понедельник, 27 октября 2014 г.

Міла Вульф. Упарты Майсей. Койданава. "Кальвіна". 2014.



    Майсей [Моисей] Вульфавіч [Васильевич] Брамсан [Брамсон] – нар. 3 кастрычніка 1862 г. у губэрнскім месьце Коўна Расейскай імпэрыі, з габрэйскіх мяшчанаў губэрнскага места Ломжа Царства Польскага Расейскай імпэрыі.
    У 1874 г. паступіў у Ломжынскую гімназію, адкуль у 1876 г. перавёўся ў 2-ю Варшаўскую гімназію, дзе быў датычны да рэвалюцыйнага руху. Па заканчэньні яе ў 1882 г. паступіў на прыродазнаўчае аддзяленьне фізыка-матэматычнага факультэта Маскоўскага ўнівэрсытэта. У 1883 г. перайшоў у Пецярбургскі ўнівэрсытэт, які скончыў у 1886 г., са званьнем кандыдата прыродазнаўчых навук. Увосень 1883 г. у Пецярбургу ўвайшоў у гурток, які вывучаў палітычныя працэсы па легальных газэтах. У канцы 1883 г. увайшоў у Зьвяз моладзі партыі “Народная Воля”. У 1884 г. кіраваў студэнцкім гуртком самаадукацыі. У 1885 г. вёў заняткі ў працоўным гуртку (мянушка “Міхаіл Фёдаравіч”) на кватэры П. Багданава. Удзельнічаў у арганізацыі невялікай друкарні, дзе ў сьнежні 1885 г. быў надрукавана ліст К. Маркса М. К. Міхайлоўскаму. Увосень 1885 г. склікаў сход для аднаўленьня Зьвязу моладзі, які распаўся, і напісаў праекты праграмы і статуту Зьвязу. Узімку 1885 г. вёў у кватэры С. А. Ніканава заняткі з гуртком юнкераў Паўлаўскай ды Канстатынаўскай вучэльняў (мянушка “Іван Іванавіч”). Арыштаваны ў Пецярбургу 28 сьнежня 1885 г. і прыцягнуты да дазнаньня пры Пецярбурскім жандарскім упраўленьні па справе Штольца, Магата ды інш. па абвінавачваньні ў перадачы свайму таварышу студэнту М. Собалеву рукапісу злачыннага зьместу. 3 красавіка 1886 г. вызвалены з Дому папярэдняга зьняволеньня на парукі і пасьля здачы дзяржаўных іспытаў высланы праз месяц з Пецярбурга ў Вільню, дзе жыў пад адмысловым наглядам. Ізноў арыштаваны 30 студзеня 1887 г. і перавезены ў Дом папярэдняга зьняволеньня ў Пецярбург ды прыцягнуты да новага дазнаньня пры Пецярбургскім жандарскім упраўленьні па справе аб ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі (справа Шэлгунова, Маўрэра ды інш.). Па найвысачэйшым загадзе ад 27 верасьня 1887 г., падлягаў высылцы пад галосны нагляд на 5 гадоў ва Ўсходнюю Сыбір. Адпраўлены 4 лістапада 1887 г. у Маскву, дзе 6 месяцаў утрымоўваўся ў Бутырскай турме і прыняў удзел у турэмным бунце. У красавіку 1888 г. высланы адміністратыўным парадкам ва Ўсходнюю Сыбір.
    Быў прызначаны ў акруговае места Сярэдне-Колымск Якуцкай вобласьці. 18 лістапада 1888 г. дастаўлены ў Якуцк, дзе ўдзельнічаў у абмеркаваньні ссыльнымі праекта адрасу прэзыдэнту Французскай рэспублікі з нагоды 100-дзьдзя Вялікай Французскай Рэвалюцыі. З-за хваробы жонкі Міны Маркаўны Брамсан, у дзявоцтве Залкінд, якая добраахвотна паехала з ім, быў часова пакінуты ў Мегінскім улусе Якуцкай акругі Якуцкай вобласьці. За ўдзел 22 сакавіка 1889 г. у г. зв. “Манастыроўскім” узброеным супраціве сасланых у Якуцку быў зьняволены ў Якуцкую турму. Судзіўся ваенна-суднай камісіяй у Якуцку з 7 па 13 чэрвеня 1889 г. і быў прысуджаны да пазбаўленьня ўсіх правоў стану і да катаржных працаў без тэрміну, замененымі пры канфірмацыі прысуду камандуючым войскамі Іркуцкага ваеннай акругі ад 20 ліпеня 1889 г. 20 гадамі. Прыцягваўся да ўзьніклага ў ліпені 1889 г. у Якуцку дазнаньню па справе пра складаньне адрасу прэзыдэнту Французскай рэспублікі. Адпраўлены 30 сьнежня 1889 г. у Вілюйскую катаржную турму. Справа пра складаньне адрасу прэзыдэнту Французскай рэспублікі была спыненая па дамове міністраў юстыцыі ды унутраных спраў (да 8 чэрвеня 1891 г.). У сакавіку 1892 г. з Вілюйску быў пераведзены праз Якуцк у Акатуй, куды прыбыў у лістападзе 1892 г.
    Па найвысачэйшаму загаду ў 1891 г. тэрмін катаржных прац быў скарочаны на 1/3. У 1894 (1893?) г. быў выпушчаны на паселішча ў м. Селенгінск Забайкальскай вобласьці, адкуль у 1894 г. пераведзены ў Верхневудзінск Забайкальскай вобласьці.
    Па ўжываньні маніхвэсту 1894 г. вярнуўся ў кастрычніку 1895 г. у Эўрапейскую Расею, дзе пражыў па 1915 г. у Вільні. У 1895-1898 гг. знаходзіўся пад галосным наглядам. Напачатку 1900-х гг. быў злучаны з віленскай арганізацыяй с.-р. і аказваў ёй садзейнічаньне. У 1905 г. рэдагаваў у Вільні настаўніцкую газэту с.-р. накірунку, арыштаваную ў друкарні. У 1915 г. зьехаў у Пецярбург, адкуль напрыканцы 1915 г. пераехаў у Маскву, дзе працаваў у Таварыстве “Каапэрацыя”. Пасьля лютаўскай рэвалюцыі, як чалец Арбацкага раённага камітэта Таварыства “Каапэрацыя”, быў дэлегаваны ў раённую Арбацкую думу. У красавіку 1919 г. зьехаў у Самару а потым Ташкент, дзе служыў у савецкіх харчовых установах. У студзені 1922 г. вярнуўся ў Маскву. Пэнсіянэр, быў чальцом Таварыства Паліткатаржнікаў і ссыльнапасяленцаў.
    Творы:
    Брамсон М. В. Отрывки из воспоминаний. (1883-1886 г.). // Народовольцы после 1-го марта 1881 года. Москва. 1928. С. 81-86.
    Літаратура:
    Кротов М. А.  Якутская ссылка 70-80-х годов. Исторический очерк по неизданным архивным материалам. Москва. 1925. С. 131, 133, 138, 170.
     Брамсон Моисей Вульфович (Моисей Васильевич). // Деятели революционного движения в России. Био-библиографический словарь. Т. III. Восьмидесятые годы. Вып. 1. Москва. 1933. С. Стлб. 411-413.
    Міла Вульф,
    Койданава.