пятница, 3 октября 2014 г.

Ёрген Шпулька. Рыся - жонка сьвятога Ёргана. Койданава. "Кальвіна". 2014.



                                                  РЫСЯ - ЖОНКА СЬВЯТОГА ЁРГАНА
    Рыся [Раіса] Янкелеўна [Якаўлеўна] Шыпулінская - нар. у 1880 г. у сям’і мешчаніна губэрнскага места Магілёва [Магілёва Падольскай губэрні ?] Расейскай імпэрыі.
    Арыштаваная за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзеньні арганізаванай Кацярынаслаўскім камітэтам РСДРП 15 сьнежня 1901 г. палітычнай дэманстрацыі. Загадам ад 12 лютага 1903 г. высланая ва Ўсходнюю Сыбір тэрмінам на 5 гадоў і Іркуцкім ваенным генэрал-губэрнатарам прызначаная разам з мужам, адміністрацыйна-сасланым Ф. П. Шыпулінскім, у Якуцкую вобласьць.
    Шыпулінскі Феафан Платонавіч (мянушка Пухлы), нарадзіўся ў 1877 (1876) г. у сям’і патомнага двараніна. Вучыся ў Пецярбургскім Тэхналягічным інстытуце. Быў арыштаваны за рэвалюцыйную дзейнасьць і загадам ад 12 лютага 1903 г. высланы ва Ўсходнюю Сыбір тэрмінам на 3 гады. Іркуцкім ваенным генэрал-губэрнатарам быў прызначаны разам з жонкаю ў Якуцкую вобласьць.
    Дастаўленая ў м. Якуцк 30 жніўня 1903 г. і Якуцкім губэрнатарам была разьмеркаваная на жыхарства ў Алёкмінскую акругу Якуцкай вобласьці. Прыбыла ў м. Алёкмінск 8 верасьня 1903 г. і разам з мужам была паселеная ў Бердзенскім паселішчы Амгінскай воласьці Алёкмінскай акругі Алёкмінскага ўлусу Якуцкай вобласьці. Жыла на казённы кошт.
    Па маніфэсьце 11 жніўня 1904 г. тэрмін ссылкі быў скарочаны на адну траціну, г. зн. да 12 чэрвеня 1906 г.
    Вызваленая ад ссылкі загадам ад 21 кастрычніка 1906 г. і 29 кастрычніка выехала з Алёкмінска ў Эўрапейскую Расею, пэўна разам з мужам, у Санкт-Пецярбург.
   Феафан Шыпулінскі працаваў журналістам, быў меншавіком, затым чалец УКП(б). У 1919-1935 гг. працаваў у кіно: быў прафэсарам Дзяржкінашколы (пазьней - Дзяржаўны тэхнікум кінамастацтва) - выкладаў гісторыю кіно і псыхалёгію. Па ягоных сцэнарах пастаўлены агітфільмы: “Таварыш Абрам” (1919), “Хвеська” (1920), “Серп і Молат” (1921, сумесна з А. Гарчыліным). Здымаўся таксама ў фільмах “У дні барацьбы” (1920), “Сьвята сьвятога Ёргена” (1930). Аўтар брашуры “Шекспир — Ретлэнд” (Масква, 1924), дзе папулярызуецца гіпотэза Дамблёна пра тое, што драматычныя творы, якія прыпісваюцца Шэкспіру, належаць графу Рэтлэнду. Памер у 1942 г.
    Літаратура:
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Якутск. 1995. С. 112, 167, 174-175, 194, 320, 477.
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Изд. 2-е дополненное. Якутск. 1996. С. 112, 167, 174-175, 194, 320, 477.
    Ёрген Шпулька,
    Койданава