вторник, 16 сентября 2014 г.

Лёдзя Пракуратар. Юрысты Эдуард Дамбург. Койданава. "Кальвіна". 2014.



    Эдуард Янавіч (Іванавіч) Дамбург /Eduards Domburgs/ нарадзіўся 16 (18) кастрычніка 1896 г. ў Ініскай воласьці Ліфляндзкай губэрні Расейскай імпэрыі ў сялянскай сям’і. Скончыў валасную школу і два клясы прыхадзкой вучэльні.
    У 1916 годзе быў пакліканы на службу ў расейскае войска, удзельнік баявых дзеяньняў І-й Усясьветнай вайны у складзе 172-го пяхотнага і Латышскага стралковага палкоў. Лютаўскую рэвалюцыю 1917 г. сустрэў у Петраградзе, пад час знаходжаньня ў шпіталі.
    Пасьля дэмабілізацыі Дамбург вярнуўся на радзіму, уступіў у шэрагі РСДРП(б), удзельнічаў у працы валасной Рады парабкоўскіх і безьзямельных дэпутатаў, абіраўся сакратаром Тэрпейскага валаснога камітэта РСДРП(б).
    У канцы 1917 г. ён прымаў актыўны ўдзел у працы Ўселатвійскага зьезду Саветаў. Пасьля няўдалай спробы ўсталяваць у краі Савецкую ўладу чырвонагвардзейскія атрады, у шэрагах якіх знаходзіўся і Э. Дамбург, змушаны былі сысьці на тэрыторыю Савецкай Расеі. Апынуўшыся ўлетку 1918 г. ў Пермі, уступіў у шэрагі Чырвонай Арміі, а ўвосень быў накіраваны на курсы, пасьля якіх служыў у Арле.
    У 1920-1921 гадах Дамбург зьяўляўся намесьнікам начальніка Стаўрапольскай тэрытарыяльнай палкавой акругі па палітычнай частцы. Увосень 1921 года дэмабілізаваўся з войска.
    З 1921 гады на працы ў органах юстыцыі: загадчык Стаўрапольскім губэрнскім аддзелам юстыцыі, намесьнік старшыні Віцебскага губрэвтрыбунала РСФСР. Паводле загада ад 19 лютага 1924 г за № 15 па Віцебскім губэрнскім судзе Дамбург быў зацьверджаны на пасаду намесьніка старшыні губэрнскага суда. Яшчэ 16 студзеня 1919 г. Віцебская губэрня БССР адышла, па “прапанове працоўных” да РСФСР і была вернутая часткова БССР толькі 10 сакавіка 1924 г. Такім чынам Дамбург апынуўся ў БССР, дзе займаў пасты намесьніка старшыні Галоўсуда, пракурора і намесьніка Наркама юстыцыі]. Ад 4 жніўня 1924 г. па 6 красавіка 1925 г. выконваў абавязкі Наркама юстыцыі ды Пракурора БССР.
    У 1925-1926 гадах Э. Дамбург - старшыня Галоўсуда Якуцкай АССР, у 1927-1928 гадах - намесьнік пракурора Арлоўскай губэрні. У 1929 году скончыў Маскоўскія вышэйшыя юрыдычныя курсы і працаваў старшынёй Хабараўскага, а з утварэньнем з 1932 году Прыморскага краявога суда быў прызначаны першым яго старшынёй, а затым Прыморскага абласнога суда ва Ўладзівастоку.
    У 1934 г. Дамбург быў пераведзены ў Саратаў дзеля працы старшынёй спэцкалегіі і намесьнікам старшыні краявога суда. У сьнежні 1935 г. ён зацьверджаны старшынёй Чэлябінскага абласнога суда.
    Аднак у канцы 1937 гады па выніках праверкі працы аблсуда, у прыватнасьці працы спэцкалегіі Наркаматам юстыцыі, Дамбург быў зьняты з пасады за тое, што “даваў прамую ўсталёўку судам на зьніжэньне рэпрэсій контррэвалюцыйным элемэнтам”. Таму Пракуратурай РСФСР было ўзбуджана крымінальная справа па абвінавачваньні яго ў шкодніцтве ў ворганах юстыцыі.
    Рашэньнем бюро абкама ВКП(б) Э. Дамбург за скрыўленьне лініі партыі і савецкіх законаў, дапушчаную сувязь з ворагамі народа, засьмечваньне апарата аблсуда людзьмі, якія не выклікаюць палітычнага даверу, за распушчанасьць у справе аховы сакрэтных судовых дакумэнтаў быў выключаны з шэрагаў ВКП(б) і вызвалены ад пасады. Але Дамбург неўзабаве перайшоў на працу ў калегію адвакатаў.
    У ліпені 1938 г. Дамбург быў арыштаваны супрацоўнікамі УНКУС па Чэлябінскай вобласьці як “вораг народа” ды “удзельнік праватрацкісцкай арганізацыі”. У падрыхтаванай даведцы адзначалася, што ён па заданьні праватрацкісцкай арганізацыі “ў мэтах правакаваньня масавых палітычных нездаволенасьцяў супраць партыі і савецкага ўрада, працуючы старшынёй аблсуда, у практычнай працы праводзіў лінію масавага незаконнага асуджэньня калгасьнікаў і працоўных, адначасова з гэтым захоўваў ад рэпрэсій контррэвалюцыйныя праватрацкісцкія кадры - тэрарыстаў, дывэрсантаў і іншых”.

    Ужо на наступны дзень пасьля свайго арышту, 15 ліпеня 1938 года, Эдуард Дамбург накіраваў заяву ва УНУС, у якой паказаў што ён “прызнае сваё цяжкае злачынства перад партыяй, дзяржавай і абавязваецца чыстасардэчна даць свае паказаньні пра зьдзейсьненыя ім контррэвалюцыйныя злачынствы”.
    На допыце 12 верасьня 1938 г. Дамбург заявіў, што ў контррэвалюцыйную дзейнасьць яго завэрбаваў пракурор Чэлябінскай вобласьці Мікалай Сямёнавіч Уманскі, які ў 1918-1919 быў старшынёй калегіі абвінаваўцаў Невельскага вуезнага Рэвалюцыйнага Трыбунала Віцебскай губэрні а затым да 20 жніўня старшынёй Віцебскага губэрнскага трыбунала. Уманскі быў 15 кастрычніка 1937 г. арыштаваны па абвінавачваньні ў стварэньні антысавецкай арганізацыі, а 19 ліпеня 1938 г. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР быў прысуджаны да вышэйшай меры пакараньня - расстрэлу.
    Пасьля ўмяшаньня ў справу ваенных юрыстаў 23 кастрычніка 1940 г. Галоўны ваенны пракурор Чырвонай Арміі вынес заключэньне пра спыненьне крымінальнай справы і пра вызваленьне  Дамбурга з-пад варты. Аднак кіраўніцтва УНКУС па Чэлябінскай вобласьці запатрабавала перадаць справу на разгляд Асобай нарады пры НКУС СССР, але 11 чэрвеня 1941 г. ўсё ж Дамбург быў вызвалены са сьледчай турмы.
    У гады ІІ-й Усясьветнай вайны Дамбург загадваў юрыдычнай кансультацыяй, са сьнежня 1943 па сакавік 1944 года знаходзіўся ў Чырвонай Арміі, скуль быў дэмабілізаваны па хваробе і працягваў працу ў калегіі адвакатаў. У лютым 1945 г. загадам Наркама юстыцыі СССР Дамбург быў адкамандзіраваны на працу ў Латвійскую ССР.
    Літаратура:
    Вся Белоруссия. Справочная книга на 1925 год. Минск. 1925. С. 21.
    Абрамовский А. П., Кобзов В. С, Верига Е. А.  Челябинский областной суд. 70 лет. Исторический очерк. Челябинск. 2004. С. 48-75.
    Романавич В.  Второй прокурор Беларуси - Эдуард Иванович Домбург. // Законность и правопорядок. Минск. № 2. 2012. С. 69-72.
    Лёдзя Пракуратар,
    Койданава.