среда, 14 мая 2014 г.

Наіна Эльцына. Лекар Абрамовіч. Койданава. "Кальвіна". 2014.




                                                             ЛЕКАР  АБРАМОВІЧ


    Эміль [Эмілій] Абрамавіч Абрамовіч [мянушкі Белин, Белый сапожник] - нарадзіўся 10 чэрвеня [ліпень] 1864 г. ў губэрнскім месьце Гародня Расійскай імпэрыі у габрэйскай сям’і зубнога лекара.
    У 1882 г. скончыў курс Гарадзенскай гімназіі. Вучыўся на мэдычным факультэце Парыжскага ўнівэрсытэта [Сарбона] ва Францыі, дзе пазнаёміўся з літаратурай групы “Вызваленьне працы”. У 1884 г. паступіў на мэдыцынскі факультэт Дэрпцкага (Юр’еўскага) ўнівэрсытэта ў Ліфляндзкай губэрні Расійскай імпэрыі [цяпер Тартускі ўнівэрсытэт у Эстоніі], дзе ўвайшоў у гурток доктара Лесьніка.
    У 1884-1888 гг. кожнае лета прыяжджаў у Менск, дзе жылі ягоныя сваякі, займаўся арганізацыяй рабочых кружкоў, для якіх склаў праграму заняткаў, якая пратрывала ў гуртках Паўночна-Заходняга краю больш за 10 гадоў да БУНДа. У 1886-1887 гг арганізаваў гурток вучняў у Вільні.
    У 1888 г. Эміль скончыў ўнівэрсытэт і на пачатку 1889 г., пераехаўшы ў Кіеў, зрабіўся арганізатарам і кіраўніком першай сацыял-дэмакратычнай арганізацыі на поўдні Расійскай імпэрыі. Разам са сваім сябрам Ш. Берковічам, пры дапамозе рабочага Яна Кіслянскага, завёў знаёмствы са слюсарамі чыгуначных майстэрань, арганізаваў бібліятэку, кассу і вёў прапаганду па праграме, якую выпрацавала група Благоева. Арганізацыя Абрамовіча мела сувязі з Нежынам [павятовы горад Чарнігаўскай губэрні], Менскам. Казаньню і іншымі гарадамі, абменьваліся з імі літаратурай. Дзякуючы правакатару Забрамскаму ды паказаньням арыштаваных студэнтаў Гарба і Флерова, у 1889 г. арганізацыя Абрамовіча была разгромлена. У ліпені 1889 г. ад Іркуцкага генэрал-губэрнатарам была атрымана наступная тэлеграма: “тав. Міністра Шыбека тэлеграфуе: дазнаньнем, узбуджаным у Кіеве аб лекары Эмілю Абрамовічу устаноўлена крымінальная перапіска яго з Ёселем Рэзьнікам, які знаходзіцца ў Якуцку”.
    Арыштаваны Абрамовіч быў Друскеніках і найвышэйшым загадам ад 18 красавіка 1890 г. падвергнуты турэмнаму зьняволеньню ў Пецярбургскіх “Крыжах” на два гады. Пад ягоным ўзьдзеяньнем зрабіўся сацыял-дэмакратам Ювенілій Мельнікаў, што сядзеў разам з ім у “Крыжах”, які потым стаў кіраўніком Кіеўскай с.-д арганізацыі.
    Па заканчэньні тэрміну турэмнага зьняволеньня у красавіку 1892 г. Абрамовіч быў адпраўлены з Пецярбурга ва Ўсходнюю Сыбір Сыбір на 4 гады. Іркуцкім генэрал-губэрнатарам 4 чэрвеня 1892 г. быў прызначаны на пасяленьне ў акруговы г. Верхаянск Якуцкай вобласьці. 28 верасьня 1892 г. ён быў перапрызначаны у г. Сярэдне-Калымск Якуцкай вобласьці, а 18 студзеня 1893 г. у г. Алёкмінск Якуцкай вобласьці.
    2 чэрвеня 1893 года быў дастаўлены ў Алёкмінск і паселены у горадзе. Атрымоўваў казённую дапамогу. Без дазволу ўлад займаўся лячэньнем гараджан і сялян навакольных сёлаў. З прычыны адсутнасьці ў акрузе кваліфікаваных лекараў і па хадайніцтве якуцкага абласнога мэдыцынскага інспэктара ад 1 кастрычніка 1893 г. якуцкі губэрнатар 8 лістапада 1893 г. зьвярнуўся да іркуцкага генэрал-губэрнатара з прапановай прасіць Міністэрства ўнутраных спраў дазволіць яму займацца мэдыцынскай практыкай. Дазвол быў атрыманы 15 студзеня 1894 г. са спыненьнем выдачы казённай дапамогі. Удзельнічаў у ліквідацыі эпідэміі тыфусу ў 1894-1895 гг. у Алёкмінску.
    Тэрмін ссылкі Абрамовіча скончыўся 18 красавіка 1896 г. Пастановай міністра ўнутраных спраў ад 18 сакавіка 1896 г. тэрмін галоснага нагляду паліцыі быў падоўжаны на год, па 18 красавіка 1897 г., з дазволам пераехаць у г. Менск.
    26 траўня 1896 г. выехаў з Алёкмінска ў Менск, куды прыбыў 28 жніўня 1896 г. У кастрычніку 1896 г. пераехаў на жыхарства ў г. Смаленск, дзе скончыўся тэрмін галоснага нагляду але працягваўся 2-гадовы негалосны нагляд паліцыі.
    У жніўні 1897 г. выехаў у Кірэнскі павет Іркуцкай губэрні, дзе працаваў лекарам на залатых капальнях.
    У 1903 (4) годзе пераехаў у Саратаў. дзе працягваў рэвалюцыйную дзейнасьць у сацыял-дэмакратычных арганізацыях, далучыўшыся да меншавікоў. У 1910-х гг. у лістах да сяброў пэсымістычна ацэньваў пэрспэктывы расейскага габрэйства. Пад час падзей на Ленскіх капальнях Абрамовіч жыў у Кацярынаславе, але за выкрывальны артыкул [Жертвам золота. // Невская Звезда. № 4. 1912 г.], пра умовы жыцьця працоўных на капальнях, якія ён добра ведаў, быў арыштаваны ў 1912 г. і сасланы ў Заходнюю Сыбір.
    У 1915-1917 гг. жыў і працаваў у бальніцы сяла Капцэва Яраслаўскай губэрні і падзяляў погляды антыабаронцаў. З 1918 г. жыў у Саратаве дзе быў чальцом мясцовай меншавіцкай арганізацыі. Памёр 4 красавіка 1922 г.
    Літаратура:
    Бухбиндер Н. А.  Еврейское революционные кружки 80-х и начала 90-х гг. // Еврейская летопись. Сб. 1. Петроград – Москва. 1923. С. 53
    Кротов М. А.  Якутская ссылка 70-80-х годов. Исторический очерк по неизданным архивным материалам. Москва. 1925. С. 212.
    Абрамович. Эмилий Абрамович. // Деятели революционного движения в России. Био-библиографический словарь. Т. V. Социал-демократы. Выпуск I. Москва. 1931. Стлб. 5-7.
    Абрамовіч Эміль Абрамавіч. // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. І. Мінск. 1969. С. 35.
    Грицкевич В. П.  С факелом Гиппократа. Из истории белорусской медицины. Минск. 1987. С. 232, 267.
    Охлопков В. Е.  История политической ссылки в Якутии. Кн. 2. (1895-1917). Ч. 1. Революционеры пролетарского этапа вЯкутской ссылке. Якутск 1990. С. 24-31.
    Біч М. В., Ігнатовіч Ф. І.  Абрамовіч Эміль Абрамавіч. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах. Т. 1. Мінск. 1993. С. 19.
    Багдановіч А. Я.  да гісторыі партыі “Народная воля” ў Мінску і Беларусі (1880-1892). // Маладосьць. № 11. Мінск. 1995. С. 224, 239.
    Багдановіч А. Я.  да гісторыі партыі “Народная воля” ў Мінску і Беларусі (1880-1892). // Маладосьць. № 12. Мінск. 1995. С. 221-222.
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Якутск. 1995. С. 108. 148-150, 184, 192, 260-261, 466.
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Изд. 2-е дополненное. Якутск. 1996. С. 108. 148-150, 184, 192, 260-261, 466.
    Біч М. В., Ігнатовіч Ф. І.  Абрамовіч Эміль Абрамавіч. // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 1. Мінск. 1996. С. 38.
    Иоффе Э. Г.  Страницы истории евреев Беларуси. Краткий научно-популярный очерк. Минск. 1996. С. 224.
    Ермоленко В. А., Черепица В. Н.  400 имен: жизнеописание видных деятелей истории и культуры Гродненщины (с древнейших времен до начала ХХ века). Гродно. 2014. С. 340.
    Наіна Эльцына,
    Койданава.