вторник, 13 мая 2014 г.

Айталіна Дойлід-Тардоха. Якуцкі архітэктар Клеменці Ляшэвіч. Койданава. "Кальвіна". 2014.




                                                    ЯКУЦКІ АРХІТЭКТАР ЛЯШЭВІЧ


    Клеменці Адамавіч Бугай Санкевіч Ляшэвіч [Клементий Адамович Лешевич] нарадзіўся, згодна з выпісам з мэтрычнай кнігі Магілёўскай рымска-каталіцкай духоўнай кансысторыі ад 25 сьнежня 1875 г. за № 7062, 23 лістапада 1848 г., верагодна ў м. Дрыса Віцебскай губэрні Расейскай імпэрыі у каталіцкай шляхецкай сям’і маёра Адама ды Ізабелы, у дзявоцтве Дабравольскай, Ляшэвічаў.
    Беларускія шляхціцы Ляшэвічы спрадвеку пражывалі ў Аршанскім павеце ВКЛ, дзе яны валодалі маёнткамі: Ялінскае (Illińskie) або Глінскае, Забелінскае (Zabielińskie), Чарленкаўскае (Czerlenkowskie), Пашынскае (Paszyńskie) – ля Воршы; Ісакава (Isakowa), Давыдава (Dawidowa) - у Катынскім стане; Вільчыкава (Wilczykowa), Гапееўшчына (Нapiejowszczyznа), в стане Берязьнянскім ды ўставалі да абароны Смаленска у 1654 г. ад Маскоўскай навалы. Карысталіся гербам Трубы (Trąby).
   /Leszewiczowie na Białorusi. // HerbaryPolski. Cz. 1. Wiadomości historzcyno-genealogicyne o rodach shlacheckich ulożył i wydał Adam Boniecki. T. 14. S. 171.;Из земской книги Оршанского повета, за 1642-1647 гг. // Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской, хранящимся в Центральном архиве в Витебске, и изд. под ред. и.д. архивариуса сего архива М. Веревкина. Вып. 25. Витебск. 1894. С. 402-403; Оршанский гербовник. Оттиски из 28-го выпуска «Историко-юридических материалов, извлеченных из древних актовых книг губерний: Витебской и Могилевской», хранящихся в Центральном архиве в Витебске и изданных под редакцией и. д. архивариуса сего архива, Дм. Ив. Довгялло. Витебск. 1900. С. 125./
    Затым Ляшэвічы падзяліліся на размаітыя адгалінаваньні. Так Самул Ляшэвіч, які атрымаў 6 красавіка 1644 г. ад караля Ўладзіслава ІV грамату на маёнтак ў Смаленскім ваяводзтве, пры заваёве Смаленска маскоўскім царом Аляксеем Міхайлавічам перайшоў, каб захаваць правы на маёнтак, перайшоў на бок маскалей, прыняў праваслаўе з імем Сьцяпан, даў пачатак Ляшэвічам Барадулічам. /Русская родословная книга. СПб. 1873. С. 218./


     Згодна з дадзенымі Уладзімера Кліменціевіча Ляшэвіча з Ташкенту на генэалягічным форуме “Всероссийское генеалогическое древо” у разьдзеле “О Лешевичах, из рода которых идёт история нашей семьи” [http://forum.vgd.ru/1231/39269/0.htm] родапачынальнікам Ляшэвічаў, прынамсі іхняга сямейнага адгалінаваньня, лічыцца Ян (Іван) Бугай Ляшэвіч. Першапачаткова аб шляхецкім родзе Бугаі Лешевічы згадваецца 3 лістапада 1775 г. у Аршанскім павятовым зямянскім судзе (6 верасьня 1817 г. у Менскім ДДС яны, якія жылі на той час ў Рэчыцкім павеце, сваім гербам назвалі герб Любіч). Прынамсі, Людвік Іванавіч Ляшэвіч, сын Івана Пятровіча Ляшэвіча ў 1797 г., Мазырскі ротмістар.

   Ягоны сын Францішак (Франц) Іванаў (Іванавіч) Ляшэвіч служыў падхарунжым у кавалерыйскай пяцігорскай брыгадзе ВКЛ, пад камандай брыгадзіра (вышэйшы афіцэрскі чын паміж чынамі палкоўніка і генэрал-маёра) Ксавера Хамінскага. 26 лютага 1782 г. ён выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў аколіцы Кабэлякі на Палтаўшчыне, дзе меў ўласную зямлю, разам з жонкай Тадосяй ды 4 дзеткамі: Антоні [нар. 10 чэрвеня 1785 г. – губэрнскі сакратар (Рэжыцкая паштовая кантора - 1821), тытулярны саветнік (Рэжыцкая паштовая Кантора - 1827), жонка Брыгіта (у дзявоцтве Крыжаноўская), дзеці: Ганна  - нар. у 1813 г. – у замустве Шпігельбер, удава штаб-лекара калескага асэсара; Вікенці  - нар. 27 красавіка 1813 г. – унтэр–афіцэр Рэзэрвовага батальёна Kурскага пяхотнага палка.]; Міхал [нар. 29. верасьня 1789 г. - калескі рэгістратар (Ігуменская паштовая кантора – 1918), губэрнскі сакратар (Ігуменская паштовая кантора – 1821), тытулярны саветнік (Ігуменская паштовая кантора – 1827), тытулярны саветнік (Рэжыцкая паштовая кантора - 1833)], Андрэй [нар. 19 кастрычніка 1794 г. – унтэр-афіцэр Літоўскага ўланскага палка (1809-1819), губэрнскі сакратар, памочнік паштмайстра мазырскай паштовай канторы - 1836), жонка Тадора Станіславаўна Солтан, дзеці: Вінцэнта (1827), Фліёрыя (1834), Аляксандра (1834)]/

    Іхні сын Адам, па бацьку Францішкавіч (Францавіч), нар. 11 сьнежня 1787 г. У службу ўступіў у 1809 г., узьведзены ў калескія рэгістратары ў 1817 г., у тытулярныя саветнікі ў 1827 г. і ў калескія асэсары са старшынствам з 1838 г. 15 лютага 1856 г. Адам Францаў Ляшэвіч выйшаў у адстаўку з пасады паштмайстра Дрысенскай паштовай канторы Віцебскай губэрні. Ад першага шлюбу з Марыяй Пястычавай (Пестычевой) меў дзяцей: Аляксандра (26 лютага 1820 г.); Аляксандр (4 чэрвеня 1825 г. – па заканчэньні ІІІ клясаў Забельскай гімназіі, у службу уступіў 7 студзеня 1842 г. у Віцебскую губэрнскую паштовую кантору малодшым сартавальнікам, 27 траўня 1849 г. накіраваны паштмайстрам ў Луцкую паштовую кантору, затым надворны саветнік – Лукаўская паштовая тэлеграфная кантора ў Сядлецкай губэрні, жонка Амэля (у дзявоцтве Захарчык), дзеці: Марыя Сьвятаслава (2 жніўня 1852 г.); Уладзімер Ігнаці (6 ліпеня 1854 г.; 23 лістапада 1876 г. пабраўся шлюбам з Баляславай Ружыцкай ў Варшаве); Эвеліна (25 лістапада 1861 г.); Вікторыя (23 лістапада 1862 г.); Ізідар (10 траўня 1867 г.; у 1910 г. старшы бугальтар у Лукаўскім казначэйстве Сядлецкайкай губэрні; 1914 г. старшы бугальтар у Венграўскім казначэйстве VII разраду Ломжынскай губэрні); Любоў (1 кастрычніка 1826 г.). Ад другога шлюбу з Ізабелай Дабравольскай меў дзяцей: Анастасься (22 красавіка 1830 г.); Антон (13 траўня 1834 г. – у 1852 г. скончыў курс Віцебскай гімназіі, пісьмавод паштовай канторы Гжацк Смаленскай губэрні, калескі рэгістратар, выконваючы абавязкі обэр сакратара 1 аддзяленьня 3 дэпартамэнту Правячага сэнату ад 1870 г., надворны саветнік, вуездны земскі сход, Порхаў; жонка Аляксандра Сьцяпанава Саліроўская, дзеці: Антон (23 сакавіка 1869 г., на службе з 1887 г., ад 1889 г. афіцэр, палкоўнік ваенна-інжынэрнай службы ў Варшаўскай ваеннай акрузе, ад 1918 г. у гетманскім войску Украіны, начальнік фарціфікацыйнага аддзелу Галоўнай інжэнернай управы ваеннага Міністэрства.), Сьцяпан (26 сьнежня 1870 – галосны ад дваранства, Порхаўскі вуезд, вуездны земскі сход. Маёнтак Хахловы Горкі, сяло Багародзіцкае Багародзіцкай воласьці Прохараўскага вуезда), Людвік (8 верасьня 1836 г. сталаначальнік Санкт-Пецярбурскай казённай палаты, калескі асэсар – 1886 г., надворны саветнік – 1899 г.); Юстына (22 красавіка 1843) Адэля (24 сакавіка 1845),Клеменці (23 лістапада 1848)
    Клеменці вучыўся ў 2-й Санкт-Пецярбурскай гімназіі, а ў 1867 г. паступіў у Будаўнічую вучэльню.
    Будаўнічае Вучылішча ў Санкт-Пецярбургу было заснаванае Высачэйшым загадам ад 17 сьнежня 1842 года злучэньнем у адну навучальную ўстанову Архітэктарскага вучылішча, заснаванага 26 жніўня 1830 года, і Вучылішча грамадзянскіх інжынэраў, заснаванага 27 красавіка 1832 года. Будаўнічае вучылішча знаходзілася ў ведамстве Галоўнага кіраваньня шляхоў зносін і публічных будынкаў ды было зачыненай установай, якая існавала па ваенным узору. У лік выхавальнікаў прымаліся толькі дзеці дваранаў і чыноўнікаў, ва ўзросьце ад 13 да 16 гадоў. Выхавальнікі, якія з посьпехам заканчвалі поўны курс, выпускаліся архітэктарскімі памочнікамі. Статутам 27 сьнежня 1851 года вучылішча было прылічанае да навучальных устаноў 1-го разраду. У 1857 годзе загадана было прымаць у вучылішча маладых людзей не маладзей 16 гадоў і прытым якія атрымалі поўную гімназічную адукацыю. Усталяванае ў 1859 г. і скасаванае ў 1878 г. званьне інжынэр-архітэктара маглі атрымліваць, па адмысловым іспыце, лепшыя выхавальнікі вучылішча. У 1861 г. было ўведзенае палажэньне аб экстэрнах Будаўнічага вучылішча, казённа- і своекоштных. У 1865 г. Будаўнічае вучылішча перайшло ў ведамства Міністэрства ўнутраных спраў і ў тым жа годзе скасаванае было ваеннае ўладаваньне вучылішча; у 1877 г. яно было ўраўненае з іншымі вышэйшымі адмысловымі ўстановамі. У 1882 г. Будаўнічае вучылішча перайменавалі ў Інстытут грамадзянскіх інжынэраў, а ў 1892 г. яму нададзена было найменьне Інстытут грамадзянскіх інжынэраў імпэратара Мікалая I. Лепшым з выхаванцаў, якія скончылі поўны курс у Інстытуце, прадстаўлялася званьне грамадзянскага інжынэра. У 1869 г. было заснаванае Таварыства былых выхаванцаў Будаўнічага вучылішча і Інстытута грамадзянскіх інжынэраў.
    Ляшэвіч быў выпушчаны з Будаўнічай вучэльні ў 1872 г. па першым разрадзе са званьнем архітэктарскага памагатага і з правам на чын X клясы. Гэтым ён быў ўганараваны за прадстаўлены ім у Раду вучэльні праекта апалу і вэнтыляцыі Ісакіеўскага сабора ў Пецярбурзе. 3 ліпеня 1872 г. Клеменці быў узьведзены ў чын калескага сакратара, а 5 ліпеня 1872 г. быў адкамандзіраваны ў Тэхнічна-Будаўнічы камітэт МУС Расійскай імпэрыі. 4 сьнежня 1874 г. ён быў узьведзены ў чын тытулярнага саветніка і яму было нададзенае званьне інжынэра-архітэктара. Ад 1875 г. ён сябра Пецярбурскага таварыства архітэктараў. Да 1882 г. Ляшэвіч займаўся прыватнаю практыкай, галоўным чынам па апалу і вэнтыляцыі будынкаў, прычым, у большасьці выпадкаў выступаў як падрадчык-архітэктар.
    Варта адзначыць што: печы з пустацелай цэглы, упершыню былі ўжытыя ім у доме Ададурова ў Сьвячным завулку ў Санкт-Пецярбурзе; цэнтральныя цагляныя духавыя, цыліндрычнай формы, калярыфэры ў чахлах з дахавай бляхі ў д. № 70 па Мыйцы ў Санкт-Пецярбурзе; аўтаматычныя ўвільгатняльнікі нагрэтага паветра ў гарадзкім доме па Мяшчанскай вуліцы ў Санкт-Пецярбурзе; вадзяное ацяпленьне нізкага ціску ад кухоннага агменю, электрычныя тэрмомэтры, якія з аднаго цэнтру паказвалі тэмпэратуру розных памяшканьняў, што ацяпляюцца - у 5-ці бараках прынца Альдэнбурскага ў Аляксандраўскай лякарні ў Санкт-Пецярбурзе; паветраныя фільтры ды іншае.
    Таксама шмат займаўся Ляшэвіч пытаньнямі санітарна-гігіенічнага дойлідзтва і канструяваньня. Увёў у практыку цэлы шэраг прыстасаваньняў, як то: для выдаленьня хатніх памыяў, для спальваньня адкідаў, абясшкоджваньня фэкалій і інш. Асаблівым посьпехам карыстаўся вынайдзены ім сьмецьцеспальвальнік, які вельмі зручна падыходзіў да ўсякага кухоннага агменю. У 1877 г. выканаў праект ацяпленьня і вэнтыляцыі гарадзкога тэатра ў м. Рыбінск Яраслаўскай губэрні.
    Неўзабаве Ляшэвіч атрымаў прызнаньне, як у Расейскай імпэрыі, гэтак і за мяжой. Быў уганараваны мэдалямі і вышэйшымі узнагародамі, абраны чальцом розных таварыстваў і неаднаразова атрымліваў прэміі на конкурсах за вынаходзтвы і ўдасканаленьні ў галіне санітарнага дойлідзтва. 11 лютага 1882 г. Ляшэвіч быў звольнены па сваім прашэньні па хатніх акалічнасьцях.
    Па загаду ягонай імпэратарскай вялікасьці ды па вызначэньню Правячага Сэнату ад 2 ліпеня 1886 г. быў прызнаны ў патомнай шляхце.
    4 ліпеня 1890 г. быў атрыманы дазвол інжынэру-архітэктару Ляшэвічу адкрыць Тэхнічна-Будаўнічае бюро ў Санкт-Пецярбургу, якое мела сваёй галоўнаю задачай - распаўсюджваньне разнастайных удасканаленьняў у гэтым накірунку
    Таксама вядома што ў 1882-1892 гг. Ляшэвіч займаўся праектаваньнем і будаўніцтвам асабнякоў для лечышчаў на станцыі Азярцы Фінляндзкай чыгункі ў Першага возера, таксама апублікаваў некалькі прац у навукова-тэхнічных выданьнях.
    Ізноў Клеменці быў прызначаны на службу выконваць абавязкі Акмолінскага абласнога архітэктара загадам ТБК МУС ад 23 ліпеня 1892 г. за № 129А, а ад 1 кастрычніка 1893 г. ён быў прызначаны Акмолінскім абласным інжынэрам.
    На гэтай пасадзе ўзначальваў будаўніцтва Сьвята-Ўсьпенскага катэдральнага сабора ў сталіцы Акмолінскай вобласьці м. Омск (аўтар праекта Э. Ф. Вірых), які займае галоўнае месца ў горадабудаўнічай сыстэме Омску. У 1935 г. храм быў узарваны, а ў 2007 г. цалкам адноўлены. Ён занесены ў каталёг сусьветнай храмавай культуры.

    Загадам Правячага Сэната ад 27 траўня 1893 г. тытулярны саветнік Клеменці Ляшэвіч за выслугу гадоў быў узьведзены ў чын калескага асэсара. Удзельнічаў ва Ўсярасейскай Прамысловай і Мастацкай выстаўцы ў Ніжнім Ноўгарадзе ў 1896 г.
    У 1896-1897 гг. Клеменці на пасадзе Вяцкага губэрнскага інжынэр-архітэктара. Ад 19 чэрвеня 1897 г. у адстаўцы па хваробе з мундзірам ў чыне надворнага саветніка.
   Затым працаваў гарадзкім інжынэрам ў м. Мікалаеў Хэрсонскай губэрні.




   
    Ад 5 студзеня 1902 г. надворны саветнік Клеменці Ляшэвіч, з адстаўных, па ведамстве Міністэрства юстыцыі ізноў прызначаецца на службу інжынэрам-архітэктарам выспы Сахалін.
    Загадам МУС ад 18 студзеня 1907 г. Ляшэвіч быў пераведзены ў м. Якуцк і прызначаны памагатым абласнога інжынэра Якуцкага абласнога ўпраўленьня.
    Поўных дадзеных пра біяграфію Клеменці Ляшэвіча толкам не захавалася. Ён пасьля выезду з Санкт-Пецярбурга шмат туляўся па гарадах Сыбіры і Далёкага Ўсходу. Дзесьці яму павезла, дзесьці не. Адным часам ён нават заставаўся без працы і грошай на пражытак. Быў падзёншчыкам. Атрымаўшы прызначэньне на працу ў Якуцк, у дарозе захварэў, але ўсё ж дабраўся.
    Больш сарока гадоў назад, калі я пачаў працаваць карэспандэнтам газэты “Социалистическая Якутия”, мне даручылі напісаць рэпартаж пра хаду будаўніцтва тунэля для пракладкі калектара водаправода пад праспэктам Леніна і вуліцай Дзяржынскага. Пад зямлёй прайшоў ад шахты, закладзенай побач з былым будынкам акруговага суда (цяпер офіс Акадэміі навук) да вуліцы Лермантава. Адна з шахт была закладзена побач з гэтым гістарычным будынкам. Тады шахцёры, паказваючы мне на глыбіні дзесяці мэтраў мерзлых жукоў, казалі, што тут калісьці праходзіла рэчышча Лены ці было вялікае возера. Я ў сваім рэпартажы напісаў і пра гэта. У той жа дзень да нас у рэдакцыю прыйшоў найстарэйшы журналіст - пэнсіянэр Хахлачоў [у 1937 гады быў стукачом НКУС], вядомы сярод сваіх калегаў, як хадзячая энцыкляпэдыя. Ён перш за ўсё зрабіў мне заўвагу: чаму нават не абмовіўся пра гэты гістарычны будынак ні словы? Сумленна кажучы, тады пра гэта я амаль нічога не ведаў. У той час у ім месцаваўся Прэзыдыюм вярхоўнага савету ЯАССР.
    А потым ён мне распавёў, як легенду пра аўтара праекта гэтай будыніны Клеменці Ляшэвічу:
    - Ён прыбыў у Якуцк з нейкага сыбірскага места ці то ў 1907 ці то ў 1908 годзе, - кажа мне старац. - Ляшэвіч, як прыбыў у Якуцк, першым абавязкам наведаў гарадзкога галаву Юшманава, якому распавёў пра сябе. Гаспадар места ўважліва выслухаў яго, але асабліва не паверыў “у ягоную фантастыку”, і спытаў: - А што ўмееш рабіць?
    Госьць замест адказу пасьпешліва разьвязаў скураную торбу, якая шмат зьведала, і дастаў адтуль некалькі загорнутых у анучы цестападобных камякоў. Разгарнуў адзін з іх. Трапіўся белы камяк з гіпсу. Ён хуткімі рухамі пальцаў, амаль як бывалы штукар, пачаў з яго ляпіць штосьці незразумелае. Галава моўчкі сачыў за заняткам прышэльца. Але хвілін праз дзесяць госьць паклаў на стол гаспадара мініяцюрны макет белакаменнага палаца.
    - Вось што я ўмею, - нарэшце, загаварыў госьць. - Я архітэктар. Жадаю будаваць у вашым драўляным мястэчку вось такія каменныя дамы. У вашым краі шмат гор. Будаўнічых камянёў павінна быць процьма.
    Галава горада быў у захапленьні ад майстэрства незнаёмага чалавека. Так, Клеменці Ляшэвіч зрабіўся першым прафэсійным архітэктарам Якуцка. У першыя часы ён паезьдзіў па некаторых улусах у пошуках будаўнічага каменя. Вярнуўшыся з першай паездкі, ён заявіў: “будучы белакаменны Якуцк вырасьце з-пад Табагінскага мыса, як вырасла Адэса з-пад сябе, а парцалянавы посуд сьпякаць будзем з Татцінскага белага гіпсу”.
    Гарадзкі галава неадкладна даклаў пра гэтага дзіўнага чалавека губэрнатару Крафту [ураджэнец места Дынабург Віцебскай губэрні], і той адразу прызначыў Ляшэвіча памагатым абласнога інжынэра па будаўніцтве.
    Адмысловай гутаркі заслугоўвае Табагінская скала, якая складаецца з будаўнічага каменя. З першых жа дзён губэрнатарства Крафта з яе пластавых парод вялося будаўніцтва казённых устаноў. Ужо потым Крафт пісаў што ён пры пабудове будынка рэальнай вучэльні заключыў кантракты з сялянамі Табагінскага паселішча пра пастаўку каменя па 55 рублёў за куб сажня, а калі будаваўся вінны склад, гэты ж камень купляўся па 70 рублёў.
    Так, дзякуючы зносінам з дробнымі падрадчыкамі, Крафту атрымалася значна зьменшыць кошты на камень. А калі запатрабаваліся вялікія аб’ёмы будаўнічых матэрыялаў на будынак казначэйства, бібліятэкі і музэя, абласны інжынэр арганізаваў талаку з беспрацоўных ссыльнапасяленцаў, якая пагадзілася здабываць і дастаўляць у Якуцк кубічны сажань каменя за 30 рублёў, і з дастаўкай ён стаў абыходзіцца ў 40 рублёў. Так атрымалася стрымаць рост коштаў на камень пры вострым дэфіцыце грошай на будаўніцтва каменных будынкаў. Гэта таксама дало магчымасьць, як піша Крафт, установам і гарадзкім жыхарам узводзіць дамы на каменных падмурках за нізкі кошт.
    Падобныя дамы ў Якуцку, пабудаваныя на падмурках з пластовой горнай пароды, захаваліся дагэтуль. У іх заўсёды бывае суха, яны не дзівяцца грыбкамі, не паддаюцца дэфармацыі, не сыходзяць у зямлю, як звычайна здараецца ва ўмовах вечнай мерзлаты.
    Гэты мэтад будаўніцтва драўляных аб’ектаў упершыню практыкаваў і ўкараніў ва ўмовах Крайняй Поўначы знакаміты архітэктар горада Якуцка па нацыянальнасьці ці то беларус, ці то паляк Клеменці Адамовіч Ляшэвіч, родам з-пад Гомелю. Ён пакінуў нам добрую памяць пра сябе, як таленавіты архітэктар, інжынэр, геоляг, вышукальнік горных парод, землеўпарадчык заслужана лічыцца аўтарам праектаў першых у Якуцку каменных будынкаў рэальнай вучэльні, казначэйства, акруговага суда, бібліятэкі, музэя. Гэты арыгінальны мэтад будаўніцтва драўляных дамоў на каменных падмурках незаслужана забыты. Ён мог бы шырока выкарыстоўвацца і цяпер дачнікамі, і прыватнымі забудоўшчыкамі ў мяжы места. Запасы бутавага каменя на Табагінскім мысе дасюль застаюцца амаль некранутымі. Сам Бог загадаў цяперашнім дойлідам места карыстацца гэтым незьлічоным багацьцем будаўнічых матэрыялаў.”. /Бубякин Д. С. Губернатор Крафт – талантливый организатор и ученый. // Бубякин Д. Мой Якутск – краса и гордость Туймаады (Очерки, публицистика, статьи, корреспонденции, репортажи, интервью). // Якутск. 2002. С. 23-25./
    Неўзабаве па будаўніцтве будынка казначэйства з-за віны будаўнікоў абвалілася грашовая камора Якуцкага Казначэйства і ў гэтым абвінавацілі Клеменці Ляшэвіча. 12 лістапада 1909 г. распачалася справа ў адносінах да выканаўцы пасады Якуцкага абласнога інжынэра Клеменці Ляшэвіча, якога абвінавацілі ў службовым злачынстве. 23 чэрвеня 1910 памочнік Якуцкага архітэктара, стацкі саветнік Клеменці Ляшэвіч быў аддадзены пад суд. 13 верасьня 1912 г. справа скончылася.
    19 лютага 1911 г. кватэра дзе пражываў Ляшэвіч з сынам была абрабаваная, быў скрадзены таксама ягоны “формулярный список” ды лісты.
     28 жніўня 1913 года Клеменці Ляшэвіч па стану здароўя звольніўся з працы паводле ўласнага прашэньня і выехаў у Санкт-Пецярбург.
    6 чэрвеня 1914 г. Ляшэвіч зьвяртаецца ў ТБК МУС з прашэньнем даць яму ізноў адпаведную пасаду, дзе мог бы служыць далей. 8 жніўня 1914 г. за №1647 ТБК МУС адказаў што “усе пасады занятыя і вызваленьне якой-небудзь з іх у найбліжэйшай будучыні не чакаецца”.
    Памёр Клеменці Адамавіч Ляшэвіч у 1921 г.
    Адзначым, што ўсімі будаўнічымі працамі спраектаваных у Якуцку Ляшэвічам будынкаў кіраваў інжынэр Баўмгартэн, вядомы тым, што адрэстаўраваў у 1911 г. вежу Якуцкага астрога.
    Клімэнт Ляшэвіч пакінуў добрую памяць аб сабе, як таленавіты архітэктар, інжынэр, геоляг, вышукальнік горных парод, землеўпарадчык. Ён заслужана лічыцца аўтарам праектаў першых у Якуцку каменных будынкаў рэальнага вучылішча, казначэйства, акруговага суду, бібліятэкі, музэя. Ягоны арыгінальны мэтад будаўніцтва драўляных дамоў на каменных падмурках незаслужана забыты.
    Урад Рэспублікі Саха (Якутыя) сваёй Пастановай ад 12 траўня 2005 г. за № 270 уключыла ўсе будынкі, якія спраектаваў Ляшэвіч, ў сьпіс помнікаў гісторыі і культуры м. Якуцка.
    Жонка: Ляшэвіч Аўгіньня Іванаўна (у дзявоцтве Сербіновіч) (1858-1919), шлюбам з ім пабраліся ў 1986 г.
    Сын: Клімэнт Клімэнтавіч Ляшэвіч (1890-1942), агент страхавога таварыства “Саламандра” па страхаваньню ад агню /Справочник Якутской области на 1911 год./, дапамагаў бацьку ў будаўніцтве.
                                                                Пасьведчаньне
    Выдадзена сапраўднае пасьведчаньне, паводле прашэньня, патомнаму двараніну Кліменцію Кліменцевічу Ляшевічу ў тым што пры правядзеньня дазнаньня выявілася, што ў яго, Ляшевіча, 19 лютага гэтага года ў ліку выкрадзеных рэчаў былі выкрадзены наступныя дакумэнты: мэтрычнае пасьведчаньне за №9541/34 выдадзенае пры царкве генэральнага галоўнага штаба ў г. Санкт-Пецярбургу, копія фармулярнага сьпісу пра службу бацькі яго інжынэра-архітэктара К. А. Ляшэвіча і пасьведчаньне пра прыпіску да Якуцкага прызыўнога ўчастку, што Якуцкае гарадзкое паліцэйскае ўпраўленьне подпісам і прыкладаньнем казённай пячаткі сьведчыць.
    А. а. паліцмайстра /подпіс/
    В. а. сакратара /подпіс/





    Дачка: Валянціна Клімэнтаўна Ляшэвіч.


    Дачка: Тамара Клімэнтаўна Ляшэвіч (9 жніўня 1902 – 1980). У 1912-1921 гг. вучылася на выканаўчым факультэце Петраградзкага, а потым Ленінградзкага харэаграфічнага вучылішча. Была залічана ў балетную трупу Марыінскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра опэры і балета, у якім праслужыла да 1945 г. Ад красавіка 1945 г. займалася пэдагагічнай дзейнасьцю ў Маскоўскай харэаграфічнай вучэльні Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра. Працавала ў Кітаі.

                                                          ЯКУЦКАЯ  ВАДАКАЧКА


    18 ліпеня 1907 года Якуцкі губэрнатар Іван Крафт прапанаваў Якуцкай гарадзкой думе тэрмінова рашыць пытаньне аб пабудове вадакачкі дзеля забесьпячэньня жыхароў места Якуцка летам пітной вадой. Справа ў тым што ў Якуцку, з-за сталай мярзьліны студні не ладавалі і жыхарства карысталася толькі рачной вадой з ракі Лены (узімку – лёд), а тыя, хто бядней - з канаваў.
    Ягоную ідэю актыўна падтрымаў абласны архітэктар Ляшэвіч, які прадставішў Гарадзкой думе пэўны плян рэалізацыі губэрнатарскай задумы: схематычны праект водазабесьпячэньня крынічнай вадой, якая выходзіць з Імховай падзі. На выпадак нястачы вады ён прапанаваў уладкаваць яшчэ і паравы вадапампавік на беразе Лены. Пры гэтым ён таксама асоба падкрэсьліваў, што «для кожнага чалавека першым чынам неабходна здаровая вада, здаровае паветра і здаровы харч, але, да няшчасьця, абласны горад Якуцк, у якім налічваецца да 7,5 тысячы жыхароў, не мае аднаго з галоўных умоў жыцьця чалавецтва — менавіта здаровай вады для пітва, для ежы, для лазьняў, для пральняў, для лякарань і г.д.”.
    Ужо 23 ліпеня 1907 г. Ляшэвіч прадставіў Гарадзкой думе схематычны праект забесьпячэньня горада крынічнай вадой, якая выходзіла з Мохавай падзіны, а на выпадак недахопу гэтае вады для места, прапаноўваў пабудаваць паравую вадакачку на беразе ракі Лены. Каб абраць тып пабудовы Дума стварыла камісію з трох гласных (дэпутатаў) і самога Ляшэвіча.
    Дэпутаты Гарадзкой думы для канчатковаю рашэньня праблемы забесьпячэньня Якуцка здаровай пітной вадой у канцы ліпеня 1907 г. ўтварылі камісію, якая ў красавіку 1908 г. даклала гардуме сваё меркаваньне: “У мэтах эканоміі гарадзкога бюджэту мэтазгодней пабудаваць паравы вадапомпавік на берагу ракі Лены”.
      У ліпені таго ж гады гэтае збудаваньне было змантаванае. Трэба заўважыць, што кацёл, помпа і трубы новай былі бясплатна перададзеныя гарадзкім уладам у часавае карыстаньне прадпрымальніцай А. Громавай. Гэты паравы вадапампавік працаваў да 1917 г., а затым з-за абмяленьня часткі пратокі Хатыстах была пабудавана новая вадакачка.

 

                                           ДОМ  ПАПЯРЭДНЯГА  ЗЬНЯВОЛЕНЬНЯ
    У лютым 1908 г. губэрнатар Крафт унёс прапанову аб будаўніцтве арыштанцкага дому, і на гэтую мэту выдзелі 3000 руб. а суму, якой не  даставала, ўзялі з гарадзкога бюджэту. За кароткі тэрмін быў пабудаваны шасьціпакаёвы дом папярэдняга зьняволеньня па праекце К. Ляшэвіча
                                                         РАСЕЙСКА-АЗІЯЦКІ БАНК
    Пабудаваны ў стылі мадэрн у 1908-1909 гг. зяцем А. І. Громавай М. В. Піхціным па праекце Клеменці Ляшэвіча. Цяпер ў гэтым будынку знаходзіцца “Алмазэргінбанк”.

                                 ГАНДЛЁВЫ  ДОМ  ФІРМЫ  “КАКОВІН  І  БАСАЎ”.
    У 1980 г. будыніна была зруйнаваная пры будаўніцтве адміністрацыйнага будынка “Якутзолата”.


                                               
                                                      АБЛАСНОЕ  КАЗНАЧЭЙСТВА


    У 1907 г. інжынэр А. І. Кудраўцаў, а затым К. К. Лешэвіч прыступілі да складаньня праектна-каштарыснай дакумэнтацыі будынка вуезднага казначэйства. 6 траўня 1909 г. ўрачыстая працэсія заклала камень у падмурак гэтага будынка на рагу вуліц Казармавай і Праўленскай (цяпер Арджанікідзе і Пятроўскага). Архітэктар Ляшэвіч прымаў самы актыўны ўдзел у перапрацоўцы каштарысу, падрыхтоўцы таргоў і прыёмцы будматэрыялаў. З лютага 1909 гады ён амаль штодня прымаў ад шматлікіх пастаўшчыкоў паленую вапну па тысячы пудоў, сотні тысяч цэглы, дзесяткі тон бутавага каменя з Табагі, пясок, брус, бярвеньне, дошкі, цьвікі, ацынкаваную бляху, фарбы.
    Будынак па падраду будавала арцель верхаленскіх сялянаў а майстрам на будоўля працаваў ягоны сын Клеменці Клеменцевіч Ляшэвіч.
    12 жніўня 1909 г. на агульнай прысутнасьці абласнога праўленьня Ляшэвіч дакладваў перапрацаваны праект, дзе павялічыліся на адну цэглу сьцяны, паменшыліся дзьвярныя праёмы і павялічылася плошча вокнаў, па-іншаму было зроблена аздабленьне фасадаў, занесены іншыя зьмены. Пад ягоны фундамэнт былі пакладзеныя бярвеньня ў вапне і пласт попелу.
    Будаўніцтва будынка было завершана ўлетку 1911 г. Гэты мураваны аднапавярховы будынак вельмі цікавай архітэктуры, стыль якога можна аднесьці да псэўдарускага. Аздоблены белай вапнай, упрыгожаны багатым арнамэнтам, ён выглядае вельмі прыбраным. Цікавыя і прастакутная форма з паглыбленьнем на левым бакавым фасадзе, і арыгінальная кампазыцыя фасадаў з дэталямі і дэкорам у стылі рускай архітэктуры. Аркавыя вокны згрупаваны па парах, і ў міжваконьнях паміж імі зьмешчаны філянговыя лапаткі. Вуглы будынку адзначаны вежападобнымі аб'ёмамі на бочках, вежкі завершаны кубаватымі глаўкамі, а партал акрэсьлены трохлопасьцевай аркай. У былыя гады ансамбаль завяршаўся мураванай агароджай і арнамэнтаванымі мэталёвымі варотамі.
    У часы грамадзянскай вайны гэты будынак быў адным з умацаваных пунктаў белагвардзейцаў. У 1918 г. двор і будынак казначэйства ператварыліся ў апорны пункт чырвонага атрада А. Рыдзінскага. У савецкія часы тут разьмяшчаліся Дзяржбанк, Народны камісарыят фінансаў, пазьней радыёвузел і музычная студыя. У 1962 г. вялікая частка памяшканьня была аддадзена Музэю выяўленчых мастацтваў імя М. Ф. Габышава. А ў 70-м годзе быў адкрыты Музэй заходнеэўрапейскага мастацтва - адзіны ў Сыбіры - на аснове адпісанай прафэсарам М. Ф. Габышавым асабістай калекцыі, якую яго сям’я перадала ў дарунак Якуцку, а урад БССР дапамог яе перавесьці з Менску авіяспэцрэйсам. У 1982 г. рэканструявалі вуліцу Арджанікідзе, і з-за ўзьняцьця дарожнага палатна пад падмурак будыніны пачала працякаць вада, пачалося разбурэньне сьцен. Будынак тэрмінова адгарадзілі бетанаваным дрэнажным збудаваньнем, але гэта не дапамагло. Пачалася дэфармацыя сьцен, утварыліся вэртыкальныя расколіны. І толькі ў 2005 году будынак пачалі аднаўляць. Сьцены падзялілі на некалькі частак і перанесьлі на 30 мэтраў ад скрыжаваньня вуліц ды паставілі на палевы падмурак. Пасьля заканчэньня складаных рэстаўрацыйных работ будаўнічай фірмай “В. Р. Шэльц” у яе ізноў вярнулася калекцыя Габышава. Урачыстае адкрыцьцё экспазыцыі адбылося 23 чэрвеня 2007 года і яна ўвайшла ў “Дзяржаўны музэйны мастацкі комплекс “Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Саха (Якуція)”. Але зьявіліся новыя расколіны.


                                       ГАРАДЗКАЯ  ПУБЛІЧНАЯ  БІБЛІЯТЭКА

    6 траўня 1909 г. на рагу скрыжаваньняў вуліцаў Вялікай (цяпер праспэкт Леніна) і Мікола-Прэабражэнскай (цяпер Кастрычніцкая) адбылася закладка будынка Якуцкай публічнай бібліятэкі з музэям пры ёй. Губэрнатар Крафт зьвярнуўся да заможных людзей горада з просьбай пра ахвяраваньне неабходнай сумы на будаўніцтва новага будынка. Усяго за ўвесь пэрыяд будаўніцтва было сабрана 11200 рублёў, з якіх 1500 унесена золатам самім губэрнатарам. Участак пад будаўніцтва быў выкуплены Кіраваньнем таварыства апекі аб народнай адукацыі ў прыватнай асобы А. І. Бубякінай за 3600 рублёў. Як толькі былі скончаныя працы па праекце, то Крафт загадаў адправіць копію пляна фасада ў Акадэмію мастацтваў дзеля адабрэньня. ТБК МУС прызнаў праект задавальняючы.
    5 кастрычніка 1911 г. адбылося ўрачыстае асьвячэньне новага 2-павярховага каменнага будынка музэя і бібліятэкі. Пасьля набажэнства, у прысутнасьці шматлікіх прадстаўнікоў грамадзтва, ведамстваў, устаноў і настаўніцтва Якуцка, губэрнатарам Крафтом былі абвешчаны тосты і здраўніцы ў гонар ягонай імпэратарскай вялікасьці і асобам, якія садзейнічалі будаўніцтву. Духавы аркестар выканаў гімн. Па гэтым выпадку былі атрыманы вітальныя тэлеграмы з Імпэратарскай Акадэміі навук, ад студэнтаў, якія навучаліся ў Маскве, рэктара Томскага ўнівэрсытэта, віцэ-старшыні Рады ІРГТ, этнаграфічнага аддзела Рускага музэя, рэдакцыі газэт “Голас Сибири” і іншых асобаў і ўстаноў. У гэты ж дзень ад імя ўсіх якія сабраліся была адпраўлена тэлеграма імпэратару, які не прамінуў адказаць: “Якуцк, губэрнатару. Даручаю Вам перадаць правялебнаму і ўсім, хто ўдзельнічаў на асьвячэньні абласнога музэя і гарадзкой бібліятэкі маю падзяку за выяўленыя мне вернападданьніцкія пачуцьці. Мікалай II”.
    У двары бібліятэкі была ўладкавана мэтэаралягічная станцыя 2 разраду 1 кляса, абсталяваная ўсімі неабходнымі прыладамі і прыборамі. На станцыі праводзіліся сыстэматычныя назіраньні за надвор’ем у Якуцку. У канцы лістапада 1911 г. ў музэі быў “усталяваны кінэматограф”. 28 ліпеня 1912 г. у доме губэрнатара адбыўся агульны сход “Таварыства апекі аб народнай адукацыі”, якое абмеркавала пытаньне пра перадачу будынка Абласнога музэя і бібліятэкі ў вядзеньне места. Адмысловым пратаколам было зафіксавана тое, што горад дае залю музэю бясплатна для публічных чытаньняў, лекцый, паседжаньняў урадавых і дабрачынных зграмаджэньняў.




















                                                       ЯКУЦКІ  АКРУГОВЫ  СУД
    Пытаньне будаўніцтва будынка акруговага суда абмяркоўваліся вельмі доўга, пачынаючы з 1908 г. Тады Ляшэвіч склаў праект з усталёўкай у сутарэнным памяшканьня шасьці вялікіх калярыфэраў для абаграваньня ўнутраных памяшканьняў.
    Праект будынка быў накіраваны ў Пецярбург, дзе яго разгледзеў архітэктар акадэмік В. А. Прусакоў, які вучыўся ў Віленскай ды Віцебскай мужчынскіх гімназіях. Ён да праекта ў цэлым паставіўся ўхваляльна, але палічыў залішнім прыладаваньне двух бакавых лесьвіц і вялікіх калярыфэраў, якія сваім цяплом могуць пашкодзіць фундамэнт будынка.
    У новым праекце К. Ляшэвіч пакінуў без зьменаў першапачатковы варыянт фасаду, скараціў толькі лік калярыфэраў да аднаго і азначыў усталяваць яго пад параднай лесьвіцай. Тады вонкавае паветра павінна было паступаць у кацёл калярыфэра па адмыслова зробленай пад падлогай цаглянай галерэі, затым, нагрэўшыся, выходзіць у актавую залю. Астатнія памяшканьні меркавалася абаграваць печамі.
     У 1914 г. на Вялікай вуліцы (цяпер праспэкт Леніна) за 5800 рублёў у грамадзянкі Астраханцавай быў набыты ўчастак пад будаўніцтва. Як адзначаў Ляшэвіч “У аснову праекта будынка ляглі рысы і архітэктурныя дэталі першага каменнага будынка ў Якуцку – ваяводзкай канцылярыі, якую пабудавалі па загадзе Пётара І ў 1707 годзе”.
    8 ліпеня 1914 г. адбылася закладка каменнага будынка акруговага суда. На ўрачыстым мерапрыемстве быў адслужанае набажэнства і закладзена дошка з малюнкам Мікалая II, пачаткам часу пабудовы і ўказаньнем складу будаўнічай камісіі. Пад падмурак заслала бярвенне ў вапнавым растворы і пласт попелу, як найлепшы матэрыял, дрэнна які праводзіць цяпло.
    Будаўнічыя працы вялі 16 муляраў, запрошаных з розных гарадоў Сыбіры. Для нарыхтоўкі матэрыялаў у 1914 г. было адпушчана 80 тыс. рублёў. Сьценавая цэгла выраблялася на месцы, фігурную цэглу прывозілі.
    Сам архітэктар пісаў: “Будынак будуецца ў цагляным “рускім” стылі без тынкоўкі, якая пры моцных маразах дрэнна трымаецца, а таму я раблю ашалёўку з прасаванай цэглы колькасьцю не больш за 100 тысяч штук. Прынятае было да ўвагі і тое, што на далёкай усходняй ускраіне трэба выхоўваць дзяржаўнасьць, а таму казённы будынак Акруговага суда зроблена ў крамлёўскім стылі, з належнымі атрыбутамі, якія тлумачаць розуму і сэрцу пра рускую культуру і магутнасьць расейскай улады, асабліва тубыльцам”.
    Збудаваньне будынка было завершана ўвосень 1916 г., але суд так і не змог сюды пераехаць.
    Будынак мае прастакутную форму з восевымі рызалітамі на вулічным і бакавых фасадах, дэкор якіх складаецца з дэталяў і формаў, характэрных для рускай архітэктуры XVI - XVIII стагоддзяў. Прычым Ляшэвіч як бы сынтэзаваў матывы і прыёмы старадаўняй архітэктуры са сваімі пошукамі рускага стылю канца XIX - пачала XX ст. Вокны на галоўным фасадзе другога паверху аркавыя - астатнія лучковыя.
    А ў новым каменным будынку з ліпеня па жнівень 1918 г. месцаваўся Выканкам якуцкага савета працоўных і салдацкіх дэпутатаў і Штаб атрада Чырвонай арміі, затым розныя камісарыяты, ваенная калегія, доўгі час ЯЦВК, ад 1937 г. Прэзыдыюм вярхоўны савету ЯАССР. У 1956 г. будынак быў перададзены рэктарату ЯДУ і ўнівэрсытэцкай бібліятэцы з чытальнай заляй. З канца 1970-х будынак зачынілі з-за распачатай дэфармацыі сьцен. У 1982 г. у ім успыхнуў пажар, які прывёў да таго, што па хуткім часе абрынулася сярэдзіна фасада. Амаль 10 гадоў ходнік па праспэкце Леніна праходзіў ля бэтоннай агароджы, за якой дажывала свае апошнія дні адна з гістарычных пабудоў Якуцка. Толькі ў 1992 году было прынятае рашэньне пра знос помніка архітэктуры з тым, каб узнавіць яго нанова. Сёньня ў ізноў адбудаваным будынку знаходзіцца Акадэмія навук Рэспублікі Саха (Якутыя).





                                                           АРХІРЭЙСКІЯ  ПАКОІ
    Будаўніцтва пачалося ў 1912 году з закладкі магутнага істужачнага падмурка на тэрыторыі Спаскага манастыра. Была падрыхтавана траншэя больш за паўтарамэтровай шырыні і двухмэтровай глыбіні, у якую заклалі і залілі цэмэнтавым растворам падмурак з бутавага каменя. У чэрвені 1915 г. было пачата будаўніцтва будынка, але дабудавалі яго толькі ў 1924 году, ужо пры новай уладзе. Адпаведна заняты ён быў ўжо дзяржустановай, а менавіта туды пераехаў з будынка бібліятэкі краязнаўчы музэй.
    Будынак цагляны, двухпавярховы, прастакутнай формы з невялікімі выступамі з трох бакоў. Уваход быў адзначаны стрэшкам ганка, зробленым у выглядзе крыжовага скляпеньня, якое абапіраецца на чатыры магутных слупы. Цяпер скляпеньня няма, як няма і дэкору, хоць у праекце Ляшэвіча ён прадугледжваўся.
    У 1928 г. тут адкрылася мастацкая галерэя, а ў 1959 г. выстава “Бальшавікі ў Якуцкай ссылцы”. У 1970-1972 гг. ўсярэдзіне будынка была змантаваная прылада для замарожваньня грунту. Цяпер у ім Якуцкі дзяржаўны аб’яднаны музэй гісторыі і культуры народаў Поўначы імя Е. Яраслаўскага.



                                                    
                                                              ЯКУЦКІ  КАМІНАК




     Камінак - адна з галоўных частак якуцкай юрты. Ён не толькі ратуе ад холаду, але згодна народным павер’ям, зьяўляецца захавальнікам сямейнага дабрабыту, валодае магічнай сілай. Камінак уяўляе сабою трубу, зьлёгку нахіленую назад. Ягоная аснова зробленая з доўгіх, не асабліва тоўстых жэрдак, злучаных ракітнікам або ўладаваныя ўгары, над дахам, і ўнізе, над жаралом каміна, у драўляныя моцныя рамы. Усярэдзіне камінак увесь вышмараваны тоўстым пластом гліны Якуцкія камінкі ў адрозьненьне ад рускіх печаў пражэрлівыя, бо тапілі ў зімовы час увесь дзень.
    Слабым бокам якуцкіх камінкаў была пажарная небясьпека: асноўным стрыжням іхняй асновы былі жэрдкі, якія ўзгараліся пры эксплуатацыі.
    Па ініцыятыве губэрнатара І. Крафта 21 студзеня 1912 г. адбылося пашыранае паседжаньне Абласнога праўленьня, якое абмеркавала адмысловае пытаньне: “Пра ўладкаваньне якуцкага жыльля ў пазьбяганьне няшчасных выпадкаў”. У сваім выступе губэрнатар паказаў, што асноўным чыньнікам масавых пажараў зьяўляецца недасканаласьць канструкцыі якуцкіх печаў. У той жа час ён адзначыў, што “якуцкія камінкі зьяўляюцца незаменнымі, так як даюць цяпло, сьвятло і зьнішчаюць хваробатворныя мікробы ды выцягваюць смурод”. 22 сакавіка 1912 г. губэрнатар падпісаў загад, дзе рэкамэндаваў камінкі замяніць “бітымі камінкамі”, г.зн. рабіць іх з гліны, без драўлянага асновы.
    Да загада прыкладаўся чарцёж “бітага каміна” з адмысловай засаўкай, які быў накрэсьлены К. Ляшэвічам і зацьверджаны губэрнатарам.

                                              ГАРАДЗКАЯ  ЖАНОЧАЯ  ГІМНАЗІЯ



                                                       ЯКУЦКІ  ТУРЭМНЫ  ЗАМАК




                                                                ЯКУЦКІ  ТЭЛЕГАФ
    Будынак тэлеграфу, які плянавалі пабудаваць на скрыжаваньні сучасных вуліц Бялінскага і Пятроўскага, дзе цяпер бібліятэка УЛК ЯДУ.
                                                 ЯКУЦКАЕ  АБЛАСНОЕ  ПРАЎЛЕНЬНЕ
    Стары драўляны будынак Абласнога праўленьня згарэў 5 траўня 1916 г., а новы каменны па распрацаванаму Ляшэвічам праекту, ня быў пабудаваны.

    Творы:
    Калориферы комнатные. // Зодчий. СПб. 1876. Л. 56.
    Привилегированный мусоросжигатель в России и главных государствах Европы. СПб. 1893. 15 с.
    Петербургское общество архитекторов. СПб:
    Комнатные калориферы. Вып. 2. 1873;
    Графический метод определения продольных напряжений частей стропильных ферм. Вып. 6. 1874;
    Способ восстановления правильного действия печей. Вып. 2. 1875;
    Комнатные калориферы из пустотелого кирпича. Вып. 10-12. 1876;
    Водяное отопление низкого давления, действующее отдельно и вместе с топкою кухонного очага в каждой квартире. Вып. 11-12. 1877.

    Літаратура:
    Адрес-Календарь Нижегородской губернии на 1890 год. С. 86.
    Краткий исторический очерк пятидесятилетия Института гражданских инженеров, бывшего Строительного училища. 1842-17 дек. 1892. СПб. 1892. С. 66, 113.
    Барановский Г. В.  Юбилейный сборник сведений о деятельности бывших воспитанников Института гражданских инженеров (Строительного училища). 1842-1892. Вып. 2. СПб. 1893. С. 193-194.
    Альбом участников Всероссийской Промышленной и Художественной Выставки в Нижнем Новгороде 1896 г. Часть 2. Отдел 19. Народное образование. Подотдел санитарно-гигиенический. Группа 210. Класс 653. Дезинфекционные снаряды и средства. С.-Петербург. 1896. Стр. 141.
    Тюремный вестник. 1903. С. 781.
    Петров П. П.  Города Якутии 1861-1917 гг. (Социально-экономический очерк истории). Якутск. 1990. С. 106-111.
    Якутск в былые годы... (XVII-XIX вв.). Фотографии, рисунки. Сост. Д. К. Сивцев. Якутск. 1992. С. 43-45.
    Арбугин Я. Проекты Лешевича. // Якутия. Якутск. 3 июня 1999. С. 4.
    Петров П. П.  Памятные места города Якутска, связанные с именами поляков. // Якутский архив. Якутск. № 2. 2001. С. 45.
    Губернатор Крафт – талантливый организатор и ученый. // Бубякин Д.  Мой Якутск – краса и гордость Туймаады (очерки, публицистика, статьи, корреспонденции, репортажи, интервью). Якутск. 2002. С. 24-25.
    Павлов А. А.  Губернатор И. И. Крафт. Якутск. 2004. 176.
    Степанова Е.  Русский стиль Якутска. // Якутия. Якутск. 29 октября 2004.
    Павлов А. А.  “Крафтовские камельки”. // Якутский архив. Якутск. № 4. 2005. С. С. 122-123.
    Архивы России о Якутии. Выпуск 1. Фонды Государственного архива Иркутской области о Якутии. Справочник. Отв. ред. проф. П. Л. Казарян. Якутск 2006. С. 94, 203.
    Тишина Т. П.  Роль православного искусства в становлении изобразительного искусства Якутии. // На службе Богу и якутскому народу. Материалы православных конференций, проходивших в Якутске: «Митрополит Московский и Коломенский Иннокентий (Вениаминов)» в 1997 г., «Христианство в судьбах народов Якутии» в 2000 г., «На службе Богу и якутскому народу» в 2005 г. Якутск. 2006. С. 60.
    Дмитриев В.  Архитектор Лешевич, губернский зодчий. // Молодежь Якутии. Якутск. 2 марта 2007. С. 8-9.
    Петров П. П.  Градостроительство и архитектура Якутска (вторая половина XVIII – начало ХХ в.): обзор документальных материалов НА РС(Я). // Якутский архив. Якутск. № 2. 2007. С. 33-34.
    Лешевич Клементий Адамович. // Энциклопедия Якутии. Т. 2. Якутск. 2007. С. 595.
    Историко-культурный атлас Якутия. Природа. История. Этнография. Современность. /Отпечатано в Венгрии/. Москва. 2007. С. 277, 783, 865.
    Яковлев Э.  От паровой водокачки до современной системы водозабора. // Якутия. Якутск. 28 мая 2008. С. 4.
    Саввинов И.  Союз архитекторов: они были первыми. // Якутия. Якутск. 26 февраля 2009.
    Баркоўскі А.  Якуцкі архітэктар Ляшэвіч. // Краязнаўчая газэта. Мінск. № 18. Май. 2009. С. 3.
    Петров П. П.  Новый документ к биографии губернатора И. И. Крафта. // Якутский архив. Якутск. № 3. 2010. С. 76.
    Ноговицина Е.  Кто вы, господин Лешевич? // Якутия. Якутск. 2011. С. 3.
    Айталіна Дойлід-Тардоха,
    Койданава.