пятница, 24 октября 2014 г.

Адэля Гародня. Гісторык Краўцэвіч. Койданава. Кальвіна. 2014.




    Аляксандар Канстантынавіч Краўцэвіч нарадзіўся 13 верасьня 1958 г. у вёсцы Лупачы Мастоўскага раёна Гарадзенскай вобласьці БССР, у сям’і настаўніцы і селяніна.
    Пасьля заканчэньня васьмігодкі ў 1973 г. паступіў у Гарадзенскі тэхнікум фізычнай культуры, вучоба ў якім плянавалася як першы этап падрыхтоўкі да кар’еры ваеннага марака. Аднак пасьля заканчэньня тэхнікума пляны памяняліся. Дыплём з адзнакай дапамог паступіць на гістарычны факультэт Белдзяржунівэрсытэту ў Менску.
    Пад час навучаньня ва ўнівэрсытэце (1976-1981 гг.) сфармаваліся навуковыя інтарэсы – цікавасьць да археалёгіі і гісторыі сярэднявечнай Беларусі, а таксама грамадзкая пазыцыя, менавіта, удзел у працы на беларускае культурнае адраджэньне. І тое і другое адбывалася пад непасрэдным уплывам вядомага археоляга і палітыка Алега Трусава, які стаў для студэнта з правінцыі настаўнікам у навуцы і жыцьці. Дзякуючы Трусаву адбылося сьвядомае вяртаньне да беларускай мовы і культуры пасьля перапынку, выкліканага пераездам па заканчэньні вясковай беларускай школы ў русіфікаваны горад.
    У час летніх вакацый Краўцэвіч выяжджаў у складзе студэнцкага будаўнічага атрада на будаўніцтва 4-га калійнага заводу ў Салігорску (1978 г.), а пазьней (1979, 1980 г.) на будову Байкала-Амурскай магістралі ў Якутыю.
    Ад 1980 г. пачаўся актыўны ўдзел у археалягічных экспэдыцыях Беларускага рэстаўрацыйна-праектнага інстытута (кіраўнік Алег Трусаў). Гэтыя экспэдыцыі, якія цягнуліся па чатыры-пяць месяцаў ад вясны да восені, сталі для некалькіх сотняў студэнтаў розных беларускіх вучэльняў не толькі добрай археалягічнай практыкай, але адначасова школай беларускасьці і месцам адпачынку ад савецкага таталітарызму і будзённай шэрасці канцавога пэрыяду брэжнеўскай эпохі.
    Пасьля заканчэньня унівэрсытэту ў 1981 г., дзякуючы дыплёму з адзнакай, зьявілася магчымасьць паступленьня ў асьпірантуру без неабходнага ў такіх выпадках двухгадовага працоўнага стажу. Навучаньне ў асьпірантуры (1981-1984 гг.) Інстытута археалёгіі АН СССР у Маскве стала выдатнай прафэсійнай школай, дзякуючы беспасрэдным кантактам з многімі вядомымі вучонымі: Леанідам Аляксеевым, Сьвятланай Плятнёвай, Валянцінам Сядовым, Расьціславам Разенфельдам, Даротай Беленькай. Падрыхтоўкай кандыдацкай дысэртацыі “Гарады і замкі Беларускага Панямоньня 14-17 стст. (пляніроўка, культурны слой)” кіраваў акадэмік Барыс Рыбакоў (абарона адбылася ў тым жа Інстытуце ў сакавіку 1988 г.).
    Пасьля заканчэньня асьпірантуры пачалася праца: у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка аддзела археалёгіі (1985-1987 гг.), потым у Беларускім рэстаўрацыйна-праектным інстытуце (начальнік аддзела архітэктурна-археалягічных дасьледаваньняў, 1987-1990 гг.), у архітэктурна-рэстаўрацыйным каапэратыве “Арк” (загадчык аддзела археалёгіі, 1991-1993 гг.), на пасадзе намесьніка Старшыні Дзяржаўнай інспэкцыі аховы гісторыка-культурнай спадчыны (1993 г.), першага прарэктара Гарадзенскага дзяржунівэрсытэту (1994 – 1995 г.). Увесь гэты час займаўся навуковай дзейнасцю, выдаў некалькі кнігаў.
     У сакавіку 1995 г. па прычыне зьмены палітычнай сытуацыі ў Беларусі адышоў з пасады прарэктара і паступіў у дактарантуру БДУ (1995-1998 гг.). У 1996 г. перарваў навучаньне ў дактарантуры ў сувязі з навуковай стажыроўкай у Ягелонскім унівэрсытэце ў Кракаве (люты 1996 – травень 1997 г., кіраўнік – прафэсар Ежы Выразумскі). За час гэтай стажыроўкі быў падрыхтаваны асноўны тэкст доктарскай дысэртацыі “Вялікае Княства Літоўскае ў другой палове 13 – пачатку 14 ст.: генэзіс дзяржавы па пісьмовых і археалягічных крыніцах”. Абарона дысэртацыі адбылася 4 сьнежня 1998 г. у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.
    Ад 1998 г. распачаў і працягваю рэдагаваць выданьне ў Гародні навуковага гістарычнага і краязнаўчага часопіса “Гістарычны Альманах”. Ад 1999 г. пачаў рэгулярна выкладаць ў польскіх вышэйшых вучэльнях. У 2001 г. абраны Старшынёй выканкама Рады Беларускага Гістарычнага Таварыства, прафэсар Вышэйшай эканамічнай школы ў Беластоку. Ад лютага 2005 г. сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Ляўрэат Прэміі імя Ф.Багушэвіча (2013 г.)
    Адэля Гародня,
    Койданава.