четверг, 28 августа 2014 г.

Яніна Д'ябал. Якуб Божка. Койданава. "Кальвіна". 1914.





 
     Неяк знайшла ў сецяве інфармацыю пра Якуба Божку, які пабываў ў Якутыі. Спадзяюся знайсьці штосьці дадатковае і падаць у дадатку да свайго паведамленьня...
    Яніна Д’ЯБАЛ,
    Койданава



                                                     ВІДАЎЛЯНСКІЯ  КАР'ЕРЫ
    Мяшчанская вёска Вiдава на працягу шматвяковай гісторыі выдала на сьвет шмат выдатных сыноў, якія адзначыліся сваёй добрай працай для грамадзтва. Відаўцы заўсёды былі першымі вучнямі ў бельскіх школах, спачатку царкоўных, а пасьля агульных. Шмат з іх з паловы ХIХ ст. па 1915 г. вучылася ў Гарадзкім Вучылішчы, пасьля гімназіі. Некаторыя пасьля заканчэньня школаў станавіліся настаўнікамі, іншыя ішлі ў чыноўнікі, былі і такія, што адукаваліся далей у прафэсіянальных ды вышэйшых установах.
    На відаўскіх могілках можам знайсьці дарагія намагільныя помнікі з пачатку ХХ ст. іх форма і зьмест надпісаў даюць нам шмат ведаў аб лёсу асоб тут пахаваных. Непадалёк ад уваходу на могілкі, па левым баку стаіць стройны, каменны помнік, абгароджаны мэталічным плоцікам. Тут пахаваны Ануфрый Грыгорыевіч Фірсовiч (1876-1907, які працаваў чыноўнікам бельскай паштова-тэлэграфнай канторы. Не ведаем прычыны, па якой памёр ён вельмі молада. Мабыць з-за перажываньня пасьля сьмерці сына, у гэтым самым 1907 годзе памерла і маці Ануфрыя – Анісія. Пры сыне і яе пахавалі.
    Наступны каменны помнік з пачатку ХХ ст., які зьвяртае ўвагу майстэрствам свайго выкананьня, належыць роду Белаказовічаў. Знаходзіцца ён насупраць будынку царквы. Пахаваны тут Цімафей Паўлавіч (1838-1910) ды жонка яго Еўдакія Белаказовічы (1840-1910). З надпісу на пярэднім баку даведваемся, што ў сужэнстве пражылі яны 51 гадоў, а душы свае аддалі Богу амаль у адзін час. Муж памёр першага, а жонка сёмага сакавіка. На заднім баку помніка прыгожым царкоўнаславянскім шрыфтам напісана: Незабвенным папе и маме от нежно любящих детей. Господи пріими их дух с миром. Калi ўважна прыглянемся, знойдзем на помніку і аўтарскі знак: Е. С. Петрова. Москва Мясниц. Кім жа тады былі дзеці Белаказовічаў і чаму надмагільле бацькам заказалі ажно ў Маскве?
    З Исповедных ведомостей Троіцкага сабору ў Бельску даведваемся, што Цімафей i Еўдакія мелі сямёра дзяцей – трох сыноў: Мікалая, Фёдара і Нікіфара ды чатыры дачкі: Юліянію, Акіліну, Анну і Агафію. У 1902 г. пры бацьках пражываў яшчэ жанаты з Дарыяй Мікалай ды панна Агафія і кавалер Нікіфар. Гэты апошні перад 1907 годам паступіў у манастыр, ідучы ў сьляды старэйшага на пяць гадоў брата Фёдара. У 1910 г., калі памерлі іх бацькі, відавочна вялі манаскі подзьвіг у Маскве або навакольлі. Адгэтуль на відаўскіх могілках зьявіўся дарагі помнік з прадпрыемства Пятрова.
    Нашых чытачоў варта яшчэ пазнаёміць з лёсамі аднаго з відаўлян, які на пераломе ХIХ і ХХ ст. рабіў паліцэйскую кар’еру. Быў ім Дэм’ян Белаказовіч. Сын Сямёна Іванавіча і Марыі Міронаўны Белаказовіч, нарадзіўся ў 1865 г. Старэйшым на два гады за яго быў брат Дарафей. Пасьля Дэм’яна ў дружалюбнай сям’і Белаказовічаў нарадзілася яшчэ пяцёра сыноў: Сяргей (1869), Гаўрыіл (1874), Леонцій (1876), Міхал (1882) і Стэфан (1893). Апошні з сыноў нарадзіўся, калі маці мела ўжо 49, а бацька ажно 64 гады. Абое дажылі да глыбокай старасьці.
    Найбольшай іхняй пацехай аказаўся сын Дэм’ян. Як пільны вучань, закончыў Бельскае павятовае вучылішча ды ў 1891 г. паступіў на працу рэгістратарам Бельскай паліцэйскай управы. Ўжо тады быў жанаты і меў гадовую дачушку Марыю. Ягоная жонка Акіліна (нар. у 1867 г.) паходзіла з добрага відаўлянскага роду Філіпа і Фёклы Шчуроўскiх. Першы год працы Дэм’яна аказаўся шчасьлівым з-за нараджэньня другой дачкі Надзеі, праз два гады прыйшоў на сьвет сын Сяргей, а ў 1894 г. дачка Сафія. Увесь гэты час маладое чыноўніцка-сялянскае сужэнства жыло ў Відаве.
    Прыйшоў 1898 г., а разам з ім зьмены ў іх жыцьці. Канцылярыст Дэм’ян, за шчырую службу атрымаў мэдаль ў гонар цара Аляксандра III. Аднак у гэтым жа годзе, не ведаем з-за якіх прычынаў, папрасіў начальства аб звальненьні з працы. Мінула шэсьць гадоў і наш Дэм’ян знайшоўся на паліцэйскай пасадзе ў горадзе Брэсьце. Праз два гады быў пераведзены ў Беласток, дзе надалей служыў акруговым наглядчыкам. За сваю працу атрымліваў немалую суму 410 рублёў ў год.
    Відаўскія бацькі ягоныя яшчэ тады жылі. Пры іх пражываў стары кавалер Леонцій, маладзейшы Міхал ды наймалодшы Стэфан. Жанаты быў Дарафей (жонка Пелагія, дзеці Іван, Арцём, Лукія, Якуб) ды Гаўрыіл (жонка Агата і дачка Стэфаніда). Дэм’ян жа, відаць да першай вайны, прабыў на пасадзе ў Брэсьце. Сёньня відаўляне не памятаюць пра свайго знатнага земляка з-перад стагодзьдзя. Можа нашыя далейшыя пошукі давядуць на сьлед яго пасьлябежанскай біяграфіі?
    Варта яшчэ прыглядзецца лёсу відаўлянскага роду Божкаў, прадстаўнікі якога сталі ўладальнікамі аднае з найбольшых бельскіх маёмасьцяў. А ўсё дзякуючы бліскучай кар’еры землямера Якуба Божко, сына Дзьмітра і Кацярыны, народжанага ў 1857 г. Не ведаем, дзе ён пасьля заканчэньня Гарадзкога Вучылішча здабываў патрэбныя сваёй прафесыі веды. Адно вядома, што апынуўся ажно ў глыбокай Сыбiры, у Якуцку. Разам з ім паехаў і маладзейшы на шэсьць гадоў брат Філіп, які сярод якутаў стаў працаваць настаўнікам.
    Мінула некалькі добрых гадоў і Якуб Божка, салідна папрацаваўшы ды добра падзарабіўшы, рашыў вярнуцца на Падляшша; Філіп застаўся ў Сыбіры. За заробленыя грошы Якуб адразу купіў частку даўняга маёнтку Клементынова, што па дарозе з Бельска ў Відава. Аднак месца было не занадта даспадобы і ён пачаў шукаць іншай нерухомасьці. Неўзабаве аказалася, што на Галавеску прадаецца маёнтак судзьдзі Белецкага, які апынуўся ў вельмі сур’ёзных фінансавых праблемах. Ягоная маёмасьць займала амаль увесь заходнi бок цяперашняй вуліцы Траўгутта. Тут знаходзіўся будынак суда, архіў, аграмадны дом – двор ды шмат іншых збудаваньняў, якія памяталі яшчэ мабыць часы старасты бельскага гетмана Браніцкага. Божку вельмі спадабалася гэтае месца, разьмешчанае на правым, высокім і прыгожым баку даліны ракі Белай і ён вырашыў яго купіць. У такі спосаб вiдаўлянскі род Божкаў стаў уласьнікам вялікай часткі даўняй вуліцы Брэсцкай. Стары, аграмадны дом даўняга судзьдзі стаіць тут да сёньня, а побач разлажыліся дамы Якубавых нашчадкаў. У адным з іх пражывае ягоны праўнук Аляксандр Божка, беларускі дзеяч i шматгадовы старшыня Бацькоўскага камітэту бельскай “тройкі”.
    Прадставілі мы толькі некалькі лёсаў відаўлян, якія выйшлі з роднага сяла і сваёю вучобаю i працаю дабіліся духоўных і сьвецкіх чыноў, прызнаньня людзей ды матэрыяльнага дабрабыту. Такіх ў гэтым мяшчанскім сяле было больш, але каб прадставіць постаці усіх, спатрэбіцца яшчэ шмат-шмат досьледаў.
    Дарафей Фiёнiк
    /Бельскі гостінэць. № 21. Бельск (Польшча)./