пятница, 3 октября 2014 г.

Адась Франкевіч. Няўрымсьлівая Хава. Койданава. "Кальвіна". 2014.




                                                        НЯЎРЫМСЛІВАЯ  ХАВА
    Хава [Ева] Лейбаўна [Львоўна] Гордан [Гордон] [у першым шлюбе Эдэльман [Эдельман]; у другім Брайда (Бройдо)] - нарадзілася 7 лістапада 1876 г. у м. Сьвянцяны Віленскай губэрні Расейскай імпэрыі ў мяшчанскай габрэйскай сям’і.
    У 15-ці гадовым узросьце вытрымала іспыты за 4 клясу гімназіі ў Дэрпце (Юр’еве) і паступіла працаваць ў аптэку ў м. Дзьвінск Віцебскай губэрні, пазьней здала ў Казані іспыты на памагатага правізара. Жыла некалькі гадоў у Рызе, у 1896 г. езьдзіла ў Бэрлін, дзе пазнаёмілася з некаторымі дзеячамі германскай сацыял-дэмакратыі і сама пад іхнім уплывам зрабілася сацыял-дэмакраткай.
    Увесну 1899 г. пераехала ў Пецярбург, чалец РСДРП. Тады ж пераклала на рускую мову кнігу Бебеля “Женщина и социализм”, якая аднак, адразу па выхадзе была зьнішчаная цэнзурай. Член РСДРП с 1899, іскраўка.
    У пачатку лета 1900 г. прымала ўдзел у арганізацыі групы “Сацыяліст”, якая аб’ядналася потым з “Пецярбургскай групай Працоўнага Сьцяга”, у тым жа годзе ўдзельнічала з М. Брайда і іншымі ў стварэньні групы “Сацыял-дэмакратычная працоўная бібліятэка” і зьяўлялася галоўным сувязным зьвяном паміж апошняй і “Сацыялістам”. Уваходзіла ў рэдакцыю выданьняў “Сацыял-дэмакратычнай працоўнай бібліятэкі” - напісала брашуры “Революция 1848 г. во Франции” ды “Русская работница”.
    У ноч на 30 студзеня 1901 г. яна была арыштаваная ў Пецярбурзе пры разгроме “Сацыял-дэмакратычнай працоўнай бібліятэкі”. У Доме папярэдняга зьняволеньня захварэла і 8 жніўня 1901 г. была вызваленая з пад варты пад заклад і аддадзеная пад нагляд паліцыі на радзіме ў м. Сьвянцяны, дзе пад яе кіраўніцтвам склалася хутка сацыял-дэмакратычная група. За самавольную адлучку ў Вільню, за літаратурай, была арыштаваная і знаходзілася ў зьняволеньні ад 11 лістапада 1901 г. па 2 студзеня 1902 г. у Сьвянцянскай турме.
    У траўні 1902 г. выехала ў Сыбір, куды былі высланыя да прысуду некаторыя з абвінавачваных па справе “Сацыял-дэмакратычнай працоўнай бібліятэкі”. Была адпраўленая разам з М. Брайда ў акруговае м. Кірэнск Іркуцкай губэрні, у 1903 г. з ім жа ў Якуцкую вобласьць. Па найвысачэйшаму загаду , які адбыўся 13 траўня 1903 г. па справе “Сацыял-дэмакратычнай працоўнай бібліятэкі” яна павінна была адбыць 5 гадоў ссылкі ва Ўсходняй Сыбіры.
    Была паселеная ў м. Якуцк. Падчас узброенага пратэсту ссыльных у лютым - сакавіку 1904 г., г. зв. “Раманаўская справа”, у абмеркаваньні і падрыхтоўцы якога яна прымала непасрэдны ўдзел, была пакінутая з некаторымі іншымі таварышамі на волі ў рэзэрве. Яна дапамагала “раманаўцам” з дастаўкай зброі, правіянту і г. д. Пасьля суду над “романаўцамі”, атрымаўшы дазвол адбываць свой тэрмін пакараньня ў месцы зьняволеньня мужа, суправаджала яго пры перасыланьні ў Аляксандраўскую турму.
    Пасьля ўцёкаў М. Брайды прызначаная была часова, да вяртаньня ў Якуцкую вобласьць, у Верхаленскую акругу Іркуцкай губэрні, але па дарозе туды зьбегла і эмігрыравала.
    Жыла ў Лёндане, пасьля 9 студзеня зьехала ў Жэнэву, адтуль у сакавіку 1905 г., усьлед за М. Брайда, у Баку, дзе была адным з кіраўнікоў шэндрыкоўска-меншавіцкай “Арганізацыі балаханскіх і бібіэйбацкіх рабочых”, якая потым ператварылася ў “Саюз бакінскіх рабочых”.
    Пазьней Хава працавала сярод меншавікоў у Пецярбурзе. Пасьля Венскай канфэрэнцыі 1912 г. была сакратаром “Арганізацыйнага камітэта” г. зв. “жнівеньскага блёка; сакратар газэты “Луч”. У студзені 1913 г. была арыштаваная на сходзе пецярбургскай “Ініцыятыўнай групы” меншавікоў. Друкавалася пад псэўданімам Е. Львова Е., Е. Бронская, партыйны псэўданім Наташа.
    У 1915 г. была высланая з Пецярбурга ў Енісейскую губэрню ў м. Мінусінск. Прыналежала ў той час да меншавікоў-інтэрнацыяналістаў, уваходзіла ў кружок Мінусінскіх ссыльных, які прыняў апублікаваную ў “Известиях Заграничного Секретариата ОК” “Дэкларацыю рускіх інтэрнацыяналістаў-меньшевиков”, падпісала таксама адкрыты ліст-пратэст групы меншавікоў супраць “Самаабароны”, надрукаваны ў самарскім выданьні “Наш Голос”.
    Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі вярнулася ў Петраград. На зьездах меншавікоў у жніўні (так званы “Абвінаваўчы зьезд”) і лістападзе - сьнежні 1917 г. (“Надзвычайны зьезд”) выбіралася ад меншавікоў-інтэрнацыяналістаў у меншавіцкі ЦК, была чальцом бюро, пазьней сакратаром бюро. Выступала супраць кастрычніцкага перавароту бальшавікоў.
    Эмігравала, ад 1920 г. чалец Замежнай дэлегацыі, супрацоўнік часопіса «Социалистический вестник».
    У лістападзе 1927 г. нелегальна прыехала ў Савецкую Расею, дзеля нелегальнай працы. Арыштаваная 22 красавіка 1928 г. (па адной вэрсіі ў Баку, па іншай - на зваротным шляху ў цягніку). У ліпені 1928 г. асуджана па арт. 58 КК РСФСР, прысуджана да зьняволеньня на 3 гады, адпраўлена ў Суздальскі палітізалятар, дзе ўтрымоўвалася да 1930 г. У 1930 г. атрымала 5 гадоў ссылкі ў Ташкент. Па некаторых зьвестках, знаходзілася там у красавіку 1933. У красавіку - чэрвені 1934 г. была ў ссылцы. У 1936 г. ізноў саслана ў Айрот-Туру, сталіцу Айроцкай аўтаномнай вобласьці (цяпер Горна-Алтайск).
    4 ліпеня 1937 арыштавана зноў і Ваенным трыбуналам Маскоўскай ваеннай акругі 21 сакавіка 1939 па арт. 58/69 КК РСФСР асуджаная да 20 [25] гадам турэмнага зьняволеньня. 13 верасmня 1941 Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР, у чарговы раз пры разгляданьні справы зьняволеных Арлоўскай турмы, пры сьпешнай эвакуацыі, была прысуджана да расстрэлу. 15 верасьня прысуд быў прыведзены ў выкананьне. Рэабілітавана пасьмяротна.
    Ад першага мужа Абрама Эдельмана мела дачку Аляксандру Абрамаўну, што нарадзілася ў 1897 г. у м. Сьвянцяны, якая выйшла замуж за Антона Гіпалітавіча Адасінскага (16.05.1888 - 18.07.1938). Працавала экспэртам ў Камітэце па справах вынаходніцтваў у Маскве. 29 ліпеня 1938 г. прыгавораная да высылкі разам з дачкой Галінай Антонаўнай Адасінскай ў Яраслаўскую вобласьць. Памерла 23 студзеня 1976 г.
    Ад другога мужа мела дачку Веру Маркаўну Брайда, якая калі пражывала ў ЗША выпусьціла пра сваіх бацькоў кнігу. Сына Данілу [Даниилa] Маркавіча Брайда
    Творы:
    Революция 1948 г. во Франции. Вильна. 1900. 65 с.
    Женская доля. Женева. 1905. 16 с.
    Женская доля. СПб. 1905. 12 с.
    Русская работница. СПб. 1914. 12 с.
    Вильгельм Либкнехт. Его жизнь и деятельность. (1826-1900 г.г.). СПб. 1914. 21 с.
    Женская инспекция труда. Петроград. 1917. 15 с.
    Женщина-работница. Петроград. 1917. 16 с.
    В рядах Р.С-Д.Р.П. Воспоминания. С предисловием В. И. Невского. Москва. 1928. 123 с.
    Літаратура:
    Бройдо Ева Львовна (Хава Лейбовна). // Деятели революционного движения в России. Био-библиографический словарь. Т. 5. Социал–демократы. Вып. 1. А-Б. Москва. 1931. Столб. 493-495.
    Масанов И. Ф.  Словарь псевдонимов русских писателей, ученых и общественных деятелей в 4 томах. Т. 4. Москва. 1960. С. 82.
    Бройдо (урожденная Гордон) Ева Львовна. // Политические деятели России 1917 г. Биографический словарь. Москва 1993. С. 42.
    Адась Франкевіч,
    Койданава.