воскресенье, 26 октября 2014 г.

Гірша Абрамовіч. Пячнік Абрам. Койданава. "Кальвіна". 2014.



                                                                ПЯЧНІК  АБРАМ
    Абрам Ёселевіч [Иоселевич] Берман – нарадзіўся ў 1855 г. у габрэйскай сям’і мешчаніна м. Вільні. Быў арыштаваны як адзін з актыўных чальцоў віленскай арганізацыі БУНДу і зьняволены ў турму. 6 сакавіка 1898 г. Віленскай судовай палатай, за аказаньне супраціву турэмнаму начальству, прысуджаны да турэмнага зьняволеньня, па заканчэньні якога паводле прысуду ад 22 красавіка 1898 г., падлягаў высылцы ва Ўсходнюю Сыбір тэрмінам на 4 года. Па заканчэньні 8 студзеня 1899 г. тэрміна зьняволеньня ў Пецярбурскай адзіночнай турме, высланы ва Ўсходнюю Сыбір і іркуцкім ваенным генэрал-губэрнатарам прызначаны на жыхарства ў Алёкмінскую акругу Якуцкай вобласьці.
    Дастаўлены ў акруговы горад Алёкмінск 1 чэрвеня 1899 г. і паселены ў ліпені ў Мальжэгарскай сельскай грамадзе Алёкмінскай інародчаскай воласьці. Сям’я засталася на радзіме. Жыл на казённы кошт. Займаўся пячнымі работамі, але заробкі былі мізэрныя. У лютым 1901 г. зьвярнуўся з прашэньнем да губэрнатара аб пераводзе ў м. Якуцк, дзе змог бы знайсьці працу муляра і печніка, але просьба была адхіленая.
    Тады зьвярнуўся лістом на імя цара Мікалая II, у якім прызнаў сваю віну і чыстасардэчна раскаяўся, абяцаў надалей паводзіць сябе бездакорна і, паказваючы на сваё бядотнае становішча, прасіў вярнуць яго на радзіму. Загадам Дэпартамэнта паліцыі ад 24 кастрычніка 1901 г. атрымаў дазвол далейшы тэрмін ссылкі адбываць на радзіме.
    Выехаў у м. Якуцк, адкуль, паводле загаду губэрнатара, 8 чэрвеня 1902 г. этапным парадкам адпраўлены ў м. Вільню. 13 чэрвеня 1902 г. прыбыў у м. Алёкмінск і ў той жа дзень выехаў у Эўрапейскую Расею.
    Літаратура:
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Якутск. 1995. С. 114-115, 138, 162,193, 286-287, 467.
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Изд. 2-е дополненное. Якутск. 1996. С. 114-115, 138, 162,193, 286-287, 467.
    Гірша Абрамовіч,
    Койданава.