воскресенье, 11 мая 2014 г.

Нікічэн Нанайка. Юкагіразнавец Ерухім Крэйновіч. Койданава. "Кальвіна". 2014.





                                           ЮКАГІРАЗНАЎЦА  ЕРУХІМ  КРЭЙНОВІЧ





    Ерухім Абрамавіч Крэйновіч нарадзіўся 12 красавіка 1906 г. у шматдзетнай габрэйскай сям’і ў месьце Невель Віцебскай губэрні Расейскай імпэрыі. [У 1772 г. у выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай Невель апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, цэнтар павету Полацкага намесьніцтва, у 1796 г. у Беларускай губэрні, а з 1802 г. у Віцебскай губэрні, 25 сакавіка 1918 г. увайшоў у склад абвешчанай Беларускай Народнай Рэспублікі, 1 студзеня 1919 г. згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ў складзе Беларускай ССР, цэнтар падраёну Віцебскага раёну, аднак 16 студзеня маскоўскія бальшавікі адабралі Невель разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР, у 1926 г. кіраўніцтва БССР прасіла вярнуць Невель у склад Беларусі, але Масква не задаволіла гэтую просьбу. Цяпер месца ў Пскоўскай вобласьці РФ, адміністрацыйны цэнтар Невельскага раёну.] У гады Першай сусьветнай вайны і рэвалюцыі сям’я Крэйновічаў жыла ў Віцебску, дзе арандавала прыватную хату. Бацька гандляваў пушнінай і быў не асабліва ўдачлівы ў справах, у адрозьненьне ад свайго брата, які меў краму ў Санкт-Пецярбургу.
    Ерухіму не прыйшлося вучыцца ў гімназіі, бо ён не вытрымаў уступных іспытаў па рускай мове. Таму да 12-гадовага ўзросту ён вучыўся ў пачатковай рэлігійнай школе асновам юдаізму і габрэйскай грамаце. У 1918 г. ён наведваў літаратурны гурток імя У. Г. Караленкі, затым гарадзкую драматычную студыю. Зносіны з высокаадукаванымі людзьмі запаліла ў юным сэрцы каханьне да спазнаньня і творчасьці. Гуманіст і мастацтвазнавец, паліглёт І. І. Салерцінскі на памяць чытаў гурткоўцам клясычныя паэмы Шэксьпіра, вершы Шылера, Гётэ, Авідзія на мове арыгіналаў. Пад яго ўплывам 13-гадовы падлетак прачытаў шмат кніг па гісторыі паэзіі і драматургіі, а таксама самі творы, пачынаючы са старажытнагрэцкіх паэмаў. У юнацкасьці ён выдатна дэклямаваў вершы і выступаў у самадзейных канцэртах. Нейкі час Ерухім сапраўды думаў пра артыстычную кар’еру. Захапленьне паэзіяй і памяць пра выдатных настаўнікаў юнацкасьці засталіся ў яго на ўсё жыцьцё.
    Рана сышла з жыцьця маці, і бацька ажаніўся другі раз. Сёстры, якія пасталелі, пераехалі ў Петраград. У гарадзкой камсамольскай арганізацыі працаваў ягоны брат Навум, пазьней рэпрэсаваны. Ерухім некаторы час заставаўся з бацькам і шмат працаваў, дапамагаючы яму ў справе. Верагодна, у тыя гады ён захварэў на сухоты. У 1922 г. 16-летні юнак пераехаў у Петраград і пасяліўся ў хаце сясьцёр. Пачалося яго самастойнае жыцьцё.
    Ён уладкаваўся працаваць у Ленгубфінаддзел і адначасова паступіў у вячэрнюю школу працоўнай моладзі імя М. Г. Чарнышэўскага, якую скончыў у жніўні 1923 г. Увосень таго ж гаду паступіў на грамадзка-пэдагагічнае аддзяленьне факультэта грамадзкіх навук Ленінградзкага ўнівэрсытэта.
    Дарэчы, у ягоны сьценах ён атрымаў сваё другое штодзённае імя – Юры (ад Іра - скарачэньне ад Ерухім), але свае навуковыя працы падапісваў як Ерухім Крэйновіч.
    Аднойчы ён пазнаёміўся з чалавекам у ваеннай форме - гэта быў Я. П. Кошкін (Алькор), будучы дырэктар Інстытута народаў Поўначы, які параіў Ерухіму і ягонаму таварышу Паўлу Молу паслухаць лекцыі прафэсара Л. Я. Штэрнберга, якія той чытаў у Геаграфічным інстытуце і ва Ўнівэрсытэце. Усё, пра што распавядаў Штэрнберг, для 17-гадовага юнака, было новым і цікавым і ён пачаў наведваць ягоныя лекцыі па эвалюцыі рэлігіі і сацыяльнай культуры розных народаў.
     Праз год вучобы ва ўнівэрсытэце Ерухім перайшоў на этнаграфічнае аддзяленьне геаграфічнага факультэта, дзе на працягу трох гадоў слухаў лекцыі, наведваў сэмінары выбітных айчынных навукоўцаў, якія валодалі велізарным досьведам палявых дасьледаваньняў самабытных культур народаў Поўначы. У. Г. Багараз, які чытаў курс этнагеаграфіі, параіў Крэйновічу заняцца вывучэньнем удэгейцаў або гілякоў. У 1925-1926 гг. Крэйновіч разам з аднакурсьнікам М. Каргерам пачаў вывучаць гіляцкую мову ў Штэрнберга. Вучоба ўключала практыку ў Музэі антрапалёгіі і этнаграфіі - знакамітай Пятроўскай Кунсткамэры, найстарым навуковым цэнтры Расеі, дзе захоўваліся ў запасьніках і экспанаваліся ў выстаўных залях найрэдкія калекцыі, сабраныя за два стагодзьдзі ў розных народаў усіх кантынэнтаў Зямлі.
    Адзначым, што гілякі або ніўхі (нівах, нівух, нівхгу, ньігвнгун - чалавек) — малалікая народнасьць, якая яшчэ пражывае у басэйне ракі Амгунь, даплыву ракі Амур ды ў паўночнай частцы выспы Сахалін Далёкага Ўсходу Расейскай Фэдэрацыі.
    Першым выпрабаваньнем для студэнта Крэйновіча зрабілася кароткая камандзіроўка ва Ўкраіну, этнаграфічная практыка ў вёсцы Чулакоўка на Хэрсоншчыне, а таксама праца ў сяле Рудакова Пскоўскага раёна, дзе ён зьбіраў новы народны фальклёр - рэвалюцыйныя прыпеўкі і вёў этнаграфічныя назіраньні над паўсядзённым жыцьцём рускай глыбінкі.
    У студэнцкія гады Крэйновіч закахаўся ў Наэмі Шпрынцын, вучаніцу Ў. Багараза, аднак узаемнасьцю на ягоныя пачуцьці яна тады не адказала.
     У траўні 1926 г. Крэйновіч атрымаў пасьведчаньне пра заканчэньне Ленінградзкага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а 14 траўня 1926 г. ён выехаў з Ленінграда, маючы бясплатны квіток да Ўладзівастока і 200 рублёў са сродкаў камісіі па студэнцкіх экспэдыцыях. Перад ад’ездам У. Багараз уручыў Крейновичу жартаўлівае чатырохрадкоўе:
                                             Юрасю малахольнаму, шкетнаму, аскетнаму,
                                             Каменю самацьветнаму.
                                             Няма яму спагады, няма ў каханьні спадарожжа,
                                            Толькі адна тэматыка - ніўхская граматыка.
    Цягнік крануўся. Калі ён пайшоў хутчэй, за ім бег толькі адзіны чалавек і махаў яму рукой - гэта быў Лёва Якаўлевіч Штэйнберг.
                                                                             *   *   *
    На шаснаццатыя суткі шляху цягнік прыбыў ва Ўладзівасток. А яшчэ праз тыдзень, 11 чэрвеня, параплаў “Мангугай” устаў на рэйдзе ля выспы Сахалін. Паўночны Сахалін толькі год назад быў адабраны ад японцаў і зрабіўся часткай Савецкага Саюза.
    Сахалінскі пэрыяд (чэрвень 1926 - ліпень 1928 г.) меў велізарнае значэньне ў станаўленьні этнографа і лінгвіста Крэйновіча. У гэтыя гады ён набыў неацэнны досьвед правядзеньня палявых дасьледаваньняў і зносіны з людзьмі іншай культурнай традыцыі.
    У гады знаходжаньня Крэйновіча на Сахаліне гілякі (ніўхі) захоўвалі свае традыцыі: яны вялі мерны лад жыцьця, рыбачылі і палявалі, шанавалі духоў прыроды, радавых продкаў, праводзілі абрадавыя сьвяты. У шматлікіх ніўхскіх вёсачках і сэзонных стойбішчах паўсюль чутная была толькі ніўхская гаворка... Па ўспамінах самага навукоўца, шматлікія гілякі ў тыя гады вельмі дрэнна гаварылі па-руску, а то і зусім не размаўлялі.
    Па прыезьдзе на Сахалін Крэйновіч павінен быў сумяшчаць заняткі навукай з працай у Сахалінскім рэвалюцыйным камітэце ў якасьці памагатага ўпаўнаважанага па Ахінскаму раёну. Для Ерухіма ў той час былі характэрны перапады настрою, і ён меў патрэбу ў сталай ухвале і падтрымцы. Выключная захопленасьць працай спалучалася ў ім з ганарлівасьцю, з-за вылучных здольнасьцяў да вывучэньня моў - яму лёгка давалася тое, на што ў іншых сышлі б гады цяжкай працы.
    Праз паўтара месяца ён пераходзіць на працу заггасам, затым выхавальнікам тубыльнай школы-інтэрната ў нацыянальным паселішчы Хандуза, разьмешчаную на беразе аднайменнай рэчкі, якая ўпадае ў затоку Чайво на паўночным усходзе выспы, дзе было ўсяго некалькі аднапавярховых хацінак. Ён выявіў, што ў школе-інтэрнаце жылі і вучыліся дзеці тунгусаў, уйльта (арокаў), якутаў і амаль не было дзяцей ніўхаў, нягледзячы на тое што ніўхі насялялі берагі заліва. Адной з задачаў Крэйновіча зрабілася прыцягненьне іх у інтэрнат, хоць умовы жыцьця ў інтэрнаце былі цяжкімі і дзеці часта хварэлі. У першую зіму яго знаходжаньня на беразе затокі Чайво адбылася эпідэмія адзёру, якая зваліла не толькі школьнікаў, але і сталае тубыльнае насельніцтва. На руках маладога выхавальніка паміралі маленькія выхаванцы інтэрната. Сам Крэйновіч таксама захварэў запаленьнем лёгкіх і доўга не мог акрыяць ад хваробы, у яго пачалося абвастрэньне сухотаў. Неўзабаве ён ізноў вяртаецца ў рэўкам, дзе працу Ерухіма курыраваў сакратар Сахалінскага рэўкама А. Ільлін.
    Прадстаўнік Камітэта Поўначы па Далёкаўсходнім краі К. Я. Лукс дапамог Ерухіму ўвесну 1927 г. пабываць у санаторыі “Алентуй” у Забайкальлі, пасьля чаго ён ізноў вярнуўся на Сахалін ды перабраўся на заходняе ўзьбярэжжа выспы, дзе клімат быў некалькі мякчэй. Адтуль езьдзіў у паселішчы Тымаўскай даліны, дзе заарганізаваў першы лікбез.
    Крэйновіч сур’ёзна ставіўся да сваіх абавязкаў упаўнаважанага па тубыльных справах. “Ведаю, што існуюць меркаваньні пра тое, што з гілякаў выйдуць працоўныя на нафтавых здабычах, што яны зробяцца земляробамі, - пісаў ён у сваёй справаздачы ў рэўкам за 1927 г. - Лічу сваім абавязкам сказаць, што нічога падобнага ніколі не атрымаецца зрабіць. Тубылец - зьверабой, рыбалоў і зьверавод. Не адрываць яго ад заняткаў, да якіх ён стагоддзямі абвык, трэба, а наадварот, даць яму магчымасьць імі займацца, бо яны неабходныя ў агульнай сыстэме сацыялістычнага будаўніцтва”. Шмат кілямэтраў прайшоў ён пешшу і праехаў на сабачых запрэжках і калёсах па Сахаліне, ствараючы тубыльныя саветы і агітуючы за арцелі, высьвятляючы настрой тубыльцаў.
    На Сахаліне Крэйновіч вёў дзёньнікі і з першага ж дня заносіў туды свае назіраньні і ўражаньні. У агульных сшытках у тоўстых кардонных вокладках дробным почыркам простым алоўкам і асадкай амаль кожны дзень ён запісваў гутаркі са старымі, новыя ніўхскія словы, старажытныя міты і легенды, рабіў замалёўкі розных этнаграфічных аб’ектаў.
    Паступова ён асвойваў гутарковую ніўхскую мову, чым прывёў у захапленьне саміх ніўхаў. Некаторыя старыя памяталі ссыльных Браніслава Пілсудскага (Пачурлянда, ці “Прыгожага тварам”) і Льва Штэрнберга (Ытыка, ці “Бацькі”), якія таксама запісвалі ніўхскія абрады, фальклёрныя тэксты і пакінулі пра сябе добрую памяць.
    Чалавек іншай культуры, ён шчыра спрабаваў зразумець сьветапогляд ніўхаў і зафіксаваць яго асаблівасьці: еў адну ежу з ніўхамі, спаў у іхніх хатах, рыбачыў, браў удзел у абрадах і сьвятах, зьдзяйсьняючы ахвярапрынашэньні духам. Ніўхі жартам назвалі яго “казачным начальнікам”, і не толькі з-за яго адмысловай цікавасьці да ніўхскіх легендаў, казак і паданьняў, але і таму, што ён чытаў ім ніўхскія казкі, запісаныя яшчэ Штэрнбергам, адначасова практыкуючыся ў мове. 28 ліпеня 1928 г. вытворчая практыка на Сахаліне скончылася, і Крэйновіч зьехаў у Ленінград.
                                                                                     *  *  *
    У жніўні 1928 г. Крэйновіч быў залічаны асьпірантам у Ленінградзкі ўнівэрсытэт і пачаў пісаць кандыдацкую дысэртацыю, адначасова апрацоўваючы палявыя матэрыялы і публікуючы этнаграфічныя артыкулы, якія асьвятлялі гаспадарчыя заняткі, касмаганічныя гледжаньні ніўхаў, пра іхняе уяўленьне чалавека.
    Адначасова ў 1928 г. Ерухім пачаў выкладаць ніўхскую мову ў Інстытуце народаў Поўначы.
    Пасьля сьмерці Льва Якаўлевіча Штэрнберга ў жніўні 1927 г. была створана адмысловая камісія пад кіраўніцтвам Я. П. Кошкіна па падрыхтоўцы ягоных прац да публікацыі. Е. А. Крэйновічу, як знаўцу ніўхскай мовы, было даручана разабраць апублікаваныя і неапублікаваныя лексычныя запісы - фальклёрныя тэксты і картатэку.
    Гэта былі апошнія гады вольнага разьвіцьця навукі. Пачаліся наступ на “буржуазных” навукоўцаў, “марксызацыя” прадмета навукі, мэтадалягічныя дыскусіі, у якіх замест імкненьня да навуковай аб’ектыўнасьці, пошукам праўды культываваліся ідэалягічная чысьціня, палітычная мэтазгоднасьць і клясавы падыход. Нарастала атмасфэра ідэалягічнага псыхозу. У такім становішчы ў Ленінградзе 5-11 красавіка 1929 г. праходзіла Нарада маскоўскіх і ленінградзкіх этнографаў, на якім абмяркоўваліся прадмет і мэтад этнаграфічнай навукі. У прыватнасьці, ленінградцы адстойвалі перавагу стацыянарнага мэтаду дасьледаваньняў перад экспэдыцыйным.
    Ад 15 кастрычніка 1929 г. па 1 студзеня 1932 г. Крэйновіч працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам у МАЭ, дырэктарам якога быў тады М. Маторын. Відаць, адчуваючы сваё прызначэньне і магчымасьць рэалізацыі менавіта ў сфэры этналінгвістычных дасьледаваньняў, Ерухім даволі фармальна ставіўся да збору калекцый і наогул да музэйнай працы, прычым часта ў непрымальнай для тых, хто яго атачаў, форме. Яго двойчы выключалі з камсамола, а затым аднаўлялі.
    У тыя гады пачалася кіпучая праца па распрацоўцы пісьменнасьці для моваў народаў Поўначы і Сыбіры. У красавіку 1931 г. адбыўся пленум Камітэта Поўначы ЎЦВК у Маскве, які паказаў на неабходнасьць фарсіраваньня працы па стварэньні пісьменнасьці для гэтых народаў. У тым жа году аддзел навукі пры СНК СССР зацьвердзіў адзіны алфавіт, падрыхтаваны Я. П. Кошкіным (Алькором). Стварэньне пісьменнасьці для бясьпісьменных раней народаў павінна было стаць дэманстрацыяй рэвалюцыйных падыходаў савецкай улады да нацыянальнага пытаньня і спрыяць хуткай інтэграцыі “тубыльцаў” у савецкае грамадзтва. Крэйновіч пераключыўся на дасьледаваньні ў вобласьці мовазнаўства. Камітэт Поўначы накіраваў яго ў гіляцкую экспэдыцыю на Ніжні Амур, куды Крэйновіч выехаў разам з этнографам А. С. Эстрын, забясьпечаны за казённы рахунак браўнінгам з патронамі, ботамі, плашчом, аптэчкай, мануфактурай і грашыма на набыцьцё этнаграфічных калекцый. Знаходзячыся ў экспэдыцыі ў Лімана-Гиляцкім тубыльскім раёне, ён зьбіраў фальклёр, запісваў легенды і паданьні пра паходжаньне амурскіх родаў ніўхаў, маляваў падрабязныя схемы ніўхскіх стойбішчаў па Амуры і Ахоцкаму ўзьбярэжжу з пазначэньнем прамысловых тэрыторый. За некалькі месяцаў працы на Амуры Крэйновіч сабраў вялікі этнаграфічны і лінгвістычны матэрыял па дыялектных асаблівасьцях ніўхскай мовы, фанэтыцы, вымаўленьню слоў і чаргаваньню зычных, працягнуў вывучэньне ніўхскай сыстэмы ліку.
    Пасьля экспэдыцыі ў лябараторыі ІНП Крейновіч заняўся тэорыяй фанэтыкі і пачаў працу па стварэньні алфавіту для бясьпісьменнай ніўхскай мовы. Да гэтага пэрыяду адносяцца некалькі ягоных рукапісаў, сярод якіх праграма распрацоўкі пісьменнасьці на аснове лацінкі. Ён распрацаваў новую фанэтычную сыстэму запісу гукаў ніўхскай мовы.
    Штодзённая праца ў ІНП са студэнтамі дапамагала ў вывучэньні мовы. У Інстытуце навучаліся студэнты-ніўхі, у якіх ён удакладняў свае назіраньні, удасканальваў веды пісьмовай гіляцкай мовы. Але і для студэнтаў Крэйновіч быў настаўнікам і памагатым.
    1932 год стаў знамянальным у лёсе Крэйновіча. У працах Навукова-дасьледчай асацыяцыі ІНП ЦВК СССР быў апублікаваны ягоны першы лінгвістычны артыкул “Гіляцкія лічэбнікі”. У гэтым жа годзе ўбачыла сьвятло першая гіляцкая чытанка на лацінцы Сug dif (Новае слова), аўтарам якой таксама быў Крэйновіч. Напачатку 30-х гадоў ён перавёў на ніўскую мову дзьве кнігі для чытаньня, брашуры пра Кастрычніцкую рэвалюцыю, два падручніка арытмэтыкі для пачатковых клясаў, брашуру Кошкіна (Алькора) “Што дала Кастрычніцкая рэвалюцыя народам Поўначы” і іншыя выданьні. Тады пачыналася выкладаньне нацыянальнай мовы ў ніўхскіх школах Ніжняга Амура і Сахаліна, для чаго быў распрацаваны “Напамінак да авалоданьня ніўхскім альфабэтам”. Зьявілася насьценная газэта на ніўхскай мове “Калгасны шлях” (1934 г.), тыражом 500 асобнікаў, якая выпускалася адмыслова для тубыльных стойбішчаў ды газэта Nivhgu Meker Qlaj-Dif (Ніўхская праўда).
    У сярэдзіне 30-х гадоў было вырашана перавесьці навучаньне народаў Поўначы на рускую мову, а для пісьма на нацыянальнай мове выкарыстоўваць кірыліцу. Паколькі ў рускім альфабэце адсутнічалі літары, якія пазначаюць спэцыфічныя фанэмы, уласьцівыя неславянскім мовам, была распрацаваная сыстэма дыякрытычных знакаў і новыя літары для алфавітаў моў народаў Поўначы і Сыбіры. Напачатку 1937 г. Крэйновіч прадставіў рукапісны праект ніўхскага альфабэту на аснове кірыліцы ў выглядзе тэзаў да дакладу “Прынцыпы артаграфіі ніўхскай мовы”.
    У гэта ж час ён выконваў абавязкі навуковага сакратара ІНП. Становішча ў краіне і ў навуковых кругах было нездаровым, ішлі “партыйныя чысткі”, дзе калегі выказвалі ў адрас адзін аднаго бесстароньнюю крытыку, якая заканчвалася парой запрашэньнямі ў органы АДПУ-НКУС. Як відаць з архіўных матэрыялаў, Крэйновіч таксама прымаў у гэтым удзел.
    Да 1936 г. навуковец падрыхтаваў кандыдацкую дысэртацыю па фанэтыцы ніўхскай мовы. У архіве захаваўся рукапісны чарнавы варыянт ягонай манаграфіі “Фанэтыка ніўхскай мовы”, якая выйшла ў сьвятло ў 1937 г. у працах ІНП. Аднак абарона дысэртацыі не адбылася.
                                                                                *  *  *
    Крэйновіч быў арыштаваны ў ноч з 20 на 21 траўня 1937 г. Па паклёпе малазнаёмых людзей ён быў абвінавачаны ва ўдзеле ў трацкісцка-зіноўеўскай шпіёнска-тэрарыстычнай арганізацыі, злучанай з японскай выведкай, і шпіянажы на карысьць Японіі. Гэту мітычную арганізацыю з “філіялам” у Інстытуце народаў Поўначы нібы ўзначальваў памерлы напачатку 30-х гадоў старшыня Далёкаўсходняга Камітэта Поўначы К. Я. Лукс. Юкагір “Спірыдонаў /Тэкі Адулок/, мабыць пасьля турэмнага катаваньня, агаварыў амаль увесь выкладчыцкі склад Інстытута народаў Поўначы. На падставе ягоных сьведчаньняў былі арыштаваны Я. Кошкін, А. Фарштэйн, Е. Крейновіч, К. Шаўроў ды іншыя поўначаведы”.
    Арышт перавярнуў усё жыцьцё навукоўца. Незадоўга да гэтага, быццам адчуваючы будучыя выпрабаваньні, ён расстаўся з Н. Шпрынцын. Усе ягоныя навуковыя матэрыялы (артыкулы, палявыя дзёньнікі і г.д.) знаходзіліся спачатку ў ягонай сястры Эстэр. Але неўзабаве яна адмовілася захоўваць іх, і тады Шпрынцын узяла іх да сябе і захоўвала ўсе гады зьняволеньня Крэйновіча. За тое што яна зьберагла ягоныя матэрыялы і вярнула іх праз шмат гадоў у поўнай захаванасьці, Ерухім Абрамовіч быў ёй бясконца ўдзячны.
    Крэйновіч рабіў адчайныя спробы знайсьці праўду. Арышт здаваўся яму непаразуменьнем і жахлівай памылкай. Праз год, 5 жніўня 1938 г., ён зьвярнуўся са скаргай да Генэральнага пракурора СССР. На трыццаці дзевяці старонках двух школьных сшыткаў Крэйновіч выказаў усё сваё жыцьцё: паездку на Сахалін, працу ў Сахалінскам рэўкаме, дзесяцігадовую навуковую працу і яе вынікі, паклёп і несправядлівасьць абвінавачваньняў. Ён апісаў таксама допыты і катаваньні над ім ў турме. “Мяне ўзялі на допыт і трымалі на ім 190 гадзін. Восем сутак я прабыў на допыце без сну і адпачынку. Пазбаўленьне сну і ежы, быць можа, не было б гэтак цяжкім, калі б яно не суправаджалася зьневажэньнем і ўзрушэньнямі псыхікі, якія былі жудасьней усяго. На трэці дзень допыту ў мяне стала кружыцца галава. Я пачаў засынаць. Мяне па некалькі разоў у суткі сталі вадзіць у прыбіральню і там пад кранам паліваць маю галаву вадой. Галава стала цяжкай, думкі сталі блытацца. Крыкі сьледчых працягваліся бесьперапынку, асабліва ўначы. На сёмыя суткі допыту са мной стала дзеяцца штосьці жудаснае. Момантамі я пераставаў валодаць гаворкай і думкай. Я пачынаў гаварыць, а затым мая гаворка пераходзіла ў трызьненьне, у невыразнае мыканьне. Потым у вачах пачалі правальвацца часткі сьценаў і на мяне з правалаў набягала цемра. Гэта было самае жудаснае, што мне прыйшлося выпрабаваць”. Але рэагаваньня не было.
    Не згаджаючыся з ілжывым абвінавачваньнем, Крэйновіч абвясьціў галадоўлю, але выдужаць да канца ў такім пекле не змог. “Васьмісутачны допыт адназначна пашкодзіў маю псыхіку, акрамя таго, мяне разьядаў пякучы ўнутраны сорам, што я падпісаў на людзей паклёп, пра якіх нічога не ведаю”.
    Найсправядліўшы Савецкі Суд прысудзіў яго да дзесяці гадоў турэмнага зьняволеньня па арт. 58, п. 10-11 з паразай у правах да пяць гадоў. Іншыя ж, якія праходзілі з ім па адной справе, былі прысуджаны да расстрэлу, сярод іх Я. П. Кошкін (Алькор), М. І. Спірыдонаў (Тэкі Адулок).
    Пачаліся гады выпрабаваньняў у сыбірскіх лягерах. Пра калымскія лягеры, куды патрапіў Ерухім Абрамовіч, ішла благая слава: ледзяны холад, голад, рабская праца да зьнямогі, сьмерць. Па ягоны словах, жыцьцё яму выратаваў адзін зьняволены-вугорац. Але як гэта адбылося, засталося таямніцай.
    “Калі знаходзіўся ў лягерах, - успамінаў Крэйновіч, - я з болем у сэрцы думаў пра пачатыя і няскончаныя мною дасьледаваньні моваў народаў Поўначы”. Ён падаў прашэньне лягернаму начальству з просьбай дазволіць яму займацца мовамі малалікіх паўночных народаў. Начальства доўга разглядала ягоную просьбу: дасылалі запыты ў Ленінград вядучым мовазнаўцам краіны. Дырэктар Інстытута мовы і мысьленьня імя Н. Я. Мара АН СССР акадэмік І. І. Мяшчанінаў даў станоўчы водгук на ягоныя працы. Знаны навуковец Д. А. Альдэроге, які пазьней напісаў прадмову да кнігі “Ніўхгу”, дасылаў яму ў месцы зьняволеньня грошы.
    Неўзабаве Крэйновічу ўсё ж дазволілі заняткі мовай з паўночнікамі і перавялі ў Магадан, дзе ён пачаў працаваць санітарам у лягерным мэдпункце. Каб не губляць часу дарма, Ерухім рабіць канспэкты па мэдыцыне, складае даведнік фэльчара з апісаньнем сымптомаў розных хваробаў і першай дапамогі. У 1944 г. ён скончыў шасьцімесячныя фэльчарскія курсы пры лякарні Магаданлягу. Днём быў лязарэт, а ўвечар пасьля адбоя да яго пускалі зьняволеных паўночнікаў, з якімі ён займаўся мовамі, і “аддзячваў іх за працу сваімі беднымі пайкамі хлеба”. У звычайных танклявых вучнёўскіх сшытках ён алоўкам запісваў словы, прапановы і тэксты ад асуджаных каракаў ды чукчаў - першабытнікаў Паўночна-Ўсходняй Азіі, пры гэтым вылучаючы матэрыялы па фанэтыцы, лічэбнікам, марфалёгіі і іншым часткам мовазнаўства. Там, у зьняволеньні, ім былі сабраны выдатныя лінгвістычныя матэрыялы ад юкагіраў, карэнных жыхароў ракі Калымы.
    А. І. Салжаніцын уключыў радкі пра выдатнага навукоўца ў “Архіпэляг ГУЛяг”, які быў выдадзены ў Парыжы амаль у той жа самы час, што і кніга Крейновича “Ніўхгу” ў Маскве. Салжаніцын пісаў: “Калі раней нарадавольцы станавіліся знакамітымі мовазнаўцамі дзякуючы вольнай ссылцы, то Крэйновіч застаўся ім, нягледзячы на сталінскі лягер: нават на Калыме ён спрабаваў займацца юкагірскай мовай”. Шмат пазьней вынікі ягоных дасьледаваньняў па этнаграфіі тундравых юкагіраў былі апублікаваныя на ангельскай мове ў часопісе “Аrсtiс Аnthropology”. Ён цікавіўся мовамі ітэльменаў - першабытнікаў Камчаткі, эвенаў і зьмяшанага насельніцтва Ахоцкага ўзьбярэжжа. У пэрыяд зьняволеньня ў 1943-1944 гг. навуковец сабраў матэрыялы па арманскаму дыялекту эвенскай мовы, якія затым перадаў дасьледчыцы эвенскай мовы Л. Д. Рышэс. Шмат пазьней па дадзеных мовы і фальклёру эвенаў Крэйновіч напісаў артыкул пра гісторыю засяленьня Ахоцкага ўзьбярэжжа. Навуковыя дасьледаваньні былі выратавальным маяком. Ён вяртаўся з лягераў з новымі палявымі матэрыяламі, што само па сабе было цудам.
    Пасьля вызваленьня з лягера ў 1947 г. Е. А. Крэйновічу не дазволілі жыць у вялікіх гарадах. Было немагчыма ўладкавацца на працу ў Інстытут. Ён быў змушаны пасяліцца ў раённым цэнтры Луга Ленінградзкай вобласьці. Але прага да дасьледаваньняў пераважвала над акалічнасьцямі жыцьця. Ён працаваў над сабранымі ў лягерах матэрыяламі і ўвасобіў частку з іх у рукапіс новай дысэртацыі. Матэрыял быў настолькі арыгінальны, новы і выдатны, што яго кандыдацкую дысэртацыю па юкагірскай мове, якую ён вывучаў у гады знаходжаньня на Калыме ў Магаданляге, прадставілі да абароны на Навуковай радзе Інстытута мовазнаўства АН СССР. Абарона дысэртацыі, якая адбылася ў лютым 1949 г., прайшла бліскуча. У сутнасьці, гэта была ягоная другая дысэртацыя. Першая, напісаная яшчэ да арышту, па фанэтыцы ніўхскай мовы, так і не была прадстаўлена да абароны.
    Крэйновіч шмат разоў зьвяртаўся па рэабілітацыю, але яму ўвесь час адмаўлялі. Некаторыя буйныя навукоўцы клапаталі перад уладамі пра рэабілітацыю свайго калегі. Акадэмік І. І. Мяшчанінаў у звароце да старшыні Вярхоўнага суда СССР адзначаў: “Паколькі працы Е. А. Крэйновіча двойчы паступалі да мяне на водгук з МУС, я прашу Вас зьвярнуць адмысловую ўвагу на яго хадайніцтва. Ён не перарываў працу і ў працоўным лягеры, дзе яго заняткі над мовамі сустрэлі поўную падтрымку з боку адміністрацыі лягераў, што дало яму магчымасьць там жа напісаць сур’ёзную навуковую працу. Гэтая ягоная праца з дазволу Вышэйшай атэстацыйнай камісіі (дасьведчанай пра ўсе дэталі справы) была дапушчаная да абароны на навуковую ступень кандыдата філялягічных навук. Рашэньне пра прысуджэньне гэтае ступені было аднагалосным. Е. А. Крэйновіч, як рэдкі адмысловец па паўночных мовах СССР, прыналежыць да ліку асобаў вылучна карысных у галіне вывучэньня гэтых моваў”.
    Але неўзабаве пасьля вызваленьня, у 1949 г., Ерухім быў ізноў арыштаваны і сасланы ў Сыбір. Не вытрымаўшы новага арышту, Крэйновіч вырашыў ускрыць сабе вены і сысьці з жыцьця, але сусед па каморы выратаваў яго, паклікаўшы на дапамогу.
    У ссылцы ў Ігарцы на Енісеі Крэйновіч працаваў фэльчарам у здароўпункце мясцовага лесакамбінату. У 1951 г. Ерухім экстэрнам скончыў Краснаярскую фэльчарскую школу і пасьпяхова вытрымаў іспыты. Навуковец-лінгвіст стаў акушэрам, дапамагаючы нараджацца на сьвятло маленькім людзям. Пад уражаньнямі сваёй мэдыцынскай дзейнасьці Крэйновіч задумаў напісаць літаратурны твор пра нараджэньне чалавека. Але цікавасьць да моў і навуцы пераважыла гэтае жаданьне.
    У ссылцы Ерухім Абрамавіч працягнуў займацца любімай справай, балазе што на Енісеі і ягоных даплывах жылі кеты, колькасьцю ледзь больш тысячы чалавек, рыбаловы і тайговыя паляўнічыя, якія размаўлялі на рэдкай ізаляванай мове. Пазьней, аднавіўшыся на працы ў акадэмічным інстытуце, ён езьдзіў у паўгадавыя экспэдыцыі ў самыя аддаленыя паселішчы кетаў на р. Сым. Палявыя дзёньнікі, фальклёрныя запісы, лінгвістычныя карткі сьведчаць пра паглыбленае вывучэньне старажытнай сыбірскай мовы. Па выніках шматгадовых палявых прац ён склаў слоўнік кецкай мовы, які складаецца з 25 сшыткаў, аб’ёмам 372 аркушы. Ягоная праца па кецкаму дзеяслову складае тры вялікія сшыткі. Шматлікія матэрыялы, сабраныя сярод енісейскіх кетаў, увайшлі ў артыкулы і манаграфіі.
    У 1953 г. у краіне азначылася паслабленьне рэпрэсій, але да сапраўднай адлігі яшчэ было далёка. Маленькі жмуток паперы - даведку пра спыненьне судовага перасьледу і поўнай рэабілітацыі Е. А. Крэйновіча першай атрымала ягоная сястра Эстэр Карасік, а затым ужо і сам навуковец у 1955 г. Гэта дазволіла яму пераехаць у Ленінград і аднавіцца на працы ў Ленінградзкім аддзяленьні Інстытута мовазнаўства АН СССР.
    Становішча ў Сэктары палеаазіяцкіх моў, дзе працаваў Е. А. Крейнович, было складаным. Чуткі пра яго ў багацьці “хадзілі” па Інстытуце. Як маглі калегі ставіцца да чалавека, які сядзеў у лягеры па 58-м артыкулу “за здраду радзіме”? Некаторыя адкрыта зайздросьцілі ягонаму таленту, наўмысна не заўважаючы навізны ягоных прац. Іншыя паказвалі на ўяўныя “недакладнасьці”, патрабавалі адмовіцца ад навуковых пошукаў.
    Але семнаццаць гадоў лягераў і ссылак не прайшлі для Крэйновіча бясьсьледна. Калегі адзначалі ягоны няўжыўны, запальчывы характар. Перажытае давала пра сябе знаць: абвыкшы ўвесь час абараняць сябе, ён стаў падазроным і недаверлівым. Па ўспамінах ягонай жонкі Галіны Аляксандраўны Разумнікавай , ён быў настолькі паглынуты думкамі пра інтрыгі “ворагаў”, што ні аб чым іншым думаць ня мог. Ён пісаў скаргі ў дырэкцыю інстытута, ініцыяваў сталыя розгляды на партыйным бюро. Верагодна, асаблівасьці асобы і характару, засланялі ад ягоных калегаў тыя вялікія дасягненьні ў галіне лінгвістыкі і этнаграфіі народаў Поўначы зробленыя ім.
    Тут неабходна сказаць яшчэ пра адно - незаслужанае абвінавачваньне яго ў плягіяце, з якім Ерухім не мог пагадніцца. “Чутка”, распаўсюджаная ўдавой Л. Я. Штэрнберга С. А. Ратнер-Штэрнберг пра тое, што ягоны вучань Е. А. Крэйновіч у гады працы з архівам свайго настаўніка скарыстаўся ягонымі навуковымі запісамі і “выкраў” у яго лексычныя ніўхскія матэрыялы, з сярэдзіны 30-х гадоў зацята трымалася ў навуковых колах Ленінграда. Паклёп, пра які ён ведаў, нават у большай ступені атручваў ягонае жыцьцё, чым перажытыя ў лягерах фізычныя і маральныя пакуты. Безумоўна, такое абвінавачваньне было абсалютным непаразуменьнем. Аднак ён не мог доўгі час адказаць на гэта, паколькі быў рэпрэсаваны. Крэйновіч быў на мяжы зрыву. Некаторыя нават думалі, што ён душэўна хворы. Усёй сваёй працай, артыкуламі ды манаграфіямі, ён даказваў, што заўсёды карыстаўся толькі сваімі матэрыяламі. Сёньня, праз шмат гадоў пасьля сьмерці дасьледчыка, разабраўшы яго архіў, можна ўпэўнена сказаць, што Крэйновіч быў сумленны ў навуцы ў адносінах да сябе, сваім інфармантам, калегам і настаўнікам. У рукапісы “Гісторыя майго стаўленьня да гіляцкага лінгвістычнага архіву Л. Я. Штэрнберга” ён з болем апісаў скажоныя падзеі і сваю працу над архівам настаўніка, пераканаўча аспрэчыў усе згадкі і пагалоскі. Рукапіс, датаваная 1968 г., не прызначаўся для публікацыі: занадта рэзкімі былі адзнакі згаданых у ёй людзей. Хутчэй, гэта была споведзь, зьвернутая да нашчадкаў: “Уцягваньне мяне ў падрыхтоўку да друку гіляцкіх лінгвістычных матэрыялаў Л. Я. Штэрнберга вылілася ў найвялікую трагедыю майго жыцьця, з нагоды якой я змушаны скласьці ніжэйпрыведзенае тлумачэньне. Я не магу больш жыць, не даўшы яго... - пісаў Крэйновіч у першых радках рукапісу. Таксама не выпадкова зьявілася і ягоная адзіная праца па гісторыі навукі прысьвечаная Л. Я. Штэрнбергу як дасьледніку ніўхскай мовы. Крэйновіч пачаў дамагацца аднаўленьня праўды і прызнаньні навуковых заслуг іншага дасьледніка першабытнікаў Сахаліна, таварыша Штэрнберга па сахалінскай катарзе, незаслужана забытага Браніслава Пілсудскага, калі выявіў новыя неапублікаваныя матэрыялы пра ніўхскай культуры. Бліскучы даклад Крэйновіча на гадавой сэсіі Інстытута мовазнаўства пра выяўленыя ім запісы любоўных лірычных песень ніўхаў, зробленыя у канцы XIX ст. Б. Пілсудзкім, зрабіў вялікае ўражаньне на навукоўцаў. Гэтыя фальклёрныя тэксты сталі публікавацца Сахалінскім краязнаўчым музэем толькі ад 1997 г. у выданьні “Вестак Інстытута спадчыны Браніслава Пілсудскага”.
    Своеасаблівым выратаваньнем для Ерухіма Абрамавіча быў шлюб з Галінай Аляксандраўнай Разумнікавай у 1965 г. Праз год пасьля жаніцьбы ў Крэйновіча адбыўся цяжкі інфаркт. Некалькі гадоў спатрэбілася на тое, каб аднавіць сілы і паправіць здароўе. Нягледзячы на ўсе складанасьці і зьменлівасьці лёсу, навуковец працягваў працаваць. Ён вывучаў ітэльменскую, эвенскую, эвенкійскую, карацкую, ітэльменскую, чукоцкую, юкагірскую, ніўхскую, ненецкі мовы, кецкую, пачаў вывучаць кітайскую, мовы. У 1957 г. ён стаў старэйшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства АН СССР.
    У канцы 50-х гадоў Крэйновіч выяжджаў у лінгвістычную экспэдыцыю ў Сярэднеканскі раён Магаданскай вобласьці, дзе зьбіраў матэрыялы па юкагірскай мове. У 1958 г. ім была апублікаваная кніга “Юкагірская мова”. Затым рушылі ўсьлед артыкулы і манаграфіі па кецкай мове. У 1968 г. выйшла манаграфія “Дзеяслоў кецкай мовы”, якая лягла ў аснову ягонай доктарскай дысэртацыі, абароненай у 1972 г.
    Навуковец не пакідаў працу над ніўхскай мовай, пачатую яшчэ ў 20-я годы. Ён склаў двухтамовы рукапіс вялікага ніўхскага слоўніка (больш 500 старонак). Ён займаўся з юкагірам Гаўрыілам Мікалаевічам Курылавым, братам вядомага юкагірскага пісьменьніка, які скончыў асьпірантуру Інстытута мовазнаўства АН СССР і прысьвяціў сваё жыцьцё вывучэньню роднай мове і культуры.
    У 1957 і 1960 гг., Крейнович ізноў езьдзіў на Сахалін да ніўхаў. Шматлікіх сяброў ужо не было ў жывых, некаторыя знаёмыя ніўхі былі рэпрэсаваны ў 30-я годы, хтосьці быў у старэчым узросьце. На высьпе адбыліся вялікія зьмены. У Тымаўскай даліне, на ўсходнім і заходнім узьбярэжжах даўно зьніклі маленькія стойбішчы рыбакоў ды аленяводаў, у якія калісьці ён хадзіў пешшу. Ніўхскія стойбішчы Чайво, Тыгмыч, Ныйво, Набіль, Такрво і іншыя засталіся толькі на паперы, у старанна зафіксаваных Крэйновічам алоўкавых схемах, якія паказвалі разьмяшчэньне месцаў здобыч, збору ягадаў, карэньняў, рыбалоўных месцаў. Матэрыялы, сабраныя ў 1926-1928 і 1931 гг., дапоўненыя ў 1957 і 1960 гг., паслужылі асновай для кнігі “Ніўхгу. Загадкавыя насельнікі Сахаліна і Амура”, якая выйшла ў 1973 г. У 2001 г. кніга “Ніўхгу”, забясьпечаная ўступным артыкулам пра навукоўца, дапоўненая прадмовай, рэдкімі фатаграфіямі Е. А. Крэйновіча і малюнкамі ніўхаў з ягонага архіву, была перавыдадзеная на Сахаліне.
    Крейнович падтрымліваў перапіску са шматлікімі калегамі ў краіне і за мяжой, з айчыннымі і замежнымі выдавецтвамі. У яго архіве захоўваюцца некалькі тысяч лістоў ад шматлікіх карэспандэнтаў, галоўным чынам на навуковыя тэмы.
    У апошнія гады жыцьця сілы сталі пакідаць яго. Абвастрыліся старыя хваробы. Лекары выявілі небясьпечнае захворваньне, але дыягназ хавалі ад хворага і яго родных. Навуковец вырашыў перабрацца з шумнага Ленінграда ў горад Пушкін, у дом вэтэранаў для навукоўцаў Акадэміі навук. У той час там жылі Л. Панцялееў, В. Шыфнер, Н. І. Гаген-Торн і іншыя навукоўцы. Сям’я паставілася да яго рашэньня спакойна: умовы жыцьця ў пансіянаце былі добрыя. У 1983 г. Крэйновіч перанёс першую апэрацыю. Здароўе працягвала імкліва пагаршацца, і ён амаль не выходзіў на шпацыры. Затым была яшчэ адна цяжкая апэрацыя.
    Ерухім Абрамовіч Крэйновіч сышоў з жыцьця 20 сакавіка 1985 г. Разьвітацца з ім прыйшлі калегі, супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства АН СССР і самыя блізкія людзі. Па яго завяшчаньні цела крэміравалі, як гэта было прынятае ў ніўхаў. Прах ягоны быў пахаваны на адных з пецярбургскіх могілках.
    Ерухім Крэйновіч завяшчаў пасьля ягонай сьмерці закрыць доступ да свайго архіву на 10 гадоў, па заканчэньні якіх удава вучонага Галіна Аляксандраўна Разумнікава перадала яго ў Сахалінскі абласны краязнаўчы музэй.
    Працы:
    Тузсоветы в стойбищах. // Советский Сахалин. 20 мая 1928.
    Очерк космогонических представлений гиляков. // Этнография. № 7 (1). 1929. С. 78-102.
    Рождение и смерть человека по воззрениям гиляков. // Этнография. № 9 (1-2). 1930. С. 89-113.
    Собаководство у гиляков и его отражение в религиозной идеологии. // Этнография. № 12 (4). 1930. С. 29-54.
    Крейнович Е. А.  Гиляцкие числительные. // Труды научно-исследовательской ассоциации Института народов Севера ЦИК СССР. Т 1. Вып. 3. 1932. 24 с.
    Сug dif (Новое слово). Начальная учебная книга на нивхском языке. Ленинград. 1932. 80 с.
    Нивхский (гиляцкий) язык // Языки и письменность народов Севера. Ч. 3. Языки и письменность палеоазиатских народов. Москва-Ленинград. 1934. С. 181-222.
    Морской промысел гиляков деревни Куль. // Советская этнография. № 5. 1934. С. 78-96.
    Охота на белуху гиляков деревни Пуир. // Советская этнография. № 2. 1935. С. 108-115.
    Книга для чтения... Ленинград. 1935. 52 с.
    Nivh-bithэ. Букварь Mосква-Ленинград. 1936. 86 c.
    Дидактический материал к нивхскому букварю. Ленинград. 1936. 11 с.
    Пережитки родовой собственности и группового брака у гиляков. // Вопросы истории доклассового общества. Сборник статей к пятидесятилетию книги Фридриха Энегльса «Происхождение семьи, частной собственности и государства». Москва-Ленинград. [Труды Института антропологии и этнографии. Т. 4.] 1936. С. 711-754.
    Фонетика нивхского (гиляцкого) языка. // Труды по лингвистике ИНС. № 5. 1937.
    Гиляцко-тунгусско-маньчжурские языковые параллели. // Доклады и сообщения Института языкознания АН СССР. № 8. 1955. С. 135-167.
    Юкагирский язык. Москва-Ленинград. 1958.
    Глагол кетского языка. Ленинград.1968.
    Способы действия в глаголе кетского языка. // Кетский сборник. Лингвистика. Москва. 1968.
    Кетское предание об одном из их сражений с юраками. // Кетский сборник. Мифология, этнография, тексты. Москва. 1969.
    Медвежий праздник у кетов. // Кетский сборник. Мифология, этнография, тексты. Москва. 1969.
    Обряд кормления «дорожной старухи» у кетов. // Кетский сборник. Мифология, этнография, тексты. Москва. 1969.
    Кетские загадки. // Кетский сборник. Мифология, этнография, тексты. Москва. 1969.
    Об изучении языка сымских кетов. б/м. 1969.

*    Из жизни тундренных юкагиров на рубеже XIX и ЧЧ вв. // Страны и народы Востока. Вып. XIII. Страны и народы бассейна Тихого океана. Кн. 2. Москва. 1972. С. 56-92.
    Нивхгу. Загадочные обитатели Амура и Сахалина. Ленинград. 1973.
    О пережитках группового брака у нивхов. // Страны и народы Востока. Москва. Вып. 15. 1973.
    Медвежий праздник у нивхов. // Древняя Сибирь. Новосибирск, 1974. С. 339-348.
    La fète de l'ours chez les Nivkh. // Ethnographiе. № 74-75. 1977. Р. 195-208.
    Л. Я. Штернберг как исследователь нивхского языка. // Языки и топонимика. Томск, 1977.
    The Tundra Yukagir at the Turn of the Century. // Arctic Antropology. Vоl. 16. № 1. 1979. P. 178-217.
    Из истории заселения Охотского побережья (По данным языка и фольклора эвенских селений Армань и Ола). // Страны и народы Востока. Москва. Вып. XX. Кн. 4. 1979. С. 186-201.
   О шмидтовском диалекте нивхского языка. // Диахрония и типология языков. Москва. 1980. С. 133-144.
    Исследования и материалы по юкагирскому языку. Ленинград. 1982. 304 с.
    О культе медведя у нивхов. // Страны и народы Востока. Вып. 24. Москва. 1984. С. 244-283.
    Анализ одной кетской легенды о птице Даб. // Лингвистические исследования. Москва. 1983. С. 104-115.
    Этнографические наблюдения у нивхов 1927-1928 гг. // Страны и народы Востока. Вып. 25. Москва. 1987. С. 107-123.
    Нивхгу. Загадочные обитатели Амура и Сахалина. Южно-Сахалинск. 2001. 520 с.

    Літаратура:
    Хроника. Совещание этнографов Москвы и Ленинграда. // Этнография. № 2. 1929. С. 110-121.
    Кацнельсон С.  [Рец. на кн.] Крейнович Е. А. Гиляцкие числительные. Л., 1932 г. // ПИДО. № 11/12. 1934. С. 137.
    Смоляк А. В.  [Рец. на:] Крейнович Е. А.  Нивгу... // Советская этнография. № 2. 1975. С. 171-174.
    Курилов Г. Н.  Юкагирско-Русский словарь. Якутск. 1990. С. 4.
    Солженицын А. И.  Малое собрание сочинений. Т. 7. Архипелаг ГУЛАГ. Москва. 1991. С. 313.
    Роон Т. П.  Личный архив Ю. А. Крейновича. // Вестник Сахалинского музея. Южно-Сахалинск. Вып. 4. 1994. С. 44-51.
    Крейнович Юрий (Брухим) Абрамович. // Энциклопедия Якутии. Т. 1. Москва. 2000. С. 494.
    Шаньшина Е. А.  Мифология первотворения у тунгусоязычных народов Дальнего Востока России (опыт мифологической реконструкции и общего анализа). Владивосток, 2000. С. 11.
    Огрызко В.  Писатели и литераторы малочисленных народов Севера и Дальнего Востока. Биобиблиографический справочник. Ч. 2. Москва. 2000. С. 7.
     Соловей Т. Д.  «Коренной перелом» в отечественной этнографии (дискуссия о предмете этнографической науки: конец 1920-х—начало 1930-х годов). // Этнографическое обозрение. № 3. 2001. С. 119.
    Письмо Л. Я. Штернберга Е А Крейновичу на Сахалин от 14 июня 1926 г. // Известия Института наследия Бронислава Пилсудского. Южно-Сахалинск. Вып. 5. 2001. С. 202-203.
    Крейнович Ерухим (Юрий) Абрамович (1906-1985). // Огрызко В.  Североведы России. Материалы к биографическому словарю. Москва. 2002. С. 218-221.
    Роон Т. П., Сирина А. А.  Е. А. Крейнович: жизнь и судьба ученого. // Репрессированные этнографы. Москва. 2003. С. 47–77.
    Чтения памяти Ерухима (Юрия) Абрамовича Крейновича (1906-1985), 8-9 сентября 2006 года, Санкт-Петербург [материалы к докладам]. Санкт-Петербург. 2006.
   Улуро Адо /Курилов Г. Н./  Неоценимый вклад Е. А. Крейновича в изучение юкагирского языка. // Языки и фольклор народов Севера. Материалы научно-практической конференции, посвященной 100-летию со дня рождения Е. А. Крейновича (г. Якутск, 8 июня 2006 г.). Новосибирск. 2008. С. 3-7.
    Шадрин В. И.  Лингвистическая наука об этногенезе юкагиров. // Языки коренных малочисленных народов Севера. Материалы Республиканской научно-практической конференции (г. Якутск, 7 декабря 2006 г.). Новосибирск. 2008. С. 101-115.
    Нікічэн НАНАЙКА,
    Койданава