понедельник, 27 октября 2014 г.

Макавей Коўнік. Арыштант Браўда. Койданава. "Кальвіна". 2014.




   Васіль [Василий] Ісаевіч Браўда [Браудо] - нарадзіўся 19 студзеня 1869 г. ў губэрнскім месьце Коўна Расейскай імпэрыі, у габрэйскай сям’і стацкага саветніка
    У 1888 г. скончыў гімназію ў Дэрпце, вучыўся ў Дэрпцкім унівэрсытэце, у 1893 г. скончыў Пецярбурскі ўнівэрсытэт.
    У рэвалюцыйным руху ўдзельнічаў з 1892 г. (мянушкі “Владимир Иванович”, “Володя Рыжий”). Уваходзіў у пецярбурскую “Групу нарадавольцаў”. Працаваў у працоўнай падгрупе, у 1893 г. - у падпольнай друкарні групы ў Баравіцкім вуездзе Наўгародзкай губэрні, у маёнтку Анічкава. Прапрацаваўшы лета ў друкарні, зьехаў для адбываньня вайсковай павіннасьці ва Ўладзімер. Падчас ягонай адсутнасьці, у красавіку 1894 г. адбыўся арышт групы, але ён быў пакінуты на волі ў вышуковых мэтах. Па вяртаньні, увосень 1894 г., Брайда разам з таксама ацалелым А. Ергіным пачаў працаваць па аднаўленьні друкарні і сувязяў групы. Арышт 17 сакавіка 1895 г. перапыніў яго дзейнасьць.
    Загадам ад 24 студзеня 1896 г. сасланы ва Ўсходнюю Сыбір тэрмінам на 8 гадоў. Але па новай узьніклай справе аб Лахцінскай друкарні вернуты з Іркуцка і загадам ад 18 лістапада 1897 г. падвергнуты турэмнаму зьняволеньню з наступнай ссылкай на ўжо прызначаны 8-гадовы тэрмін у Сыбір.
    Турэмнае зьняволеньне адбываў у Пецярбурскай адзіночнай турме да 8 сьнежня 1898 г. і затым выпраўлены ў Іркуцк. Іркуцкім ваенным генэрал-губэрнатарам наўзамен прызначанага першапачаткова акруговага места Сярэдне-Калымска Якуцкай вобласьці месцам жыхарства яму было прызначанае акруговае места Алёкмінск Якуцкай вобласьці.
    Дастаўлены ў м. Якуцк 8 чэрвеня 1899 г. і 25 ліпеня адпраўлены ў м. Алёкмінск, а па прыбыцьці туды 28 ліпеня паселены у месьце. Акрамя навучаньня грамаце дзяцей мясцовага спраўніка іншых заняткаў не меў, жыў на казённую дапамогу. У лістападзе 1902 г. падаў прашэньне якуцкаму губэрнатару аб пераводзе на жыхарства ў м. Кірэнск Іркуцкай губэрні. Іркуцкі ваенны генэрал-губэрнатар 7 студзеня 1903 г. дазволіў яму гэты пераезд.
    Алёкмінскі акруговы спраўнік з адкрытым лістом адправіў яго з м. Алёкмінска 18 лютага 1903 г. у м. Кірэнск. Па маніфэсьце 11 жніўня 1904 г. тэрмін ссылкі яму быў скарочаны на адну трэць, пасьля чаго ён вярнуўся ў Эўрапейскую Расею.
    Жыў у Пецярбурзе, дзе працаваў памочнікам прысяжнага паверанага, працягваў рэвалюцыйную працу, падтрымліваў адразу меншавікоў а потым бальшавікоў. У 1906 (1907) г. быў арыштаваны. Пры ператрусе ў яго было знойдзена 200 асобнікаў гектаграфаваных правіл абыходжаньня з выбуховымі снарадамі і партыйныя дакумэнты. Некалькі месяцаў праседзеў у турме. У 1907 г. эміграваў за мяжу, быўшы цяжка хворым (яшчэ ў ссылцы захварэў нэфрытам). Жыў у Парыжы, перавёў з ангельскай мовы шэраг кніг пра дзяржаўны лад і гаспадарку Англіі.
    Лютаўская рэвалюцыя вярнула яго з эміграцыі, але ён не далучыўся ані ды якой палітычнай партыі. У пэрыяд г. зв. калчакоўшчыны знаходзіўся ў Омску, пасьля разгрому Калчака прыехаў у Маскву. Працаваў у Наркамаце зьнешняга гандлю, затым у Расейска-Ўсходняй гандлёвай палаце. Памёр 18 сьнежня 1926 гады.
    Памёр у Маскве 18 сьнежня 1926 г.
    Літаратура:
    Павлович М.  Тов. В. И. Браудо. Некролог. // Правда. Москва. 20 декабря 1925.
    Лежава А.  Василий Исаевич Браудо. Некролог. // Известия. № 290. 1925.
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Якутск. 1995.
   Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Изд. 2-е дополненное. Якутск. 1996. С. 163, 166, 168, 170-171, 193, 287-288, 467.
 


    Аляксандар [Аляксандр] Ісаевіч  [Исаевич] Браўда [Браудо] нар. 28 лістапада 1864 г. у м. Вількомір Ковенскай губэрні Расейскай імпэрыі. Вырас ва Ўладзімеры-на-Клязьме. Скончыў гімназію ва Ўладзіміры, затым гісторыка-філялягічны факультэт Дэрпцкага (Юр’еўскага). 10 сакавіка 1889 г. прылічаны да Міністэрства народнай асьветы і адкамандзіраваны для працы ў Публічнай бібліятэцы, загадваў аддзяленьнем “Россика”. Супрацоўнічаў з 82-томным “Энцыкляпэдычным Слоўніку” Бракгаўза-Ефрона, удзельнічаў у працах Камітэта пісьменнасьці, чалец Вольнага эканамічнага грамадзтва, Габрэйскага калянізацыйнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу, Таварыства распаўсюджваньня асьветы паміж габрэямі ў Расеі, вакол якога групаваліся сталічныя габрэі, Чалец школьнай і гісторыка-этнаграфічнай камісій габрэйскага таварыства. У 1905-1906 чалец Габрэйскай дэмакратычнай групы. У 1906-1916 сакратар аддзяленьня апякунства габрэйскіх дзяўчатаў Расейскага таварыства абароны жанчын. Кіраваў дзейнасьцю “Бюро друку” - нелегальнай арганізацыяй, якая займалася зборам і публікацыяй зьвестак аб антысеміцкай палітыцы. Актыўна зьбіраў матэрыялы пра пагромы, пра становішча габрэяў, пра палітыку царызму ў адносінах да габрэяў. Прыхільнік габрэйскага раўнапраўя. У гады Першай сусьветнай вайны ўдзельнічаў у працы Габрэйскага камітэта дапамогі ахвярам вайны і Таварыства аховы здароўя габрэйскага насельніцтва, кандыдат у чальцы кіраваньня акцыянэрнага таварыства гігіенічных танных кватэр для габрэйскага насельніцтва. У 1917-1924 гг. адзін з кіраўнікоў прац па выратаваньні бібліятэк Петраграда і перавозу іх у сховішчы Публічнай бібліятэкі. Старшыня Таварыства бібліятэказнаўства. У траўні 1918 г. абраны намесьнікам дырэктара Публічнай бібліятэкі. У 1918 удзельнічаў у працы Дзяржаўнай бібліятэчнай нарады, кіраваў стварэньнем даведачна-бібліяграфічнай службы і Цэнтральнага даведкавага бюро ў Публічнай бібліятэцы. Адзін час кіраваў таксама грамадзка-юрыдычным аддзелам бібліятэкі. Адзін з ініцыятараў і стваральнікаў Інстытута бібліятэказнаўства ў Маскве і часопіса “Библиотечное обозрение”. У траўні 1919 выехаў у Адэсу, дзе заставаўся да лютага 1921. Са студзеня 1920 па студзень 1921 дырэктар Адэскай гарадзкой бібліятэкі. У лютым 1921 вярнуўся ў Петраград, дзе ізноў заняў пасаду намесьніка дырэктара Публічнай бібліятэкі. Актыўна займаўся праблемамі камплектаваньня замежнай літаратурай. У 1922 ініцыяваў стварэньне ў бібліятэцы Кабінэта новай замежнай літаратуры, кіраваў працамі па яго стварэньні. У траўні 1924 камандзіраваны ў найбуйныя бібліятэкі Эўропы з мэтай падпісаньня дамоў пра камплектаваньне і кнігаабмене з Публічнай бібліятэкай. Падчас дадзенай камандзіроўкі наведаў Парыж, затым Лёндан. Арганізаваў у Парыжы інфармацыйнае бюро “Русская корреспонденция”. Памёр 8 лістапада 1924 г. у Лёндане.
    Макавей Коўнік,
    Койданава.