среда, 22 октября 2014 г.

Поля Шрубалёт. Метэароляг Мазалеўскі. Койданава. "Кальвіна". 2014.



    Часлаў Аляксандравіч Мазалеўскі нарадзіўся ў 1911 годзе ў павятовым горадзе Пінску Менскай губэрні. У 1927-1929 гадах ён працаваў рабочым, сьвідравальшчыкам на заводзе. З 1929 па 1932 год вучыўся на фізыка-матэматычным факультэце Смаленскага ўнівэрсытэта і атрымаў дыплём фізыка-мэтэароляга. У час вучобы Часлаў працаваў на мэтэастанцыі у аэрапорту. Тады ж яго прызначылі загадчыкам мэтэаралягічным аддзелам Заходняга кіраўніцтва Адзінай гідрамэтэаслужбы. У 1933 годзе ў яго быў 9-месячны перапынак у сувязі з пакліканьнем на вайсковую службу, якую Часлаў Мазалеўскі адбыў у Якуцкім гарнізоне. У 1934 годзе Цэнтральнае кіраўніцтва Адзінай гідрамэтэаслужбы перавяло Мазалеўскага ў Якуцкае кіраўніцтва на пасаду дырэктара Якуцкай геафізычнай абсэрваторыі. У накіраваньні казалася, што ён можа дадаткова кіраваць якім-небудзь аддзелам кіраўніцтва.
    З пачаткам палётаў авіяцыі ў Якуцкай АССР паўстала пытаньне аб мэтэаралягічных прагнозах. Ужо 11 верасьня 1929 года на паседжаньні Саўнаркома ЯАССР пры разглядзе пытаньня “Аб паветранай сувязі з Алданам” у пратаколе запісалі: “Узбудзіць хадайніцтва перад Цэнтральным бюро надвор’я аб арганізацыі пры Якуцкай геафізычнай абсэрваторыі абласнога бюро надвор’я для забесьпячэньня паветранай сувязі ў Якутыі”.
    22 красавіка 1930 года ў Іркуцку на нарадзе ва Ўсходне-Сыбірскім кіраўніцтве Паветралініі па разбору прычынаў катастрофы самалёта Ота Кальвіцы ў раёне пасёлку Сангар у ЯАССР было вырашана: “Больш катэгарычна паставіць пытаньне перад цэнтрам аб неабходнасьці адкрыцьця бюро надвор’я ў Якуцку, забясьпечыўшы яго працу адкрыцьцём у тэрміновым парадку сеткі станцый у адпаведнасьці з плянам разьвіцьця авіяцыйных шляхоў”.
    Ужо ў 1930 годзе ў Якуцку адчыняецца Бюро надвор’я, задачай якога было атрыманьне плянавай інфармацыі, яе праверка, камплектаваньне зводных тэлеграмаў і адправа іх па тэлеграфу ў адрасы цэнтраў - Маскву, Ленінград, Іркуцк, а таксама, пры неабходнасьці, перадаць іх па тэлефоне ў гідрапорт Якуцка.
    З 1931 па 1934 год колькасьць мэтэастанцыяў на тэрыторыі ЯАССР узрасла толькі з 7 да 12. Такая наяўнасьць не дазваляла ў поўным аб’ёме адлюстроўваць мэтэаабстаноўку ў рэспубліцы. Ішоў час, зьмяняліся сыноптыкі, а якасьць прагнозаў у Бюро надвор’я заставалася нізкай. За межы Гідрамэтінстытута, які быў рэарганізаваны у Кіраўніцтва гідрамэтэаслужбы, прагнозы не выходзілі. Гэта доўжылася да тых пораў пакуль у Якуцк не прыехаў, прызначаны на пасаду дырэктара Якуцкай Геафізычнай абсэрваторыі, інжынэр Часлаў Мазалеўскі.
    У Якуцку малады энэргічны інжынэр “скалаціў” групу энтузіястаў. Аэроляга Мікалая Мітрафанавіча Зацэпіна ўгаварыў узначаліць Групу інфармацыі і прагнозаў (так пачалі называць Бюро надвор’я.), авіяінспэктара-мэтэароляга КГМС Мікалая Аляксеевіча Горына завабіў навізной справы на ролю сыноптыка. А сам стаў старэйшым сыноптыкам. Але ўсе яны працягвалі выконваць і свае асноўныя функцыі. Першыя два месяца працавалі зусім без аплаты.
    Ягоная першая жонка Ганна Канстанцінаўна Мазалеўская, якая прыехала ў Якуцк разам з ім у 1934 годзе, распавядала выдатніку Гідрамэтэаслужбы СССР Юрыю Канстанцінавічу Антонаву, што Часлаў быў вельмі жывы і рухавы. У галаве ў яго круцілася мноства ідэй і праектаў, за якія ён браўся і імкнуўся выканаць. Яшчэ ў Смаленску яму спадабалася мэтэаабслугоўваньне авіяцыі, і ён захацеў убачанае ўкараніць па прыезду ў Якуцк. Але на пасадзе дырэктара абсэрваторыі ён пайшоў далей, бо арганізаваў выпуск прагнозаў надвор’я. Пры ім узнавіліся назіраньні за мярзьлінай у шахце Шэргіна. Часлаў надаваў вялікую ўвагу ажыцьцяўленьню базісных шарапілотных назіраньняў, укараненьню запускаў радыёзондаў і параўнальных запускаў шаразондаў ды радыёзондаў. Сусьветна вядомы мярзьліназнавец, прафэсар М. І. Сумгін прапаноўваў Мазалеўскаму заняцца вывучэньнем мярзьліны ды перайсьці на іншую работу. Але Часлаў застаўся верны гідрамэтэаслужбе.
    У 1935 годзе Якуцкае КГМС увайшло ў склад Галоўнага кіраўніцтва паўночнага марскога шляху (ГКПМШ) і было рэарганізаванае ў Палярны аддзел. Часлава Аляксандравіча прызначылі намесьнікам начальніка гэтага аддзела, а ў 1936 годзе ён узначаліў яго. У 1938 годзе пасьля расфарміраваньня Палярнага аддзела Мазалеўскі застаўся ў сыстэме ГКПМШ, працуючы інспэктарам-мэтэаролягам.
    У гады вайны з Нямеччынай Мазалеўскі быў на фронце. Потым працаваў дырэктарам Крымскай геафізычнай абсэрваторыі, якую потым перайменавалі ў гідрамэтэаралягічную. Памёр у 1983 годзе ў веку 72 гадоў.
    Літаратура:
    Антонов Ю. К.  Становление авиационной метеослужбы Якутии. 1934-1941 годы. // Якутский архив. Якутск. № 2. 2006. С. 27.
     Поля Шрубалёт,
    Койданава.