четверг, 16 октября 2014 г.

Цэся Рэчка. Адмірал Калчак. Койданава. "Кальвіна". 2014.





    Аляксандар Васілевіч Калчак нар. 4 (16) лістапада 1874 г. у г. Санкт-Пецярбург Расейская імпэрыі.
     Сярод продкаў А. Калчака ўпамінаюцца Калчак-паша, які быў захоплены ў палон войскамі Мініха пры ўзяцьці Хоціна ў 1739 г., бугзкія казакі, патомныя дваране Херсонскай губэрні; шмат хто ў родзе Калчака служылі ў войску ды на флёце. Ягоны бацька Васіль Іванавіч служыў у Марскім ведамстве, зышоў у адстаўку ў чыне генэрал-маёра, выдаў кнігі: “История Обуховского завода, в связи с прогрессом артиллерийской техники” (1894), “Война и плен, 1853-1855 гг. Из воспоминаний о давно пережитом” (1904), памёр ў 1913 г.; ягоная маці Вольга Ільлінічна (у дзявоцтве Посахава), паходзіла з данскіх казакоў і хэрсонскіх дваранаў, памерла ў 1894 г.
     У 1888-1894 гг. Аляксандар Калчак вучыўся ў Марскім кадэцкім корпусе, куды перавёўся з 6-й Санкт-Пецярбурскай клясычнай гімназіі. Выпусьціўся мічманам. Акрамя ваеннай справы, захапляўся дакладнымі навукамі і завадзкой справай: слюсарыць вывучыўся ў майстэрнях Абухоўскага заводу, штурманскую справу асвойваў у Кранштацкай марской абсэрваторыі.
    У 1895-1899 гг. служыў на крэйсэрах “Рурык” і “Крэйсэр”, пабываў у далёкіх плаваньнях, у якіх пачаў займацца акіянаграфіяй, гідралёгіяй, картамі плыняў ля берагоў Карэі, спрабаваў вывучыць кітайскую мову. У 1900 г атрымаў званьне лейтэнант.
    Пры падрыхтоўцы да Расейскай палярнай экспэдыцыі, удзельнічаць у якой яму прапанаваў барон Э. В. Толь, Калчак вывучаў магніталёгію ў Паўлаўскай магнітнай абсэрваторыі, практыкаваўся ў Нарвэгіі ў Нансена. У 1900-1902 гг. на шхуне  “Сьвітанак” прайшоў шлях па арктычных морах (з дзьвюма зімоўкамі - па адзінаццаць месяцаў кожная) да бухты Ціксі. Падчас зімовак зьдзяйсьняў далёкія - да 500 вёрст - паездкі на сабачых запрэжках і на лыжах, падчас плаваньня праводзіліся комплексныя гідралягічныя дасьледаваньні; адну з выяўленых у берагоў Таймыра выспаў Толь назваў імем Калчака.
    З бухты Ціксі, пасьля навігацыі 1902 г., Калчак праз Якуцк прыбыў ў сьнежні ў Санкт-Пецярбург. Там даведаўшыся, што Толь ня вярнуўся па лёдзе з выспы Бенета, прапанаваў Імпэратарскай АН арганізаваць выратавальную экспэдыцыю, з ім на чале, да выспы Бенета на шлюпках, і тая дала яму сродкі і поўную волю дзеяньняў.
    Пошукі не далі плёну і ў канцы студзеня 1904 г. на сабаках і аленях пошукавая экспэдыцыя прыбыла ў Якуцк. У Якуцку Калчак супыняўся ў доме мясцовага чыноўніка Кіструцкага па вул. Паліцэйскай. Там была атрыманая вестка пра напад японцаў на Порт-Артур. Калчак затэлеграфаваў Акадэміі сваю просьбу пра адлічэньне ў Марское ведамства і пра накірунак у раён баявых дзеяньняў. Пакуль вырашалася пытаньне пра яго перавод, Калчак з нявестай перабраліся ў Іркуцк, дзе ў Імпэратарскім Усходне-Сыбірскім таварыстве ён зрабіў даклад “Пра сучаснае становішча Расейкай палярнай экспэдыцыі”. Ва ўмовах распачатай вайны вясельле вырашылі на далей не адкладаць і 5 сакавіка 1904 г. Аляксандар Васілевіч Калчак і Соф’я Хведараўна Амірава пабраліся ў Іркуцку шлюбам, адкуль праз некалькі дзён і раз’ехаліся. За ўдзел у Расейскай палярнай экспэдыцыі Калчак атрымаў ордэн Сьвятога Ўладзімера 4-й ступені.
    У Порт-Артуры Калчак служыў вахтавым начальнікам на крэйсэры “Аскольд”, артылерыйскім афіцэрам на мінным загараджальніку “Амур”, камандзірам эскадранага мінаносца “Злосны”. На пастаўленай ім на поўдзень ад Порт-Артура міне падарваўся і загінуў японскі крэйсэр “Такасага”. У лістападзе, пасьля цяжкай пнэўманіі, перайшоў на сухапутны фронт, дзе камандаваў батарэяй марскіх гарматаў. Узнагароджаны ордэнам Сьвятой Ганны IV ступені з надпісам “За адвагу”. 20 сьнежня 1904 г. з-за сустаўнага рэўматызму ў вельмі цяжкай форме апынуўся ў шпіталі. Патрапіў у палон, калі пачаў папраўляцца, быў перавезены ў Японію. У красавіку-чэрвені 1905 г. Калчак прарабіў шлях праз Амэрыку ў Пецярбург. За храбрасьць пад Порт-Артурам быў узнагароджаны залатой шабляй з надпісам “За адвагу” і ордэнам Сьвятога Станіслава II ступені з мячамі.
    Да траўня 1906 г. прыводзіў у парадак і апрацоўваў экспэдыцыйныя матэрыялы, была падрыхтавана праца “Лёд Карскага і Сыбірскага мораў” ў чым яму дзейна дапамагаў Аляксей Бялыніцкі-Біруля. 10 студзеня 1906 г. на аб’яднаным паседжаньні двух аддзяленьняў Імпэратарскага Расейскага Геаграфічнага таварыства Калчак зрабіў паведамленьне пра экспэдыцыю на выспу Бенета, а 30 студзеня Рада ІРГТ прысудзіла яму “за надзвычайны і важны геаграфічны подзьвіг, зьдзяйсьненьне якога спалучана з працай і небясьпекай”, вышэйшую ўзнагароду ІРГТ - Вялікі залаты Канстантынаўскі мэдаль.
    У студзені 1906 г. Калчак быў адным з заснавальнікаў і старшынёй напаўафіцыйнага афіцэрскага Санкт-Пецярбурскага Марскога гуртка. Разам з іншымі яго чальцамі распрацаваў пісульку пра стварэньне Марскога Генэральнага Штабу як органа, які будзе займацца адмысловай падрыхтоўкай флёту да вайны і ён быў створаны ў красавіку 1906 г., у якім Калчак быў прызначаны загадваць Аддзяленьнем рускай статыстыкі.
    У 1907 г. Галоўнае гідраграфічнае кіраваньне Марскога ведамства пачало падрыхтоўку Гідраграфічнай экспэдыцыі Паўночнага Ледавітага акіяна. Калчак распрацаваў адзін з праектаў гэтай экспэдыцыі. У траўні 1908 г. у чыне капітана 2-го рангу Калчак стаў камандзірам судна “Вайгач”, абсталяванага адмыслова для картаграфічных працаў. У кастрычніку 1909 г. “Вайгач” і “Таймыр” выйшлі з Санкт-Пецярбурга, а ў ліпені 1910 г. прыбылі ва Ўладзівасток. Напрыканцы 1910 г. Калчак выехаў у Пецярбург.
    З вясны 1912 г. ён на Балтыйскім флёце - у Эсэна, потым служыў у Лібаве, дзе была база Міннай дывізіі. Са сьнежня 1913 г. Калчак - капітан 1-га рангу; пасьля пачатку І-й Усясьветнай вайны - сьцяг-капітан па апэратыўнай частцы. Распрацаваў першае баявое заданьне флёту. Прыняўшы ў часавае камандаваньне групу з чатырох мінаносцаў, у канцы лютага 1915 г. Калчак зачыняе дзьвюма сотнямі мінаў Данцыгскую бухту. У 1915 г. быў пасланы адміралам Эсэнам для дакладу ў стаўку, якая тады знаходзілася ў Баранавічах Менскай губэрні, дзе прабыў каля трох сутак і меў сустрэчу з вялікім князем Мікалаем Мікалаевічам. У верасьні 1915 г. Калчак камандуе Міннай дывізіяй; адначасова да яго ў падначаленьне пераходзяць усе марскія сілы ў Рыскім заліве. У лістападзе 1915 г. ён атрымлівае ордэн Сьвятога Георгія IV ступені. 28 чэрвеня 1916 г. робіцца віцэ-адміралам і камандуючым Чарнаморскім флётам, пасьля чаго едзе ў Петраград а адтуль, па вяртаньні на Чорнае мора, на 1 дзень заяжджае у Магілёў, дзе знаходзілася стаўка, дзеля размовы з генэралам Аляксеевым, начальнікам штабу і царом Мікалаем ІІ, як прыняў яго ў саду. Цар нават блаславіў яго іконай.
    Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. Севастопальская Рада адхіляе Калчака ад камандаваньня, і адмірал вяртаецца ў Петраград. 4 ліпеня 1917 г. А. Керанскі даў санкцыю на місію Калчака ў якасьці ваеннага дарадцы ў Англію, а затым у ЗША. Пры вяртаньні ў Расею ў Японіі яго затрымаў кастрычніцкі пераварот да верасьня 1918 г.
    У ноч на 18 лістапада 1918 г. ў Омску адбыўся ваенны пераварот, які высунуў Калчака на вяршыню ўлады. Рада міністраў настаяла на яго абвяшчэньні Вярхоўным Правіцелям Расеі, Вярхоўным Галоўнакамандуючым узброеных сіл і поўным адміралам.
    [Адзначым, што дарадцам адмірала Калчака быў Антоні Фердынанд Асяндоўскі (27. 05. 1878, Люцын, Віцебская губэрня, Расейская імпэрыя – 3. 01. 1945, Жулвін, Польша) - пісьменьнік, журналіст, падарожнік, хімік, географ. Валодаў 8 мовамі (зь іх кітайскай і мангольская). Ваяваў на баку белых падчас грамадзянскай вайны ў Расеі. У 1922 г. вярнуўся ў Польшчу. Напісаў кнігу на ангельскай мове пра падзеі ў Расеі падчас грамадзянскай вайны — «І зьвяры, і людзі, і богі», якая прынесла яму сусьветную вядомасьць. Раман «Ленін» меў вялікую папулярнасьць у Эўропе і паказваў сапраўдную сутнасьць бальшавіцкага лідэра. Памёр незадоўга да вызваленьня Варшавы. Перад сьмерцю зьнішчыў свой архіў. Савецкія спэцслужбы ня былі пэўныя, што Асяндоўскі ня інсцэніраваў сьмерць. Адразу па прыходу савецкіх войскаў, супрацоўнікі НКВД правялі эксгумацыю цела Асяндоўскага, пасьля расплюшчылі вочы нябожчыку і гэтак сфатаграфавалі.]
    У 1919 г. Калчак пераносіць Стаўку з Омска ва ўрадавы эшалён а новай сталіцай прызначаецца Іркуцк. 5 студзеня 1920 г. у Ніжнеўдзінску ён згаджаецца перадаць вярхоўную ўладу генэралу Дзянікіну, а кіраваньне Ўсходняй ускраінай - Сямёнаву, і пераходзіць у чэскі вагон, пад заступніцтва саюзьнікаў, але 14 студзеня 1920 г. у абмен на вольны праезд чэхі выдаюць адмірала чырвоным. 15 студзеня 1920 г. у 9 гадзін 50 хвілінаў вечара па мясцовым, іркуцкаму часе, Калчака арыштавалі.
   А адзінаццатай гадзіне ночы пад узмоцненым канвоем арыштаваных правялі па таросістым лёдзе Ангары, а далей на аўтамабілях Калчака і яго афіцэраў перавезьлі ў Аляксандраўскі цэнтрал ля Іркуцку. Іркуцкі рэўкам намерваўся зрабіць адкрыты судовы працэс над былым Вярхоўным правіцелям Расеі і міністрамі яго Расейскага ўрада. З 22 студзеня 1920 г. Надзвычайная сьледчая камісія пачала допыты, якія доўжыліся да 6 лютага, калі рэшткі войска Калчака ўшчыльную падышлі да Іркуцка і рэўкам вынес пастанову пра расстрэл Калчака. 7 лютага 1920 г. у 4 гадзіны раніцы Калчака разам з прэм’ерам В. М. Пепяляевым, які, у адрозьненьне ад Аляксандра Васілевіча праявіў маладушша, расстралялі на берагу рэкі Ушакоўкі і скінулі ў палонку.
    Творы:
    Последняя экспедиция на остров Беннетта, снаряженная Императорской Академией Наук для поисков барона Толля. // Известия Императорского Русского Географического Общества. Т. 42. Вып. 2-3. Санкт-Петербург. 1906. С. 487-519.
    Какой России нужен флот? // Морской сборник. № 6, 7. 1908.
    Лед Карского и Сибирского морей. // Записки Императорской академии наук. Сер. 8. Физико-математическое. отделение. Т. 26. № 1. Санкт-Петербург. 1909.
    Колчак В. И., Колчак А. В.  Избранные труды. /Сост. В. Д. Доценко/ Санкт-Петербург. 2001. 384 с.
    Літаратура:
    Протоколы допроса адмирала А. В. Колчака чрезвычайной следственной комиссией в Иркутске 21 января – 7 февраля 1920 г. // Архивъ русской революціи издаваемый И. В. Гессеномъ. Т. Х. Берлинъ. 1923. [Баранавічы, Магілёў - C. 201-202; 212-213.]
    Допрос Колчака. Ленинград. 1925.
    Калчак Аляксандр Васілевіч. // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. V. Мінск. 1972. С. 278.
    Пестерев В. И.  Верховный правитель. // Пестерев В. И.  Исторические миниатюры о Якутии. Якутск. 1993. С. 68-79.
    Калчак Аляксандр Васілевіч. // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 7. Мінск. 1998. С. 487-488.
    Калчака ўрад. // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 7. Мінск. 1998. С. 488.
    Цэся Рэчка,
    Койданава