среда, 14 мая 2014 г.

Моця Кусаган. Ваяр Іван Андросаў. Койданава. "Кальвіна". 2014.








                                                          ВАЯР  ІВАН  АНДРОСАЎ


    Іван Інакенцьевіч Андросаў нарадзіўся ў 1891 годзе ў с. Баяга 1-га Ігідзейскага насьлега Багаянтайскага ўлусу Якуцкай акругі Якуцкай вобласьці Расейскай імпэрыі ў шматдзетнай якуцкай сям’і. Рана застаўшыся сіратою ён усьлед за старэйшым братам прыехаў ў Якуцк на заробкі.
    Хаця карэнныя народнасьці Якуцкай вобласьці як “інародцы” не паклікаліся ў войска Расейскай імпэрыі, аднак, калі пачалася І-я Усясьветная вайна ў 1914 годзе некаторыя якуты, толькі з аднаго Батурускага ўлуса Якуцкай акругі каля дзесяці чалавек, пайшлі добраахвотна на фронт. Іван Андросаў, таксама, добраахвотна запісаўся ў салдаты.
    Іван служыў яфрэйтарам кулямётнай каманды 44-га Сыбірскага стралковага палку І-га Туркестанскага стралковага корпусу ды удзельнічаў у баях на Паўночна-Заходнім фронце, дзе атрымаў кантузію ды быў паранены.
    Па ягоным аповядам, асабліва страшна яму было пад час штыхавага бою. На ворага ішлі ў выглядзе трохкутніка або карэ. Наперадзе ішлі самыя моцныя і сярод іх Іван Андросаў. “Паведамляем, што ў загадзе № 373 ад 13 кастрычніка 1917 г. па 44 стралковаму Сыбірскаму палку значыцца яфрэйтар кулямётнай каманды Андросаў Іван, які узнагароджаны Георгіеўскім крыжам 3-й ступені № 294354 за тое, што ў баі 9 і 10 чэрвеня 1917 г. пад м. Крэва, ён высунуўшы свой кулямёт на небясьпечна блізкую дыстанцыю, нягледзячы на ўраганны агонь, трапным агнём заглушыў кулямёт праціўніка і даў магчымасьць нашай пяхоце, якая атакавала, перайсьці р. Краўлянку амаль без страт”, - гаворыцца ў выпісцы са Узнагароднага лісту.
    На той час Крэва было мястэчкам Ашмянскага ўезда Віленскай губэрні Расейскай імпэрыі на рацэ Краўлянцы. Калісьці Крэва, вядомае ў пісьмовых крыніцах ад ХІІІ ст. было сталіцай Нальшчан, у пачатку XIV ст. Крэўскага княства, а калі ў 1391 годзе там быў атручаны апошні крэўскі князь Вігунд, яно ўвайшло ў склад Вялікага Княства Літоўскага, старажытнай беларускай дзяржавы. Дарэчы ля Крэва знаходзяцца руіны замка, які ўзводзіў яшчэ Вялікі князь Літоўскі Гедзімін, а ў сьценах замка быў павешаны Вялікі князь Літоўскі Кейстут. У 1-ю Усясьветную вайну ля Крэва праходзіла лінія фронту паміж расійскай і нямецкай арміямі і як яе вынік - брацкія магілы, якія існуюць і зараз.
    Іван Андросаў вярнуўся ў Якутыю ў 1918 годзе. Спачатку служыў старшым міліцыянэрам ў месьце Вілюйск, потым уступіў у шэрагі РКП(б) ды чырвоны атрад. 8 красавіка 1922 года, калі знаходзіўся ў выведцы, трапіў у засаду і загінуў.
    Літаратура:
    Шишигин Е. С.  Георгиевский кавалер. // Молодежь Якутии. Якутск. 23 февраля 1989. С. 9.
    Шишигин Е.  Георгиевский кавалер. // Кыым. Дьокуускай. Кулун тутар 25 к. 1990.
    Андросов Иван Иннокентьевич. // Энциклопедия Якутии. Т. 1. Москва. 2000. С. 292.
    Моця КУСАГАН,
    Койданава.