среда, 3 сентября 2014 г.

Кюньняй Нядойка. Урадавец Грабцэвіч. Койданава. "Кальвіна". 2014.



                             ВАСІЛЬ  ГРАБЦЭВІЧ  -  БЫЛАЯ  КЛЮЧАВАЯ  ФІГУРА
                                                             ВА  ЎРАДЗЕ  РС(Я)

    Васіль Барысавіч Грабцэвіч нарадзіўся 9 мая 1950 года ў вёсцы Недайка Буда-Кашалёўскага раёну Гомельскай вобласьці Беларускай ССР.
    Маці апавядала, - успамінае Васіль Барысавіч, - што, калі прыйшлі немцы ў нашу вёску Недайка то ўся сям’я схавалася ў падпамосьце. Нямецкі салдат увайшоў у хату, адкрыў накрыўку падпамосьця, штосьці крыкнуў па-нямецку. Усе вельмі напалохаліся, думалі, усё, але іх не кранулі. Канечне, у акупацыі было цяжка, жылі ўвесь час у страху. У беларускіх лясах актыўна дзейнічалі партызаны, па гэтаму немцы часта устройвалі зачысткі, аблавы. Дзякуй богу, большасьці маіх сваякоў удалося выжыць. Мой дзядзька Мікалай Лявончыкаў ваяваў у чыне капітана танкавых войскаў. Загінуў пад Курскам. Дзед Васіль Бугрымовіч ваяваў разам з Каўпаком. Быў ваенным лётчыкам, дастаўляў розныя грузы, вывозіў параненых. Другі дзед – Сямён Грабцэвіч – прайшоў шараговым усю вайну, былі ў яго раненьні, мае шмат узнагародаў. Дзядзька Коля Шэлянкоў у чыне сяржанта прайшоў усю вайну. Дзед Іван Бугрымовіч быў у партызанах, загінуў. Мая бабуля Ксенія і бацька Барыс Грабацэвічы былі пад час вайны ў партызанах – не ваявалі, канечне, так як былі зусім юнымі, але дапамагалі, чым маглі. Маці была ў акупацыі. Ваяваў і дзядзька Пеця Грабцэвіч. У Беларусі ўсе мужчыны ваявалі – або ў рэгулярнай арміі, або ў партызанскіх атрадах.
    З дзяцінства мне добра запомнілася, як мы з прадзедам Адамам Лявончыкавым езьдзілі ў лес па дровы. Спачатку секлі, а потым вазілі на цялежцы. Я ззаду штурхаў, амаль як у Някрасава. Вельмі любіў прадзеда, і ён адказваў мне тым жа: я быў ягоным улюбёным праўнукам... Мой самы першы сябра – Анатоль Зьвяртоўскі. Мы разам вучыліся. З ім можна і паразмаўляць, і памаўчаць. Ну і захапленьні на дваіх – рыбалка, баскетбол... Мой бацька зьехаў з Беларусі ў Томск і, калі я скончыў школу, запрасіў мяне туды, каб я паступіў ў Томску ў інстытут. Лічылася, што там паступіць лягчэй. Я нядрэнна вучыўся ў школе. Чаму выбраў будаўнічы інстытут? Я па жыцьці будаўнік – ў дзяцінстве будаваў “партызанскія” зямлянкі, будкі розныя. Пэўна, гэта і паўплывала на выбар прафэсіі... Жыцьцё ўдалечыні ад дому навучыла мяне перш за ўсё самастойнасьці. Я ўжо казаў аб тым, што маці адна нас выхоўвала. Па гэтаму мне прыходзілася падпрацоўваць. А пасьля заканчэньня трэцяга курсу я паехаў з будатрадам і зарабіў сабе на жыцьцё – на цэлы год. Потым на вясельле зарабіў – спэцыяльна езьдзіў на заробкі. Томск навучыў мяне спадзявацца толькі на сябе... у свой час быў чэмпіёнам Томска па клясычнай барацьбе”.
    У 1972 годзе Васіль Барысавіч заканчвае Томскі інжынэрна-будаўнічы інстытут па спэцыяльнасьці інжынэр-будаўнік, а ў наступным 1973 годзе пабраўся шлюбам з Людмілай Аляксандраўнай, якая таксама скончыла Томскі інжынэрна-будаўнічы інстытут. У Томску працаваў да 1976 г. - лінейным майстрам, прарабам, старшым прарабам.
    Па словах Васіля Барысавіча: “у Томску ж пачалося і маё самастойнае працоўнае жыцьцё. Адразу па заканчэньні інстытуту ажаніўся, паступіў на працу ў будупраўленьне № 13 “Томскжылбуд. Прапрацаваў там чатыры з паловай гады... Першым маім кіраўніком быў Жан Іванавіч Кабернік (БУ № 13), які навучыў мяне трымаць слова. Ён казаў: “Мяне не цікавіць, як ты зробіш, мяне цікавіць канчатковы рэзультат”. Яму зараз за семдзесят, але і па гэты дзень працуе ў тым жа БУ № 13, якое лічыцца адным з лепшых у Томску”
    У 1976 г. Васіль Грабцэвіч пераяжджае у “сталіцу алмазнага краю” г. Мірны ЯАССР і па 1998 год працуе ў аб’яднаньні “Якуталмаз”, дзе прайшоў шлях ад старшага інжынэра тэхнагляду ды старшага мэханіка аддзела капітальнага будаўніцтва (1981 г.) Працаваў у падраднай арганізацыі “Вілюйгрэсбуд” на пасадзе галоўнага інжынэру, намесьніка начальніка ўпраўленьня будаўніцтва, вык. абав. галоўнага інжынэра Ўпраўленьня “Мірныэнэргапрамбуд”, нам. начальніка па вытворчасьці. (1987)
    На працягу 3,5 гадоў з 1986 па 1990 гг. ён удзельнічаў у будаўніцтве аб’ектаў энэргетыкі ў Рэспубліцы Куба, у якасьці старшага інжынэру тэхнічнага садзейнічаньня на пабудове ЦЭС “Гавана”. Васіль Барысавіч успамінае: “Але самымі найцікавейшымі лічу ўсё такі гады, якія былі праведзены на Кубе. Я працаваў там на будоўлі, у вольны час была магчымасьць займацца спортам. З тых пор амаль прафэсійна гуляю ў валейбол. Тры разы ў тыдзень былі трэніроўкі, і адзін раз гульня на выезду. Аднойчы прымалі ўдзел у першынстве Гаваны, сярод 50-60 каманд занялі чацьвёртае месца”.
    З 1990 г. па 1998 г. Васіль Барысавіч Грабцэвіч намесьнік упраўляючага, галоўны інжынэр Мірнінскага будаўнічага трэста ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва АК “АЛРОСА”. У 1998 г. Васіль Грабцэвіч заканчвае Акадэмію народнай гаспадаркі пры Урадзе Расійскай Фэдэрацыі і атрымлівае званьне - мэнэджэр вышэйшай катэгорыі. З 1998 г. па студзень 2002 г. Васіль Барысавіч працаваў першым намесьнікам галавы адміністрацыі Мірнінскага ўлуса Рэспублікі Саха (Якуція).
    У красавіку 2002 года, калі быў сфарміраваны новы ўрад Рэспублікі Саха (Якуція), пасьля “перамогі” ў прэзыдэнцкіх выбарах РС(Я) прэзыдэнта Акцыянэрнай Кампаніі “Алмазы-Расеі-Саха” (АЛРОСА) В. А. Штырова (рускі, нарадзіўся ў 1953 г. у п. Хандыга Тампонскага раёну ЯАССР ад марскога афіцэра, які праяжджаў праз паселішча) над былым прэзыдэнтам РС(Я) М. Я. Нікалаевым (якут, “бацька нацыі”), Васіль Барысавіч Грабцэвіч зрабіўся намесьнікам Старшыні Ўрада Рэспублікі Саха (Якуція). Між іншым ён, разам з іншымі ды Штыровым, падпісаў спачуваньне з нагоды сьмерці маці першага прэзыдэнта РС(Я) Міхаіла Нікалаева. /Мария Михайловна Николаева [нэкралёг] // Якутия. 20 декабря 2007. С. 5./
    Як аблудна ўспамінае Васіль Барысавіч: “З Вячаславам Анатольевічам Штыровым я пазнаёміўся под час працы ў Мірным. Я тады пачынаў старшым інжынэрам, а ён быў майстрам. Але гэта было як бы паралельнае жыцьцё. А непасрэдна ў кантакце нам давялося працаваць, калі Вячаслаў Анатольевіч зрабіўся прэзыдэнтам АК “АЛРОСА”. На гэтую цяперашнюю пасаду “мяне запрасіў прэзыдэнт. Памятаю, даў мне на роздум трыццаць хвілінаў: “Праз паўгадзіны зойдзеш, скажаш аб сваім рашэньні”. З ім працаваць і цяжка, і цікава. Хаця прызнаюся, не хацелася зьяжджаць з Мірнага. Да 2002 года я ў Якуцку то быў усяго разы два. Жыў увесь час у Мірным, нават у Ленск не выяжджаў”.
    Але Васіль Грабцэвіч зрабіўся “ключавой фігурай” ва Урадзе Рэспублікі Саха (Якуція). Ён курыруе такія напрамкі, як энэргетыка, будаўнічы комплекс, ЖКГ, а таксама ўсё, што датычыцца пытаньняў надзвычайнага характару, як тое паводка, пажары, аварыі і г.д. Прэзыдэнт фэдэрацыі баскетбола Рэспублікі Саха (Якуція).
    Пра радзіму Васіль Барысавіч кажа: “У роднай вёсцы я бываю два разы ў год. Намагаюся абавязкова хоць ненадоўга выбрацца вясною, калі квітнеюць сады. І другі раз – езджу ў адпачынак. Часта прыяжджаю з братам. У мяне малодшыя брат і сястра. Жывуць яны ў горадзе Рэчыца Гомельскай вобласьці. У абодвух сем’і, свае хаты, гаспадарка. Брат працуе начальнікам цэха дрэваапрацоўкі, а сястра – мэдсястрой. Вельмі люблю іх, але да брата прывязаны болей. Я ж быў ім за бацьку. Ён пакінуў нас,калі мне было 13 гадоў. Нас паднімала маці. Ёй зараз 78 гадоў. Яна гэтаксама жыве ў Рэчыцы, у яе свая хатка, садок. Яна малайчына, жыве на зямлі, жвавенькая гэткая бабулька. Я яе вельмі люблю”.
    Васіль і Людміла Грабцэвічы маюць двух дачок. Старэйшая, якая жыве ў Мірным, падаравала ім двух унукаў: Рамана і Васілісу (названа ў гонар дзеда), а малодшая дачка жыве ў Маскве.
    Васіль Барысавіч мае пад Якуцкам уласнае лецішча і як гаворыць: “я вырошчваю бульбу, агуркі, памідоры ў цяпліцы, зеляніну ўсялякую. Гэта добрая прадуха пасьля працы. Акрамя таго, я высадзіў на лецішчы больш за дзесяць дрэваў. Сярод іх яблыня, вішня, якія прыжыліся, глог, рабіна. Яшчэ люблю рыбалку, прычым сам працэс... Я люблю гатаваць і раблю гэта нядрэнна. Калі б не зрабіўся будаўніком, то, мабыць, быў бы шэф-кухарам”.
    Неяк пад час аб’езду будаўнічых пляцовак Якуціі Грабцэвіч, азіраючыся ў пошуках намесьніка мэра па будаўніцтву Сяргея Пятрова, які недзе згубіўся, ляпнуў: “Дзе гэты якуцёнак?”. Якутамоўныя дэпутаты гэтую фразу, разтыражаваную у СМІ, запомнілі добра... Калі быў зрынуты Штыроў - адразу сышла і “ключавая асоба” Грабцэвіч...
    Васіль Грабцэвіч - Ганаровы грамадзянін Тампонскага ўлуса Рэспублікі Саха (Якуція) /бо там нарадзіўся Штыроў/, Заслужаны будаўнік РФ, Заслужаны работнік народнай гаспадаркі РС(Я). Узнагароджаны Ордэнам Дружбы, Граматай Урада Рэспублікі Саха (Якуція), Ордэнам Палярная Зорка (22. 12. 2009).
                                                    “Кнышы” ад Васіля Грабцэвіча:
    “Я гатую іх два разы ў год – на Новы год і ў дзень нараджэньня. Паколькі зьбіраюцца госьці, абіраю паўвядра бульбы, надзіраю на тарцы і праз друшляк адцэджваю лішнюю вільгаць Дадаю два яйкі і соль па смаку. Асобна рыхтую мясны фарш, лепш за ўсё з паўтлустай сьвініны. Затым робяцца гэткія піражкі – на далонь бяру бульбу, зьверху кладу фарш, а на яго – ізноў бульбу. Фармую піражкі. Абсмажваю іх у алеі да ўзьнікненьня румянае скарыначкі. Потым складваю кнышы ў жароўню, накрываю накрыўкай, папярэдне паклаўшы зьверху лыжку - дзьве сьметанковага масла, і стаўлю ў духоўку на 30-40 хвілін пры тэмпэратуры 120 градусаў. Вельмі смачна. Раю”.
    Літаратура:
   Кузьмина Е.  Василий Грабцэвич – человек команды. // Новости Якутии. Якутск. № 1. 17 января 2005. С. 9-13;
    Баркоўскі А.  Беларус Васіль Грабцэвіч – ключавая асоба ва ўрадзе Рэспублікі Саха. // Голас радзімы. Мінск. 20 красавіка 2005. С. 16.
    Обедин В.  Сессия. Новая власть Якутии. Часть І. 14 февраля – День позора. Часть ІІ. 15 февраля - День скуки и юмора. Скандал под занавес. Василию Грабцевичу аукнулся “якутенок”. // Якутск вечерний. Якутск. 16 февраля 2007. С.3.
    Тактасунава Н.  Грабцэвіч Васіль Барысавіч. // Сузор’е беларускага памежжа. Беларусы і народжаныя ў Беларусі ў суседніх краінах. Энцыклапедычны даведнік. Мінск. 2014. С. 137.
    Кюньняй Нядойка,
    Койданава.