суббота, 3 мая 2014 г.

Антон Крыж. Сьвятар Мікалай Мірановіч. Койданава. "Кальвіна". 2014.




                                                  СЬВЯТАР МІКАЛАЙ МІРАНОВІЧ
     У 1900 г. ягоныя бацькі пераехалі у вёску Сядзельнікі Ваўкавыскага павета Гарадзенскай губэрні, дзе Мікалай пачаў дапамагаць свайму бацьку ў богаслужэньні ў мясцовай царкве, напачатку ў алтары, а потым і на клірасе, бо меў добры слых і голас.
    Напачатку 1907 г. Мікалай моцна захварэў, ды і ўвогуле рос вельмі хваравітым, таму ягоная маці адправілася ў Санкт-Пецярбург да Іаана Кранштацкага, які, нібыта, параіў ёй зьвярнуцца да цудатворнай абраза Боскай Маці на сваёй радзіме і тая зьдзейсьніла пілігрымку 15 сакавіка 1907 г. ў манастыр на Яснай гары да цудатворнага абраза Маці Боскай Чэнстахоўскай, што дало выздараўленьне сыну. /Па іншым крыніцам – невядома да якога абраза Маці Боскай яна зьвярнулася, бо дзіўна, чаму праваслаўны цудатворац параіў зьвярнуцца да каталіцкай цудатворнай/
    У 1908 годзе ягоныя бацькі атабарыліся ў м. Лужкі Віленскай губэрні побач з Глыбокім, дзе бацька Мікалая пачаў служыць настаяцелем царквы Нараджэньня Божай Маці, а Мікалая ж адправілі ў Вільню, дзе ў Катэдральным саборы служыў  ягоны хросны протаіерэй Лука Іванавіч Смактуновіч, у сям’і якога ён пражыў да 1910 года, а потым паступіў у Віленскае духоўнае вучылішча. Разам з тым Мірановіч, па свайму ўласнаму жаданьню, наведваў антыкаталіцкія місіянэрскія курсы, якімі кіраваў Лука Смактуновіч, якія былі адкрытыя ў эпархіі па бласлаўленьню сьвяціцеля Агафангела (Прэабражэнскага), эпіскапа Літоўскага і Віленскага, які быў на Літоўскай і Віленскай катэдры з 13 жніўня 1910 г. па 22 сьнежня 1913 г., для усіх жадаючых.
    1 жніўня 1914 г. пачалася І Усясьветная вайна. Па указу Сьвяцейшага Сынода ад 26 лістапада 1914 г. усім навучэнцам сярэдніх і вышэйшых духоўных школ была прадстаўлена адтэрміноўка ад службы ў войску і Мікалай у 1915 г. паступае, па заканчэньні духоўнага вучылішча, у Літоўскую духоўную сэмінарыю, якая была разьмешчаная ў Сьвята-Духаўскім манастыры, дзе рэктарам і настаяцелем Віленскага Сьвята-Траецкага манастыра з 1912 г. па студзень 1917 г быў архімандрыт Лаўрэнцій (Князеў), будучы эпіскап Балахнінскі. Але з набліжэньнем фронту ў верасьні 1915 г. выхаванцы Літоўскай сэмінарыі, разам з інспэктарам В. Баглановічам ды выкладчыкамі, былі эвакуіраваны ў Разань, дзе ім, па рашэньню Сьв. Сынода, быў перададзены пад жытло ды вучобу будынак былога Гаўрыілаўскага прытулку.
    У сьнежні 1917 г. рэвалюцыйныя ўлады абвясьцілі аб закрыцьці Літоўскай сэмінарыі ды канфіскацыі прытулку. Але Мікалай пасьпеў экстэрнам скончыць усе пяць клясаў сэмінарыі і паступіў на мэдычны факультэт Беластоцкага унівэрсытэта, але з-за галадоўлі ўвесну 1918 г. зьехаў да бацькоў у Лужкі.
    Калі ў траўні 1918 г. ягоны бацька атрымаў прызначэньне ў Сьвята-Траецкую царкву ў м. Раманава-Нікольскае /Казяны/ Новааляксандраўскага павета Ковенскай губэрні, Мікалай адправіўся туды разам з ім і уладкаваўся псаломшчыкам. З кастрычніка 1918 г. ён яшчэ пачаў выкладаць у мясцовай сельскай школе, дзе пазнаёміўся з настаўніцай Лідзіяй Грыдзюшка ды пабраўся з ёй шлюбам, ад якой нарадзіліся сыны: Лявонцій (28 траўня 1920), Алег (1923), Расьціслаў (1926) ды Уладзімер (1929).
    У сакавіку 1920 г. Мікалай з жонкай пераехаў ў Лужкі да маці ды ўладкаваўся настаўнікам у Першую працоўную школу.
    8 кастрычніка 1920 г. Люцыян Жэлігоўскі, ураджэнец м. Ашмяны Віленскай губэрні, па загадзе Ю. Пілсудскага падняў т. н. “бунт” 1-й літоўска-беларускай дывізіі супраць перадачы Вільні і Віленскага краю Летуве і заняў Вільню. 12 кастрычніка 1920 г. ён абвясьціў пра стварэньне Сярэдняй Літвы. 18 сакавіка 1921 г. паміж РСФСР, УССР і Польшчай была падпісаная Рыская мірная дамова, паводле якой ў складзе Речпаспаліта Польска засталіся так званыя Заходняя Беларусь ды Заходняя Ўкраіна. Таксама, 24 сакавіка 1921 г., пад эгідай Лігі Нацый быў праведзены плебісцыт у выніку чаго Польшча атрымала новае Віленскае ваяводзтва, усе паветы якога былі населены беларусамі.
    Напачатку 1921 г. Мікалай Мірановіч зьдзейсьніў паломніцтва ва Ўсьпенскую Пачаеўскую ляўру, дзе пасьля малітвы і споведзі вырашыў прыняць дыяканскі сан. 15 чэрвеня 1921 г. Мікалай аб сваім пасьвячэньні падаў прашэньне архіяпіскапу Ковенскаму Элеўтэрыю (Багаяўленскаму), які зьдзейсьніў яму дыяканскую хіратонію ды прызначыў яго на службу ў Лужкі Дзісенскага павету Віленскага ваяводзтва. 14 кастрычніка 1922 г. архіяпіскап Элеўтэрый, за русафобскую дзейнасьць, быў арыштаваны ды высланы за межы Польшчы, таму ён пасяліўся ў Каўнасе ў Летуве.
    У 1924 г. у Польшчы, пры падтрымцы Канстантынопаля, была ўтвораная Польская аўтакефальная праваслаўная царква і ўсім праваслаўным сьвятарам было прапанавана перайсьці ў новую юрысдыкцыю або выйсьці за штат. Мікалай Мірановіч напісаў прашэньне аб ягоным пераводзе ў новую юрысдыкцыю.
    У 1925 г. а. Мікалай быў пераведзены ў Мікалаеўскую саборную царкву ў Паставах ды прызначаны законавучыцелем ў школу вёскі Курапольле, а затым ў 1930 г. яго перамясьцілі ў царкву м. Смаргоні. З 1932 г. ён ужо ў сане протадыякана служыў у Маладзечне.
    У 1936 г. а. Мікалай, пасьля здачы іспытаў перад камісіяй пры Палескай духоўнай кансысторыі, быў пасьвечаны ў сан іерэя архіепіскапам Палескім і Пінскім Аляксандрам (Іназемцавым). Ягоны бацька калі пачуў пра гэта, то перадаў яму сямейную рэліквію – срэбны крыж, які перадаваўся ў сям’і з часоў Паўлы І.
    Служэньне а. Мікалай распачаў у царкве в. Цяляцічы Берасьцейскага павета, дзе яму, ў якасьці псаломшчыка, пачаў дапамагаць сын Лявонцій, які скончыў Віленскую духоўную сэмінарыю ды школу псаломшчыкаў пры Яблачынскім манастыры сьвятога Ануфрыя на Холмшчыне. /Лявонцій ў 1940 г. пабраўся шлюбам з Зінаідай Данілюк, а 2 красавіка 1944 г. быў пасьвечаны ў дыяканы ды праз два гады пераведзены ў Мікольскі сабор Беластока, дзе і служыў протадыяканам да сваёй сьмерці ў 1983 годзе./
    Пасьля нападу 1 верасьня 1939 г. Нямеччыны на Польшчу, а. Мірановіч быў пакліканы ў войска. 5 верасьня яго, разам з іншым навабранцамі, адправілі ў Бярэсьце, але па дарозе іхні цягнік патрапіў пад бамбёжку нямецкіх самалётаў на станцыі Чаромха і ён атрымаў моцную кантузію. У Беластоку яму аказалі мэдычную дапамогу ды затым адправілі ў вайсковы шпіталь Вільні.
    17 верасьня Саветы напала на Польшчу і Вільня 10 кастрычніка 1939 г. адышла да Летувіскай рэспублікі. У Вільнюс вярнуўся мітрапаліт Віленскі і Літоўскі Элеўтэрый, якога прызначылі галавою ўсіх праваслаўных прыходаў маскоўскай патрыярхіі ў Летуве ды Эстоніі. Мікалай Мірановіч падаў яму прашэньне аб сваім пераходзе ў Літоўскую праваслаўную царкву і быў прызначаны на пасаду ключара Прачысьценскага Дрэўлемітропалітарнага сабора, а ў лістападзе настаяцелем патрыяршай Кацярынінскай царквы ў Вільнюсе, дзе ён служыў да жніўня 1942 года. Таксама ў ягонай пастарскай апецы знаходзіліся вёскі, якія не мелі цэркваў, як то: Новыя Сьвянцяны, Старыя Сьвянцяны ды Падбродзьдзе.
    15 чэрвеня РСЧА ўвайшла ў Прыбалтыку і далучыла яе да СССР. З БССР да Мірановіча прыехала Марфа Сьцяпанаўна Анісімава, нянька ягоных дзетак, ды паведаміла, што ягоная жонка, што засталася ў БССР, сышлася з іншым мужчынам, былым ягоным таварышам, з-за чаго Мікалай вырашыў сысьці ў манастыр.
    Пакуль ішоў шлюбаразводны працэс нечакана 31 сьнежня 1940 г. сканаў мітрапаліт Элеўфрэцый і на яго месца мітрапалітам Віленскім і Літоўскім 24 лютага 1941 г. быў прызначаны ад Маскоўскай Патрыяршыі архіепіскап Дзьмітраўскі Сергій (Васкрасенскі), які праз месяц зрабіўся і экзархам Латвіі ды Эстоніі з сядзібай ў Рызе.
    22 чэрвеня 1941 г. Нямеччына напала на СССР і ужо на наступны дзень войскі Вэрмахта ўвайшлі ў Вільню. Вайна застала Мірановіча ў м. Сьвянцяны-Старыя і толькі праз месяц ён прыехаў у Вільню. Там ён дачакаўся прыезду з Рыгі мітрапаліта Сергія і пачаў з ім весьці перагаворы аб сыходзе у манастыр ды падаў яму прашэньне аб разводзе з жонкаю. Разам з тым ён заставаўся служыць ў Вільне ў Кацярынінскай царкве, выступаючы з пропаведзямі супраць савецкай улады.

    Мітрапаліт Сергій напачатку заснаваў “Унутраную праваслаўную місію ў Латвіі і Літве” дзеля абслугоўваньня духоўных патрэбаў бежанцаў, параненых і ваеннапалонных на чале з Кірылам Зайц. У сярэдзіне жніўня 1941 г. з дазволу Райхскамісарыяту Сергій  заснаваў “Зьнешнюю Праваслаўную місію ў вызваленых абласьцях Расеі” на чале з протаіерэем Мікалаем Каліберскім.
    Напачатку 1942 г. благачынны Віленскай акругі протаіерэй Ігнацій Ярмалюк перадаў а. Мікалаю ад мітрапаліта Сергія настойлівую прапанову, пакуль ідзе шлюбаразводны працэс, перайсьці на працу ў “Праваслаўную місію ў вызваленых абласьцях Расеі”. Таму 8 жніўня Мікалай выехаў ў Рыгу а адтуль, 10 жніўня, у места Востраў, што знаходзілася ў 55 км на поўдзень ад Пскова, другім сьвятаром.
    13 жніўня 1942 г. Мірановіч, прыбыўшы на месца, пасяліўся ў царкоўным доме протаіерэя Аляксея Ёнава. Вёў службу ў Траецкім саборы да абслугоўваў цэрквы Астраўской благачыннай акругі, часта наведваў вёскі: Яліны, Дубкі, Грывы, Барыса-Глебск, Пупарава, Кухна, Сінскае-Вусьце, Варанцова ды Немоева. У іх ён зьдзяйсьняў неабходныя богаслужэньні, а таксама прымаў удзел у заснаваньні як саміх царкоўных абшчын, так і ў правядзеньні ў іх царкоўных сходаў, вывучэньні высноў праваслаўнай веры.
    Неўзабаве протаіерэй Аляксей Ёнаў абвінаваціў Мірановіча ў агітацыі сярод прыхаджан аб адкрыцьці яшчэ аднаго ў Востраве прыхода у Казанскай царкве былога Сіманскага манастыра, заснаваньні пры ёй манастырскай абшчыны ды дзяленьні ад яго. Таму Мірановіча напярэдадні Вялікадня 1943 года для тлумачэньня ўчынку выклікаў у Пскоў да сябе мітрапаліт Сергій.
    Мірановіч прыняў удзел у велікоднай службе ў Пскоўскім саборы, Хросным ходзе ды трапэзе ў Крамлі, дзе знаходзілася Кіраваньне Місіі. А на заўтра о. Мікалай, разам з пратапрэсьвітэрам о. Кірылам Зайц і начальнікам канцылярыі протаіерэем Жундай наведаў лягер № 372 для палонных чырвонаармейцаў, які месьціўся на ўскраіне Пскова, каб адслужыць сьвяточную літургію.
    Добразычлівасьць мітрапаліта была атрыманая і неўзабаве царква ў гонар Казанскай іконы Божай Маці была асьвечаная, а 28 красавіка 1943 года протаіерэй Аляксей Ёнаў быў пераведзены благачынным Гдоўскай акругі. Да прыезду навага благачыннага Мікалая Жунды, абавязкі благачыннага пачаў выконваў о. Мікалай.
    У чэрвені 1943 года з Дноўскай благачыннай акругі была вылучаная Порхаўская акруга, якая павінна была абслугоўваць Порхааўскі, Пажэрэвіцкі ды Слаўкавічэскі раёны. Благачынным новай акругі быў прызначаны Мікалай Мірановіч.
    Па прыбыцьці у г. Порхаў а. Мікалай пасяліўся ў былым царкоўным доме, які яму выдзеліла нямецкае камандаваньне. Ён наведаў вёскі: Падкліньне, Бельскае Вусьце, Дуброўна ды сяло Слаўкавічы.
    Па прыбыцьці протаіерэя Мікалая ў места Порхаў нямецкае камандаваньне выдзеліла яму былы царкоўны дом, у якім ён і пасяліўся. Мірановіч па справах службы наведаў сёлы: Падакліньне, Бельскае Вусьце, Дуброўна ды Слаўкавічы.
    15 жніўня 1943 г. а. Мікалай выехаў у Пскоў на сьвяткаваньне другіх угодкаў заснаваньня Місіі, дзе ён быў узнагароджаны срэбным ордэнам Місіі. Там жа мітрапаліт Сергій паабяцаў Мірановічу, калі ён яшчэ не перадумаў, адправіць у Пскова-Пячорскі манастыр.
    26 жніўня 1943 г. а. Мікалай выехаў з Вострава са сваімі рэчамі ў Пскова-Пячорскі манастыр, і па прыбыцьці туды атрымаў ад настаяцеля манастыра а. Паўла Гаршкова кельлю.
    29-30 жніўня 1943 года мітрапаліт Сергій правеў у манастыры архірэйскі сход, ў якім прынялі ўдзел: эпіскап Рыскі Іаан (Гарклавс), эпіскап Ковенскі Данііл (Юзьвік) і архіепіскап Нарўскі Павел (Дзьмітроўскі). Сярод іншых пытаньняў было таксама ўзьнятае пытаньне і па пастрыгу ў манахі а. Мікалая. Тут супраць пастрыжэньня Мірановіча выступіў Данііл, які раней быў сакратаром мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Элеўтэрыя і добра памятаў пра здраду Мірановіча Маскоўскай патрыяршыі і пераходзе ў польскую аўтакефалію. Таксама пастрыгу перашкодай была і неразьведзеная жонка. Таму а. Мікалая выселілі з кельлі і адпраўлены ў адпачынак у Вільню.
    22 верасьня 1943 г. а. Мікалай атрымаў ад мітрапаліта загад пра назначэньне яго благачынным ў м. Востраў. Таму ён ізноў прыехаў у Востраў і пасяліўся ў сваёй кватэры па вуліцы Джэнера 4, дзе яму па дому прыслужвала Марфа Анісімава, якая зьбега да яго ад ягонай жонкі.
    Таксама Мірановіч заснаваў будаўнічы камітэт да пачаў зьбіраць неабходныя сродкі на рамонт Казанскай царквы былога Сіманскага манастыра і 4 лістапада 1943 года новы храм быў асьвечаны.
    Неўзабаве да Мірановіча зьвярнуліся жыхары м. Порхаў, каб ён дапамог ім дабудаваць Нікандраўскую капліцу на могілках і а. Мікалай выдзеліў ім неабходныя сродкі. Таму на яго ў Місію паступіла дакладная пісулька аб растраце царкоўных грошаў.
    У Востраў прыехала царкоўная камісія, Мірановіча выклікалі ў Рыгу, к не спраўдзіўшага надзей.
    1 студзеня 1944 г. а. Мікалай быў прызначаны акруговым благачынным Астраўскога раёну, а 14 студзеня Савецкія войскі Ленінградзкага фронту перайшлі у наступ і лінія фронту пачала перамяшчацца на захад.
    5 сакавіка 1944 года Мірановіч, са ўсім сваім царкоўным клірам ды царкоўнай маёмасьцю, сеў у вагон і ноччу 9 сакавіка прыбыў у Шаўлі, дзе яго прыпісалі да мясцовай царквы. 11 сакавіка мітрапаліт Сергій абвясьціў, што ён засноўвае Унутраную праваслаўную місію ў Літве з сядзібаю ў Шаўлях. Яе ўзначаліў Кірыл Зайц, а начальнікам канцылярыі стаў протаіерэй Мікалай Мірановіч. 15 сакавіка на кватэры а. Мікалая адбыўся першы сход місіянэраў, якія свае новыя ўладаньні падзялілі на 7 акругаў, на чале якіх паставілі самі сябе, пры чым Шавельска-Шаўрагенская акруга дасталася Мікалаю Мірановічу.
    Мітрапаліт Сергій абвясьці аб скліканьні 2 траўня 1944 года ў Шаўлях сход усіх місіянэраў, але 28 красавіка ён быў забіты каля Коўны. На ягонае месца намесьнікам экзарха Прыбалтыкі быў прызначаны архіяпіскап Ковенскі Данііл (Юзьвік) і Мірановіч зразумеў што манахам яму быць не суджана.
    27 ліпеня 1944 г. Савецкая армія ўвайшла ў Шаўляй і адразу пачаліся арышты. 18 жніўня 1944 г. быў арыштаваны протапрэсьвітэр Кірыл Зайц, а 19 жніўня а. Мікалай, за супрацоўніцтва з акупацыйнымі ўладамі.
    Іх даставілі ў м. Востраў, 31 жніўня дапыталі і вызвалілі. Мірановіч пасяліўся ў сваёй кватэры ды пачаў служыць на могілках ў Міраносіцкай капліцы.
    25 кастрычніка 1944 г. Мікалай Мірановіч быў арыштаваны супрацоўнікамі Ленінградзкай ваеннай пракуратуры і дастаўлены ў Ленінград ва Унутраную турму УНКДБ Ленінградзкай вобласьці “Крыжы”.
    Яго абвінавачвалі у тым што ён быў тайным агентам польскай дэфэнзывы ў 1929-1939 гг., агентам нямецкай выведкі ў пэрыяд акупацыі ды ў контррэвалюцыйнай дзейнасьці. Напачатку Мірановіч адмаўляўся, але потым ўсё гэтае прызнаў.
      1 жніўня 1945 года Мікалай Мірановіч быў асуджаны Ваенным трыбуналам войск НКУС Ленінградзкай вобласьці па артыкулу 58-1а КК РСФСР і прыгавораны да 20 гадоў пазбаўленьня волі ды 5 гадоў паразы ў правах з канфіскацыяй маёмасьці.
    Зьняволеньне ён адбываў у Нарыльлягу на станцыі Енісей Краснаярскага краю, дзе працаваў на уранавай шахце. Цікава, але нават там у яго не адабралі сямейны сьвятарскі крыж, які ён насіў пад адзеньнем. Пасьля таго як шахту заваліла і ён атрымаў кантузію перавялі на больш лёгкую працу ў Азерляг у г. Тайшэт Іркуцкай вобласьці ў лягпункт 014, дзе ён працаваў фэльчарам ў санчасьці.
    15 ліпеня 1954 г. Мірановіч напісаў прашэньне з просьбай аб пераглядзе прысуду, але яму адказалі. Праз два гады ён ізноў падаў прашэньне дзе адмаўляў сваё прызнаньне на сьледзтве 1944-1945 гг. Ваенны трыбунал Ленінградзкай ваеннай акругі перагледзеў справу і 5 лістапада 1956 г. прызнаў яго невінаватым за адсутнасьцю складу злачынства аб чым была выдадзеная даведка за нумарам № 087536 ад 13 лістапада 1956 г.
    15 сьнежня 1956 года Мікалай Мірановіч выйшаў на волю ды зьвярнуўся за дапамогай да архіепіскапа Іркуцкага і Чыцінскага Палядыя (Шарсьценнікава) і той у сьнежні 1956 года, падараваўшы аксамітавы цёплы падрасьнік,  прызначыў яго благачынным ўсёй Якуцкай АССР, дзе існаваў Мікольскі малітоўны дом у Якуцку ды Спаскі Малітоўны дом у Алёкмінску.
  У Якуцку а. Мікалай пасяліўся ў старожцы пры Мікольскім малітоўным доме /вул. Ушакова 12/ ў якім стаў настаяцелем, замяніўшы благачыннага протаіерэя Івана Тапаркова. З сабою Мірановіч прывёз абраз сьвяціцеля Мікалая Цудатворца, вышыты рукамі зьняволеных ды сынодзік сьпісаны імёнамі тых, хто прасіў яго аб малітоўнай дапамозе. Ён хутка пасябраваў з якутамі і лячыў іх травамі. Апекавалася ім і дапамагала ва ўсім Хрысьціна Пятроўна Казанцава, былая настаўніца. Яна вяла ўсю царкоўную гаспадарку і пела на клірасе.
   Хутка а. Мікалай наладзіў добрыя стасункі з мясцовым упаўнаважаным па справах рэлігіяў, што дапамагло адрамантаваць малітоўны дом і нават пабудаваць над ўваходам у яго званіцу з газавых балёнаў, замест звонаў. Праз нейкі час, па хадайніцтву а. Мікалая, Спаская праваслаўная грамада Алёкмінска таксама змагла атрымаць дазвол і справіць навасельле ў новапабудаваным доме.
    Па распараджэньні намстаршыні ВГ Ленінградзкай ваеннай акругі палкоўніка юстыцыі Ананьева ад 11 сакавіка 1957 г. яму была выплачаная грашовая кампэнсацыя за канфіскаваную маёмасьць ў 1945 г.
   Шматлікай перапіскай а. Мікалая займалася Агнія Іванаўна Дамашэнка, 1947 года нараджэньня, якая пражывала ў Якуцку па вуліцы Ушакова 5 і была прыхаджанкай Мікольскага малітоўнага дому.
    Ліставаўся ён і з са сваёй былой жонкай Лідзіяй , якая жыла ў Лужках. Ягоная ўнучка Зінаіда Лявонцьеўна Ляшчынская ў 60-я гады з Польшчы турысткай пабывала ў СССР і патэлефанавала яму з Масквы а потым сустрэлася з ім ў Якуцку, дзе ён перадаў праз яе сямейны срэбны сьвятарскі крыж для свайго сына Алега, протаіерэя Рускай замежнай царквы (Алег пад час вайны патрапіў у Вялікую Брытанію, служыў сьвятаром у Манчэстэры, затым пераехаў у ЗША ў Чыкага.).
    У 1968-1969 гг. протаіерэй Мікалай выйшаў па старасьці за штат і перабраўся да Дамашэнкаў, дзе пасяліўся ў  засыпнушцы /пабудова з дошак з пазасыпаным паміж імі пілавіньнем/ прыбудаванай да лазьні. Дар’я Максімаўна Дамашэнка і яе дачка Агнія даглядалі Мірановіча да апошніх ягоных дзён. Маскоўскі рэжысёр Аляксандр Яўгенавіч Шчарбакоў зьняў пра яго аматарскі фільм, але стужка недзе згубілася.
    25 траўня 1979 г. Мікалай Мікалаевіч Мірановіч, пасьля апэрацыі на адэноме, памёр і быў пахаваны на старых могілках места Якуцка. Свае рэчы ён завяшчаў Чэркехскаму музэю /Чэркехскі гісторыка-мэмарыяльны комплекс знаходзіцца ў сяле Чэркех Татцінскага улуса РС(Я)/ і цяпер там захоўваюцца ягоныя ўзнагароды, рыза, пас, набедранік, падрасьнік, эпітрахіль, камілаўка, кадзіла ды кнігі з асабістай бібліятэкі.
    Літаратура:
    Ионов А.  Записки миссионера (Псковская миссия) // По стопам Христа. Беркли (США). № 50. 1954.
    Воспоминания о. Георгия Тайлова о его работе в Псковской православной миссии 1911-1944 гг. // Православная жизнь. № 1. Январь. 2001. С. 15.
    Дмитриева И.  Польский священник в Якутии. // Якутия. Якутск. 28 декабрь. 2001. С. 5.
    Шкаровский М. В.  Церковь зовет к защите Родины. // Религиозная жизнь Ленинграда и Северо-Запада в годы Великой Отечественной войны. Санкт-Петербург. 2005.
    Псковский синодик пострадавших за веру Христову в годину гонений священнослужителей, монашествующих и мирян Псковской епархии ХХ. Москва-Псков. 2005. С. 661.
    Дмитриева И.  Польский священник в Якутии. // Логос. Якутск. № 4. Октябрь. 2006. С. 32-34.
    Болтрык М.  Таким был протодиакон Леонтий Миронович. // Общепольский православный журнал Православное обозрение. № 10. 2008. С. 18.
    Обозный К.  История Псковской православной миссии 1941-1944 гг. Москва. 2008.
    Зосима (Давыдов).  Якутский протоиерей Николай Миронович. // Якутский архив. Якутск. № 3-4. 2009. С. 89-103.
    Епископ Якутский и Ленский Зосима (Давыдов).  Якутский протоиерей Николай Миронович. // Вестник Православного Свято-Тихоновского Гуманитарного Университета. Серия II История. История Русской Православной Церкви. № 35. Москва. 2010. С. 32-51.
    Ноговицына Е. С.  Строители церквей и иконописцы Якутии. // Якутский архив. Якутск. № 2. 2010. С. 8, 16.
    Антон КРЫЖ,
    Койданава.