабочым руху, Гельман цалкам адышоў у гэты пэрыяд ад расейскіх спраў. У Габрэйскай сацыялістычнай фэдэрацыі, чальцом якой быў, ён займаў месца на левым яе крыле, і выступаў, ў прыватнасьці, супраць засільля габрэйскай “працоўнай” газэты “Фарвертс”. Да лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. Гельман лічыўся абаронцам, бо лічыў пажаданым у інтарэсах паскарэньня рэвалюцыі паразы Расіі ў І-й усясьветнай вайне.
    Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі, напрыканцы жніўня 1917 года, Гельман вярнуўся ў Расею. Напачатку жыў у Саратаве, дзе ўступіў у арганізацыю БУНДа ды адначасова ў мясцовую арганізацыю меншавікоў.
    У 1921 г. Гельман пераяжджае ў Маскву, дзе ён хутка цалкам адмовіўся ад сваіх меншавіцкіх поглядаў і прызнаў правільнасьць лініі камуністычнай партыі і ў 1923 годзе ён падаў заяву аб прыёме ў яе шэрагі. Напрыканцы 1925 г. ён падпісаў дэклярацыю групы беспартыйных чальцоў таварыства паліткатаржан (білет чальца № 63) у бальшавіцкую фракцыю таварыства, у якой выяўлялася поўная салідарнасьць гэтай групы з палітыкай савецкай улады і кампартыі.
    Літаратура:
    Гельман, Соломон Семенович (Зельман Шмуйлович). // Деятели революционного движения в России. Био-библиографический словарь. Т. V. Социал-демократы 1880-1904. Выпуск II. Москва 1933. Стлб. 1186-1189.
    Гельман Соломон Семенович. // Политическая каторга и ссылка. Биографический справочник членов о-ва политкаторжан и ссыльно-поселенцев. Москва. 1934. С. 136.
    Зубраіла Ліпень,
    Койданава