среда, 1 октября 2014 г.

Базыль Дрыскін. Дзейная Генрыета. Койданава. "Кальвіна". 2014.




                                                              ДЗЕЙНАЯ  ГЕНРЫЕТА


    Генрыета Мікалаеўна Дабрускінa [Добрускина], у замустве Міхайлава – нарадзілася 5 (17) студзеня 1862 г. ва вуездным месьце Рагачоў Магілёўскай губэрні Расейскай імпэрыі, у габрэйскай мяшчанскай сям’і настаўніка.
    Як успамінала Генрыета: “Сям’я наша жыла ў нястачы: бацька перабіваўся ўрокамі. Ён быў рамантык і летуценьнік, далёкі ад жыцьця, свабодалюбны і патрыёт, які марыў пра стары Іерусалім ды мроіў ім. Пісаў вершы на старажытнагабрэйскай мове, жыў адзін час у Парыжы, дзе заходзіў да Віктара Гюго, якога абагаўляў, і памёр у Палестыне. Маці, больш практычная, чым бацька, несла ўвесь цяжар паўсядзённага жыцьця. Яна любіла чытаць, і дом наш быў найболей інтэлігентны ў мястэчку. Вечарамі ладаваліся чытаньні. Чыталі Гётэ, Гейнэ, Бёрнса. Нас было 5 чалавек дзяцей. Вучыліся мы спачатку дома. Адзін час жыл у нас і займаўся з намі Младзецкі, які пасьля замахнуўся на Лорыса-Мелікава і быў пакараны. Была яшчэ малая і значных успамінаў пра яго не захавала, акрамя таго што ён быў выбітным пэдагогам. Вучыліся мы ў пансіёне “для высакародных дзяўчатаў”. Неяк аднаго вечару прыйшла да нас знаёмая акушэрка, Кайранская, і прывяла свайго брата, які прыехаў да яе пагасьцяваць. Увесь вечар (гэта было ў 1875 г.) ён распавядаў пра вялікі парыў хаджэньня ў народ, які ахапіў лепшую частку нашай інтэлігенцыі. Стаіўшыся ў куце, мы, дзеці, слухалі гэтыя аповяды. Са мною разам вучылася мая сяброўка, Дэбора Позьнер, прыцягнутая пасьля па Лапацінскай справе ды высланая адміністрацыйна ў Архангельскую губэрню, дзе яна памерла. І разам з ёю мы сталі марыць пра тое, каб вучыцца, ісьці ў народ і сваімі ведамі служыць яму. У 1876 г. паступіла ў Магілёўскую Марыінскую гімназію. Гімназічная навука глыбока ўразіла мяне. Наш маленькі пансіён быў ідэалам у параўнаньні са зьмярцьвелай гімназіяй. Мы зубрылі тэорыю славеснасьці без сэнсу, у 5-м клясе рашалі задачы па арытмэтыцы. Гэтая школа магла адбіць ахвоту да вучэньня нават у сьвятога. У 6-м клясе зьявіўся ў нас новы настаўнік славеснасьці, які скасаваў “ъ” і пачаў разьбіраць літаратурныя творы як адлюстраваньні духоўных імкненьняў расейскага грамадзтва. Усё вучэньне набыло новы сэнс. Настаўнік гісторыі спыняўся доўга на гісторыі французскай рэвалюцыі і яе ўплыве на жыцьцё іншых эўрапейскіх народаў. Абодва гэтыя настаўнікі пхалі нас на разважаньні, і да несьвядомага імкненьня, да парыву далучалася сьвядомае стаўленьне. У Магілёве жыў стары рэвалюцыянэр Язерскі. Казалі, што ён сядзеў у Петрапаўлаўскай крэпасьці, такой таямнічай і страшнай, і мне вельмі жадалася пазнаёміцца з ім. У 1879 г., перад заканчэньнем гімназіі, адправілася да яго. Найблізкае знаёмства мяне некалькі расчаравала: ні пра якія рэвалюцыі не было і гаворкі. Далейшаму зьбліжэньню перашкодзіла дабратворнае начальства: Язерскі быў сасланы ў Архангельскую губэрню. Выслана было даволі шмат народа. Па заканчэньні гімназіі зьехала дахаты. Нашы матэрыяльныя справы былі ў самым хаатычным і безнадзейным стане, і ні пра якую паездку вучыцца далей думаць не магла. Ужо з 6-го клясу давала ўрокі і вучылася сама. Па заканчэньні гімназіі мне прапанавалі месца гувэрнанткі ў Прапойску, мястэчку Магілёўскай губэрні. Прыняла гэту прапанову. Усё мястэчка было населена прадпрымальнікамі і працоўнымі, якія займаліся сплавам лесу ў Кацярынаслаў. Час мінаньня плытоў праз парогі было страшнае для прадпрымальнікаў: яно абяцала багацьце ці спусташэньне. У спакойны час ішла бесьперапынная картачная гульня, выпіўка і пахабныя, двухсэнсоўныя гутаркі. Трэба была вялікі высілак волі, каб не апусьціцца. Прыйшла хвароба  Прыйшла хвароба - запаленьне лёгкіх. Яна была маёй збавіцелькай. З вяртаньнем здароўя адправілася ў Магілёў. Настаўнік славеснасьці даў мне 30 руб., і на гэтыя грошы я зьехала ў Пецярбург. Прыехала з 12 руб., з велічэзным запасам энэргіі, смагі ведаў і дзейнасьці”.
    У 1880 г. у Санкт-Пецярбурзе паступіла на прыродазнаўчае аддзяленьне Вышэйшых жаночых Бястужаўскіх курсаў, дзе зблізілася з сябрамі рэвалюцыйнага гуртка самаразьвіцьця, які займаўся спачатку вывучэньнем сэктанцтва пад кіраўніцтвам Я. Абрамова, потым палітычнай эканоміі. У 1881 г. пазнаёмілася з чорнаперадзельцам А. Блекам, распаўсюджвала і захоўвала рэвалюцыйную літаратуру, удзельнічала ў працы рэвалюцыйнага “Чырвонага Крыжа”. У 1882 г. увайшла ў партыю “Народная Воля” (мянушка “Анна Михайловна”), працавала па арганізацыі і кіраўніцтву кружкамі моладзі, была блізкая з кружком уральцаў, у які ўваходзілі і афіцэры-ўральцы. Са сваёй аднакурсьніцай Сафіяй Сладковай уладкавала на Пецярбурскай старане кансьпірацыйную кватэру для нарадавольцаў, дзе між іншым вяліся перамовы пра саюз “Народнай Волі” з “Пралетарыятам”. Вясною 1883 г. адвозіла ў Беласток літаратуру для працоўных, адтуль праехала ў Варшаву, дзе па даручэньні “пралетарчыкаў” зьвязала Беластоцкую рабочую арганізацыю з Варшавай. Вярнуўшыся ўвосень 1883 г. у Пецярбург, дзе неўзабаве далучылася да “Маладой Народнай Волі”. Удзельнічала ў арганізацыі друкарні, езьдзіла ў Новачаркаск за шрыфтам і ў Ейск да за грашыма на партыйныя патрэбы. У яе кватэры выпраўлялі прывезеныя з Луганску бомбы, якія захоўваліся на яе кватэры.
    16 кастрычніка 1884 г. была арыштаваная на вуліцы ў Растове-на-Доне і пасьля двухтыднёвага зьняволеньня перавезена ў Пецярбург. У чаканьні суду каля 3 гадоў правяла ў Петрапаўлаўскай крэпасьці. У 1887 паводле працэсу Г. А. Лапаціна (працэс 21-го) асуджана да сьмяротнага пакараньня, якое было заменена 8 гадамі катаргі.
    Адпраўленая з Пецярбурга ў Сыбір 22 ліпеня 1887 г. У пачатку сакавіка 1888 г. прыбыла ў Іркуцк, у верасьні дастаўленая на Кару. Неўзабаве разам з іншымі жанчынамі была пераведзеная ў “Новую Турму” – “Атрад” у 4 вёрстах ад Ніжняй Кары. Са студзеня 1889 г. пералічаная ў разрад тых, хто выпраўляецца. Пры ліквідацыі палітычнай турмы на Карэ ў верасьні 1890 г. выпушчана ў вольную каманду. У верасьні 1891 г., прыняўшы праваслаўе з імем Яўгеніі Мікалаеўны, выйшла замуж за катаржніка Адрыяна Хведаравіча Міхайлава.
    Міхайлаў Адрыян Фёдаравіч нар. 5 (17) жніўня 1853 г. у станіцы Палтаўская Кубанскай вобласьці Расейскай імпэрыі, у сям’і тытулярнага саветніка. У 1873 г., пасьля заканчэньня Стаўрапольскай гімназіі, паступіў на мэдыцынскі факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэта, адкуль быў выключаны пасьля 3 курсу. Чалец “Землі і волі”. У 1878 удзельнічаў у спробе вызваленьня рэвалюцыянэраў, асуджаных па “працэсе 193-x”; у забойстве шэфа жандараў М. Мезенцава. Арыштаваны ў кастрычніку 1878 г. у Пецярбургу. У 1880 г. прысуджаны да сьмяротнага пакараньня. Раскаяньнем дамогся замены яе 20 гадамі катаргі.
    Як успамінала Генрыета: “У 1895 г. мы выйшлі на селішча. Жылі мы на капальнях на Віціме [Віцімская залатаносная сыстэма складае частку Алёкмінскай горнай акругі. Межы, у якіх разьмешчаная гэтая сыстэма, складаюць: па поўначы - р. Лена, па ўсходзе – адгор’і Муйскага, паміж рэкамі Віцім і Алёкма, водападзельнага хрыбта, па поўдні – Станавы, або Ябланавы, хрыбет, па захаду і паўднёваму захаду - р. Віцім], а затым Расейскім Золатапрамысловым таварыстве, недалёка ад Чыты. Там уладкоўвалі бясплатную школу для дзяцей працоўных, у якой адна займалася. Мела 18 навучэнцаў. У 1900 г. зьехала ў Чыту, куды мужа не пусьцілі, як асоба небясьпечны элемэнт. Праз год і ён пераехаў у Чыту. Калі паўстала с.-р.-скі рух, які выклікала маю спагаду, як амаль усіх старых. У Чыце займалася ўрокамі, мела масу вучняў і займалася чырвонакрыжоўскай працай, а ў 1905 г. утварыўся мясцовы Камітэт, у які ўвайшла разам са шматлікімі з нашых старых і з моладзі, якая вырасла на нашых вачах.”
    У Чыце ў 1904 г. Адрыян служыў у канторы Забайкальскай чыгункі, а затым у Забайкальскай казённай палаце. У 1905 г. супрацоўнічаў з чыцінскімі газэтамі, быў негалосным рэдактарам газэты “Забайкалье”, у студзені 1906 г. быў арыштаваны ў карнай экспэдыцыяю генэрала Рэненкампфа і ён у траўні 1906 г. Іркуцкай судовай палатаю быў прысуджаны да гадавога турэмнага зьняволеньня, а пасьля выхаду у 1907 г. з турмы, рэдагаваў сялянскую газэту “Земля”, зачыненую на дзесятым нумары.
    У 1907 г. выехалі ў Эўрапейскую Расею і пасялілася ў Адэсе. Генрыета ўвайшла ў мясцовы камітэт партыі с.-р. Вяла працу на працягу дзесяці гадоў сярод жанчын-працаўніц і ў палітычным Чырвоным Крыжы. Пасьля перавароту 1917 г. абрана старшынёй камітэта дапамогі палітычным амніставаным. Пазьней жыла ў Краснадары, супрацоўнічала ў мясцовых часопісах па пытаньнях гісторыі расейскага рэвалюцыйнага руху. У 1923 г. уступіла ў Таварыства паліткатаржнікаў. Ад 1923 г. пэрсанальная пэнсіянэрка. У 1924 пераехала ў Растоў-на-Доне. Была адказным сакратаром, затым нам. старасты краявога аддзяленьня Таварыства паліткатаржнікаў. Адрыян працаваў у каапэратыўных арганізацыях і памёр 8 ліпеня 1929 г. у Растове-на-Доне.
    Ад 1931 г. Генрыета жыла ў Маскве, дзе і памерла ў 1945 годзе. Пахаваная на Нова-Дзявочых могілках.
    Ейны сын Іван Адрыянавіч Міхайлаў нар. у 1891 г. у п. Вусьць-Кара Нерчынскай акругі Забайкальская вобласьці.
    Вучыўся ў гімназіі ў Чыце. Скончыў 1-ю Санкт-Пецярбурскую гімназію, юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту ў 1913 г. У 1914 быў арыштаваны па палітычным абвінавачваньні, але справа неўзабаве было спынена. Падчас Першай усясьветнай вайны кіраваў Петраградзкім аддзяленьнем эканамічнага аддзела Ўсерасейскага земскага зьвязу. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. працаваў у міністэрствах земляробства, харчу, фінансаў Часавага ўрада. Займаў пост кіраўніка справамі Эканамічнай рады пры Часавым урадзе. У гэты пэрыяд склаў працу “Исчисление народного дохода России в 1900 и 1913 гг.”. Меў мянушку “Серы кардынал” Расейскага ўраду. Са сьнежня 1917 г. таварыш старшыні Петраградзкага зьвязу сыбіракоў-абласьнікоў. Напачатку 1918 пераехаў у Омск, дзе ўзначаліў фінансавы аддзел “Цэнтрасыбіры”. У студзені 1918 г. на таемным паседжаньні Сыбірскай абласной думы ў Томску быў завочна абраны міністрам фінансаў Часавага Сыбірскага ўрада. Пасьля зьвяржэньня ўлады бальшавікоў у Сыбіры з 30 чэрвеня 1918 г прыступіў да выкананьня абавязкаў міністра. Увосень 1918 быў абраны прафесарам Омскага політэхнічнага інстытута па катэдры каапэрацыі і фінансавай палітыкі. Адначасова, з 6 траўня 1919 г. часова кіраўнік міністэрствам гандлю і прамысловасьці. Уваходзіў у склад Рады Вярхоўнага Кіраўніка. 16 жніўня 1919 г.звольнены ў адстаўку з усіх пастоў ва ўрадзе. Са жніўня 1919 г. чалец Дзяржаўнай эканамічнай нарады, з 12 верасьня 1919 г. чалец рады Міністэрства фінансаў. Эміграваў у Кітай, жыў у Харбіне, дзе ўвосень 1920 арганізаваў кружок для вывучэньня эканомікі краін Далёкага Ўсходу. Неўзабаве на аснове кружка было створана эканамічнае бюро пры Кітайска-Ўсходняй чыгунцы (КВЖД), якое асноўны акцэнт у сваёй дзейнасьці вяло на практычных дасьледаваньнях гаспадаркі
Паўночнай Маньчжурыі. У лістападзе 1921 г. па кастрычнік 1924 г начальнік камэрцыйнай часткі, загадчык эканамічным бюро (КВЖД). У 1930-я гады - першай палове 1940-х гадоў цесна супрацоўнічаў з японскай ваеннай місіяй. Рэдагаваў прояпонскую, антикитайскую і антысавецкую газэту на рускай мове “Харбинское время”. У 1945 г., пасля ўступа савецкіх войскаў на тэрыторыю Маньчжурыі, арыштаваны СМЕРШ ды адданы суду ў Маскве разам з атаманам Г. Сямёнавым, К. Родзаевскім і інш. 30 жніўня 1946 г. прысуджаны да вышэйшай меры пакараньня і расстраляны.
    Літаратура:
    Карніловіч Э.  Дабрускіна Генрыета Мікалаеўна. // Энцыклапедыя Гісторыі Беларусі ў 6 тамах. Т. 3. Мінск. 1996. С. 186.
    Базыль Дрыскін,
    Койданава