четверг, 28 августа 2014 г.

Эрык Віцьба. Марыя з Віцебску. Койданава. "Кальвіна". 2014.




 
    Марыя Аляксандраўна Рэйнталь [Рейнталь] – нар. 22 ліпеня (4 жніўня) 1902 г. у губэрнскім месьце Віцебск Расейскай імпэрыі, у сям’і віцэ-губэрнатара Аляксандра Рычардавіча і Марыі Фёдараўны, народжанай Ханыкавай, Рэйнталей.
    Дваранскі род Ханыкавых, як мяркуюць, ідзе ад “мужа сумленнага, імем Салахміра, а па вадохрышчы названага Іванам”, які выехаў у 1371 г. ў Маскоўшчыну да вялікага князя Алега Разанскага з Вялікай Арды, які быў жанаты на роднай сястры вялікага князя Анастасіі. Праўнук яго, Цімафей Канстанцінавіч быў празваны “Ханык”, з-за чаго нашчадкі яго і сталі звацца Ханыкавы.
    Марыя вучылася ў маскоўскім Інстытуце высакародных дзяўчын, але не скончыла яго, бо адбыўся кастрычніцкі пераварот 1917 года. Веды замежных (французская, нямецкая) моў і адукаванасьць дазволілі ёй працаваць у розных дзяржаўных установах Ленінграда.
    У 1929 году Марыя Рэйнталь пабралася шлюбам з Міхаілам Каменскім.
    Міхаіл Паўлавіч Каменскій – нар. 18 (31) студзеня 1874 г. ва вуездным месьце Бярдычаў Кіеўскай губэрні Расейскай імпэрыі ў сям’і падпалкоўніка, ваеннага пэдагога. Маці - хатняя настаўніца. Дзяцінства прайшло ў павятовых мястэчках Валыні. У 1889 г. быў вызначаны на казённы рахунак у Пскоўскі кадэцкі корпус, які закончыў з прэміяй з занясеньнем прозьвішча на мармуровую дошку. Выпушчаны быў чыне віцэ-фэльдфэбэлю. У 1892 г. паступіў у Міхайлаўскую артылерыйскую вучэльню. Служыў у Гвардзейскай і Грэнадзёрскай артылерыйскіх брыгадах у Варшаве, паступіў у Ваенную Акадэмію Генэральнага штаба і скончыў яе. Затым служыў на Далёкім Усходзе ў штабе Прыамурскай акругі. Знаёміў вышэйшае камандаваньне з замежнай прэсай (вольна чытаў французскія часопісы і газэты, размаўляў па-нямецку, разьбіраўся ў ангельскай, вучыўся разумець японскую). Увосень 1902 г. быў камандзіраваны ў Японію ў якасьці ваеннага прадстаўніка Расейкага Войска. У 1912 г. быў запрошаны на службу ў Галоўнае Кіраваньне Генэральнага штаба і прызначаны начальнікам аддзела па “Уладкаваньню і службе войскаў”. У 1915 г. атрымаў чын генэрал-маёру. Пасьля кастрычніцкага перавароту 1917 г. быў прызначаны навуковым рэдактарам Камісіі па выкарыстаньні досьведу ўсясьветнай вайны, а затым выкліканы на заходні фронт, дзе атрымаў прызначэньне на пасаду начальніка адміністрацыйнага кіраваньня Штаба заходняга фронту. У лістападзе 1918 г. атрымаў прызначэньне ў Петраград у распараджэньне начальніка Акруговага Кіраваньня вышэйшых навучальных устаноў. Ад канца 1919 г. заняўся пэдагагічнай дзейнасьцю, сумяшчаючы яе з рэдактарскай працай у Ваенным выдавецтве Петраградзкай акругі. Працаваў выкладчыкам на артылерыйскіх курсах удасканаленьня камсаставу, а таксама выкладаў у Ленінградзкім хіміка-тэхналягічным інстытуце. Ад верасьня 1930 г. перайшоў на сталую працу ў ЛХТІ старшым выкладчыкам на катэдру ваеннай тактыкі.


     20 сакавіка 1935 г. Міхаіл Паўлавіч быў высланы разам з сям’ёй у абласное места Арэнбург. Там ён працаваў выкладчыкам ваеннай справы ў артылерыйскай вучэльні. У красавіку 1936 г. у сям’і Каменскіх  нарадзіўся сын Расьціслаў. У кастрычніку 1937 гады ён быў арыштаваны, прысуджаны да вышэйшай меры пакараньня і расстраляны.
    Адзначым, што Леанід Аляксандравіч Рэйнталь, які нар. у 1904 г. у мяст. Бешанковічах Лепельскага вуезду Віцебскай губэрні Расейскай імпэрыі у сям’і барона Аляксандра Рычардавіча фон Рэйталя, які ў чыне палкоўніка ў 1915 г. загінуў на фронце, таксама пражываў у Ленінградзе, працаваў інжынэрам у навукова-дасьледчым інстытуце. У сакавіку 1935 г. быў высланы з Ленінграда у Атбасар Акцюбінскай вобласьці на 5 гадоў. Пазьней быў пераведзены ў Ташкент (Узбэцкая ССР) дзе працаваў інжынэрам Сярэднеазіяцкага аддзяленьня Гідраэнэргапраекта. 16 красавіка 1937 г. быў арыштаваны і адпраўлены ў Ленінград дзе 31 ліпеня (25 жніўня) 1937 г. выязной сэсіяй Ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР быў асуджаны па арт. 58-8-10-11 КК РСФСР да ВМП і ў той жа дзень расстраляны.
    Цяжкія гады вайны 1941-1945 гг. Марыя правяла ў Сарочынску Арэнбурскай (Чкалаўскай) вобласьці. Тут яна страціла самых блізкіх людзей. Памерлі яе маці і маленькая дачка, якая была малодшай за Расьціслава на год.
    Няскончаная вышэйшая адукацыя дала права Марыі Алек-сандровне выкладаць нямецкую мову ў школе. “Клясны кіраўнік Марыя Аляксандраўна Рейнталь (з рэпрэсаваных) вяла нямецкую мову - наймілы чалавек. Заўсёды элегантная і акуратная. Вось ужо хто папрацаваў з намі! Праз сорак гадоў веданьне нямецкай мовы многімі не забытае...”. /Балберова-Дробышева М. П.  Отзовитесь, однокласники и наставники. // Сорочинский вестник. 21 июля 1995./
    У 1958 г. справа ў дачыненьні Міхаіла ды Марыі было спыненая пастановай прэзыдыюма Ленінградзкага гарадзкога суда за адсутнасьцю складу злачынства.
    Пасьля рэабілітацыі Марыя Аляксандраўна атрымала кватэру ў Ленінградзе і пражыла там шмат гадоў. Апошнія пятнаццаць гадоў Марыя Аляксандраўна жыла ў сям’і сына ў Ігарцы, затым у Якуцку.



     26 жніўня 1999 года Марыя Аляксандраўна памерла і была пахавана на могілках ў Якуцку, сталіцы Рэспублікі Саха (Якутыя).


    Ейны сын Расьціслаў Міхайлавіч Каменскі нарадзіўся 7 красавіка 1936 г. у м. Арэнбург. У 1953 г. ён скончыў са срэбным мэдалём школу і паступіў у Маскоўскі інжынэрна-будаўнічы інстытут, па заканчэньні якога ў 1958 г. атрымаў разьмеркаваньне на працу ў Інстытут мерзлатазнаўства Сыбірскага аддзяленьня АН СССР ў Якуцку, сталіцы ЯАССР.
Арганізатарскія здольнасьці дазволілі яму ў кароткі тэрмін (1966-1971) арганізаваць Вілюйскую НІМС у пас. Чарнышэўскім у раёне будаўніцтва першай буйнай ГЭС на вечнай мерзлаце. Ад 1977 г. па 1988 г. Каменскі быў начальнікам Ігарскай навукова-дасьледчай мярзлотнай станцыі.
    Знаходзячыся ад 1988 г. знаходзіўся на пасту дырэктара Інстытута мерзлатазнаўства ў Якуцку.
    За заслугі ў развіцці навукі, падрыхтоўцы навуковых кадраў Р.М. Каменский быў узнагароджаны 3 мэдалямі.
    Памёр у 2008 годзе.
    Літаратура:
    Каменский Ростислав Михайлович // Академия наук Республики Саха (Якутия). 2-е изд., перераб. и доп. Москва. 2001. С. 161-162.
    Каменский Ростислав Михайлович: жизнь в науке. [авт.-сост. П. А. Даниловцев]. Якутск. 2006. 88 с.
    Эрык ВІЦЬБА,
    Койданава