четверг, 2 октября 2014 г.

Арон Піньск. Бундаўка Айзенберг. Койданава. "Кальвіна". 2014.


                                                           БУНДАЎКА  АЙЗЕНБЕРГ 

    Марыяна Майсееўна [Яўсееўна] Айзенберг - нарадзілася у м. Нежын Чарнігаўскай губэрні Расейскай імпэрыі 4 красавіка 1879 года, габрэйка, паходзіла з мяшчанаў м. Пінск Менскай губэрні Расейскай імпэрыі, дачка бугальтара.
    Вучылася на акушэрскіх курсах у Варшаве. У 1897 г. прыняла ўдзел у арганізацыі першых с.-д. [БУНДа] рабочых гурткоў у м. Пінску, вяла агітацыю і прапаганду ў гэтых гуртках і кіравала першымі, тады ўзьніклымі эканамічнымі страйкамі сярод рамесных працоўных. Ад 1899 г. калі жыла ў Варшаве, зьвязалася з рэвалюцыйна настроенай вучнёўскай моладзьдзю ды з чальцамі арганізацыі БУНДа, захоўваючы ў той жа час шляхам перапіскі сувязь з працоўнымі гурткамі м. Пінска. 29 студзеня 1901 года была арыштаваная са складам бундаўскай літаратуры.
    Пасьля 21 месяца адзіночнага зьняволеньня ў Варшаўскім Павіяку і Сядлецкай турме ў 1902 годзе яна была высланая (па хваробе) да прысуду ў сяло Бею Мінусінскага ўезду Енісейскай губэрні.
    Праз 5 месяцаў знаходжаньня ў Беі яна была высланая па найвысачэйшаму загаду ад 19 сакавіка 1903 года, за працу ў Пінску і прыналежнасьць да арганізацыі БУНДа у Варшаве ва Ўсходнюю Сыбір на 4 гады. Была паселеная ў Намскім улусе Якуцкай акругі Якуцкай вобласьці.
    У Якуцку прыняла ўдзел ва ўзброеным паўстаньні ссыльных (“Раманоўскі пратэст” - люты-сакавік 1904 г.) і са ўсімі ўдзельнікамі пратэсту, акруговым судом, была прысуджаная да 12 гадоў катаргі па 263 і 268 артыкулам Крымінальнага Пакараньня. Разам з іншымі 18 асуджанымі падпісала заяву аб адмове падаць апэляцыю.
    Прысуд адбывала ў 1904 годзе ў Аляксандраўскай перасыльнай турме, а ў 1905 годзе ў жаночай катаржнай Мальцаўскай турме, у Зерэнтуе ды Акатуе, куды была пераведзеная дзеля дапамогі насельніцтву, як фэльчарка. У ліпені 1905 г. зьбегла з Акатуя ў Эўрапейскую Расею. Яшчэ па дарозе аднавіла сувязь з БУНДам і прыступіла адразу ж да партыйнай працы, якую вяла да пачатку 1907 года ў розных местах абшару дзейнасьці БУНДа.
    З 1907 году і да канца 1908 года жыла ў Маскве ды Пецярбурзе, дзе, працуючы наборшчыцай у друкарнях, прымала ўдзел у партыйнай і прафсаюзнай працы сярод друкароў. За гэты час, знаходзячыся на нелегальным становішчы, падвяргалася некалькім ператрусам.
    Напрыканцы 1908 г. імігравала за мяжу. Жыла ў Бэрліне, Парыжы ды Жэнэве, прымала ўдзел у працы замежных групаў садзейнічаньня БУНДу. У 1917 годзе, падчас рэвалюцыі, вярнулася ў Расею, у Петраград. Працавала ў меншавіцкай арганізацыі, а таксама тэхнічным сакратаром меншавіцкай фракцыі Петраградзкай рады рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 1918 года працавала фэльчаркай у лячэбных установах кассаў сацыяльнага страхаваньня ў Петраградзе, а з 1920 года кіраўніцай у дашкольных установах Масквы. З 1925 года займалася бібліятэчнай працай у Інстытуце Маркса і Энгельса пры ЦВК СССР. Была па-за партыяй. Членскі білет Таварыства паліткатаржанаў і ссыльна-пасяленцаў № 435.
    Праўдападобна ў яе была сястра Айзенберг Клара Майсееўна (Хая Моўшаўна), мяшчанка м. Пінска, акушэрка. Нарадзілася ля 1864 г. У 1898 г. актыўны працаўнік Кіеўскай с.-д. арганізацыі, у 1901 г чалец Кіеўскага камітэта РСДРП. Арыштаваная ў Нежыне 15 ліпеня 1901 г. Але 17 студзеня 1902 г. выпушчаная пад заклад. Падлягала высыланьню ва Ўсходнюю Сыбір на 3 гады. Але да прысуду перайшла на нелегальнае становішча. У чэрвені 1904 г., пад імем Лявіцкай, зноўку арыштаваная па справе Данскога камітэта РСДРП. 25 верасьня 1904 года памерла ў турме ад родаў.
    Літаратура:
    Айзенберг Клара Моисеевна. // Деятели революционного движения в России. Био-библиографический словарь. Т. V. Социал-демократы 1880-1904. Выпуск I. Москва 1931. Стлб. 32-33.
    Айзенберг Марианна Евсеевна. // Деятели революционного движения в России. Био-библиографический словарь. Т. V. Социал-демократы 1880-1904. Выпуск I. Москва 1931. Стлб. 33-34.
    Айзенберг Мариана Евсеевна. // Политическая каторга и ссылка. Биографический справочник членов о-ва политкаторжан и ссыльно-поселенцев. Москва. 1934. С. 22.
    Арон Піньск,
    Койданава.