пятница, 3 октября 2014 г.

Сьвятлана Алданская. Акторка Капа Баркоўская. Койданава. "Кальвіна". 2014.



    Капіталіна Рыгораўна Баркоўская (Савіных) - нарадзілася 28 ліпеня 1920 г. у в. Дароніна Тарскага вуезду Цюменскай губэрні РСФСР (цяпер Тэўрыскі раён Вомскай вобласьці Расейскай фэдэрацыі).

    На прафэсійную сцэну прыйшла з самадзейнасьці. У 1936-1946 гг. працавала ў драматычных тэатрах Алдану (Якуцкая АССР), Маздоку (Стаўрапольскі край), Элісты (Калмыцкая АССР) ды Чыты (Далёкаўсходні край).
    У 1946-1956 гг. — акторка Вомскага ТЮГа. Сярод роляў: Беатрычэ (“Слуга двух паноў” К. Гальдоні), Джэма (“Авадзень” Э. Войніч), Агафья Ціханаўна (“Вясельле” М. Гогаля) і інш. Заслужаная акторка РСФСР (1956).
   У 1956-1993 гг. — адна з вядучых акторак Вомскага акадэмічнага тэатра драмы. Сярод роляў: Ракіціна (“Далі неаглядныя” М. Вірты), цётка Тоні (“Прачніся і сьпявай” М. Дзярфаша), Каралева Лізавета (“Марыя Сьцюарт” Ф. Шылера), Рэгана (“Кароль Лір” У. Шэксьпіра), Вера Сяргееўна (“Энэргічныя людзі” В. Шукшына), Зыбкіна (“Праўда — добра, а шчасьце — лепей» А. Астроўскага).
    У 1994-2004 гг. на сцэне Вомскага дзяржаўнага камэрнага “Пятага тэатра”. Сярод роляў: “Фіктыўны шлюб” В. Вайновіча, “Сьвеціць, ды ня грэе” А. Астроўскага.
    Як рэжысёр узначальвала аматарскі драматычны калектыў мэдыцынскага інстытуту. Выканала галоўную ролю Марыі Марозавай ў фільме-спэктаклі Генадзя Трасьцянецкага і Вольгі Сокавых “У войны — не жаночы твар” (1988) па аповесьці Сьвятланы Алексіевіч. За гэтую ролю ў 1995 г. атрымала званьне ляўрэата Дзяржаўнай прэміі імя К. С. Станіслаўскага. У 2002 г. на фэстывалі-конкурсе «Лепшая тэатральная работа 2001 года» была адзначаная ганаровым званьнем “Легенда вомскай сцэны”. У 1970-я гады была дэпутатам вомскага гарадзкога савета шасьці скліканьняў, узначальвала камісію па культуры. Узнагароджаная Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сьцяга (1971) і мэдалямі: “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” (1992), “60 год Узброеных сіл СССР”.


    18 сьнежня 2010 г. памерла. Грамадзянская паніхіда адбылася 21 сьнежня 2010 г. у 13.00 у Доме актора імя Н. Д. Чонішвілі. Пахавана 21 сьнежня 2010 г. на Стара-Паўночных мэмарыяльных могілках Вомска.
    Сьвятлана Алданская,
    Койданава.