четверг, 16 октября 2014 г.

Войцэх Кіранга. Пінскі рачнік Сямён. Койданава. "Кальвіна". 2014.



                                                                Кароткая біяграфія
                                                            чальца КПБУ Вайцэховіча
                                                                                    Сямёна Карпавіча
    Нарадзіўся я ў 1888 годзе ў в. Огава Пінскага павету Менскай губэрні. [Беларус, родная мова руская] Бацькі мае малазямельныя сяляне, бацька працаваў у маёнтку стальмахам, маці па гаспадарцы і на падзённых працах.
    Пасьля сьмерці бацькі і з-за жабрацкага становішча маці больш за ўсё я жыў у дзядулі, пасьвіў ягонае быдла і дапамагаў па гаспадарцы.
    Ад адзінаццаці гадоў я змушаны быў самастойна зарабляць на свой пражытак ды таксама падтрымліваць сваю маці, таму ані ў якай школе не вучыўся; навучыўся ж чытаць і пісаць самавукам, калі ўжо быў зусім сталым чалавекам. Першым маім падручнікам былі шыльды крамаў. Пачаў я працаваць на падзённых працах у падрадчыка па нарыхтоўцы плытоў для сплаву на рацэ Піне, атрымліваючы ўзнагароды 15 кап. у дзень. Працаваў таксама ў маёнтку пры малатарнях і пабудове чыгункі.
    У 13-ці гадовым узросьце паступіў на паравы катэр у мест. Пінску, у якасьці матроса; дзьве навігацыі праплаваў матросам і дзьве навігацыі качагарам. Дзьве зімы ў 1905 і 1906 г. працаваў у якасьці качагара на суднабудаўнічай вэрфі “Дэлясэ” ў м. Пінску.
    У 1907 годзе я пераехаў на Волгу з прычыны часавага прыпыненьня працы вэрфі пасьля страйку і немагчымасьці ўладкавацца на параходах. На Волзе плаваў у якасьці матроса (зьмяніў прафэсію з прычыны хваробы), плаваў да пакліканьня на вайсковую службу да 1909 г. У студзені 1912 года быў вызвалены ад вайсковай службы па хваробе як няправільна пакліканы і быў перавезены ў ратнікі 2-го разраду. Вызваліўшыся ад ваеннай службы паступіў у берагавыя наглядчыкі Кацярынаслаўскай суднаходнай дыстанцыі. На зіму застаўся беспрацоўным. Увесну 1913 года паступіў на параплаў “Днепр” у якасьці боцмана, праплаваўшы на “Дняпры” да 1915 году. У 1915 годзе перайшоў на пасаду Прыстанскага старшыны і працаваў па вугальных перавозках у м. Кацярынаславе. У лістападзе гэтага ж году, нягледзячы на тое, што па пасадзе вызваляўся ад вайсковай службы, усё ж інспэктарам Суднаходзтва быў адпраўлены да Ваеннага начальніка як ратнік 2-га разраду і залічаны ў запасны полк з якога за непадпарадкаваньне Начальству быў высланы на фронт.
    У дні Лютаўскай рэвалюцыі я знаходзіўся ў войску і быў абраны ў Палкавы камітэт, затым у дывізіён, апошнім быў адкамандзіраваны ў Петраград. З Петраграду я быў накіраваны з камісіяй па забесьпячэньні фронту і спажывальных губэрняў у м. Сімфэропаль для арганізацыі забесьпячэньня войска. У Сімфэропалі быў залічаны ў 33-й запасны полк у 16 роту, апошняя абрала мяне ў Раду працоўных і сялянскіх дэпутатаў. Рада адправіла мяне па просьбе вышэйпаказанай камісіі ў яе распараджэньне. Камісія накіравала для працы ў Перакопскі павет, дзе да 1-го ліпеня працаваў па арганізацыі валасных харчовых упраў.
    Старшынёй гэтай камісіі меншавіком Чэрагодцавым я быў ад гэтай працы адхілены, як не адпаведны свайму прызначэньню. У жніўні месяцы быў адкамандзіраваны Радай памагатым камісара ва уч. Сімфэропальскай гарадзкой міліцыі.
    У верасьні арганізаваў Зьвяз міліцыянэраў і быў абраны старшынёй яго. На гэтай пасадзе і засьпела мяне Кастрычніцкая рэвалюцыя. У студзені 1918 года я прымаў самы актыўны ўдзел у захопе ўлады Саветамі, камандуючы групай міліцыянэраў. Затым Рэвалюцыйным камітэтам я быў прызначаны начальнікам баявой дружыны м. Сімфэропаля, а ў момант выбараў кам. складу міліцыі быў абраны старшым памагатым камісара і на гэтым скончыў сваю працы ў м. Сімфэропалі.
    10 сакавіка 1918 гада па дэмабілізацыі быў вызвалены і пераехаў у Кацярынаслаў да сваёй сям’і. У Кацярынаславе мне, які вярнуўся з фронту, было прадстаўлена маё ранейшае месца службы ў Водным транспарце, дзе і прыйшлося прымаць самы актыўны ўдзел па эвакуацыі Крамянчуга ад надыходзячых нямецкіх войскаў.
    Пры прыходзе немцаў я заставаўся на службе ў Водным транспарце. У чэрвені месяцы 1918 году я афіцыйна ўступіў у партыю камуністаў Кацярынаслаўскай арганізацыі, якая была тады ў падпольлі. Па ўступе ў партыю ва ўсе наступныя часы займаўся чытаньнем марксісткай літаратуры, чым значна папоўніў свае палітычныя веды.
    У першыя часы мая праца ў партыі складалася ў распаўсюджваньні літаратуры сярод нямецкіх і аўстрыйскіх войскаў, разьмешчаных на прыстанях і ў жніўні месяцы быў арыштаваны на прыстані Кацярынаслаў” ды адпраўлены ў адміністрацыйным парадку ў турму.
    У турме праседзеў усяго 24 дні і быў вызвалены. Пасьля вызваленьня з турмы ў канцы верасьня прыступіў да арганізацыі разбуранага рэвалюцыйнага зьвяза Воднікаў у Кацярынаславе і быў абраны яго старшынёй.
    У 20-х чыслах студзеня 1919 году, падчас наступу Чырвонай Арміі на Кацярынаслаў, я з лёцманам сустрэўшы ІІ Савецкі полк у прыстанях ніжэй Кацярынаславу, ператапляў яго праз парогі, камандуючы І-й ротай пры ўзяцьці Кацярынаслава.
    У лютым, як воднік, быў вызвалены з Войска і стаў працягваць працу ў Зьвязе Воднікаў па стварэньні органаў кіраваньня і падрыхтоўкі да нацыяналізацыі флёту, уваходзячы ў склад Калегіі Рупводу, дзе і прапрацаваў да 15 красавіка 1919 году.
    15 красавіка выехаў на Ўсеўкраінскую канфэрэнцыі воднікаў у Кіеў. На гэтай Канфэрэнцыі быў абраны чальцом Абласнога бюро і ў якасьці тав. Старшыні гэтага органа ведаў аддзелам арганізацыі Транспарту і нацыяналізацыі яго, прапрацаваўшы да дня эвакуацыі места Кіева г.зн. да 1-го верасьня 1919 году. У дні эвакуацыі быў упаўнаважаным па эвакуацыі флёту і суправаджэньня яго ў Гомель.
    У Гомелі 5 верасьня быў абраны старшынёй раённага камітэта Воднікаў. У лістападзе месяцы Цэнтральны камітэт воднікаў (Цэквод) стварыў камісію для аднаўленьню Зьвязу і кіраваньня Водным Транспартам ва Ўкраіне, у якую быў уведзены і я, дзе ведаў арганізацыйным аддзелам гэтай камісіі.
    У студзені 1920 году я вярнуўся ў Кіеў, дзе вёў падрыхтоўчую працу да Канфэрэнцыі. У лютым месяцы была праведзена Раённая Канфэрэнцыя Воднікаў на якой я быў абраны Старшынёй Райкамвода, і знаходзячыся ў гэтай пасадзе я кіраваў Зьвязам адзін год, г.зн. да лютага 1921 году. У наступных чыслах красавіка 1920 году, падчас наступу палякаў Зьвяз і Кіраваньне эвакуіравалі ў м. Кацярынаслаў.
    У Кацярынаславе прабыў да 12 чэрвеня. 15 чэрвеня першым параплавам прыбыў у Кіеў і прыступіў да аднаўленьня як Зьвязу, так і Кіраваньня. 28 чэрвеня пры аднаўленьні працы пасьля палякаў Губпрафсаветам быў абраны чальцом Прэзыдыюму яго, і працуючы ў якасьці Таварыша Старшыні ведаў тарыфным аддзелам. 1 кастрычніка губэрнскім Зьездам Прафсаюзаў ізноў быў абраны ў Прэзыдыюм і, застаючыся на той жа пасады, працаваў да траўня месяца 1921 году. Апроч працы Старшрайкамвода, чальца Прэзыдыюма Губпрафсавета, працаваў у Падольскім Райпарткамітэце, чальцом якога зьяўляюся з лістапада месяца 1920 года па красавік месяц 1921 года.
    З 1-го траўня па 7 жніўня быў у камандзіроўках у Маскве, і Кацярынаславе, праводзіў у апошнім Канфэрэнцыю Воднікаў. 7 жніўня выехаў у Харкаў у распараджэньне ЦК КП(б)У, па прадпісаньні Кіеўскага Губкаму, у парадку плянавага перакідваньня.
    У жніўні па патрабаваньні фракцыі Кіеўскага Райкамвода і Паўдбюро Цэнтрана быў прызначаны Камісарам Воднага Аддзела Паўднёвай Акругі Шляхоў Зносін, які тады арганізаваўся пад час Ўсеўкраінскай Канфэрэнцыі Транспартных Працоўных. 25 жніўня 1921 года быў абраны чальцом Паўдбюро Цэнтрана і знаходзіўся ў Прэзыдыюме яго застаючыся Камісарам Воднага Аддзела да ліпеня месяца 1922 году, калі быў пераведзены ў м. Харкаў і прызначаны на пасаду Ўпаўнаважанага Наркама Шляху Н. Дняпроўска-Бугскага Басэйна.
    У 1923 годзе быў чальцом Хэрсонскага Укама і Чальцом Бюро ячэйкі, дзе знаходжуся і ў наш час. У сакавіку месяцы 1923 году пастановай СПА быў прызначаны Старшынёй Кіраваньня Н. Дняпроўскага Дзяржпараходзтва, адначасова застаючыся на пасадзе Ўпаўнаважанага Наркамшляху.
    1923 г. лістапада 15 дня.
    м. Хэрсон.  /Подпіс/
                                                                Характарыстыка
    Тав. Вайцэховіч С. К. - Упаўнаркамшляху, работнік губэрнскага маштабу (гр. XVI - в). За час знаходжаньня на гэтай пасадзе выявіў ініцыятарскія здольнасьці кіраўніка адміністратара. Праводзіў пры гэтым працу ў поўным кантакце з Акркамам. У далейшым мэтазгодней пакінуць на працы паводле прымацаваньня да групы і маштабу.
    Палітычна разьвіты сярэдне (група 2). У стане арыентавацца ў палітычным становішчы - кіруючыся маркс. мэтадамі. Самастойна працуе на бягучыя палітычныя тэмы і на пытаньні аўтагаспадаркі. Прапагандыст.
    Устойлівы, палітычна вытрыманы; адхіленьняў ад партыйнай лініі не выяўляў, у працы настойлівы, энэргічны. Стаўленьне да т. т. па партыі, па працы і падпарадкаваным добрае, схільнасьцяў да звады не мае.
    Сакр. акрпарткама /подпіс/ Лейбензон/
                                                                       * * *
    13 лістапада 1926 г. накіраваны ў распараджэньне Гаррайкама Бурат-Монг. АССР для працы старшынёй кіраваньня Селенгінскага Дзяржпароходзтва..
                                                                        * * *
                                                           У Якуцкі УКП(б)
    Арг распрэд ЦК УКП(б) накіроўвае ў Ваша распараджэньне т. Вайцэховіча дзеля працы па лініі НКШЗ.
    4 ХІІ 1928 г. Пам. Заг. Адд. ЦК УКП(б) /подпіс/ Н. Федарук.
                                                                         * * *
                                                                        Выпіс
                     з пратаколу № 25 паседжаньні Бюро Якуцкага Абкама УКП(б)
                     ад 23/І 1929 г.                                                                  г. Якуцк.
                                                                  Пастанавілі:
    пагадзіцца з прызначэньнем т. Вайцэховіч старшынёй ЦУНТ і НКШЗ пры СНК ЯАССР
    Кіраўнік справамі /подпіс/ Ф. Жыркоў
                                                                          * * *
    Вайцэховіч Сямён Карпавіч (1889? - 1938?). ЛРП. З 1929 (з Ніжне-Дняпроўскага п-а). Нач. параходзтва “Лендзяржпар” (23. 07. 29 - 1930).
                                                                         * * *
                                                              (Паводле А. Паўлава)
    “Як успамінаў старэйшы ленскі рачнік Навум Самуілавіч Гаравацкі: “Прыехалі мы (з Карпавым В. А.) у Кірэнск і даведаліся, што старшынёй кіраваньня параходзтва прызначаны Вайцэховіч С. К., які працаваў у Якуцку начальнікам будаўніцтва дарог, а да гэтага - начальнікам параходзтва на Дняпры, і яго добра ведаў наркам НКШЗ. Наркам сьпісаўся з Карпавым, і замест мяне прызначылі Вайцэховіча, якога Карпаў застаўся чакаць у Кірэнску з Якуцка. У ліпені 1929 года прыбыў Вайцэховіч, увесь дзень праседзеў з Карпавым і пасьля перамоў ён з камісіяй выехаў у Маскву. Відавочна, Карпаў з Вайцэховічам дамовіліся перавесьці з Якуцка Кіраваньне параходзтва ў Кірэнск, пад юрысдыкцыю Іркуцкай вобласьці, чым пазбавіць Якуцкі ўрад магчымасьці кантраляваць працу параходзтва, што было ў інтарэсах іркуцкай золатапрамысловасьці. 23 ліпеня 1929 году па акце прыняў ад мяне кіраваньне параходзтва Вайцэховіч Сямён Карпавіч, на падставе тэлеграмы ЦК Палуяна № 0/6186 ад 28 чэрвеня пра яго прызначэньне Старшынёй часавага кіраваньня Ленскага параходзтва. Вайцэховіч С. К. тут жа выдаў загад - галоўнае кіраваньне Ленскага параходзтва знаходзіцца ў г. Кірэнску. 26 ліпеня 1929 г. загадам № 19 мяне прызначаюць на пасаду інспэктара Кіраваньня Лендзяржпара, з аднясеньнем часавага выкананьня абавязкаў чальца кіраваньня, загадчыка эксплюатацыйным і тэхнічным аддзеламі, з захаваньнем акладу, які атрымоўваю. Аформіўшы ўсё загадам, Вайцэховіч прапанаваў мне кіраваць працай параходзтва, а сам пачаў займацца з Чырвонаармейскім затонам і гаспадаркай параходзтва ў месьце Кірэнску. Уся перапіска з лініі паступала да мяне, і ў адной з тэлеграм з Якуцка ад сакратара абкама Баранава Вайцэховічу было сказана пра неабходнасьць выканаць абяцанае. Атрымаўшы гэту тэлеграму, Вайцэховіч даў распараджэньне ўсё сабраць і выяжджаць мне ў Якуцк з усёй канторай, дзе будзе хутка ізноў адноўлена кіраваньне параходзтва, і разам з намі выехаў у Якуцк. Праз паўмесяца, у жніўні 1929 году, з Масквы прыехаў з жонкай Спазіта, які быў прызначаны Вайцэховічам начальнікам эксплюатацыі, а былога начальніка эксплюататар цыі Мана М. М. звольнілі. Ман перайшоў у Дзяржплян пры СНК ЯАССР. У канцы жніўня Вайцэховіч быў прызначаны Масквой у камісію па прыёмцы флёту ад Канцэсіі, якая ліквідавалася. Пакінуўшы замест сябе Спазіта, Вайцэховіч вылецеў у м. Кірэнск. Пасьля ад’езду Вайцэховіча Спазіта папрасіў мяне, каб я яго пазнаёміў з Якуцкім Урадам. Пайшлі мы з ім да Старшыні СНК Вінакурава Івана Мікалаевіча, які нас ласкава прыняў і, зьвяртаючыся да Спазіта, сказаў: “Добра, што Вы прыехалі з Дняпра, нашы работнікі павучацца ў Вас”. А Спазіта яму адказвае: “Хоць бы мне працаваць так, як працуе Навум Самойлавіч”, паказваючы на мяне. Вінакураў Іван Мікалаевіч яму адказаў жартам, што калі Вы прыехалі да нас вучыцца, то, мабыць, не варта было б прыяжджаць. Спазіта аказаўся культурным чалавекам і, відавочна, дасьведчаным. Праўда, я з ім прапрацаваў усяго адзін месяц, бо было рашэньне СНК ЯАССР тэрмінова мне выехаць у Маскву, у Арбітраж, судзіцца з НКШЗ па перадачы параходзтва і няправільнаму разьліку Камісіі ў асобе Карпава В. А. 29 верасьня 1929 году я з Якуцка вылецеў у Маскву самалётам да Іркуцка, а далей цягніком. Вылецеў я са знаёмым пілётам Сьляпнёвым Маўрыкіем. У Кірэнску на прыстані мяне сустрэў Вайцэховіч і перадаў ліст для наркама НКШЗ Палуяна Зьміцера Міхайлавіча”.
                                                                                 * * *
        Паводле Энцыкляпэдыі рачнога транспарту Сямён Вайцэховіч: “З 1926 па 1928 кіраваў Селенгінскім п-вам у Верхне-Вудзінску, з 1928 па 1930 - Ленскім рач. п-вам у Якуцку. З канца 1930 пры арг-цыі Усход.-Сыбірскага краю накіраваны на саў. працу ў якасьці заг. крайкамгазам у Іркуцку. З 1932 па 1934 - нач. порта Ігарка, з 1934 па чэрвень 1935 - нам. нач. Уральскага п-ва ў м. Уральск. З ліпеня 1935 - нач. Водбуду ў м. Саратаў. У 1936 асуджаны па справе аб злоўжываньні ва Ўральскім п-ве, але практычна адразу амніставаны. Пра далейшы лёс нічога невядома”.У 1930 годзе Вайцэховіч перайшоў працаваць у Іркуцкі крайкамгас.
    Літаратура:
    Личное дело тов. Войцехович Семен Карпович. Действительный член КП(б)У. // НАРС(Я) [Партийный архив Якутского ОК КПСС] Ф 3. Оп. 4. Д. 159.
    Войцехович Семен Карпович. // Павлов А. Ленские Речники. Якутск. 2008. С. 28.
    Войцехович Семен Карпович. // Энциклопедия речного транспорта. Т. 1. Москва. 2011.
    Павлов А.  В новой Энциклопедии речного транспорта есть и наши имена. // Ленский водник. Якутск. 1 октября 2011. С. 4.
    Войцэх Кіранга,
    Койданава.