понедельник, 19 мая 2014 г.

Вікторыя Пятрушкіна-Давыдкова. Ганаровы грамадзянін места Якуцка. Койданава. "Кальвіна". 2014.



                                         КАНСТАНТЫН МІКАЛАЕВІЧ СЬВЯТЛІЦКІ



    З трынаццаці губэрнатараў Якуцкай вобласьці першым, хто атрымаў званьне Ганаровага грамадзяніна горада Якуцка, быў сапраўдны стацкі радца, генэрал-маёр Канстантын Сьвятліцкі, які паходзіў са шляхты Гарадзенскай губэрні.
    Канстантын Мікалаевіч Сьвятліцкі нарадзіўся 23 верасьня 1842 г. у сям’і вайскоўца. Выхоўваўся ў 2-м кадэцкім корпусе і скончыў поўны курс навук у Мікалаеўскай Акадэміі Генэральнага штаба па 2-му разраду. Службу пачынаў прапаршчыкам у 6-й лёгкай батарэі 18-й артылерыйскай брыгады, адтуль у студні 1866 году ў званьні падпаручніка пераведзены у Маскоўскі полк. Праз тры месяцы яго адпраўляюць у Мікалаеўскую Акадэмію Генэральнага штаба для атрыманьня вышэйшай ваеннай адукацыі. Па заканчэньні яе ў лістападзе 1868 г. адпраўлены ў штаб войскаў гвардыі Пецярбургскай ваеннай акругі. 10 чэрвеня 1871 г. высачэйшым загадам прызначаны  старшым ад’ютантам у штаб 14-й пяхотнай дывізіі. Ад 31 студзеня 1872 г. ён старэйшы ад’ютант штаба Казанскай ваеннай акругі, з 24 верасьня 1874 г. ён афіцэр асобых даручэньняў пры камандуючым войскамі Ўсходне-Сыбірскай ваеннай акругі ў Іркуцку, загадваў дыпляматычнаю перапіскаю пры Галоўным упраўленьні Ўсходняй Сыбіры. За выдатную  службу 10 красавіка 1878 г. Сьвятліцкаму быў нададзены чын палкоўніка. У гэтым званьні высачэйшым загадам ад 10 жніўня 1878 года ён прызначаны выконваючым абавязкі начальніка штаба войскаў Забайкальскай вобласьці з пакіданьнем у Генэральным штабе. 26 ліпеня 1884 г. ён залічаны ў запас Генэральнага штаба. 10 кастрычніка 1885 г. Сьвятліцкі прызначаны выконваючым абавязкі губэрнатара Якуцкай вобласьці з залічэньнем у Генэральны штаб.
    У пачатку 1886 г. па хадайніцтву эпіскапа Іякава  клопатамі Сьвятліцкага ў Якуцку ў грамадзкай залі якуцкай гарадзкой управы была адчынена першая гарадзкая публічная бібліятэка-чытальня.
    7 ліпеня 1886 г. Сьвятліцкі зьвярнуўся да генэрал-губэрнатара Ўсходняй Сыбіры, генэрал-лейтэнанта, графа А. П. Ігнацьева, які прыбыў у Якуцк з рэвізіяй, з дакладной пісулькай, у якой ён прапаноўваў узнавіць Якуцка-Аянскі (участак Нелькан-Аян) тракт, як яшчэ адзін выхад да Ціхаакіянскага ўзьбярэжжа, ў першапачатковым стане.
    Дзеля пакрыцьця расходаў на пракладку колавага шляху на ўчастку Нелькан-Аян Сьвятліцкі прапанаваў абкласьці 20-капеечным папудным зборам увазныя тавары. Ігнацьеў ухваліў захады Сьвятліцкага і даручыў яму асабіста агледзіць стан тракту ды прыбыць з дакладам у Іркуцк.
    У жніўні - верасьні 1886 г. гэтае даручэньне Канстанцін Сьвятліцкі пасьпяхова выканаў і ў дакладзе ад 6 лістапада 1886 г. на імя генэрал-губэрнатара, з дадаткам 45-старонкавай “Запіскі аб Аянскім тракце”.
    Генэрал-губэрнатар Усходняй Сыбіры, генэрал-лейтэнант, граф А. П. Ігнацьеў, даў наступную характарыстыку службовай дзейнасьці якуцкага губэрнатара К. Н. Сьвятліцкага: “...я меў магчымасьць непасрэдна пераканацца ў карыснай дзейнасьці і ўзмоцненых службовых працах палкоўніка Сьвятліцкага, які зьдзейсьніў, між іншым, для карысьці даверанай яму вобласьці асабістыя пошукі шляху ад горада Якуцка да порта Аян”.

    Сьвятліцкі з разуменьнем таксама паставіўся да справы выданьня “Словаря якутского языка”, складзенага Эдуардам Пякарскім і спрыяў таму каб рукапіс слоўніка быў перададзены ва Усходне-Сыбірскі аддзел Імпэратарскага Рускага геаграфічнага таварыства, куды ён трапіў у пачатку 1890 года.
    Якуцкі губэрнатар К. М. Сьвятліцкі 25 кастрычніка 1886 г. прадставіў у Галоўнае кіраваньне Ўсходняй Сыбіры прапанову пра выбар Калымскай і Верхаянскай акругаў для адміністрацыйна-ссыльных габрэяў і прапанаваў сяліць па 15 чал. у м. Сярэдне-Калымску, у Калымскім і Верхаянскім улусах, і 10 чал. - у м. Верхаянск, адзначаючы, што “ў абедзьвюх жа акругах магчыма ўсяліць 55 чалавек ссыльных, за якімі быў бы забясьпечаны нагляд паліцыі”.
    30 жніўня 1887 года за выдатную службу Сьвятліцкі атрымаў званьне генэрал-маёра са старшынствам і быў зацьверджаны на пасадзе якуцкага губэрнатара з залічэньнем па Генэральнаму штабу.
    У бытнасьць якуцкім губэрнатарам К. М. Сьвятліцкага колькасьць насельніцтва Якуцкай вобласьці ў 1887 г. складала 255671 чалавек, 130622 мужчын і 125049 жанчынаў. У параўнаньні з папярэднім годам колькасьць насельніцтва павялічылася на 1786 чалавек. Першыя два года ягонага губэрнатарства былі неўрадлівымі. У сувязі з гэтым іркуцкі генэрал-губэрнатар зрабіў распараджэньне закупіць для Алёкмінскай акругі 10 тыс. пудоў насеннага хлеба ў Іркуцкай губэрні. Сплаўлены па рацэ Лене да пачатку пасеву, хлеб гэты выбавіў насельніцтва. Аднак пасеў 1887 г. не даў жаданага выніку з-за кліматычных умоваў (моцныя вятры на працягу ўсяго траўня, засуха ў чэрвені і зімныя ночы з шацьцю ў ліпені). Па прычыне неспрыяльнага лета агародніцтва не дало таксама задавальняльнага выніку. Збор сена ў параўнаньні з папярэднім годам быў на многа меней. Усяго сабрана было сена 11797210 пудоў, на 2226077 пудоў менш, чым у 1886 г. Нягледзячы на мала суцяшальныя вынікі ўраджаю збажыны ў земляробчых акругах (Якуцкі, Вілюйскі), за выключэньнем Алёкмінскага, дзе ўраджай атрымаўся сярэдні, у 1887 году асаблівых цяжкасьцяў у харчаваньні не было, так як вясною па р. Лене з Іркуцкай вобласьці было дастаўленае да 70000 пудоў хлеба, што дало магчымасьць больш заможнай частцы насельніцтва назапасіцца ім у дастаткова колькасьці. Для забесьпячэньня ж хлебам бяднейшага гарадзкога і сельскага насельніцтва па хадайніцтве якуцкага губэрнатара з Іркуцкай губэрні было закуплена 10 тыс. пудоў мукі. Затое 1888 г. быў урадлівым. Агародніцтва дало гэтакія ж добрыя вынікі, як і земляробства. Ураджай траў таксама паўсюдна быў добры. Сена было сабрана 13197295 пудоў, больш за папярэдні на 1399635 пудоў. Дзякуючы такому добраму ўраджаю траў быдла павялічылася на 511 галоваў. Крайне шкодны ўплыў ссылкі на карэннае насельніцтва вобласьці адзначаецца ў справаздачы губэрнатара К. М. Сьвятліцкага за 1887 г., які адзначаў што па-ранейшаму ў ёй застаецца задужа значнае зборышча “злачынцаў, якіх ссылаюць сюды без разьліку дачыненьня іх да карэннага яе насельніцтва, што асабліва мела месца ў 1882 і 1883 гадах, калі было выслана ў вобласьць 2317 чалавек злачынцаў”. У справаздачах скіравана ўвага галоўнага начальніка Ўсходняй Сыбіры на зьмяненьне сыстэмы ссылкі і на абмежаваньне высылкі ў Якуцкую вобласьць ссыльных, якіх у 1888 г. у вобласьці налічвалася 6006 чал. абодвух палоў. У Якуцкай турме ў 1888 г. утрымоўвалася 150 арыштантаў, хаця будынак турмы быў прыстасаваны для 80 чалавек. Такая сьціжма арыштантаў выклікала з боку мясцовай адміністрацыі хадайніцтва аб павялічэньні існуючых турэмных памяшканьняў пабудоваю новых будынкаў. Хадайніцтва было задаволенае і пачалося будаўніцтва другога турэмнага корпуса на 50 чел., з лякарняй на 10 ложкаў, на што было асігнавана 10000 руб. Малалетнія арыштанцкія дзеці былі аддзеленыя ад бацькоў, і для іх адкрыты адмысловы прытулак. Гэтыя і іншыя хадайніцтвы якуцкага губэрнатара былі годна ацэненыя.
    Разам з рамонтам Нелькана-Аянскага ўчастка, Сьвятліцкі займаўся і уладкоўваньнем участка ад г. Якуцка да с. Вусьць-Мая. Пры гэтым ён прапанаваў скарыстаць 12.000 рублёў, якія накапіліся да 1888 г. у дэпазытах Якуцкага абласнога праўленьня, што былі сабраныя з трох улусаў (Заходне-Кангаласкага, Усходне-Кангаласкага і Батурускага) на утрыманьне ў належным стане Аянскага тракту, а пры няхватцы гэтых грошаў, тыя працы якія застануцца выканаць за кошт натуральных павіннасьцяў. Канцылярыя іркуцкага генэрал-губэрнатара 1 і 21 ліпеня накіравала Сьвятліцкаму зацьверджаны каштарыс і чарцяжы на выпраўленьня дарогі ад г. Якуцка да с. Амга ды ад с. Амга да с. Вусьць-Мая.
    У 1888 г. губэрнатар Сьвятліцкі асабіста дае заданьне казаку Сьцяпану Растаргуеву вывучыць і адкрыць прамую дарогу Якуцк - Верхаянск., што той і зрабіў.
     Губэрнатар К. М. Сьвятліцкі адшукаў грашовыя сродкі ў памеры 2519 рублёў 95 кап. на заснаваньне ў Якуцку ў 1888 г. начлежнага дому для бедных і беспрытульных, які даў прытулак большай палове гарадзкога беспрытульнага насельніцтва і на палову скараціў памер жабрацтва, ды таксама дзіцячага прытулку для арыштанцкіх дзяцей. Пазьней, як заснавальніка прытулку, Сьвятліцкага папрасілі прыняць на сябе званьне ганаровага папячыцеля і даслаць свой партрэт, што ім было і зроблена.
    Горад Якуцк быў абавязаны К. М. Сьвятліцкаму ўзьнікненьнем бібліятэкі Якуцкага дзіцячага прытулку а гарадзкая публічная бібліятэка ўзбагацілася ягонымі каштоўнымі ахвяраваньнямі кніг па геаграфіі і статыстыцы Расійскай імпэрыі і Сыбіры. Сьвятліцкім былі заснаваныя абласны музэй і ўзорная земляробчая фэрма; ім не былі пакінуты без увагі разьвіцьцё гандлю і прамысловасьці, прышуканьне сродкаў, якія паступалі у распараджэньне адміністрацыі ў памеры да 8000 руб. штогод, прызначаных выключна для аднаўленьня закінутага і цалкам занядбанага шляху, які злучае г. Якуцк з Аянскім портам.
    Высачэйшым Указам ад 12 траўня 1889 г. якуцкі губэрнатар, генэрал-маёр К. М. Сьвятліцкі быў прызначаны іркуцкім губэрнатарам. Якуцкая гарадзкая дума пад прадстаўніцтвам гарадзкога галовы М. Т. Самылоўскага ў прысутнасьці 16 галосных 3 жніўня 1889 г. аднагалосна абрала былога якуцкага губэрнатара генэрал-маёра К. М. Сьвятліцкага ганаровым грамадзянінам горада Якуцка. Прычым было выказана, што ў бытнасьць якуцкім губэрнатарам ім былі заснаваныя і распачатыя такія меры, за якія горад застанецца заўсёды яму ўдзячным. Імпэратар Аляксандр III па ўсепаддадзенейшаму дакладу міністра ўнутраных спраў 25 кастрычніка 1890 г. высачэйше зацьвердзіў прысваеньне званьня ганаровага грамадзяніна г. Якуцка былому якуцкаму губэрнатару К. М. Сьвятліцкаму, аб чым іркуцкі генэрал-губэрнатар апавясьціў яго лістом ад 10 сьнежня таго ж года.
    30 чэрвеня 1890 г. браты Шайхула і Загідула Шафігуліны, сяляне Казанскай губэрні, падаюць прашэньне іркуцкаму губэрнатару аб дазволе пабудовы ў Іркуцку мячэці і ўжо 11 сьнежня 1896 г. Шайхуле Шафігуліну было выдадзена падпісанае губэрнатарам Сьвятліцкім пасьведчаньне на дазвол прыстасаваньня драўлянага дому да разьмяшчэньню ў ім мячэці, пакуль ня будзе пабудаваная новая саборная.
    Вечарам 28 студзеня 1892 г. ў доме генэрал-губэрнатара адбылося першае паседжаньне Іркуцкага тэатральна-будаўнічага камітэта. Старшынёй быў абраны генэрал-губэрнатар Усходняй Сыбіры, а таварышам старшыні К. М. Сьвятліцкі.
    Дарэчы у Канстантына Сьвятліцкага было два родныя браты: генэрал-маёр Мікалай і палкоўнік Аляксандар, 1854 і 1855 года нараджэньня.
    24 студзеня 1897 г. Сьвятліцкага прызначаюць енісейскім губэрнатарам і ён пераяжджае ў Краснаярск, але ўжо ў 1898 г. ён зьвярнуўся з просьбай аб адстаўцы па стану здароўя, якая была прынятая. Ён атрымаў поўны пэнсіён і эпалеты генэрал-лейтэнанта.
    Канстантын Сьвятліцкі быў пахаваны на могілках Смуткуючага манастыра ў Маскве. У 1930 г. на месцы могілак адкрылі Дзіцячы парк.
    Намесьнік міністра энэргетыкі Расеі Станіслаў Сьвятліцкі з таго часу як летам 2009 г. ён быў абраны старшынёй рады дырэктараў “Іркуцкэнэрга” пабываў у Іркуцку і пры гэтым паведаміў, што: “Іркуцк – сямейна не чужы горад для мяне. Мой прапрадзед Канстантын Мікалаевіч Сьвятліцкі быў губэрнатарам Іркуцкай губэрні. Тут ён знайшоў сабе жонку з купецкага роду. Пры ім быў куплены губэрнатарскі дом, у якім ён жыў. Я яго бачыў пад час візыту ў горад”. Але ў сакавіка 2012 г. Станіславу Сьвятліцкаму былі прад’яленыя абвінавачваньні па арт 159, ч. 4. КК РФ (махлярства ў буйных памерах) у рамках крымінальнай справы аб крадзяжы 14 мільёнаў даляраў.
    Творы:
    Записка об Аянском тракте. [Публикация П. Казаряна] // Полярная звезда. Якутск. № 4. 2002. С. 78-96;
    Записка об Аянском тракте. // Дорога к океану. Новый взгляд на старый тракт. Сборник статей. Якутск. 2004. С. 183-218.
    Всеподданнейший отчет якутского губернатора К. И. Светлицкого за 1887 год. // История Якутии в отчетах якутских губернаторов. Якутск. 2007. 46-55.
    Літаратура:
    Розеноер С.  Ледзяная турма (Якуцкая ссылка). Пераклад з рускай В. Макоўскай. Менск. 1935. С. 19, 40.
    Грыцкевіч В. Эдуард Пякарскі. Біяграфічны нарыс. Мінск. 1989. С. 60.
    Матханова Н.П. Генерал-губернаторы Восточной Сибири середины XIX в. Новосибирск, 1998. С. 14.
    Казарян П.  К “Записке...” Светлицкого. // Дорога к океану. Новый взгляд на старый тракт. Сборник статей. Якутск. 2004. С. 164-165;
    Калашников А. А.  Якутский губернатор К. Н. Светлицкий. // Якутский архив. № 2. Якутск. 2007. С. 59-61;
    Баркоўскі А.  Ганаровы грамадзянін горада Якуцка. // Краязнаўчая газета. Мінск. № 34. 2009. С 7;
    Иркутск близок Станиславу Светлицкому ещё и потому, что его прапрадед был губернатором Иркутской губернии. // Сибирский энергетик. Иркутск. 22 декабря 2009;
    Ануфриев А.  Жизнь и деятельность К. И. Светлицкого. // Земля Иркутская. № 2. Иркутск. 2010. С. 93–94;
    Люстрицкий Д. Г., Гимельштейн А. В., Ануфриев А. В.  Губернатор Константин Светлицкий. На государевой службе. Иркутск. 2010. 269 с.
    Вікторыя Пятрушкіна-Давыдкова,
    Койданава.


                                                                         ДАДАТАК