понедельник, 27 октября 2014 г.

Любоў Аронава. Бундавец Гінзбург. Койданава. "Кальвіна". 2014.


    Арон Моўшавіч [Моисеевич] Гінзбург – нарадзіўся 3 сьнежня 1878 г. у губэрнскім месьце Віцебск Расейскай імпэрыі, у габрэйскай сям’і рослаўльскага 1-й гільдыі купца (банкіра) Моўшы Лейбы Абрамавіча Гінзбурга.
    Вучыўся дома, увесну 1899 г. здаў іспыты на атэстат сталасьці пры Казанскай 2-й гімназіі і ўвосень 1899 г. паступіў у Казанскі ўнівэрсытэт на фізыка-матэматычны факультэт, на прыродазнаўчае аддзяленьне.
    Яшчэ да паступленьня ва ўнівэрсытэт круціўся ў рэвалюцыйных гуртках і праз некалькі месяцаў па залічэньні ў студэнты ўвайшоў у склад мясцовай с.-д. групы, куды дастаўляў нелегальную літаратуру для казанскіх працоўных, выпісваючы яе з Віцебску.
    У 1900 г. працаваў у Віцебскай арганізацыі БУНДа пад мянушкай “Альфа” па транспартыроўцы літаратуры. 30 жніўня 1900 г. ён быў арыштаваны ў Віцебску пры разгроме бундаўскай арганізацыі разам з сястрой Сейнай, 1882 г. н. Пад час ператрусу ў пакоі Сейны было знойдзена 10 пудоў нелегальнай літаратуры на рускай, габрэйскай і нямецкай мовах (транспарт, атрыманы за тыдзень да гэтага Віцебскім камітэтам БУНДа для рассыланьня па розных гарадах). Арон быў прыцягнуты да дазнаньня па справе аб Віцебскай арганізацыі БУНДа. Утрымоўваўся пад вартай да 5 траўня 1901 г., затым быў выпушчаны пад заклад у 5000 рублёў.
    Ад траўня па кастрычнік 1902 г. актыўна працаваў у Кацярынаслаўскай арганізацыі РСДРП пад мянушкай “Сяргей” у якасьці чальца камітэта, затым паехаў дзеля партыйнай працы ў Кіеў, але ў працу не ўступіў з-за расколу ў Кіеўскім камітэце РСДРП.
    У канцы лютага 1903 г. выехаў на радзіму ў Віцебск, дзе яго і засьпеў прысуд па справе 1900 г. - 4 гады ссылкі ва Ўсходнюю Сыбір. 10 сакавіка 1903 г. быў зьняволены ў Віцебскую турму для адпраўкі ў Сыбір, але праз некалькі дзён вызвалены пад заклад у 15 тысяч рублёў, у сувязі з дазволам яму адправіцца ў ссылку за свой кошт. 3 красавіка 1903 г. Арон быў ізноў арыштаваны ў Віцебску, прычым у яго была выяўлена нелегальная брашура “Отправка студентов в Сибирь”, за захоўваньне якой ён быў прыцягнуты да новага дазнаньня. Карыстаўся ў турме мянушкай “Барон”.
    12 траўня 1903 г. Арон выехаў з Віцебску ў Сыбір і 24 жніўня 1903 г. прыбыў у Якуцк, дзе быў прызначаны ў с. Амга Батурускага ўлуса Якуцкай акругі Якуцкай вобласьці. Па другой справе па найвысачыйшым загадзе 21 верасьня 1903 г. было вызначана вытрымаць яго пад арыштам пры турме на працягу 2-х тыдняў і гэтае пакараньне ён адбыў у Якуцкай турме (вызвалены 12 кастрычніка 1903 г.). У лютым - сакавіку 1904 г. Арон Гінзбург прыняў удзел у г. зв. якуцкім пратэсьце і па даручэньні таварышаў, якія забарыкадаваліся ў хаце якута Раманава ён спрабаваў заарганізаваць у Якуцку са ссыльных, якія папрыяжджалі з насьлегаў другую “крэпасьць”, але распачынаньне гэтае не ўвянчалася посьпехам. Таксама Арон выкарыстоўваў сваё часавае знаходжаньне па-за “раманаўкі”, каб сумесна з І. Віленкіным выпусьціць два заклікі - да салдатаў і да якуцкага “грамадзтва”. 1 сакавіка Арон вярнуўся да абложаных таварышаў, разам з якімі быў арыштаваны і адданы суду. Прысудам Якуцкага акруговага суда ад 30 ліпеня - 8 жніўня 1904 г. на падставе 263 і 268 арт. арт. укладаньня аб пакараньні прысуджаны да 12 гадоў катаржных прац і быў адпраўлены ў Аляксандраўскую турму. Найвысачэйшым загадам 26 кастрычніка 1905 г., разам з іншымі “раманаўцамі”, быў амніставаны.
    Пасьля вызваленьня ў 1905-1906 гг. вёў с.-д. працу ў Віцебску і Пецярбургу Паступіў у Пецярбургскі ўнівэрсытэт і праслухаў курс юрыдычнага факультэта. У 1917 г. працаваў у Віцебску пад мянушкай “Леонид”. Уваходзіў ад с.-д. меншавікоў у Раду працоўных дэпутатаў, супрацоўнічаў у мясцовых “Известиях”, выбіраўся галосным гарадзкой думы. Па сваіх поглядах належаў да абаронцаў.
    Пасьля жыў у Маскве, працаваў у Інстытуце Маркса і Энгельса. Уваходзіў у Таварыства паліткатаржанаў і ссыльнапасяленцаў Білет чальца № 1685. Яму належыць пераклад з нямецкай мовы кнігі Луі Эрыцье “История фрацузской революции 1848 г. и Второй республики”. [СПб. 1907; 2-е выд. М.-Пг. Вып. 1. 1923; Вып. 2. 1924.], які ён зьдзейсьніў калі знаходзіўся ў зьняволеньні за “раманаўку”, ды пераклад з нямецкай аўтабіяграфіі Эдуарда Берштейна “Детство и юность. 1850-1872”. [М.–Л. 1928.]
    Памёр 30 лістапада 1927 г. у Маскве і пахаваны на Новадзявочых могілках.
     Ягоная дачка Даніэла Аронаўна Гінзбург (1924-2010) аўтарка кніг:
    Биоэлектрическая активность коры головного мозга при заболевании силикозом и при вибрационном ангионеврозе и роль афферентных влияний в формировании ее изменений. Автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата биологических наук. Москва. 1964. 18 с.
    Влияние наркоза и гипоксии на пространственно-временную организацию электрогенеза мозга. Автореферат диссертации на соискание ученой степени доктора биологических наук. Москва. 1973. 30 с.
    Применение кросскорреляционного анализа ЭЭГ для контроля состояния больного в хирургической и реанимационной практике. Методические рекомендации. Москва. 1976. 15 с.


    Літаратура:
    Гинзбург Арон Моисеевич. // Политическая каторга и ссылка. Биографический справочник членов о-ва политкаторжан и ссыльно-поселенцев. Москва. 1934. С. 782.
    Кипнис С.Е. Новодевичий мемориал. Москва. 1995.
    Любоў Аронава,
    Койданава.