пятница, 3 октября 2014 г.

Натан Багна. Рэвалюцыяністая Балоціна. Койданава. "Кальвіна". 2014.



  Анісься Давідаўна /Давыдаўна/ Балоціна - нарадзілася ў 1865 г. у вуездным месьце Амсьціслаў Магілёўскай губэрні Расійскай імпэрыі, у габрэйскай мяшчанскай сям’і.
    У час навучаньня ў вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідзтва ў Маскве ўваходзіла ў гурток нарадавольцаў. У 1885 г. удзельнічала ў друкаваньні на гектографе забароненых брашур “Подготовительная работа партии” (“Народная Воля”) ды “Так что же нам делать?” Л. Талстога ў тайнай друкарні, якая была заарганізаваная на кватэры чальца гуртка Н. Губаравай.
    Арыштаваная 31 сакавіка 1886 г. па даносе С. Зубатава, які выдаў паліцыі гурток, была ў ліпені 1887 г. высланая адміністратыўным парадкам па справе “аб дзяржаўным злачынстве Н. Губаравай і інш.” [за прыналежнасьць да нарадавольскай арганізацыі] на 8 гадоў ва Ўсходнюю Сыбір.
    Прызначаная ў Калымскую акругу Якуцкай вобласьці і падлягала адпраўцы ў м. Верхаянск, але часова была пакінутая ў Якуцкай акрузе. За ўдзел ва ўзброеным “мяцяжы” сасланых у Якуцку 22 сакавіка 1889 г., дзе была параненая штыхам ў бок, ваенна-судовая камісія прыгаварыла яе да пазбаўленьня ўсіх правоў і пажыцьцёвай катаргі, якую пры канфірмацыі прыгавору абмежавалі 15 гадамі.
    Пакараньне адбывала ў Вілюйскай катаржнай турме Якуцкай вобласьці, адкуль 26 сакавіка 1892 г. была адпраўленая праз Якуцк ў Забайкальскую вобласьць на Кару і зьмешчаная ва Вусьць-Карыйскую жаночую турму.
    Будучы юдайкай па веравызнаньні, па даручэньні турэмнага начальства малявала праваслаўныя абразы для турэмнай царквы ў Акутуі.
    У верасьні 1893 г. была пераведзеная ў вольную каманду. Ад сьнежня 1893 г. знаходзілася ў вольнай камандзе ў Кадае Забайкальскай вобласьці. У верасьні 1895 г. прылічаная да мяшчанаў м. Чыты Забайкальскай вобласьці.
    22 лютага 1895 г. па прымяненьні да яе маніфэста ад 14 лістапада 1894 г. яна была пераведзеная ў разрад сасланых на жыцьцё ў Сыбір з частковым аднаўленьнем у правах і з правам па заканчэньні 8-мі гадоў са дню ўступленьня прыгавору ў законнае паўнамоцтва, 7 жніўня 1897 г., вернуцца ў Эўрапейскую Расею, з падначаленьнем публічнаму нагляду паліцыі на 3 гады ў мяжы габрэйскай аселасьці, па за унівэрсытэцкімі гарадамі. Па маніфэсьце 1896 г. тэрмін абавязковага знаходжаньня ў Сыбіры ёй быў скарочаны на год.
    У кастрычніку 1897 г. Балоціна выехала з Чыты ў м. Шклоў Магілёўскай губэрні, дзе па распараджэньні дэпартамэнту паліцыі ад 18 лістапада 1897 г. была падпарадкаваная публічнаму нагляду.
   Ужо ў чэрвені 1898 г. Анісься выехала па пашпарце за мяжу, у Антвэрпэн (Каралеўства Бельгія). Па справе “якуцкага мяцяжу” была амніставаная 21 кастрычніка 1905 г. Потым пасялілася ў Лёндане, дзе і памерла ў 1939 годзе. Актыўны дзеяч палітычнай эміграцыі, галоўным чынам, сярод партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў.
    Пакінула ўспаміны “Жизнь. (Записки)”, якія тычацца 1885-1899 гг. /РГБ ОР. Ф. 218. № 1070.10./
    Ейны брат Натан (Нота, Игнатий), які нар. у 1870 г. у Амсьціславе Магілёўскай губэрні Расейскай імпэрыі, пасьля заканчэньня маскоўскага Арбацкага гарадзкога вучылішча вучыўся ў музычнай школе Маскоўскага Філярманічнага таварыства. Быў арыштаваны ў Маскве ў пачатку траўня 1887 г. і прыцягнуты да дазнаньня пры Маскоўскім жандарскім упраўленьні па справе маскоўскага нарадавольскага гуртка, у якім знаходзілася і Анісься (перавозіў разам з К. Церашковічам ды Г. Апэльбергам да Г. Гурэвіч. прыналежнасьці тайнай друкарні). Па высачэйшаму загаду 27 ліпеня 1888 г. быў пакараны адзіночным турэмным зьняволеньнем, якое адбываў у Пецярбурскай адзіночнай турме. У жніўні 1889 г. быў выпушчаны і падпарадкаваны тайнаму паліцэйскаму нагляду. Выехаў у Асьціслаў, дзе даваў урокі музыкі. Ад 1892 г. жыў у м. Шклоў Магілёўскай губэрні. У жніўні 1892 г. нелегальна эмігрыраваў за мяжу. Расшукваўся расейскай паліцыяй па цыркуляры ад 28 сьнежня 1892 г.. Ад 1909 г. жыў у Антвэрпэне (Каралеўства Бэльгія), дзе выкладаў музыку. У 1917 г. знаходзіўся ў Швэйцарыі. Памер у 1942 г. у Антвэрпэне. /Болотин Нота (Натан, Игнатий) Давыдович // Деятели революционного движения в России. Биобиблиографический словарь. От предшественников декабристов до падения царизма. Т. 3. Восьмидесятые годы. Вып. 1. А – В. Москва. 1933. Стб. 373./
    Літаратура:
    Болотина Анисья Давыдовна. // Деятели революционного движения в России. Биобиблиографический словарь. От предшественников декабристов до падения царизма. Т. 3. Восьмидесятые годы. Вып. 1. А – В. Москва. 1933. Стб. 373-374.
    Кротов М. А.  Якутская ссылка 70-80-х годов. Исторический очерк по неизданным архивным материалам. Москва. 1925. С. 168;
    Біч М. В.  Балоціна Анісся Давыдаўна. // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. 2. Мінск. 1970. С. 112;
    Караткевіч У.  Дыяментавы горад (эсэ пра гісторыю і людзей адной зямлі). // Святло Кастрычніка. Мсціслаў. Студзень-Люты. 1985.
    Караткевіч У.  Мсціслаў (эсэ пра гісторыю і людзей адной зямлі). Мінск. 1985.
    Біч М. В.  Балоціна Анісся Давыдаўна. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах. Т. 1. Мінск. 1993. С. 284.
    Балоціна Анісся Давыдаўна. // Маракоў Л.  Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнікi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. Том III. Кнiга I.
    Балоціна Анісся Давыдаўна. // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 2. Мінск. 1996. С. 262. /Пры перадрукоўцы артыкула з Бел. СЭ, па няўважлівасьці рэдакцыі БЭ быў прапушчаны радок і атрымалася бязглузьдзіца./
    Натан Багна,
    Койданава.