четверг, 16 октября 2014 г.

Харчылана Айун. Эвангельле ад Марка. Койданава. "Кальвіна". 2014.




    Эвангеліста Марк (івр. מרקוס‎, грэч. Μάρκος, лац.: Marcus) па паходжаньні іудзей і паводле біблейскага паданьня, нарадзіўся ў Іерусаліме. Ягоная маці Марыя была апантанай пасьлядоўніцай Ісуса Хрыста, і яе дом служыў месцам сходак для ягоных прыхільнікаў. Тут Марк далучыўся да хрысьціянскай абшчыны і першапачатковае сваё імя Ян замяніў на Марка. Яшчэ ў юнацтве прымаў удзел у мэсіянскай дзейнасьці апосталаў Паўла і Варнавы. Належаў да 70 меншых апосталаў – вучняў Хрыста і зьяўляўся відавочцам некаторых падзей з эвангельскай гісторыі. Будучы спадарожнікам апосталаў Паўла і Варнавы, вёў прапаведніцкую дзейнасьць у Антыёхіі (Сірыя), а потым з Варнавай наведаў выспу Кіпр. Пасьля стаў неразлучным спадарожнікам апостала Пятра, які ў сваім першым пасланьні называе яго сваім духоўным сынам. Калі апостал Пётра знаходзіўся ў рымскім зьняволеньні, Марк служыў яму як верны і шчыры вучань. Аб ім пахвальна адзываецца і апостал Павел у сваіх пасланьнях. Пасьля пакутніцкай сьмерці Пятра і Паўла ў Рыме Марк пасяліўся ў Александрыі, дзе заснаваў хрысьціянскую эпархію і быў яе першым эпіскапам. Там жа ён і памёр пакутніцкай сьмерцю ад рук іншаверцаў. У 829 г. ягоныя мошчы былі перавезены ў Вэнэцыю.
    Эвангельле от Марка (грэч. Κατά Μαρκον ) - другая кніга Новага Запавету і другое з чатырох кананічных эвангельляў. Традыцыйна ў Новым Запавеце ідзе пасьля Эвангельля ад Мацея і перад Эвангельлем ад Лукаша і от Яна. Асноўная тэма Эвангельля – жыцьцё і пропаведзь Ісуса Хрыста, Сына Божага. Па паданьню апостал Марк напісаў сваё эвангельле ў Рыме, пад час адведваньня апостала Пятра.
    Хрысьціянская царква прылічыла яго да сьвятых. Сьвяты: у праваслаўнай царкве: 8 траўня (25 красавіка) і 17 сьнежня (4 студзеня) у дзень Сабора Апосталаў ад сямідзесяці: у каталіцкай царкве: 25 красавіка; 31 студзеня ў Вэнэцыі - дзень перанясеньня мошчаў); у пратэстанцкіх цэрквах (эвангелісты, англікане): 25 красавіка. лічыцца ахоўнікам эгіпэцкіх хрысьціян, места Вэнэцыі (Італія) і выспы Райхенаў (Нямеччына), на якім захоўваецца частка мошчаў.
    У 1995 годзе ў Менску (вул. Жодзінская, 18) у выдавецтве і друкарні “Пикорп” /Printed by World Wide Printing Duncanville, Texas – Minsk, Belarus/ з дыяпазытываў была выдадзеная Эвангельле ад Марка на якуцкай мове – Марктан Үтүө Сурах. Гэтае выданьне было зьдзейсьненае па благаславеньню Праасьвяшчэнства Германа Эпіскапа Якуцкага і Вілюйскага [У міру Леў Генадзевіч Маралін, які нарадзіўся 24 сьнежня 1956 г. у с. Нова-Языкова Арзамаскага р-на Горкаўскай вобл. РСФСР у сям’і селяніна; 28 сакавіка 1993 г. у Богаявленскім катэдральным саборы Масквы была зьдзейсьненая хіратонія архімандрыта Германа на эпіскапа Якуцкага і Вілюйскага; з 1995 г. завецца эпіскапам Якуцкім і Ленскім; варожа адносіўся да адраджэньня адвечнай рэлігіі народа саха і змагаўся з яе адраджэньнем усімі сродкамі, але загадам Прэзыдэнта Рэспублікі Саха (Якуція) Міхаіла Нікалаева ад 30 сьнежня 2001 г. за вялікі асабісты ўнёсак у аднаўленьне дзейнасьці Якуцкай і Ленскай эпархіі і выбітную падзьвіжніцкую дзейнасьць па ўмацаваньні грамадзянскага міру, адраджэньне духоўных традыцый народаў Якутыі узнагароджаны ордэнам Рэспублікі Саха (Якуція) “Палярная Зорка”; 17 жніўня 2004 г. пастановай Сьвятога Сынода прызначаны архіепіскапам Курскім і Рыльскім, дзе пачаў неахайна адносіцца да сваіх абавязкаў і ўвесь час праводзіць у Маскве].
    Перакладам Эвангельля, які зьдзейсьніла Марыя Аляксеева, апекаваўся Інстытут перакладу Бібліі (Стакгольм). Наклад Марктан Үтүө Сурах складае 5100 асобнікаў.
    Харчылана Айун,
    Койданава.