четверг, 18 сентября 2014 г.

Майка Радасная. Вэтэрынар Галкін. Койданава. "Кальвіна". 2014.



                                                             ВЭТЭРЫНАР  ГАЛКІН

    Ісак [Уладзімер] Фішэлевіч [Піліпавіч] Галкін [Горын] – нарадзіўся 10 (22) студзеня 1861 г. у губэрнскім горадзе Магілёў Расійскай імпэрыі [У 1863 г. у м. Чавусы Магілёўскай губэрні /Казарян П. Л.  Верхоянская политическая ссылка 1861-1903 гг. Якутск. 1989. С. 130./]. Паходзіў з сям’і юрыста.
    Вучыўся ў Сімфэропальскай гімназіі, дзе ў 6 клясе сышоўся з рэвалюцыянэрамі і за-за перасьледу гімназічнага начальства быў вымушаны звольніцца з 7 клясу.
    У 1882 г. за удзел у студэнцкіх хваляваньнях выключаны з 2-га курсу Харкаўскага вэтэрынарнага інстытуту. Узноўлены ў 1883 годзе і ізноў адлічаны ў 1885 г. Стварыў нарадавольскія гурткі ў Сімфэропалі ды Адэсе. У 1887 г. арыштаваны па справе “Паўднёвай нарадавольскай арганізацыі” і па загаду ад 14 ліпеня 1889 г. сасланы на 8 гадоў ва Ўсходнюю Сыбір.
    8 чэрвеня 1891 г. дастаўлены ў абласное места Якуцк, 6 студзеня 1892 г. у акруговае места Верхаянск Якуцкай вобласьці, куды прыбыў у студзені 1892 г.
    Па заканчэньні тэрміну публічнага нагляду паліцыі 14 чэрвеня 1897 г. выехаў у Якуцк, дзе атрымаў рашэньне Асобай нарады МУС аб падоўжаньні тэрміну ссылкі на 2 гады за адмову ад прысягі цару Мікалаю ІІ.
    Быў уладамі пакінуты ў Якуцку, дзе і скончыў 14 ліпеня 1899 г. тэрмін ссылкі. 20 ліпеня 1900 г. Ісак Галкін выехаў у губэрнскае места Іркуцк.
    У 1895 г. Галкін далучыўся да сацыял-дэмакратаў. Выехаў у Іркуцк, дзе прымаў у 1901 г. актыўны ўдзел у стварэньні Сыбірскага сацыял-дэмакратычнага (камітэту) саюзу.
    У 1902 г. выехаў у Саратаў. Сябра Саратаўскага камітэта РСДРП (1902-1903), працаваў у сацыял-дэмакратычных арганізацыях Растова-на-Доне, Баку, Тыфлісу ды Кутаісі. Супрацоўнічаў у газэце “Искра”. Дэлегат ІІ зьезду РСДРП (1903), бальшавік. Падтрымліваў У. І. Ульянава (Леніна) і дапамагаў яму ў барацьбе з ліквідатарамі і адзавістамі.
    Пасьля зьезду застаўся за мяжой. Працаваў пад прозьвішчам Сіроцін. Под псэўданімам К. Грабоўскі ў 1910 г. выдаў кнігу “Долой Материализм! (Критика эмпириокритической критики)” [Долой материализм! Материалистическая теория познания и введение к критике эмпириокритической критики. Москва. 2011.].
    Пасьля лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. вярнуўся ў Расію і са жніўня 1917 г. у Петраградзкім камітэце РСДРП(б), удзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзеньні Кастрычніцкага ўзброенага паўстаньня. Кіраўнік аддзела друку НКУС РСФСР пры Наркамаце замежных спраў (1917), ад 1918 г. на камандных пасадах у РСЧА (намесьнік старшыні Вышэйшай ваеннай інспэкцыі), ад 1920 г. на навукова пэдагагічнай працы ў Камуністычным унівэрсытэце ў Маскве. Аўтар прац па марксісцкай філязофіі. Памёр 22 ліпеня 1925 г. у м. Масква.
    Эпітафія:
                                               В объятиях земли покойся, милый прах!
                                               Небесная душа, ликуй на небесах!
    Яго імем названая вуліца ў Сімфэропалі.
    Літаратура:
    Сыроватский А.  Галкин-Горин В. Ф. (Бойцы Ленинской гвардии в Якутии) // Молодежь Якутии. Якутск. 14 октября 1969.
    Казарян П.  Солдат революции. // Полярная звезда. Якутск. № 5. 1987.
    Казарян П. Л.  Верхоянская политическая ссылка 1861-1903 гг. Якутск. 1989. С. 13-15, 19, 22, 43, 54-55, 64, 76, 80, 109, 114, 130, 148, 152, 170.
    Савіцкі Э. М.  Горын-Галкін. // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. 2. Мінск. 1970. С. 573.
    Савіцкі Э. Горын-Галкін. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах. Т. 3. Мінск 1996. С. 95.
    Савіцкі Э. М.  Горын-Галкін. // Беларуская Энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 5. Мінск 1997. С. 369.
    Казарян П. Л.  Р. А. Протас в якутской ссылке (по дневниковым записям). // Якутский архив. Якутск. № 3 (7). 2002. С. 76.
    Майка РАДАСНАЯ,
    Койданава.