пятница, 17 октября 2014 г.

Казюк Віленскі. Пралетарчык Пяткевіч. Койданава. "Кальвіна". 2014.




    Казімер /Kazimierz/ Феліксавіч Пяткевіч /Pietkiewicz/ нар. у 1861 г. ва Украіне тагачаснай Расейскай імпэрыі ў мяшчанскай сям’і.
    Ад 1883 г. быў чальцом партыі Пралетарыят І. У 1886 г. па арыштаваньнях, прабраўся з Варшавы ў Кракаў. З 1888 г. чалец партыі Пралетарыят ІІ. Ад 1893 г. чалец Польскай сацыялістычнай партыі (ППС).
    У чэрвені 1895 г. быў арыштаваны і пасьля зьняволеньня ў Лукішскай турме ў Вільні, 14 кастрычніка 1895 г. высланы ва Ўсходнюю Сыбір на 8 гадоў.
    28 ліпеня 1897 г. ён быў адпраўлены з Якуцка ў г. Верхаянск Якуцкай вобласьць, куды прыбыў 24 кастрычніка 1897 г.
    З дазволу якуцкага губэрнатара выяжджаў на лячэньне ў г. Якуцк. З-за хваробы яму было дазволена пражываць ў Якуцку, але ён вярнуўся ў Верхаянск, дзеля працы на мэтралягічнай станцыі.
    14 кастрычніка 1904 г. скончыўся тэрмін выгнаньня і ў той жа дзень ён выехаў у Якуцк, маючы прахадное пасьведчаньне да Варшавы.
    Па вяртаньню з выгнаньня ізноў распачаў працу ў ППС. У Лодзі быў выдаўцом выданьня “Łodzianin”, затым ў Вільне рэдагаваў выданьне “Walka”, якое выходзіла на польскай і габрэйскай мовах.
    У 1906 г. быў арыштаваны ў Вільне і сасланы ў Іркуцкую губэрню, адкуль вярнуўся ў чэрвені 1917 г. Працаваў ў Кіеве, у мясцовай арганізацыі РРС-левіцы.
    Ад 1922 г. знаходзіўся ў Польшчы, дзе працягваў дзейнасьць у ППС. Прымаў удзел у Таварыстве былых палітычных зьняволеных, кіраваў архіўна-гістарычнай камісіяй. У апошнія гады жыцьця вывучаў летувіскую і латыскую мовы. Карыстаўся псэўданімамі Факір ды Альгерд.
    Памёр 30 кастрычніка 1934 года ў Аніне.
    Літаратура:
    Krzesławski J.  Kazimierz Pietkiewicz. // Kronika Ruchu Rewolucyjnego w Polsce. Nr 1. 1935.
    WajnertZejdke” M.  Kazimierz Pietkiewicz – Fakir-Olgierd. Wspomnienia byłego działacza PPS. // Kronika Ruchu Rewolucyjnego w Polsce- Nr. 4. 1935.
    Казарян П. Л.  Верхоянская политическая ссылка 1861-1903. Якутск. 1989. С. 136.
    Казюк Віленскі,
    Койданава.