пятница, 31 октября 2014 г.

Наста Зорка. Кіраўністы Кірыла. Койданава. "Кальвіна". 2014.



    Кірыла Трафімавіч Мазураў нарадзіўся 25 сакавіка (7 красавіка) 1914 г. у в. Рудня-Прыбыткоўская Гомельскага павету Магілёўскай губэрні Расейскай імпэрыі.
     У 1933 г. скончыў Гомельскі аўтадарожны тэхнікум. Працаваў тэхнікам дарожнага аддзелу Парыцкага райвыканкаму Бабруйскай вобласьці БССР, пасьля начальнікам дарожнага аддзелу Камарынскага райвыканкаму Палескай вобласьці. Служыў у РСЧА (1936-1938). Ад 1939 г. на камсамольскай працы. Ад 1940 г. сакратар Берасьцейскага абкаму камсамолу.
    З першых дзён нападу Вэрмахту на СССР Мазураў у дзейсным войску. Быў палітруком роты, камандзірам батальёну, інструктарам палітаддзелу 21-й арміі. Са сьнежня 1941 г. слухач курсаў “Стрэл”, па сканчэньні якіх быў прызначаны камісарам факультэту гэтых жа курсаў. У верасьні 1942 г. прызначаны сакратаром ЦК ЛКСМБ і накіраваны на акупаваную тэрыторыю Беларусі ўпаўнаважаным Цэнтральнага камітэту КПБ і Цэнтральнага штабу партызанскага руху, падкантрольнага НКУС, па кіраўніцтве гэтым рухам і стварэньню камсамольскага падпольля ў шэрагу абласьцей акупаванай рэспублікі. Да канца 1943 г. дзейнічаў у розных партызанскіх злучэньнях Менскай, Палескай, Пінскай, Баранавіцкай і Берасьцейскай абласьцей акупаванага Вэрмахтам БССР.
    У 1943-1947 гг  К. Мазураў— другі, пасьля першы сакратар ЦК ЛКСМБ. У пасьляваенныя гады, скончыўшы ў 1947 г. Вышэйшую партыйную школу пры УКП(б), быў першым сакратаром Менскага гаркаму партыі (1948-1950), першым сакратаром Менскага абкаму партыі (1950-1953), старшыня Савету міністраў БССР (1953-1956).
    Кірыла Мазура актыўна падтрымаў М. Хрушчова пасьля сьмерці Сталіна, а затым прыняў ягоны бок у час барацьбы з “антыпартыйнай групай”. Зь імем Кірылы Мазурава зьвязаныя шматлікія посьпехі беларускага народу ў разьвіцьці эканомікі, навукі і культуры ў 1953-1965 гадох, рэабілітацыя шматлікіх партыйных і дзяржаўных дзеячаў, менскіх падпольшчыкаў, партызанскіх камандзіраў. Кірыла Мазураў увайшоў у гісторыю Менску і Беларусі як праваабаронца незаслужана абгавораных падпольшчыкаў. Пры Мазураве рады КПБ павялічыліся з 145 тысячаў да 296 тысячаў чальцоў.
        Ад ліпеня 1956 г. Мазураў 1-ы сакратар ЦК КПБ. Намагаючыся аднавіць беларусізацыю, у студзені 1959 г. на сьвяткаваньні 40-годзьдзя БССР Кірыла Мазураў зрабіў даклад на беларускай мове. У перапынку Мікіта Хрушчоў, які сядзеў у прэзыдыюме, пачаў лаяць Мазурава: “Ни черта не понятно!” На прыступках БДУ Хрушчоў выказаўся яшчэ больш выразна: “Чем быстрее все мы будем разговаривать по-русски, тем быстрее построим коммунизм”.
    У 1965-1978 гг Мазураў 1-ы нам. старшыні Савета Міністраў СССР.
    У 1968 г. ён быў накіраваны ў Прагу для кіраваньня ваеннымі дзеяньнямі па лініі Палітбюро ў Чэхаславаччыне, дзе дзейнічаў пад псэўданімам “генэрал Трафімаў». Пры ягоным удзеле кіраўнікі Камуністычнай партыі Чэхаславаччыны Дубчак, Смркоўскі, Шык ды іншыя былі арыштаваныя і вывезеныя ў Маскву.
    Мазураў з Касыгіным і Машэравым сталі ініцыятарамі разьвіцьця перапрацоўкі алмазнае сыравіны ў Беларусі (у Гомелі ў першай палове 1970-х быў створаны завод такога профілю) і работ па даразьведцы беларускіх радовішчаў алмазаў. Яшчэ ў 1970 г. А. Касыгін выступіў у Савеце Міністраў СССР з падрабязным дакладам, прапануючы, па-першае, паступова скарачаць вываз з СССР неапрацаваных (“сырых”) алмазаў, а па-другое, разьвіваць перапрацоўку алмазаў у шэрагу рэспублік, у тым ліку і Беларусі, што абумоўлівалася наяўнасьцю россыпавае алмазасыравіны, якая можа там сама перапрацоўвацца сумесна зь якуцкай.
    10 ліпеня кіраўнік савецкай партыйна-ўрадавай дэлегацыі, што знаходзілася ў КНДР у сувязі з дзесятымі ўгодкамі Дамовы пра сяброўства, супрацоўніцтва і ўзаемную дапамогу паміж СССР і КНДР, чалец Палітбюро ЦК КПСС, першы намесьнік Старшыні Рады Міністраў СССР тав. Мазураў К. Т., які вяртаўся з Карэйскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі, зрабіў прыпынак у Якуцку.
    Разам з тав. К. Т. Мазуравым прыбыў сябра ЦК КПСС, чалец савецкай партыйна-ўрадавай дэлегацыі, намесьнік міністра замежных спраў СССР М. М. Радзівонаў.
    У аэрапорце госьцяў сустракалі чалец ЦК КПСС, першы сакратар абкама КПСС тав. Чыраеў Г. І., Старшыня Прэзыдыюма Вярхоўнай Рады ЯАССР тав. Аўчыньнікава А. Я., Старшыня Рады Міністраў ЯАССР тав. Пятроў І. І., сакратары абкама КПСС тт. Уласаў А. В., Матвееў І. А., чальцы бюро абкама КПСС т.т. Маркін С. Н., Паўлаў В. Г., кандыдаты і чальцы бюро абкама КПСС тт. Томскі С. К, Якімаў А. Д., намесьнікі Старшыні Рады Міністраў - ЯАССР Карнілава А. Т., Платонаў С. Н., міністар унутраных спраў ЯАССР тав. Пазнухоў Н. Ф., старшыня Якуцкага гарвыканкама тав. Смірноў В. П. і іншыя.
    Таварыш К. Т. Мазураў пабываў на Якуцкай ДРЭС, у рачным порце, ордэна Працоўнага Чырвонага Сьцяга інстытуце мерзлатазнаўства СА АН СССР, у кварталах новага жыльлёвага будаўніцтва, азнаёміўся з працай прадпрыемстваў гандлю, гутарыў з працаўнікамі места.
    У абласным камітэце КПСС тав. К. Т. Мазураў меў гутарку з чальцамі бюро абкама. /Пребывание товарища К. Т. Мазурова в Якутске. // Молодежь Якутии. Якутск. 13 июля 1971. С. 1./ [У той час ужо знаходзіўся у Якуцку ў якасьці карэспандэнта газэты “Молодежь Якутии” беларускі пісьменьнік Іван Ласкоў, які падтрымліваў цёплыя стасункі з Анастасіяй Феактыстаўнай Мазуравай, галоўным рэдактарам газэты “Зорька”.]
    7 красавіка 1974 ў сувязі з 60-годзьдзем Мазураў атрымаў званьне Героя Сацыялістычнай Працы. Узнагароджаны 5 ордэнамі Леніна, ордэнам Чырвонага Сьцяга, Айчыннай вайны 1-й ступені і мэдалямі.
    На даручэньне Касыгіна Мазураў вывучаў скандынаўскую сацыяльна-эканамічную мадэль, уключна з мэтадамі стымуляваньня вытворчасьці працы, павышэньня таварнай (а ня цэнавай) прадукцыйнасьці вытворчасьці пры зьніжэньні яго фонда- і капіталаёмістасьці. Але такія праекты, як і касыгінскія эканамічныя рэформы ў цэлым, былі адрынутыя партдзяржнамэнклятурай і Кірыла Мазураў неўзабаве быў выведзены са складу Палітбюро ЦК КПСС і Савету Міністраў СССР.
    З 1978 г. Мазураў на пэнсіі. З 1986 году быў абраны старшынёй Усесаюзнага савету вэтэранаў вайны і працы. Дэпутат Вярхоўнага Савету СССР 3-9 скліканьня, у 1989 г. абраны народным дэпутатам СССР.
    Памёр 19 сьнежня 1989 г. у Маскве і пахаваны на Новадзявочых могілках.
    У менскім мікрараёне Сухарава адна з вуліцаў носіць імя Кірылы Мазурава. На фасадзе дому № 36 па вуліцы Карла Маркса, у якой жыў К. Мазураў, усталяваная памятная дошка. Таксама яго імем названа адна з галоўных вуліц Гомеля. У 2004 годзе, да 90-годзьдзя К. Т. Мазурава, у Маскве быў зьняты дакумэнтальны фільм “Кірыла Мазураў: партрэт на тле эпохі”.
    Наста Зорка,
    Койданава.