воскресенье, 11 мая 2014 г.

Ія Асфальт. Навуковец Брук. Койданава. "Кальвіна". 2014.





                                                              НАВУКОВЕЦ  БРУК



    Саламон Ільіч Брук - нарадзіўся 1 ліпеня 1920 г. ва вуездным месьце Рагачоў Гомельскай губэрні РСФСР. [3 сакавіка 1924 вуезд як раён увайшоў у склад БССР, ад 17 ліпеня 1924 г. раён у складзе Бабруйскай акругі, ад 15 студзеня 1938 г. у Гомельскай вобласьці БССР.]
    Я нарадзіўся дзесьці напачатку 1921 г. А паколькі гэта адбылося падчас польскай акупацыі, то дакладнай даты і нават месцы нараджэньня я не ведаю. Хоць па пашпарце я нарадзіўся 3 лютага 1920 г. Калі заканчваў школу, выявілася, што мяне могуць не прыняць ва ўнівэрсытэт. Прыйшлося ісьці вызначаць узрост па вонкавым выглядзе, як гэта тады звалася. Мне паставілі 1920 год нараджэньня, хоць насамрэч я нарадзіўся напачатку 1921 г. у Беларусі. Там я пражыў да 1937 г. Памятаю калектывізацыю і яе наступствы, а менавіта голад. Нам прыйшлося стаяць у чэргі па начах, каб атрымаць баханку хлеба, выпечанага з жыта і бульбачкі. Гэта вельмі нясмачна. А ў нас была вялікая сям'я - сямёра дзяцей. Але самае жудаснае ўражаньне на мяне вырабіў 1933 г. Падчас страшнага голаду натоўпамі паваліў народ з Украіны. Ішлі гутаркі, і мы, маленькія дзеці, ведалі, што былі выпадкі, калі ўцекачы займаліся людаедзтвам, вар’яцелі, і што іх варта сьцерагчыся, таму што яны ўжо не ў сабе. Усё гэта вырабіла на мяне жудаснае ўражаньне. Сям'я наша была бедная, мы жылі ў мястэчку Рагачове, зараз гэта невялікае мястэчка. Бацька працаваў шапачнікам, г. зн. шыў шапкі. Ён павінен быў шыць шапкі толькі на замову, і нас кожныя два-тры тыдні правяралі, ці шые ён на замову ці ж прадае апроч яе. Адзін раз правяральныя ўбачылі, што з валізкі вылазіць нейкая скурка. Там апынуўся каўнер з абшэўкамі з казьліны. Увогуле, глупства. Але бацьку пасадзілі тыдні на два. І ён сядзеў некалькі разоў па два-тры тыдні. А тады ўсякая пасадка была злучана з пазбаўленьнем правоў. Такія людзі аб’яўляліся лішэнцамі. А адпаведна і іх дзеці гублялі правы на паступленьне ў інстытут ды інш. Ва ўсякім разе, ніякіх асуджанасьцяў у бацькі не было. Час быў зусім жудасны. У 1937 г. я датэрмінова скончыў школу ў Рагачове. Тут былі дзьве беларускія школы, адна руская і адна габрэйская. Але я, вядома, у габрэйскую школу ісьці не жадаў. Хацеў толькі ў рускую, а туды ўжо ў 1927-1928 гг. патрапіць маглі толькі дзеці намэнклятуры. Яны ішлі ў рускія школы. Таму я патрапіў у беларускую. Дарэчы, я рускую мову ніколі не вывучаў. Тады змагаліся з палянізмамі, і беларуская паступова ператваралася ў рускую, хоць яна вельмі блізкая да польскай мовы. Беларускай я валодаю вольна. Ужо тады мы, дзеці, разумелі, што ў рускую школу можа патрапіць толькі сын работніка райвыканкама, г. зн. усе “правераныя” беларусы. Дзеці “другога гатунку” ішлі ў беларускія школы. Справа ў тым, што ў першым клясе я не вучыўся. Старэйшы брат пайшоў у другі кляс, і я сядзеў разам з ім. Настаўніца выганяла мяне, а я залазіў у акно. Яна задавала вучням пытаньні, і на іх на ўсё адказваў я. Урэшце, са мной зьмірыліся і пакінулі ў школе. Так на год раней я скончыў школу і вырашыў паступаць ва ўнівэрсытэт на геаграфічны факультэт. Праўда, у мяне ў школе была выдатная настаўніца геаграфіі, не то ўнучка, не то блізкая сваячка знакамітага географа А. П. Федчанкі, яго імем названы ляднік. Яна настолькі бліскуча выкладала, што мне захацелася ісьці на геаграфічны факультэт. Я паслаў дакумэнты, і мяне прынялі ў Маскоўскі ўнівэрсытэт без іспытаў. Тым больш, што тады там быў недабор. У вайну я ваяваў у кавалерыйскай дывізіі. Пачаў з камандзіра ўзвода і потым быў прызначаны начальнікам выведкі артылерыі дывізіі, улічваючы мае веды артылерыі. Праслужыўшы два з паловай гады на фронце, атрымаў чатыры ордэны і адзін мэдаль”.
    Скончыў Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя М. Ламаносава (1947). З 1956 у Інстытуце этналёгіі і антрапалёгіі Расійскай АН. Распрацаваў тэарэтычныя прынцыпы, мэтады і спосабы этнічнага картаграфаваньня. Доктар геаграфічных навук (1965), прафэсар (1971). Заслужаны дзеяч навукі Расіі (1980). Прэмія імя М. Міклуха-Маклая РАН (1963). Дзяржаўная прэмія СССР 1987. Чл.-кар. АН СССР (1987). Дзяржаўная прэмія РФ (2001, пасьмертна).
    У ягоных працах скарыстаныя дадзеныя як народаў, якія насяляюць Беларусь, гэтак і народаў, якія насяляюць Якутыю.
    Асноўныя працы па этнічнай геаграфіі і краіназнаўстве: ”Количество и расселение народов мира” (1962), “Население земного шара” (1965), “Страны и народы: Земля и человечество” (1978. У сааўт.), “Проблеммы Этнической географии и картографии” (1978. У сааўт.), “Население мира: Этнодемографический справочник” (1986. 2-е выд.).
    Памёр у 1996 годзе ў Маскве
    Літаратура:
    Брук Саламон Ільіч. // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т 3. Мінск. 1996. С. 265.
    Ія Асфальт,
    Койданава.