пятница, 17 октября 2014 г.

Марлена Кібарг. Кібэрнэтык Раковіч. Койданава. "Кальвіна". 2014.



                                                            КІБЭРНЭТЫК  РАКОВІЧ
    Аляксандар Гаўрылавіч Раковіч - нар. 28 лістапада 1926 г. у в. Лясок Наваградзкага ваяводзтва [Województwo Nowogródzkie] Рэчпаспалітай Польшчы [Rzeczpospolita Polska].
    У 1939 г. вучыўся ў Наваградзкай беларускай гімназіі, дырэктарам якой у той час быў Барыс Кіт.  У 1942 г. скончыў у Наваградку 6-месячныя настаўніцкія курсы і ў 1944 г. беларускую настаўніцкую сэмінарыю.
    Ад 23 ліпеня 1944 г. у Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі. Ад 1945 г. служыў артылерыстам (камандзірам гарматы) у Паўночна-Каўкаскай ваеннай акрузе. 30 чэрвеня 1948 г. арыштаваны ў м. Новачаркаск Растоўскай вобласьці РСФСР. Раковічу прыгадалі ранейшую вучобу ў Наваградку і абвінавацілі ў імкненьні да адрыву Беларусі ад СССР. 16 жніўня 1948 г. ён быў асуджаны Ваенным трыбуналам войскаў МУС Паўночна-Каўкаскай ваеннай акругі па арт. 53-1 /здрада радзіме/ на 25 гадоў пазбаўленьня волі /заканчэньне тэрміну ў 1973 г./ і 5 гадоў паразы ў правах з канфіскацыяй маёмасьці. Паколькі ўласнай маёмасьці не меў, то была канфіскавана жывёла з бацькоўскай гаспадаркі.
    Да 1953 г. знаходзіўся ў Алданскай турме Алданскага раёну Якуцкай АССР, працаваў на залатамыйных рудніках.
    З ягоных лістоў:
    г. Алдан, 4. 04/1951. ... Для мяне Ваш ліст — вялікая радасьць. Пры дапамозе яго я хоць на хвілінку злучуся з усім тым, што мне так дорага і міла, з зямлёй, дзе я радзіўся, узгадаваўся і ўзрос, дзе пачуў першыя подыхі жыцьця...”
    Ліст да сястры яго бацькі ў суседнюю вёску Краснае: “г. Алдан, 10. 09. 1951. Тётя Катя! Спасибо за письмо, за хорошую память и мнение обо мне и вообще за всё-всё, чем Вы желаете порадовать меня и поддержать мою упадающую иногда в сентиментально-пессимистическое состояние психику. Однако, не будучи адептом фатализма, я верю, что фортуна, эта деспотическая повелительница людских судеб, так злорадно насмеявшаяся надо мной в розовой юности, подарит в скором будущем доброжелательную улыбку и даст возможность пробыть себе путь к апогею Славы. Вы можете, конечно, не поверить мне, или правильнее выражаясь, счесть эту мою писанину за бессмысленный бред буйствующего юноши, но говорят «верить и желать — это мочь, это быть”.
г. Алдан, 2. 10. 1951. Родненькая мамачка! Нізка кланяюся Вам і цалую Вашу спрацаваную ручку... Глыбока ўдзячны Вам, што Вы змаглі выхаваць мяне такім, якім я ёсьць. Вы з самага дзяцінства прывілі мне любоў да людзей, да нашага акружэньня, навучылі цаніць жыцьцё, адрозьніваць дабро ад зла. Гэта Ваша заслуга, што цяпер у мой нялёгкі жыцьцёвы пэрыяд, як і ў мінулым, пройдзеным жыцьці, я ніколі не быў пагарджаным у грамадзтве і сяброўскай кампаніі. Гэта Вы мяне ўзьвялі ў такія рамкі, якія дазваляюць мне, юнаку з сярэдняй асьветай, лекка праходзіць за граматнага і дасьведчанага чалавека ў асяродзьдзі сталых людзей, маючых за сабой часта ўнівэрсытэты і нярэдка навуковыя дыплёмы...
    г. Алдан, 25. 12. 1952. Хай мама верыць у сустрэчу. Яна адбудзецца. Сустрэнемся ўсе ў добры новы жыцьцёвы час, які раз і назаўсёды высушыць сьлёзы ўсіх вякамі крыўджаных, абражаных і зганьбаваных. Грошы з пасылак трачу на пакупку хлеба, часам цукру ў нашым ларку, зь іх жа раблю некаторыя ўтрыманьні на неабходнае для навукі, з якой я і цяпер “у цяжкія” хвіліны жыцьця не разлучыўся. Так, напрыклад, за апошні час я зрадніўся з матэматычнаю навукай аб будове і рухах нябесных цел — астраноміяй і магу пахваліцца, што маю ў гэтым напрамку нядрэнныя посьпехі...”
    Калі няма працы, то ўвесь дзень складаецца з работы над кнігамі, ну і часткова з гутаркі з сябрамі. г. Алдан, 7. 02. 1953”.
    г. Алдан, 12. 02. 1953. ..Асабліва надоўга прыкаваў да сябе маю ўвагу фо-таздымак Ірачкі [пляменьніцы Алеся, дачкі брата Георгія. Тады ёй было 3 гадочкі. Яна скончыла філфак БДУ і працавала намесьнікам дырэктара аднаго з інстытутаў Міністэрства адукацыі Беларусі]. Бачу, што дзёрзкая і што галоўнае, судзячы па форме ілба, разумная дзяўчына павінна вырасьці з яе. Я бы раіў Вам (ды хаця і Юрка сам павінен знаць аб гэтым) па меры магчымасьці прадстаўляць ёй найбольш выпадкаў пасьмяяцца. А гэта штосьці ў яе выражэньне твару рана пакуль сурова-задуменнае. Яе цяпер не павінна цікавіць нічога, што можа зрушыць дзіцячае сэрца, вызываючы сум. Гэта надта важна для яе будучыні...”
    пас. Лебядзіны, 2. 05. 1953. Адносна да Куранахскага клімату тут значна халадней і наогул суровей. Ужо травень, а тут яшчэ ўсё падсыпае сьнег. Сьнегу ўсюды па калена, і здаецца, гледзячы на ўвесь гэты зачараваны адвечным холадам край, што вясна і лета ніколі не пакажа тут свайго прыемнага аблічча. Чуюся фізычна і маральна нядрэнна, толькі вось сум па роднай страчанай старонцы, якая для мяне як быццам сьвятыня, што засела глыбока ў душы, не пакідае ніколі. Але гэта дарэчы. Так павінна дзеяцца ў кожнага на сэрцы, хто многа чаго пакінуў у раньнім юнацтве, каб потым узмужнелым мужчынам вярнуцца на родныя гоні... Кілямэтраў за пару цягнуцца ланцугом горы, на якіх няма ні лесу, ні травы, а толькі зімой і летам ахутвае халодная белая коўдра сьнегу”.
    25 верасьня 1953 г. Раковіч убыў ў ЧЫТАК (п. Балей Чыцінскай вобласьці 1953-1954 гг.), затым быў на лесараспрацоўках у Кузбасе (Барзас Кемераўскай вобласьці 1954-1956).
    Згодна амністыі паводле Указу Прэзыдыюма ВС СССР ад 17 верасьня 1955 г. тэрмін пакараньня Раковічу быў зьменшаны напалову.
    28 сакавіка 1956 г. рашэньнем камісіі Прэзыдыюма ВС СССР Раковіч быў вызвалены ад пакараньня са зьняцьцем судзімасьці.
    Паколькі пасьведчаньне пра сканчэньне настаўніцкай сэмінарыі ў 1944 г. не залічылі за сярэднюю адукацыю, Алесь паступіў у Карэліцкую вячэрнюю школу рабочай моладзі, якую скончыў у 1957 г. з сярэбраным мэдалём.
    У 1957-1963 працаваў на Менскім падшыпнікавым заводзе, адначасова завочна вучыўся ў Беларускім лесатэхнічным інстытуце, потым перавёўся ў Беларускі політэхнічны інстытут, пасьля сканчэньня якога ў 1963 г. быў запрошаны на работу ў Інстытут матэматыкі і вылічальнай тэхнікі АН БССР.
    Ад 1965 г. працаваў у новаадкрытым Інстытуце тэхнічнай кібэрнэтыкі АН БССР. Рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР у 1970 г. За комплекс навуковых работ па тэорыі аўтаматызаванага праектаваньня ў машынабудаваньні ў 1978 г. зрабіўся ляўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР. Доктар тэхнічных навук (1986 г.), прафэсар (1987 г.).
    Аўтар шматлікіх артыкулаў, манаграфій, брашур, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. Займаўся грамадзкай дзейнасьцю, быў намесьнікам старшыні акадэмічнай рады Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны
    Памёр 22 лютага 2000 г. у Менску, пахаваны ў в. Лясок Красьненскага сельсавета Карэліцкага раёну Гарадзенскай вобласьці Рэспублікі Беларусь.
    На здымку: ляўрэаты (першай у Інстытуце тэхнічнай кібэрнэтыкі) Дзяржаўнай прэміі Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі. Справа налева: А. Раковіч, М. Ярмеш, Я. Дняпроўскі, В. Цвяткоў, А. Семянкоў (12 красавіка 1979 года).
    Літаратура:
    Савік М. П.  Узыходжанне Алеся Раковіча // Голас Радзімы. Мінск. 14, 21 жніўня 1997.
    Савік Л.  Космас беларуса. 2-е выд. Мінск. 1998. С. 261—267;
     Савік М. П.  Варта жыць дзеля Радзімы: жыццё і лісты Алеся Раковіча // Літаратура і Мастацтва. Мінск. 22 верасьня 2000.
    Савік М. П.  Зямлі сваёй адданы сын // Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Карэліцкага раёна. Мінск. 2000. С. 507-509.
    Савік М. П.  З верай у перамогу дабра. // Звязда. Мінск. 20 лютага 2001.
    Савік М. П.  Да кібернетыкі праз ГУЛАГ. // Гродзенская праўда. Гродна. 7 красавіка. 2001.
    Савік М. П.  Раковіч Аляксандр Гаўрылавіч. // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 13. Мінск. 2001. С. 285.
    Марлена Кібарг,
    Койданава.