четверг, 1 мая 2014 г.

Іван Ласкоў. Пішчальнікі не пішчаць. Стралецкая быліна. Ч. 1. Койданава. "Кальвіна". 2012.



    Дзеі аповесьці адбываецца ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя ў Якуціі, праз 10 год пасьля захопу гэтага краю Маскоўскай дзяржавай. Галоўныя героі – два хлопчыкі-падлеткі, беларус і якут. Уцякаючы ад сьмерці, яны пераадольваюць шмат перашкод і ўрэшце дабіраюцца да Ленскага астрога, як тады зваўся будучы горад Якуцк. Твор вострасюжэтны, прыгодніцкі, адначасова зьмяшчае шэраг зьвестак гістарычнага, краязнаўчага і этнаграфічнага характару.
    Кампутэрны набор аповесьці “Пішчальнікі не пішчаць” быў зьдзейсьнены з рукапісу аўтара. Пры гэтым былі улічаны, як ягоныя заўвагі ды праўкі, што былі зьмешчаныя ў машынапісу. Таксама былі выпраўленыя яўныя русізмы ды з большага замененыя старарускія словы XVII стагодзьдзя, якія былі апраўданыя у рускамоўным выданьні гэтай аповесьці. Дарэчы рускамоўнае выданьне аповесьці “Пищальники не пищат” (Якуцк, 1990 г.) разышлося імгненна і мела вельмі станоўчы водгук у чытачоў.
     Алесь Баркоўскі,
     Койданава


                                                                         СПРАВКА


    Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 года ў абласным горадзе Гомель Беларускай ССР ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч, украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941 году пайшоў на фронт і прапаў без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў 1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 года, Ваня Ласкоў дасылаў свае допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. З 1953 года Ласкоў выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з чырвоным дыплёмам. Ад 1971 года па 1978 год працаваў у аддзеле лістоў, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва (1972-1977). З 1977 году ён старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП СССР з 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 г. у прыгарадзе Якуцка.
    Юстын Ленскі,
    Койданава

                                                   ПİШЧАЛЬНİКİ  НЕ ПІШЧАЦЬ
                                                         СТРАЛЕЦКАЯ  БЫЛİНА

                                                             ЧАСТКА  ПЕРШАЯ
                                              БАРЫС  ЛІЦЬВІН  İ  ТАЁН  БАЙДОН

                                                              РАЗЬДЗЕЛ  ПЕРШЫ
                                             КУЛЯ - КУЛЯЙ,  СТРАЛА - СТРАЛОЙ
    Было гэта ў 7151 годзе...
    Было? – абавязкова зьдзівіцца хтосьці. – Пэўна, памылка? Будзе! Будзе ў 7151 годзе!
    Не, дарагія мае чытачы. Памылкі няма. У такую асьляпляльную будучыню мы зазіраць не зьбіраемся. Наадварот – наш шлях павядзе нас у, як кажуць, сівую мінуўшчыну – за тры з гакам стагодзьдзі назад.
    У Парыжы, Лёндане, Рыме і іншых заходніх гарадах ішоў 1643 год, а на Русі па даўняй звычцы лічылі “леты” “ад стварэньня сьвету”. Згодна гэтаму ліку і атрымліваўся 7151-ы. Хто ж тады ведаў, што ад узьнікненьня не тое што ўсяго Сусьвету, а нават аднае Зямлі прайшло не сем тысяч, а можа сем мільярдаў год?
    У 1643-м памёр кароль д’Артаньяна Людовік ХІІІ, ненадоўга перажыўшы свайго падступнага міністра Рышэлье, а трыццацішасьцігадовы д’Артаньян быў жвавенькі і на здароўе не скардзіўся. Час грукатаў мушкецёрскі. Людзі са шпагамі і цяжкімі стрэльбамі ў руках часьцяком вырашылі лёсы каранаваных асоб і цэлых двароў. Порах курэў над Эўропай.
    Добра ведалі агнявую зброю і ў Маскоўскай дзяржаве, да якой ужо прыставала назва “Росія” ці “Русія” (гэта радзей). Праўда, словам “порах”, такім звыклым і зразумелым нам, порах тады яшчэ не звалі: “зельле” ды “зельле”. Але гэта не перашкаджала Маскве пораху вырабляць столькі, што аднойчы сама ледзь не ўся ад парахавога выбуху ўзьляцела ў паветра.
    Затое праз пяць гадоў пасьля таго здарэньня, закаціўшы бочкі з “зельлем” у падкоп пад казанскую сьцяну, ірвануўшы яе як сьлед, войскі Івана Грознага ўварваліся ў сталіцу татар – і перад Росіяй ці Русіяй адкрылася далёкая і спакусьлівая дарога на ўсход. І не мела значэньня, што Масква лічыла “леты” не ад Нараджэньня Хрыстова. Лічаныя дзесяцігодзьдзі спатрэбіліся маскоўскім “служылым людзям”, з парахавой кайстрай на баку, каб ад Казані той дайсьці аж да Ціхага акіяна і Росію-Русію зрабіць Расіяй.
    Мы да самага Ціхага за імі не пойдзем і спынімся ў Якольскай 1 або, іначай, у Ленскай зямельцы – па-сучаснаму кажучы, у Якуціі.
    Па сьцюдзёна-белай роўнядзі зімовай ракі на поўнач рухаўся невялічкі, але добра ўзброены конны атрад. На відавоку не было нічога толькі ў пляскатаносага тубыльца, ды і тое, магчыма, трымаў нож пад футрам на пасе. Іншыя зброі не хавалі. Нават у падлетка гадоў чатырнаццаці, што прыплюшчанымі чорнымі вачыма напружана ўглядаўся ў сьляпучую далячынь, за сьпінай пагойдваўся сагайдак з невялікім, але зусім не цацачным лукам. У астатніх, васьмі былі сапраўдныя, мужчынскія лукі, абклееныя для трываласьці пласьцінкамі рогу, а звыш таго, прытарочаныя да задняй лукі сядла, паблісквалі, з шырокім грозным лязом у выглядзе месячнага сярпа.
    Трое з дзесятка – тубылец, падлетак і мажны, плячысты коньнік з крыху пасівелымі абвіслымі вусамі – былі апранутыя ў футры, рэштка – у даўгія палатняныя адзежыны на аўчыне і без каўняра – так званыя фэразі. Так апраналіся звычайна ўзімку стральцы – мушкецёры Маскоўскай дзяржавы. На галовах ва ўсіх рудзелі, чарнелі, чырванелі каўпакі з ліса, выдры, бабра – прывычных нашых вушанак тады кушняры яшчэ не шылі.
    Касматыя і прысадзістыя якуцкія коні, з немалым грузам на хрыбецінах, ішлі без асаблівай ахвоты. Сьнег быў неглыбокі – не даставаў і калена, але і сухі і лёгкі, як саламяны попел, ён зусім не трымаў цяжар, і жывёліны правальваліся да лёду. За ўсю зіму не надарылася ніводнай адлігі; ніхто не таптаў тут сьцяжын ні тарбосамі 2, ні капытамі. Коні ступалі сьлед у сьлед – і верхавыя, і запасныя, што везьлі ў тароках атрадную маёмасьць: хлеб і мяса, порах і кулі, тавары. Час ад часу апошні коньнік выбіраўся наперад і ехаў першы: так зьберагалася сіла коней. Але, хто б ні аказваўся наперадзе, другім нязьменна заставаўся тубылец, трэцім – віславусы, а чацьвёртым - падлетак. Асядаючы пад коньмі, сьнег незадаволена рыпеў; камякі яго, што выкідваліся спадыспаду капытамі на пульхную паверхню, адразу танулі, як у вадзе.
    Людзі маўчалі. Дзень стаяў марозны, хаця і з сонцам; насустрач дзьмуў непрыемны прадвесьні вецер. Бароды і вусны стральцоў аздобіліся зіхоткімі ледзяшамі – іх уласным замераным дыханьнем.
    На астравах пад ветрам зьвінела перамёрзлае вецьце лазьняку. Зьнізу, з лёду гэтыя астравы здаваліся пагоркамі з незразумела стромкімі пясчанымі бакамі. Цяжка было паверыць, што падчас паводкі рака залівае іх, такія высокія, разам з кустоўем. Але гэта так: увосень у Лене вада рэзка сыходзіць – ледзь не да дна. Рыбе, і тое на зіму няма куды дзявацца: забіваецца ў ямы, і мірна дрэмлюць да крыгаходу побач шчупак і плотка.
    Аб рацэ і яе дзівосах – рыбе пад лёдам і незвычайна стромкіх астравах – думаў адзін хлопец. Дарослых непакоіў вецер, ад якога не закрыцца, сонца, што з-за плячэй прыкметна перайшло на левую руку і нібы прысела на кукішкі, коні, якім даўно быў час падсілкавацца. Віславусы ўжо зьнецярплівіўся, паглядваючы на правадніка.
    Нарэшце, тубылец спыніў каня і разам з ім павярнуўся назад. Ён не сьпяшаючыся разматаў майтурук – доўгі нашыйнік з вавёрчыных хвастоў, праз які дыхаў. Калі майтурук макрэў, праваднік пераварочваў яго, адначасова страсаючы тую пару, што ўжо ператварылася ў намаразь. Гэтае самае ён зрабіў і цяпер. Голы смуглявы твар яго сярод некранутых сьнягоў здаваўся чорным. Ён працягнуў руку да нізкага, крыху размытага марознай імжой сонца і хрыпла прамовіў:
    - Анно, таён джэсэтэннек! (Там, пан дзесятнік!)
    - Дабро, - сказаў дзесяцкі гэтак жа хрыпла – ад доўгага маўчаньня. – Як, Андрэю, ногі чуеш?
    - Чую, тату! – адгукнуўся хлопец. Толькі ў чэраве холад.
    - То таму, што холад заместа хлеба глытаем. Пацярпі, хутка зьлезем з коней. Вярні! – крыкнуў дзесяцкі перадавому.
    Атрад пайшоў налева. Але калі наблізіліся да берага, стала ясна, што тут на яго не ўзадрацца ні пешаму, ні, тым болей, коннаму. прыйшлося рухацца ўздоўж бясконцага абрыву. з якога сыпаліся снег і шэры пясок.
    Неўзабаве неба пацямнела: атрад уцягнуўся ў вузкую пратоку, і лазовае вецьце злучылася над ім. Тут ніхто б не змог абагнаць іншых, каб захацеў. Дзесяцкі насьцярожана крутнуў галавой управа, улева – усюды было спакойна, цішыню парушала толькі рыпеньне сьнегу.
    Пратока павярнула на захад, прыкметна задралася ўгору. Усе зразумелі: гэта не пратока, а рэчка, што тут упадае ў Лену. Раптам перадавы спыніўся. Дзесяцкі зірнуў з-за яго пляча: наперадзе ў рэчышчы быў не сьнег, а лёд; па лёдзе з ціхім плёскатам, струменячы туман, паўзла жывая вада. Відавочна, яна сачылася пад сьнегам і там, куды ўжо дасягалі падарожныя, бо коні спалохана захраплі, адчуўшы вільгаць пад нагамі.
    - На гару! – грымнуў дзесяцкі.
    Андрэй ведаў, што гэта такое. Так бывае на Ленскай зямельцы там, дзе б’е крыніца. Як ні лютуе мароз, як ні напластоўвае лёд, задушыць крынічную ваду не можа, бо загнаць яе ў вечную мерзлату, што ідзе ўглыб на сотні сажняў, немагчыма. Усю зіму курыцца туман над крыніцай, плюскоча вада, з крэктам ломіцца лёд.
    Людзі саскочылі з коней і пацягнулі іх з сабой. Густы алешнік балюча хвастаў па тварах. Коні іржалі, сьлізгаючы на схіле. Але вось усе выбраліся наверх, на бераг Лены і адначасова нядобрай безыменнай рэчкі.
    Дзесяцкі прайшоўся па конях уважлівым позіркам. Ніводны, як быццам, не параніўся ў гушчары і не выкруціў ногі. Ён з палёгкай уздыхнуў. На захад перад атрадам распасьціралася пустая прастора з раскіданымі на ёй рэдкімі лістоўнічнымі ляскамі. Недзе далёка, на адлегласьці, якую вызначыць было цяжка, гэтыя ляскі зьліваліся ў суцэльную чорную сьцяну.
    - Сахаты! – сьцішана ўскрыкнуў хтосьці.
    Крокаў за сто пяцьдзесят каля самотнай бярозкі стаяў вялізны, даўгалыгі лось. Стаяў спакойна, паглядаючы на людзей; бязрогая ў гэтую пару ягоная галава не варушылася - а можа, так здавалася здалёк.
    - Стрэлім? – таргануўся малады стралец. – Мяса канчаецца.
    - Не здабыць, – усьміхнуўся з прыкрасьцю дзесяцкі. – Мо, страла і даляціць, ды не зваліць. Не гаруй, Трэнька, не апошні.
    - А гэта нашто? – паляпаў Трэнь па прыкладу пішчалі.
    - Зьвер чакаць не будзе.
    Але Трэнь ужо загарэўся:
    - Афонка, агонь!
    Афон – медзьведзяваты мужык з даўгою барадой, у рухах якога адчувалася нечалавечая сіла – дастаў з кішэні мяшэчак, у якім месьцілася крэсіва, крэмень і кнот. Трэнь тым часам усыпаў у рулю мерку пораху, усьлед за ёй паслаў важкую круглую кулю, забіў шомпалам пыж, уваткнуў у сьнег сошку – кіёк з разгалінай на канцы, паклаў у разгаліну тую пішчаль і пачаў узрушана цэліць. Руля хадзіла ўверх-уніз і дробна дрыжала. Лось між тым не кранаўся з месца.
    - Стой! Рукі твае застылі!
    Дзесяцкі адсунуў стральца і сам прыціснуў да пляча прыклад. Правае, незаплюшчанае вока яго бліснула.
    Палі, Афоне!
    Дзесяцкі выпрастаўся, цьвёрда трымаючы пішчаль на сошцы. Афон тыцнуў запалены кнот у проразь на бліжнім канцы рулі – пішчаль уздрыгнула, падалася назад, сошка ўпала. Гром разьлёгся над берагам, Афон і дзесяцкі ахуталіся дымам. Лось адкінуў рагатую галаву на плечы і гайсануў у пералесак.
    - Міма прайшла! – пляснуў па сьцёгнах сябе Трэнь.
    - Не даляцела куля, - спакойна сказаў дзесяцкі. – Сам бачыў. Дай-ка мерку тваю. Не замала?
    Трэнь падаў пазелянелы медны цыліндрык, якім адмерваў порах.
    - Не... Як раз. А зельле? Зельле сваё пакажы!
    Трэнь працягнуў на пабялелай ад холаду далоні горку пораху.
    - Так я і думаў. Ляжалае зельле, камякамі пабралася. Ва ўсіх такое?
    - З аднае бочкі і бралі!
    Дзесяцкі нахмурыўся.
    - Падсунуў вам ваявода. У паходзе, ведама, пішчаль падмога слабая, для пагрозы адно, самі бачылі – пакуль наб’еш ды кнот раздзьмухаеш... Ды з добрым зельлем усё ж – не з ляжалым.
    Ён сурова агледзеў усіх:
    - Памятайце: стрэльбы ў вас – забаўкі амаль. Спадзявайцеся, будзе што, на бердышы. А, крый божа, у аблогу возьмуць нас, то мы зельле перакруцім 3. На тое многа цярпеньня і асьцярогі трэба.
    - А ты, стары, умееш тое?
    - Даць зельлю рады кожны пішчальнік умець павінен. А я на зялейным млыне служыў. Сам раблю зельле. Тым на Вілуі 4 і ратаваліся...
    - Паведай, стары!
    - Не цяпер жа... Вогнішча паліце, дружакі. Будзем тут начаваць. Вада пад бокам – не трэба сьнег тапіць. Ляском ад ветру прыкрыемся...
    Коней вызвалілі ад паклажы, стрыножылі і адагналі на ўзгорбак, дзе з-пад сьнегу тырчала сухая рэдкая трава. Згаладалыя жывёліны адразу ўзяліся за справу. Цяжка скачучы на месцы, яны раскідвалі сьнег у бакі, нагіналі абсыпаныя бельлю галовы і ўгрызаліся ў пажарнік, адначасова наталяючы: голад - травою, смагу – сьнегам на ёй. Рухаючыся наперад, яны праворвалі ў цаліку глыбокія каляіны.
    Людзі рассыпаліся па беразе. Хто раскідаў сьнег, ачышчаючы месца для вогнішча, хто ўтоптваў яго вакол, хто ўвішна зьбіраў дровы. Адзін праваднік нікому не дапамагаў і не замінаў. Ён сеў на паваленую лясіну і пазіраў на ўсю мітусьню з незразумелай усьмешкай.
    - Хадзем-ка, сынку, - сказаў дзесяцкі.
    Хлопец паслухмяна, не перапытваючы, пайшоў за ім у сасоньнік. Дзесяцкі разгроб тарбосам сьнег: у вочы кінуліся сакавітыя зялёныя галінкі.
    - Бачыш? Мучаніцы. А тут... тут брусьніцы, - адкінуў ён шырачэзнай рукавіцай, як рыдлёўкай, сьнег крокі за два ад першай ямкі.
    - Ягадак жа няма?
    То што? Лісьцейка наскубём, у кіпень кінем. Смачней, чым пусты, хлябтаць. Памятаеш, на Вілуі з маліны кісель гатавалі? Праўда, сьлёзы было маліны той... О, о! Глядзі – і ягадкі ёсьць!
    Дзесяцкі засьмяяўся, як дзіця. Ён садраў каўпак, нахіліўшы голаў – даўгія сіваватыя, пад колер вусоў валасы пасыпаліся з патыліцы да шчок – і пачаў ірваць у яго брусьнічныя галінкі разам са сьвінцова-цьвёрдымі ад марозу, як шрот чорнымі кроплямі. Мы не абмовіліся – сьпелыя брусьніцы па-над Ленай чорныя, як чарэмха.
    - Адведай, Андрэю!
    Сын не сагнуўся да ягад і не адказаў. Дзесяцкі здрыгануўся: за плячамі ён раптам пачуў знаёмы ўдар цецівы аб дзяржаньне лука, пранізьлівы сьвіст стралы і дзікі, быццам абсечаны ўскрык. Ён жвава ўскочыў – сын, разгублена моршчачыся, з лукам пад пахаю, цёр правай рукою вялікі палец – відавочна, выцяты цецівою.
    - Каго страляў?
    Зрэшты, дзесяцкі ўбачыў і сам. Пад бярозавым вываратам ляжаў бяляк. Яго можна было і не заўважыць на сьнезе, калі б не лужынка крыві, што большала і курэла. Дзесяцкі падняў зайца – шыя была перабіта, як сякерай, галава боўталася на скуры. Узяў і стралу, зірнуў на шырокі і плоскі, як долата, наканечнік:
    - Для чаго жалезную пускаў? Такая страла на вялікага зьвера. А на зайчыка – касьцяная ці драўляная, каб шкурку не псаваць.
    - Не было калі выбіраць. Баяўся – зьбяжыць, сахаты роўна.
    - То трымай здобыч.
    Сын з жахам адхіснуўся:
    - Не! Не!
    - Чаму?
    - Кроў, татку, кроў... Завошта я?
    - Павек звера біць не будзеш? З недаеду памрэш.
    Сын маўчаў.
    - Добрае сэрца маеш, дзіця маё. Цяжка будзе табе. Іншыя і чалавечай крыві не шкадуюць. Між іх жыць.
    Дзесяцкі з каўпаком у адной руцэ і зайцам у другой рушыў з пералеску. Галава яго сівела ад інею ўвачавідкі. Але магутны воін быццам не заўважаў марозу. Ён нават страсянуў валасамі, адкідаючы іх назад, ад чаго агаліліся вушы. Ішоў ён спакойна, і сын без цяжкасьці ставіў ногі ў яго сьляды. Цені дрэў імкліва даўжэлі і зьліваліся: наставала ноч.
    На адкрытым месцы сьнег яшчэ ружавеў ад сонца. Але яно хавалася ўжо. Вецер цішэў. Адзінокія дрэўцы, раскіданыя на прагаліне, апусьцілі вецьце і быццам сьцяліся, рыхтуючыся да цемры.
    - Бачыш, сонца заходзіць? Заўтра туды пойдзем. А будзе напасьць якая здарыцца з намі, а ты ўратуесься... бяжы, сынку, тады на ўзыходнае сонца да Лены - матухны. А Лена цябе да астрога 5 Ленскага давядзе. Запамятаваў, не?
    - Запамятаваў, татку! На ўзыходнае сонца.

                                                            РАЗЬДЗЕЛ  ДРУГİ
                                                 ПİШЧАЛЬНİКİ  НЕ  ПİШЧАЦЬ
    Вогнішча барвова палала, гонячы трэск па зьмярцьвелай прасторы. На доўгіх жэрдках, перакінутых праз агонь, дыміла некалькі катлоў. У іх разагравалася мерзлае варанае мяса, узятае стральцамі ў дарогу. У асобным кіпела вада без мяса. Дзесяцкі сыпануў у яго брусьнічнае лісьце, нахлабучыў каўпак і пакруціў перад вачыма зайца, разважаючы, што з ім рабіць. Усе падначаленыя яго займаліся нечым: хто глядзеў за вогнішчам і катламі, хто майстраваў ложа з сасновага гольля. Адзін праваднік сядзеў усё на той жа лясіне. Яму і сунуў безгаловага дзесяцкі:
    - На!
    Ён хацеў яшчэ нешта сказаць – відавочна, растлумачыць, што рабіць, але гэтага не спатрэбілася. Ад безуважнай ганарыстасьці правадніка не засталося і званьня. І стала ясна, што гэта была не фанабэрыя, а пастава чалавека, якому няма чым заняць рукі. Ён адразу выхапіў з похвы нож, распластаў на лясіне зьвярка, разануў па брушку, зьняў шкурку, абчысьціў ад кары дубец, нанізаў на яго зайца і ўторкнуў у сьнег такім чынам, каб заяц апынуўся перад полымем. Усё было зроблена так спорна, што дзесяцкі крактануў.
    - А што ж без солі? Вазьмі соль, мамай! – крыкнуў Трэнь, узмахнуўшы мяшэчкам.
    - Кусянеем яго клічуць, - строга заўважыў дзесяцкі. – А соль яму, можа, і не патрэбна.
    Але Кусяней дастаў з мяшэчка добрую жменю і сыпануў на зайца нават лішку. А калі смажаніна была, на яго думку, гатова, вырваў са снегу ражон і разам з ім падаў дзесяцкаму, гаворачы нешта па-свойму.
    - Не... не! Сам еш, сам! Ператлумач яму, Андрэю!
    - Бэен ага! Бэен! – сказаў Андрэй.
    Кусяней захітаў галавой і ўпіўся зубамі ў непрапечанае мяса. Паглынаў ён зайца гэтак жа імкліва, як і гатаваў. Неўзабаве ад Андрэевай здабычы засталося толькі некалькі костачак.
    Стральцы, самі ядучы даволі шмат мяса, дзіваваліся з тубыльца:
    - Глянь-ка, глянь: з касьцямі!
    - Згаладаўся.
    - І не давіцца без хлеба!
    - Чалавек усё можа, - спакойна, але так, што яго пачулі ўсе, сказаў дзесяцкі, - не расьце жыта – абыдзецца без яго, не здабудзе мяса – адною рэпай пражыве. Мы во самі з сынам ды са Шчасткам на Вілуі, было, гадамі хлеба не бачылі. Карміліся зьверам, ды рыбай, ды птушкаю рознай. А мяса без хлеба – як хлеб ясі.
    - Што ж без хлеба? Не мілаваў гасудар? – падаўся наперад Трэнь. Відаць, даўно карцела яму распытаць дзесяцкага аб тутэйшым жыцьці-быцьці.
    - Жалаваньне ў Таболеску нам на два гады ваявода выдаў: і хлеба, і зельля, і віна... Усяго на два гады. Маўляў, праз два гады перамену прышле, новы полк, а наш у Таболеск вернецца. Так і пайшлі на край сьвету на два гады, а праслужылі на Вілуі восем. Пазалетась толькі тую раку Вілуй пакінулі. Ды не назад вярнуліся, а ўсё адно тут служым. Цяпер ужо ў Ленскім астрожку, у ленскага ваяводы. А што розьніцы ў тым? І там гінулі. І тут гінем. Я ды Шчастка во асталіся. Шчастка імем сваім ратаваўся, можа, а мяне гасподзь дзеля сына бярог. А было нас у палку, як з Таболеска выходзілі, трыццаць восем служылых людзей. Ды яшчэ жонка мая... ды сын мой Андрэй.
    - І жонка з сынам? – недаверліва спыталі з другога боку вогнішча.
    - А што рабіць?.. Не было на каго пакінуць. Упрасіў башлыка 6. Калі не верыце мне. Шчастка спытайце.
    Шчастка – доўгі, з запалымі вачыма – паварушыўся.
    - Барыска Ліцьвін ніколі не лжэ. Запамятайце, - прамовіў ён.
    - Паведай, стары! – узмаліўся Трэнь. – Мы тут людзі новапрыбылыя, невялікіх год. Што чакае нас на краі сьвету?
    - Што сёрбалі мы – не сёрбаць вам, іншы жывот 7 на Ленскай зямліцы пайшоў. У ваяводы, у Пятра ў Пятровіча, чатырыста з лішкам толькі стральцоў, а яшчэ і казакі ёсьць, і астрог пастаўлены. Праўда, калі на Вілуй-раку мы з Тунгускі з Ніжняй ракі перавалакліся, астрожак Ленскі ўжо тры гады стаяў, ды быў ён нам не падмога – далёка стаяў. Ды і не ведалі мы пра яго сьпярша, бо яго енісейскія казакі залажылі, а нас з Таболеска паслалі. А з Таболеска да Вілуя два гады ішлі і плылі – па Таболе, Іртышы, па Обі-рацэ да мора Паўночнага; там – да Мангазеі морам. У Мангазейскім 8 горадзе зазімавалі; вясной з Магназеі на Туруханск і з Туруханска ўверх па Тунгусцы рацэ – да Енісейскага астрожка не дайшлі, значыць, і пра сотніка Бекетава. што Ленскі астрог залажыў, чуць не чулі. А прыйшлі на Вілуй – зімоўе паставілі, частаколам абнесьлі, казёнку 9 для аманатаў 10 збілі, зачалі, як вядзецца, па Вілуі і рэках староньніх 11 з іншаземцамі 12 біцца, пад руку гасудараву падводзіць, ясак 13 і аманатаў браць: сьпярша аманатаў, пад іх – ясак.
    Дзесяцкі замоўк і прыўзьняў галаву. Але нішто не парушала цішу. Толькі сасновыя голкі шыпелі ў агні, толькі бухалі час ад часу галавешкі.
    - Якольцы ўночы напад не ўчыняюць, - нагадаў Шчастка. – Ніводнага разу не памятаю.
    - Такія рыцары? – насьмешліва абазваўся Трэнь.
    - Нядобра ў цемры бачаць.
    - То тым жа можна карыстацца!
    - Было – карысталіся.
    - І без якольцаў збродні хапае. – сказаў дзесяцкі. – Шосты раз у дарозе начуем, і кожны раз на патыліцы чыесьці вочы чую. А што? Мы з агнём сваім на далоні роўна, а самі нічога не бачым. Адбрыдзі-ка, Афонка, пастой ля таго куста з пішчаляй. Замерзьнеш – пераменім. Без каравула ў паходзе няможна.
    Вялізны Афонка без слова ўзяў пішчаль і адправіўся на пост.
    - Башлыком у нас быў Воін Шахаў, муж храбры, адчайны. Летась не памагло яму тое. Будзь, зямля, Воіну пухам – пайшоў пясок каравуліць, забілі мяцежнікі атамайцы 14 на Сіце рацэ. Сказваў сам, малады як таць 15 раздабываў, у каталажцы блох карміў, ды гасудару бясстрашшам прыглянуўся - пад бізуном песьні пеў, гасудар кажа: “У Сыбір пойдзеш служыць? Сынам баярскім 16 павярстаю 17”. Воін тут жа згоду даў і пайшоў у Сыбір... Такі ў нас ясатчык 18 быў. Не заўсёды цар і бог заадно: дараваў Воінку гасудар, а гасподзь, відаць, не забыў, кім быў у мінулых гадах: не прынёс нам удачы башлык. То зімоўе згарыць, то аманаты зьбягуць, то паб’юць каго-небудзь з нас да сьмерці, хто ад хваробы памрэ. На два гады выпраўляліся, а прасядзелі на Вілуі шэсць: ні жыта, ні зельля; адэкуй 19 раздалі, а без адэкую ясак іншаземцы даваць не хочуць. Самім есьці няма чаго, а яшчэ аманатаў кармі. Хлеб у прамысловых людзей куплялі дарагой цаною. А яшчэ ад ліхіх людзей адбіваліся, ад казакоў мангазейскіх ды енісейскіх: таксама ясак зьбіраюць, з іншаземцаў тых жа самых браць наровяць. Цяперака ўжо такога няма, ваявода цьвёрда ўладу трымае, увесь ясак у Ленскі астрожак сьцякаецца, а ў мінулых гадах ішла пушніна і ў Таболеск, і ў Енісейск, і ў Мангазейскі горад... Эх, другі, цяжка тое ўспамінаць, хоць пішчальнікі і не пішчаць. І елі ўсякую брыдоту, і душы свае папаганілі.
    - А зельле? Дзе зельле бралі? – падаў голас Трэнь, калі дзесяцкі, апусьціўшы голаў на рукі, замоўк.
    - Серу ў скалах знайшлі, ямчугу 20. Вугалю напалім і мелем. Так і абыходзіліся. Тое зельле самаробнае не раз ратавала, калі тунгусы прыступам ішлі.
    - Ты казаў, зялейнае дзела 21 ведаеш?
    - На млыне зялейным пад Масквою два гады служыў. Страшнае дзела, сьмертнае, ну затое жалаваньне... Можа б, і цяпер там быў, каб бог бярог, ды ўцякаць прыйшлося. Так у стральцы і павярстаўся.
    - А чаму? Паведай, стары!
    - То ўжо іншы сказ, і доўгі. А нам спачываць час. Шэсьць дзён ішлі, а ісьці яшчэ болей. Ваявода Пётр Пятровіч казаў, за тыдзень абернемся... Які там тыдзень без дарогі.
    - Яшчэ да поўначы далёка. Паведай!
    - Добра. Не маскоўскі я чалавек, з Літвы родам. Таму і мянушка Ліцьвін, а я і празваньне маю – Арахоўскі. І не ліцьвін, а русін. Дзяржава толькі Літва, а ліцьвінаў мала ў нас, русіны мы, апошнім часам беларусамі сталі звацца. І мова ў нас да маскоўскай падобна. І вера грэцкая. Мы з ліцьвінамі разам татараў да сябе не пусьцілі, самі жылі. Князь вялікі ў нас ліцьвін, а дзяржава русінская, беларуская. Маскавітаў – братоў сваіх не прадавалі, памагалі ад татараў бараніцца, землі бранскія, смаленскія, чарнігаўскія пад сваю апеку ад татараў узялі. На Куліковым полі наш лепшы князь Андрэй Полацкі ваяваў за народ рускі. А як скінула Масква басурманаў, пачалі цары маскоўскія з Літвой ваяваць, каб яе пад гасудараву руку падвесьці. А шляхта наша не прывыкла за царамі жыць, ад Масквы бараніцца пачала. Цяжка было бараніцца, бо ў Маскве і жалеза, і зельле, а на Беларусі жалеза мала. І пайшла наша шляхта да польскай прасіцца, каб тая супраць Масквы памагла, а тая: прыміце нашу, Рымскую веру, тады і паможам. І пачала шляхта ў рымскі закон хрысьціцца, мовы свае цурацца, па-польску мовіць, каб цар маскоўскі права на іх не меў.
    - А ты, стары, не шляхціц? – варожа прамовіў нехта.
    - Я каморнік, чалавек вольны, безмаёмасны. Хаты свае не меў – адны рукі. Кут займаў у чужых дамах, для таго кутнікам зваўся. У магілёўскім брацтве друкарскай справе навучыўся, ды закрылася хутка друкарня...
    - А што то – друкарня?
    - У друкарнях кнігі не перапісваюць, а на станку друкуюць. Літары вылітыя зьбіраюць, фарбаю мажуць, пасьля паперу прыціснуць – і гатова. Колькі хочаш кніг зрабіць можна, абы папера была.
    Ого! – з павагаю адгукнуўся Трэнь.
    - Зачынілі друкарню – куды ісьці? Тут мяне князь адзін да сябе прызывае. Са старажытнага роду князь, і сам ужо на могілкі просіцца, а замысьліў апісаньне дынастыі свае кнігай надрукаваць. Прыйшоў я ў замак, станок сабраў. Не проста тое, не скора. І была ў князя ўнучка, няродная, далёкая, сіротка бедная. Я кутнік, і яна нібыта кутніца, у сваім саслоўі. А што я каморнік, яна князёўна – не паглядзелі мы на тое, пакахалі адно аднаго.
    Дзесяцкі перапыніўся.
    - Падай-ка, Андрэю, вару.
    Ён глынуў некалькі разоў. Ніхто не сказаў ні слова, уражаныя незвычайным лёсам пасівелага асілка.
    - Быў у князя сын ад апошняй жонкі, і меў княжыч той вока на Янінку. Не кахаў, толькі зганьбіць мысьліў. А як адчуў, што яна да мяне горнецца – на плаху мяне, злая душа, паслаць задумаў. Падкінуў мне ў сьвіткі кішэнь пярсьцёнак старога князя, з алмазам пярсьцёнак... Сам жа і знайшоў. Мяне – пад замок да суду. А князёўна мяне адамкнула. І пабеглі мы з ёй праз кардон у Масковію – бо дзе ж у Літве схаваліся б мы ад расправы?
    - Простаму чалавеку што ў Літве, што ў Маскве – адзін мёд. З гарчыцай, - уставіў Трэнь.
    - То – праўда... Знайшоў я ў Маскве Друкарскі двор, сказаў пра сябе, што друкар з Літвы, заробку шукаю. Прынялі ахвотна – памятаюць, што друк у Маскву ад нас прыйшоў, а набраў я першую кнігу – дзяк нагамі затупаў: “Ах ты, д’ябальскае семя, божую кнігу паганіш! Нашто словы сьвятыя псуеш?” Па-свойму я, выходзіць, набраў – мы ў Беларусі іначай гаворым... Прагналі. А іншых друкарняў на Маскве няма, не Беларусь наша. І пайшоў на зялейны млын са сьмерцю ў жмуркі гуляць, кожны божы дзень свайго канца чакаючы. Ды жыў... Вобак рукі-ногі, галовы адрывала, а я заварожаны роўна. З Янінай павянчаліся, во Андрэй нарадзіўся. І раптам у Маскве на вуліцы... князь малады Гарадзейскі. І ён угадаў мяне... вочы вугольлем палыхнулі... Што ж тое, мысьлю? Што? Адкуль ўзяўся вораг мой? А пасьля праведаў: вайна ў Масквы з Літвою была. І папаўся князь у палон. Ну, яму што за палон: разам з лёкаямі здаўся, ходзяць вакол яго дзесяць-дванаццаць, ад золата кашэль трашчыць, пісталеты трохрульныя крамнёвыя пад кунтушом.
    - Для крамнёвых кнот не патрэбен. Зараджай – і спускай курок, - пахваліўся ведамі Трэнь.
    - Сапраўды. Янечцы не кажу, надзею пелегую – абыдзецца. Дык неяк раз пад вухам куля прапела...
    - А ты б на яго чалабітную гасудару.
    - Цар бязроднага ад князя абароніць? Ды і чым дакажу, што куля тая пушчана ім? Каму хочаш золатам заплаціць, забойцу купіць праз трэціх людзей... Расказаў я жонцы ўсё і пайшоў у стральцы прасіцца, каб падалей паслалі. І астатняе ўсё вы ўжо чулі.
    - А жонка? І дасюль з табою?
    Дзесяцкі нібы не пачуў пытаньня:
    - Ідзі, Андрэю, Афонку на перамену. Пастаіш цяпер – да раніцы не пабудзім.
    А калі сын адышоўся ў цемру, глуха сказаў:
    - Адаслаў Андрэя, каб душу лішні раз яму не вярэдзіць. Забіў мамку яго пан Гарадзейскі. Тут забіў. На Вілуі-рацэ. Мяне не здолеў упаляваць, дык яе. Думае, мабыць, што і я мёртвы, бо зімоўе разам са мной і Андрэйкам маім падпаліў. Дзьверы падпёр – і агню. А Воін наш уперад далёка глядзеў, пад падлогаю ў нас яма была, а ў яме вакенца земляное, каб дыхаць. Раскапаў я вакенца, вылез. Бягу сюды і туды, шукаю – на беразе пад лазой ляжыць мая Янечка, і грудзі прабіты ў трох месцах, а вобак пісталет трохрульны з манаграмай князя Гарадзейскага – ведама мне яна. Маўляў, зрабіў пісталет справу сваю, не патрэбны болей. Вось ён, пісталет.
     І дзесяцкі выцяг з-за паса незвычайную зброю. Два кароткія ствалы яе былі разьмешчаны побач, як у сёньняшняй стрэльбы, а трэці ствол – між імі, вышэй. Дзяржаньне было аздоблена срэбрам і каштоўным каменьнем.
    - Можна з трох адразу страляць, можна па адным.
    Пісталет пайшоў з рук у рукі.
    - З Літвы на Вілуй! Што ж за нячысьцік яго сюды занёс? – з недаўменьнем прамовіў нехта.
    - Каб палон перабыць, запісаўся на службу, удач са сваёю хэўрай шукаць папёр. Не радавым стральцом, само сабой – сынам баярскім. Далі атрад яму, таксама на Вілуй паслалі...
    - А цяпер дзе?
    - Быццам бы перамір’е з Літвой у Масквы выйшла, абмянялі палонных, і паехаў да дому князь. Так мне чорны поп 22 Васілей сказваў. А я і дасюль вось на чужой старане, і на родную мне з-за яго вяртацца няможна.

                                                               РАЗЬДЗЕЛ  ТРЭЦİ
                                                         ПАДКОВА  НЯШЧАСЬЦЯ
    Шлях аказаўся доўгім і цяжкім. Лясная бездараж мардавала коней. Даводзілася тры-чатыры разы на дзень спыняцца ў засьнежаных лугавінах, пускаць жывёл на папас. Аднаго разу здарылася першая, незвычайна раньняя вясновая адліга; ноччу. як заўсёды гэтай парой, зноў ударыў мароз. І наўсьцяж разьлёгся тонкі, шкляной трываласьці шарпак. Пад капытамі ён ламаўся, як шкло, і, як шкло, рэзаў шчыкалаткі коней. Прыйшлося ісьці па спадарожнай зацішнай рэчцы: сонца днём яе, дзякуючы кустам, не грэла, і шарпаку на ёй не было. Затое яна пятляла, як хацела, і рух атрада запаволіўся ўдвая.
    На адным са шматлікіх кален рачулкі Андрэй заўважыў нейкую нязвычную блішчастую рэч. І перадавы, і праваднік, і бацька не ўгледзелі – мо, задумаліся, а ён апусьціў голаў, раптам – з-пад сьнегу бліснула нешта мэталёвае. У XVII стагодзьдзі, тым болей у Якуціі, жалеза абы-дзе не валялася, кожны яго кавалак цаніўся не намнога таньней залатога. І хлопец адразу скочыў з каня. Пачуўшы гэта, дзесяцкі жвава азірнуўся – сын перакідваў з рукавіцы на рукавіцу падкову.
    Што такое, татку?
    - То... дай сюды..!
    Стральцы імгненна акружылі дзесяцкага.
    - Падкова?
    - У глухамані!
   - Хто пасеяў?
    - Дай зірнуць, стары!
    Нічога дзіўнага ва ўзрушэньні гэтым не было. Згубіць падкову не мог ніводзін якут або тунгус, не былі падкаваныя і коні саміх стральцоў. Ды і ўвогуле тады на ўсю Ленскую зямельку прыпадала мо з тузін чацьвёрак падкоў – для скакуноў ваяводы і яго найбліжэйшых паплечнікаў. Хто ж імчаў па гэтай рачулцы на падкаваным кані і калі? Тыдзень, месяц, ці мо тры месяцы назад?
    - Зламаная. Таму і кінутая.
    - Зімовая падкова! З шыпамі.
    - З Літвы падкова, сябры, - сказаў нарэшце дзесяцкі. – Такія ў нас робяць. Чую я, нешта нядобрае нясе нам рэч гэтая.
    - Пабачым, на чыё...
    Праз вярсты дзьве той раніцай завалілі лася. Зьвер стаяў на самым беразе рэчкі, абгрызаючы памякчэлае на сонцы лазовае вецьце, а калі пачуў людзей – ірвануўся прэч па роўным месцы і – не змог матануць, зароў: таежнага асілка стрыножыў шарпак. Ён ішоў і ішоў да лесу, як кажуць, пешкі, покуль нарэшце пяць ці болей куль не прыгнялі яго да сьнегу. Каляіна, прабітая ў шарпаку яго дрэвападобнымі нагамі, уся была запырсканая крывёй.
    - Дзякуй табе, падкоўка наша! – пажартаваў Трэнь.
    Тут жа распалілі вогнішча, напяклі мяса і наеліся ад пуза. Але калі ўспомнілі пра коней, якіх пусьцілі пасьвіцца, убачылі, што тыя стаяць на месцы, сумна апусьціўшы галовы: дабрацца да травы праз шарон яны не маглі.
    - Набілі чэрава самі, накормім і сяброў нашых, - бадзёра прамовіў дзесяцкі. Ён першы ўдарыў бердышом па зіхатлівай скарынцы шарону. Усьлед за ім пайшлі стральцы і нават праваднік, у чыіх руках нічога не было – ён таптаў шарпак нагамі. Коні зычна заіржалі і кінуліся да людзей.
    Лось быў вялізны – часткамі тушы нагрузілі ўсіх не верхавых коней. На сьнезе засталіся толькі вантробы ды заледзянелая галава з цьмянымі ад марозу вачыма. Калі скрып сьнегу пад капытамі аціх, з бліжняга беразьняку высьлізнула вогненна-чырвоная ліса і, віхляючы хвастом, падпаўзла да рэшткаў таежнага волата, упілася ў шыю. Тут жа ўпалі з белага неба два сьмяротна-чорныя крумкачы і накінуліся на кішкі.
    З гэтага часу атрад пайшоў яшчэ цішэй. Коні не наядаліся і брылі праз сілу. Людзі саскоквалі з іх і чапалі побач. Іншы раз правальваючыся па сьцёгны на гэтай рэчцы, куды з пагоркаў зьмятала сьнег усю зіму.
    - Доўга яшчэ цярпець нам? – наракалі маладзейшыя.
    - Усё цярпеньне наперадзе, можа, - не суцяшаў дзесяцкі.
    - Глядзіце! – раптам ускрыкнуў Андрэй, якому бацька сказаў не сыходзіць з каня. – Цэлы статак сахатых! Ці можа, алені? - няўпэўнена дадаў ён.
    Усе, патанаючы ў сьнезе, хто з пішчаляй, хто з лукам, вылезьлі на бераг. Удалечыні, на ўскрайку пералеску рухалася чарада жывёл.
    - Алені і сахатыя, сынку, зімой на лугах не пасьвяцца: кару грызуць. То коні! – сказаў дзесяцкі, уважліва выглядаючы пастуха. Але коньнікаў побач з коньмі не было. Не адчувалася і кастровага дыму, хаця лёгкі ветрык дзьмуў ад коней. Відавочна, яны пасьвіліся без нагляду.
    - Колькі іх? Палічым. Так... Табуны тры?
    - Чатыры. Вунь адзін крыху далей, зьлева.
    - Запамятаем.
    - Значыць, блізка Байдон? – загаманілі стральцы, зазіраючы ў твар дзесяцкага.
    - Можа, блізка. А можа, і далёка. Без пастыра коні куды хочаш сыдуць.
    - Для чаго адпускаюць так?
    - А што ім ад коней? Не аруць на іх, не бароняць. Толькі на паляваньне езьдзяць. Па адным-два пры сабе для язды трымаюць.
    - Ядуць жа коней, казалі.
    - Ядуць рэдка. Каб елі, даўно б ужо ні жарабяці не засталося.
    - А ваўкі, мядзьведзі, людзі ліхія?
    - Ад ваўкоў табун адаб’ецца, ад мішкі ўцячэ. А чужакі захопяць – тут да забойства даходзіць. Тое крэпка ўсе ведаюць і крадуць не часта.
    - Татку, - падаў голас Андрэй, - чым жа сёньня яны сыты? Мы для сваіх шарпак ламалі, а ім хто наламае?
    - Падохнуць, Андрэю, многія, - уздыхнуў дзесяцкі. – Якольцы такія: сена не косяць ні ім, ні каровам. Самі зьверам, птушкай, рыбай кормяцца. Коні - каровы ім толькі з голаду не даюць канчацца, як са здабычаю кепска. Ну, браты, з богам! Едзем!
    Але тут нечакана расхваляваўся праваднік.
    - Мехе! Мехе! – закрычаў ён, замахаў рукамі і пятамі ўдарыў каня па баках, кіруючы яго да табуноў. Конь, аднак, на першых жа кроках параніўшы ногі аб шарпак, заіржаў і адмовіўся ісьці. Дарэмна наезьнік біў яго ўжо не толькі нагамі, а і пугай – жывёліна адно матала галавой, касавурачыся на гаспадара. Тады праваднік саскочыў з каня і на шарпаку, як на лыжах, засьлізгацеў на той бок лугу.
    - Што з вожам 23? – не зразумеў дзесяцкі.
    - Кажа, то яго табуны, - пераклаў Андрэй.
    - Яго? Вось дзіва. Ён жа мегінскі 24, вож. Ад яго мясьцін да гэтага ўрочышча днішчаў 25 дзесяць, не меней.
    Бачачы, як лёгка, не правальваючыся, імчыць праваднік, хлопец кінуўся за ім – разьмяць ногі, а за адным разам паглядзець на незвычайную праяву – вольныя табуны.
    - Стой! Стой! – устрывожыўся дзесяцкі. – Там у лесе, можа, якольцы з лукамі!
    Але сын не слухаў. Так прыемна было пасьля боўтанкі ў сядле бегчы дваімі, адчуваючы, як вяртаецца кроў ва ўсе застылыя цягліцы. Дзесяцкі з трывогай сачыў, як сын даганяе крываногага тубыльца.
    - А ну, Афонка, за мною, - загадаў ён, сасьлізгваючы з каня. Выбраў Афонку з яго зьвярынай сілай невыпадкова, але хутка зразумеў, што даў маху: шарпак, які не правальваўся пад хударлявым правадніком і падлеткам, Афонку і яго самога не трымаў. Праломваючы шарон, нага трапляла ў пастку, і волаты з кожнай хвілінай усё больш адставалі. На шчасьце, табуны, несумненна, ніхто не сьцярог. Як толькі вож і хлопец наблізіліся да іх, напалову дзікія коні сыпанулі ў тайгу. Некалькі жывёлін, аднак, засталіся ляжаць на сьнезе. Здалёк здавалася, што яны проста адпачываюць. Калі ж людзі падышлі ўшчыльную, стала ясна, што гэтым коням ужо не ўстаць. Іх касматая шэрсьць была прысыпана празрыстай шэраньню – пырскамі сьнегу з-пад капытоў жывых, што тапталіся побач.
    - Аттарым! Аттарым! – роспачна паўтараў праваднік, абмацваючы здохлых. Потым, тыцкаючы ў іх вушы, нешта палка загаварыў.
    - Ён кажа, яго коні, знамя 26 яго: вуха падрэзанае, а Байдон, кажа, каб знамя яго схаваць, другое вуха падрэзаў, толькі іначай, пераказаў Андрэй.
    Дзесяцкі нахіліўся да трупа кабылы – сапраўды, парэзы на левым і правым вушах не супадалі, чымсьці няўлоўным адрозьніваліся адзін ад аднаго.
    - Так, так, - спахмурнеў Барыс Ліцьвін. – Яшчэ і таго нам не хапала.
    - А што? – не зразумеў Афонка.
    - Ворагі наш вож з Байдонам, а ваявода Пётр Пятровіч мне пра тое ні гу-гу. Выходзіць, не вож наш вож, а даносчык.
    - Можа, і сам ваявода не ведаў?
    - Мог зразумець, калі распытваў. Ведаў... То ён мне незнарок вожа такога падсунуў. Каб за леташняе адплаціць. Я кажу: няможна з Кусянейкам без тлумача паходам ісці, па-нашаму ён ні слова, і я, лічы, па-іхняму ні слова, а Пётр Пятровіч: сына бяры, сын твой па-якольску ведае. Ты, гаворыць, стралец, і сына стральцом гадуй... Ну што за стралец? Пятнаццаці год не мае...
    - А адкуль твой па-якольску ведае?
    - На Вілуі ад аманатаў навучыўся. Няньчыліся з ім, як маткі не стала... А на каго яшчэ пакідаць было?
    - А леташняе, з ваяводам, што? – ціха прамовіў асілак, нібы далёкі ваявода мог яго ўчуць.
    - Пра тое, Афоне, гаворка доўгая. Будзе час – паведаю.

                                                        РАЗЬДЗЕЛ  ЧАЦЬВЁРТЫ
                                            АД  СЬМЕРЦİ  РАТУЙ  ДА  СЬМЕРЦİ
    Рушылі далей.
    Каля поўдня шарпак пад сонцам асеў, памякчэў, і дзесяцкі рызыкнуў: параіўшыся праз сына з правадніком, вывеў атрад з рэчышча і скіраваў напрасткі цераз купістую балоціну, што непрыкметна перайшла ў возера. Яго абавязкова трэба было перасячы да цемнаты, бо на лёдзе немагчыма знайсьці ні дроў, ні травы для коней. Але калі, абадзьмутыя сустрэчным ветрам, наблізіліся да процілеглага берага, дзе чарнеў густы лістоўнічнік, ужо абтрэсены сонцам ад шэрані, дзесяцкі загадаў спыніцца. Усё магло чакаць у гэтых нетрах людзей, што некалькі гадзін сунуліся па белі, бачныя здалёк.
    Трое, пасланыя ў выведку, доўга не вярталіся, і астатнія занепакоіліся. Але вось з-за дрэў паказаўся адзін, другі, трэці... Жывыя! Стральцы з палёгкай крануліся насустрач.
    - Іншаземцы... Т-там! – заікаючыся, выпхнуў з сябе адзін з выведчыкаў.
    - Сяліба?
    - Н-не. На паляне скоп. Жмурыка 27 хаваюць, ці што.
    - Многа іх?
    - Многа. Ці не ўвесь род.
    - Значыць, няпросты нябожчык. А што ж на паляне? Яны на дрэвах хаваюць. Зробяць памост, арангасам завецца, а на яго калоду. Ці арангас на слупах зьбілі?
    - Не! Капаюць. Магілу капаюць. І не адну, здаецца.
    - Раз капаюць – значыць, з князца 28 сям’і. А далёка ад лесу капаюць?
    - Крокаў сто.
    - Не прыкмецілі вас?
    - На лес не глядзяць. Не да таго.
    - Тады паціху... Сьлед у сьлед. Каб лішняга не рыпець. Усе за мною... Нікому не адставаць. Ты, Афоне, застанесься з коньмі. Пішчаль набі, кнот запалі. Калі яколец наскочыць – стрэліш, а сам, не вернемся пакуль, з коньмі на возера. У тайзе адзін не адаб’ешся. Ну!
    Афонка не перапытваючы раскрыў кайстру з порахам, дастаў мерку і пачаў дбайна зараджаць абедзьве рулі сваёй двухрульнай пішчалі, разьлічанай на такіх нязломкаў, як ён. Астатнія гужам рушылі праз гушчар. Наперадзе ішлі выведчыкі, ступаючы ў свае ж сьляды. Тайга зацята маўчала – яна яшчэ не прачыналася ад зімовага сну. Хутка чэзлыя крывыя дрэвы парадзелі. З-за іх ужо можна было бачыць паляну. А на паляне, дакладней, на тым яе краі, адбывалася вось што.
    Тубыльцы – чалавек з трыццаць узброеных лукамі мужчын і некалькі жанчын – тоўпіліся вакол трох прамавугольных ям. Іх капалі, відаць, з дапамогай агню, спачатку адаграваючы зямлю, а потым ужо выграбаючы драўлянымі рыдлёўкамі – паўсюдна на сьнезе чарнелі раскіданыя галавешкі, пахла смалістым дымам лістоўнічных дроў і спаленай ігліцы. Каля сярэдняй ямы, угразшы глыбока ў сьнег, ляжала труна – выдзеўбаная з таўшчэзнага дрэва калода. Нябожчык быў ужо ў ёй. З калоды былі відаць толькі твар і грудзі, пакрытыя футрам. Белы твар наўкос перасякала доўгая чорная рана, под лязо забойцам трапіла вока, нос і падбародзьдзе.
    Праваднік задаволена крэкнуў ля вуха дзесяцкага – Барыс Ліцьвін з недаўменьне азірнуўся на яго. Кусяней ухмыльнуўся:
    - Байбон уала албёт.
    - Сын Байдона памёр, - пераклаў Андрэй. Вусны яго раптам сасьмяглі.
    Дзесяцкі з прыкрасьцю сьцяў зубы.
    На грудзі забітага паклалі лук, калчан са стрэламі, дзьве пальмы 29: вялікую – батас і крыху меншую – батыю. Потым калоду накрылі доўгім і шырокім покрывам, сшытым з некалькіх палос бяросты. Яшчэ і яшчэ адно покрыва легла на труну, перш чым усе іх не пачалі прывязваць скуранымі рамянямі. Гэта ўсё рабілі некалькі юнакоў – магчыма, равесьнікаў забітага. Побач стаяў каржакаваты, квадратны ад футра паджылы мужчына. Ён пахмурна глядзеў на твар нябожчыка, пакуль таго не закрыла бяроста. тады ён падняў галаву і павярнуў яе направа і налева.
    Там, каля іншых ям, таксама ішла работа. Да левай, самай вялікай, вялі жаўтавата-белага жарабка. Той трывожна іржаў і ўпіраўся, але шасьцёра мужчын, што цягнулі яго за аброць і грыву, піхалі ў крыж, перамаглі. Заднія ногі каня былі стрыножаныя загадзя – відавочна, каб не брыкаўся, і жарабок цяжка валок іх. Перад ямай зьвязалі і пярэднія. Потым паддалі з бакоў і ззаду – конь матлянуў галавой і з нейкім чалавечым ускрыкам зваліўся ў дол. Яма была неглыбокай, і добра было відаць, як жывёла спрабуе біцца ў ёй, падкідаючы ногі і галаву. У яму сышоў чалавек у адной скураной кашулі з падагнутымі да локцяў рукавамі. Бліснуў нож – канавал разануў жарабка па жываце, сунуў у рану руку і пайшоў ёю углыб. Андрэй заціснуў вушы, але гэта не дапамагло: пранізьлівае, як дзіцячы плач, іржаньне каня прабівала заечыя рукавіцы.
    - Станавую жылу шукае. – хрыпла прамовіў дзесяцкі. – Намацае, абарве – конь і кончыцца. Такі звычай. Чуў я пра тое, а бачу першы раз.
    - Ірады! – абазваўся, здаецца, Шчастка.
    Нарэшце, конь заціх. У яму скочылі яшчэ двое. Жарабку разьвязалі ногі і павярнулі на жывот – так, што цяпер на каня можна было б і сесьці. Людзі вылезьлі, абапіраючыся на край ямы рукамі, і, пакідаючы чырвоныя сьляды, накіраваліся да трэцяй магілы, што зеўрала справа ад сярэдняй. Зрэшты, тут ім справы не знайшлося, і яны ператварыліся ў гледачоў. Над трэцім долам стаяў юнак са зьвязанымі рукамі і нагамі, амаль што голы, у лінялым рысім каўпаку на галаве. Ён глядзеў кудысьці ўверх. нібы не зважаючы на тых, што ад самых пят абмотвалі яго бліскучай, як зьмяя, валасяной вяроўкай, ператвараючы ў гіганцкі кокан. Вось зьмяя пабегла па грудзях, па шыі... Яшчэ імгненьне – і ільсьняны слуп, не згінаючыся, рухнуў ў дол.
    Квадратны мужчына даў знак, і труну сына Байдона асьцярожна апусьцілі ў магілу на рамянях. Выцягваць іх не сталі. Замільгалі драўляныя рыдлёўкі, маланкава засыпаючы ямы. Як толькі гэта было скончана, квадратнаму падвялі каня і пасадзілі. Ён тут жа хвастануў жывёліну пугай і панёсься з паляны. За ім паімчаліся яшчэ некалькі верхавых. Усьлед, не азіраючыся на магілы, кінуліся пешыя. Праз хвіліну на паляне, што стала кладамі, не засталося нікога.
    - Баяцца, жмурыкі за сьцёгны хопяць? – высьміхнуўся хтосьці са стральцоў.
    - Жывёліну, і тую закапалі мёртвай, а чалавека – жывога! – усклікнуў Трэнь. – За што кара такая?
    - Галаўшчына 30, відаць. За Байдонава сына, - выказаў думку дзесяцкі. – Спытай-ка, сынку, вожа, што ён скажа пра то? Каго клячам 31 спавівалі?
    Андрэй пераклаў запытаньне бацькі. Кусяней зьдзіўлена зірнуў на дзесяцкага – няўжо, маўляў, не ведаеш? – і пачаў шматслоўна тлумачыць хлопчыку.
    - Ён кажа, то кулут 32, халоп Байдонава сына. На тым сьвеце Байдонаваму сыну то ж і конь, і халоп патрэбны.
    - Што?! – грымнуў Барыс Ліцьвін. – На тым сьвеце яму халоп патрэбен? Браты, тут разбой. Ратуйма чалавека!
    Стральцы высыпалі на паляну. Зямля яшчэ не пасьпела схапіцца марозам і паддавалася тупым драўляным рыдлёўкам. што валяліся вакол магіл, лёгка. Як толькі адна з іх даткнулася чалавека, мерзлы жвір пачалі разграбаць рукамі. Адкапанага паднялі і палажылі на воўчае футра. Вочы яго былі адчынены, але прыкмет жыцьця ён не падаваў. Дзесяцкі прыклаў вуха да яго грудзей:
    - Позна.
    - Задушылі клячам? Або зямлі наглытаўся?
    - Сэрца застыла. Ад жаху. Ды і мароз.
    - Эх, раней бы! Калі ў яму яго піхалі.
    - А што б выйшла з таго? – сурова абрэзаў дзесяцкі. – Можа, вобак з ім яшчэ б дзесяцярых закапалі. Нам крыві лішняй не трэба. У нас ваяводы наказ, будзем яго спаўняць.
    - Не... Я іначай думаю. Зло, няправеднасьць патрэбна карчаваць, простага людзіна тут хаця пад абарону браць! – гарачыўся Трэнь.
    - Рана чужыя справы рашаць. Мы яколцаў яшчэ не разумеем, а яны - нас. Сьпяшацца тут няможна. Леташні год ваявода Пётр Пятровіч уздумаў барашнішка 33 якольцаў перапісаць, у ведамасьці занесьці, хто колькі кароў і коней мае, сям’я якая... Уздумаў, каб, кожны з свайго барышна ясак даваў. Пётр Пятровіч муж новапрыбылы, не ўсё тутэйшае ведаў. Родзька Грыгор’еў, дзесяцкі, не збаяўся – паспрачаўся з ваяводам. Кажа, рана яшчэ якольцаў пісаць, не ведаюць якольцы пісьма і бяды ад таго будуць чакаць, і гора ўсім нам ад таго будзе. А Пётр Пятровіч Родзьку: Бунты, мужык, заводзіш!” Ды пад бізун яго... і я па Родзькаваму сказаў, і мне за словы мае бізуна... Дасюль мне ваявода словы тыя дараваць не можа... А чыя праўда выйшла?..
    Барыс Ліцьвін памаўчаў. Маўчалі і стральцы вакол задушанага кулута. Месячны серп падымаўся на ўсходзе, адкідаючы на цьмяна-срабрысты сьнег жалобныя цені.
    - Паслаў перапісчыкаў туды і сюды па валасьцях, такімі ж атрадамі, як мы з вамі. А якольцы рашылі – барашно ў іх адбіраць будуць. Змовіліся, усталі ўсе разам, і сорак пяць служылых людзей палажылі. І Ленскі астрог у аблогу ледзь не ўзялі. І Воіна-бацьку мне безгаловага бог судзіў хаваць... Шасьцёх з дзесятка нашага ў Чымчы-шамана зарэзалі ноччу, чатырох у юрце жывых спалілі... А мяне чаго не кранулі – і дасуль не разьбяруся. Быў жа ў руках у іх...
    Ён аж заплюшчыў вочы і страсянуў галавой.
    - Чаго не кранулі? – хрыпла перапытаў Шчастка. – Бо і ты іх не кранаў. І яны людзі. Бачаць, дзе – бярдыш бяздушны.
    - З тых, што пабітыя ляжаць, таксама не ўсе бердышы... А і цяжка ж тут чалавекам быць. Вось прышлі мы сюды не па сваім хаценні. Не ў пару прышлі, злы Байдон, сына Байдон пахаваў. Што рабіць? Назад коней вяртаць, да Байдона не заходзячы? А ваявода? Што Пятру Пятровічу да таго, што дзесьці там у іншаземца сына да сьмерці пабілі?. Яму першае, каб казна сабаліная поўнілася, каб цара-гасудара жабрачай пасылкай у гнеў не ўвесьці. А гасудару, тым болей – што да сьмерці яму іншаземца нейкага? Тою сьмерцьцю ваяводзе прад гасударам не апраўдацца.
    - З пустымі рукамі няможна вяртацца, - пахмурна сказаў Трэнь.
    - То давайце назад, да Афонкі. У зацішку вогнішча разадзьмём, паядзім, пагрэемся ды намысьлім, што Байдону паведаем. Нук-к, рыдлёўкі ў рукі, бедалагу на месца...
    - Мелкі дол. Зямлі насыпалася... Відзён будзе нябога.
    - Сячы бердышамі зямельку. Глыбей. глыбей!
                                                                                * * *
    Праз трыста год у міжрэччы Лены і Вілюя, пасярод непраходных балот і шырокіх азёр археолягі натрапілі на нязвычнае захаваньне. Грудкі магіл даўно зраўнаваліся з зямлёй, але калі вучоныя зьнялі на паляне тонкі дзёран, пад ім аказаліся тры магільныя плямы зямлі, перамешанай з вугалем. У сярэдняй, мелкай магіле адрылі цяжкую лістоўнічную калоду, абвязаную бяростай. Бяроста згніла, правалілася; гэтаксама згніло і футра, у якое быў апрануты нябожчык; нічога не засталося і ад яго самога, акрамя некалькіх костак; спарахнеў лук, саржавелі пальмы і рассыпаліся, як крывавы порах, ледзь кранулася іх рука дасьледчыка. У левай магіле, ледзь не на паверхні, найшлі хрыбет, капыты і чэрап каня. Трэцюю раскопваць прыйшлося доўга. Нарэшце, на двухмэтровай глыбіні рыдлёўкі агалілі труп чалавека, абкручаны валасяной вяроўкай. Твар яго, праўда, амаль разлажыўся, затое цела пераварылася ў мумію. А яшчэ зьдзівіў археолягаў кавалак жалеза, знойдзены над трупам. Формаю ён нагадваў абломак сярпа, толькі шырэйшага, чым звычайны, і без зазубін. У адрозьненьне ад пальмаў, што саржавелі на грудзях чалавека, апранутага ў футра, ён захаваў і цьвёрдасьць, і вастрыню ляза. Гэта быў абломак стралецкага бердыша, якім дзяўблі на марозе магілу кулута.

                                                                 РАЗЬДЗЕЛ  ПЯТЫ
                                                   АБ  СПРАВАХ – ДА  СЬНЕДАНЬНЯ
    Барыс Ліцьвін абудзіў атрад да сьвітаньня.
    - Хто рана ўстае, таму бог многа дае, - пажартаваў ён, калі Трэнь пачаў скардзіцца на штодзённы недасып.
    Усё было абгаворана яшчэ за вячэрай. Стральцы без мітусьні разабралі коней. Пішчалі цяпер не прытарочвалі да сёдлаў, а закінулі на рамянях за плечы.
    - Шчасьліўчык ты, Шчастка, - пазайздросьціў Трэнь. – І пішчаль у цябе – недамерка 34. Яе б Андрушку, а цягаеш ты, здаравушчы мужчына.
    - Дык і ў цябе ж завясная 35, - адспрэчыў, усьміхаючыся, стары пішчальнік. – А паспытаў бы ты зацінку 36 панасіць.
    Настрой ва ўсіх здаваўся бадзёрым, але за жартамі чулася і трывога. Байдонавага сына хавала не меней за трыццаць мужчын; несумненна, гэта былі не ўсе воіны роду – хтосьці застаўся дома, хтосьці не вярнуўся з дальняга паляваньня. А стральцоў разам з дзесяцкім было васьмёра. Праваднік, калі дойдзе да зброі, хутка ўцячэ, чым будзе біцца на баку рускіх; хлапец таксама ў бойцы не падмога – самога трэба абараняць. Да таго ж, было відавочна, што сын князца памёр не сваёй сьмерцю, яго забілі, хутчэй за ўсё, чужапляменьнікі – у такіх выпадках род, як сказалі б мы сёньня, жыве на ваенным становішчы і рыхтуецца да помсты. Праўда, забіць яго маглі не тое што не ўчора, а нават дзе-небудзь на пачатку зімы. Цела памёршага ці забітага выстаўлялася на мароз і, заледзянелае, чакала, пакуль род не падрыхтуецца належным чынам да пахаваньня: знойдзе ў тайзе адпаведнае, у два абхваты дрэва, зваліць – а на якуцкім марозе без пілы гэта зрабіць ой як нялёгка, абсячэ, даставіць у цёплае месца. Нялёгка і дзёўбаць, дзёўбаць тое дрэва, як кажуць, аж пакуль не атрымаецца труна. Але калі нябожчыка забілі і даўно, пахаваньне ўсё адно ўзрушыла родзічаў – не, у непрыдатную часіну з’явіліся стральцы да Байдона.
    Цяпер дарогу не трэба было шукаць. Ад паляны з магіламі ў розныя бакі разьбягалася безьліч слядоў. Сярод іх асабліва прыкметнай была глыбока пратаптаная сьцяжына. Па ёй да паляны і назад прайшло найбольш людзей і коней, цягнулі на палазах цяжкую паклажу. Яна, відаць, і вяла да жытла Байдона. Па ёй і рушыў дзесятак Барыса Ліцьвіна.
    Часта тахкала сэрца ў Андрэя. Усё, што была да гэтага, здавалася яму дзіцячай гульнёй. Пачыналася невядомае і суровае, дзеля чаго і паслаў іх сюды няўмольны ваявода. Месяц бязьлітасна зьзяў над сьнягамі, а Андрэю хацелася, каб зямлёй апанавала выратавальная цемра.
    Яшчэ пералесак, яшчэ абагнула сьцяжына – і ўдалечыні замаячыла нешта накшталт велізарнага каўпака. Белы, як сьнег, ён унізе зьліваўся са сьнегам, затое востры, як шыла, верх, вылучаўся на пералеску, што мёртва цямнеў за ім.
    - Байдон, яго урага 37, - сказаў праваднік па-свойму. Андрэй не пасьпеў перакласьці: бацька згодна кіўнуў галавой.
    Непадалёк ад вялікай урагі Андрэй не адразу разглядзеў малую. Яна была такая ж і колерам, і выглядам, толькі ніжэйшая ўдвая. Ад першай да другой урад чарнела з дзесятак слупоў з выразанымі галовамі розных зьвяроў і птушак наверсе. Гэта былі сэргэ – канавязі. Яшчэ паміж гэтымі ўрагамі Андрэй угледзеў нібыта трэцюю - дзіўную, не белую і чорную, а стракатую і болей падобную на курган, чым на ўрагу. Не адразу здагадаўся ён, што там была вялізная куча дроў, кінутых як папала. Ды і як магло быць іначай, калі якуты не мелі пілы і з лесу валаклі цэлыя сухастоіны з усімі галінамі, а іншыя нават і з каранямі, бо лістоўніца нетрывала сядзіць у глебе і, бывае, выварочваецца ветрам. Запрагалі ў гэтую нялёгкую работу звычайна валоў.
    Барыс Ліцьвін уважліва павёў вакол вачыма. Аховы нідзе не адчувалася – гэта ўжо была ўдача, і немалая. Значыць, на пахаваньні ўчора стральцоў ніхто не заўважыў. Тонкі белы дымок струменіўся толькі над урагой вялікай – ці не сьведчыла гэта, што ў малой нікога няма? Вядома, людзі пад раніцу маглі праспаць, і агонь патух, але час быў ўжо такі, калі ўстаюць. Вось і ў вялікай уразе, відавочна, падкінулі дроў у цяпло – разам з дымам ў пашарэлае неба ўзьвілася жменя іскраў. А над малой як нічога не было, так і не з’явілася. У дзесяцкага ўзьнікла думка, што калі ў малой уразе і жывуць, то на ноч перабіраюцца ў вялікую, каб меней паліць дроў. Гэта спрашчала задачу – не трэба было захопліваць абедзьве ўрагі.
    - Трэнька, Афоне, - ціха сказаў ён, - праверце малую юрту 38.
    Стральцы скочылі на сьнег. Коні нягучна іржалі і тапталіся, але гэта нікога ва ўрагах не павінна было непакоіць, бо вакол вольна хадзілі і гаспадарскія коні. Трэнь і Афон з бердышамі наперавес падкраліся да дзьвярэй – яны не былі зачыненыя знутры і лёгка адкінуліся, варта было Афону пацягнуць за рэмень на іх. Абодва бясшумна сьлізганулі ва ўрагу, не зачыніўшы дзьвярэй, пабылі там час, дастатковы, каб павярнуцца туды і сюды, і раптам, як апантаныя, выскачылі назад.
    Тоўсь! – аддаў загад дзесяцкі. Пяць пішчаляў скіраваліся на дзьверы малой урагі.
    - Н-ням-ма... Н-ням-ма жывых! – супакоіў саратнікаў Трэнь, кляцаючы зубамі.
    - Каго ж вы так напужаліся? Мёртвых, ці што?
    - Ёсьць адзін.
    Дзесяцкі зазірнуў а ўрагу – пасярод яе, побач з нераспаленым ачагом 39 жаўцела недавыдзеўбаная калода, а пад задняй сьценкай тварам уверх на лаве ляжаў юнак, ды шыі закрыты футрамі. Ранішняе сьвятло прабівалася ўжо ва ўрагу праз квадратную дымавую адтуліну ўверсе, і можа было зразумець, што чалавек пад футрам ніколі не прачнецца, нягледзячы на свае юнацкія гады.
    - Няўжо і гэты – сын Байдона? – прамармытаў дзесяцкі. Ён са злосьцю пляснуў дзьвярыма.
    Між тым у вялікай уразе агонь разгараўся. Дым над ёю стаяў чорным слупам. У гэтым дыме ўжо схаваліся рогі – канцы чатырох асноўных жардзін. што вытыркаліся над збудаваньнем. Кожны міг з урагі мог хто-небудзь выйсьці па дровы ці іншай патрэбе.
    - Дунайка, Івашка, коні на вас. Ты, - памарудзіўшы, тыцнуў дзесяцкі ў грудзі правадніка, - таксама тут застанесься. Эн – манна (ты – тут), разумееш?
    - Э-э, э-э, - заківаў ахвотна праваднік.
    - Ты, сынку, таксама, пакуль тут пабудзь. Пасьля паклічу, ясна?
    - Ясна, - пабялелымі вуснамі прашаптаў Андрэй.
    - Астатнія – за мной!
    Стральцы рынуліся да вялікай урагі. Вокнаў у гэтых будынінах не было, раптоўнасьць нападу гарантавалася – для таго, каб з зачыненай урагі агледзець наваколле, чалавек павінен быў выставіць галаву ў дымавую адтуліну, што знаходзілася на вышыні ў сажні чатыры. Але дзьверы раптам адкінуліся самі і на парог ступіла маладзіца ў сарах 40 і кароткіх скураных штанах вышэй калена. Болей на ёй нічога не было. Убачыўшы барадачоў з шырачэзнымі сякерамі ў руках, яна з віскатам кінулася назад, але дзьвярыма бразнуць не пасьпела: Барыс Ліцьвін сунуў ў шчыліну свой касматы, з аленіх ног тарбос.
    Дзьверы насьцеж адчыніліся, і стральцы адзін за адным уваліліся ў цёмнабарвовае чэрава ўрагі. Андрэй з заміраньнем сэрца чакаў стрэлаў, звону сталі аб сталь – нічога такога не пачулася. Толькі, як рэзаная, віскатала па-ранейшаму маладзіца. Але тут з глыбіні будыніны данёсься глухі, як мядзьведжы, голас:
    - Хагытама, джахтар! Кёрбёккюн дуу? Бу нучча джоно. Нучча джоно ёлёрбёццёр! (Не крычы, жанчына! Не бачыш? Гэта рускія людзі! Рускія людзі не забіваюць!)
    Не чакаючы поклічу бацькі, Андрэй пераступіў парог урагі – небясьпекі яўна не было, а ён даўно закалеў. Ды і цікава было зірнуць, што дзеецца там, куды яны імкнуліся гэтулькі дзён.
    Бацька і іншыя стральцы сядзелі на лавах, што ішлі вакол урагі і называліся аронамі. Адчувалі ўсе яны сябе, відаць, ніякавата: рыхтаваліся, як да ўзяцьця Казані, а ва ўразе, акрамя жанчыны, аказаліся толькі двое: падлетак Адрэевых год ды той самы муж, што распараджаўся на пахаваньні. Андрэй яго ледзь пазнаў. Там быў унушальны начальнік, уладыка, па кіўку ці ўзмаху рукі якога забівалі і закопвалі, тут – хаця і мускулісты, затое пляшывы, з тоўстым голым брухам дзядзька ў такіх жа, як і жанчына, скураных натазьніках – сыалях. Твар у яго быў даволі сярдзіты, чаму зьдзіўляцца, вядома, не выпадала. Рэдкія вусы, як у рысі, тырчалі ў розныя бакі. І нечасаныя доўгія валасы зьвешваліся са шчок, бы ў рысі.
    - Сонмун кіллергін дуу, суох дуу, бу? /Ты прынясеш, нарэшце, мой сон 41 ці не?!/ - раўнуў ён жанчыне. Відавочна, яго болей раздражняла не прысутнасьць няпрошаных гасьцей, а тое, што ён перад імі апынуўся ў адных сыалях.
    Маладзіца бездапаможна крутнулася на месцы, паказваючы, што не можа выйсьці – ля парога, закрыўшы дзьверы бердышом, стаяў агромісты Афонка.
    - Пра што яны, сынку? Ператлумачвай кожнае слова, раз ты ўжо тут, - сказаў дзесяцкі.
    - Кажа сон прынесьці. На двары, відаць.
    - А! Гэта яны, кладучыся спаць, на мароз выкідваюць, каб вошы не заводзіліся. Афоне! Прапусьці бабу. Голая далёка не пабяжыць.
    Афонка апусьціў бярдыш і, прыязна выскаліўшыся, адступіў ад дзьвярэй. Жанчына выскачыла і вокамгненна вярнулася з залубянелым сонам.
    Князец Байдон – а што гэта ён, сумнявацца не прыходзілася – не міргнуўшы вокам, нацягнуў на цела засьнежаную вопратку, што спачатку нагадвала рыцарскія латы, а адтаўшы, абмякла і аблегла плечы і грудзі. Затым надзеў нагавіцы і прывязаў іх раменьчыкамі да колцаў, што менавіта для таго былі прышытыя да сыаляў. Штаны ў яго, такім чынам, як і ва ўсіх якутаў яго часу, былі разборныя. Паўверх нагавіц Байдон напяў футравыя панчохі, на тыя – сары, але на гэтым апрананьне не скончылася. Аднекуль з кута падлетак з паклонам прынёс тое самае велічнае футра, у якім Байдон учора быў на пахаваньні. Нарэшце, князец накрыў і пляшывы голаў – дзівоснай шапкай з двума “рагамі”, што тырчалі ў яго над ілбом, як вушы рысі з кутасамі. “Рогі” тыя – абшытыя футрам скруткі бяросты, а можа, і скуры, былі аздоблены каля асновы белым буйным адэкуем.
    З кожнай новай апранахай Байдон усё болей мяняў аблічча, ператвараючыся са сьмешнаватага злоснага дзядзькі ў драпежнага і грознага ўладара тутэйшых мясьцін.
    Жанчына між тым свой сон апранаць не сьпяшалася: павесіла яго на жэрдку паблізу ад ачага і падкінула дроў. Аголеныя налітыя грудзі яе пагойдваліся ад рухаў. Андрэю няёмка было глядзець на яе. Ён перавёў позірк на равесьніка. Той і ўвогуле не думаў апранацца: зашыўся ў кут за слуп і насьцярожана пабліскваў адтуль вачмі.
    Сьвежыя дровы ў агні затрашчалі, і на ўбіты дол упала галавешка. Жанчына заскакала вакол яе, прымерваючыся, а потым схапіла голай рукой і кінула назад, на ачаг.
    - Ты б яе двума паленамі: вось так! – паказаў Трэнь, як заціснуць галавешку двума паленамі.
    - Тое яна і без цябе ўмее. Вугельчыкі павінна рукамі браць, - засьмяяўся Шчастка.
    - Чаму?
    - Бо цяжарная. Такое павер’е: каб лягчэй раджаць, агню не цурайся.
    - Скуль ведаеш?
    - Ясырку 42 меў. Таксама раджала, - зноў засьмяяўся Шчастка.
    - Вось жа шчасьлівец! Нават ясырку меў. І куды яе?
    - А нікуды. Да папа завёў, ахрысьціў, павянчаўся, цяпер во жонка, – пазяхнуў Шчастка.
    Зашпіліўшыся і абцягнуўшы тагалай 43, Байдон ступіў два крокі наперад і спыніўшыся так, каб іскры ад ачага не даляталі да яго, паважна, гучна спытаў:
    - Таго келлегіт, нучча джоно?
    Чаго прыйшлі, рускія людзі? – пераклаў Андрэй.
    Барыс Ліцвін без пасьпеху ўстаў, таксама ступіў два крокі на сярэдзіну ўрагі, і князец адразу стаў нібы ніжэйшы ростам. Дзесяцкі адвярнуў крысо футра і з кішэні паўкаптана дастаў скрутак тоўстай паперы.
    - Наказная памяць 44 ваяводы Ленскага Галавіна Пятра Пятровіча, - сурова сказаў ён. – Ператлумачвай, сынку, што буду чытаць.
    Ён набраў у грудзі паветра, памаўчаў хвілінку. Князец нецярпліва пераступіў з нагі на нагу, нахіліўся ўперад, гледзячы хутчэй на хлопца, чым на дзесяцкага, выпрастаўся зноў. Ад усіх гэтых рухаў яго даўжэзны, да пят тагалай не варухнуўся, нібы існаваў сам па сабе і гаспадар мог круціцца ў ім, як хоча.
    - “Лета сем тысяч сто пяцьдзесят першага, феўраля ў дваццаты дзень ад стольніка цара і вялікага князя Міхаіла Фёдаравіча гасудара ўсяе Русі, ваяводы Ленскага Галавіна Пятра Пятровіча дзесяцкаму Барыску Ліцьвіну памяць наказная. Даю табе, Барыска Ліцвін з дзесяткам тваім наказ праміж рэк Вілуй і Лена сыскаць Байдонку князя іншаземнага з ягоным жа родам Бадурскім зьбеглым. Гэты Байдон гасударава ясаку неплацельшчык злосны з ракі Вілуй на раку Лену качуе, ясаку не плацячы, а гасудару вялікаму па сваёй веры і за ўвесь свой род прысягаў ясак плаціць па поўнай і без недабору па ўсе гады. І сыскаўшы Байдонку таго, спагнаць з яго і з роду ягонага ясак за чатыры гады шэсьць саракоў 45 сабалёў. І калі дасць ясак, даць Байдонку жалаваньня гасударава тры фунты бісэру, дзесяць фунтаў волава ў тарэлех 46 і чвэрць вядра віна гарачага 47. А будзе не дасьць Байдонка ясак ці дасьць з недаборам, аманата павінен даць сваёй крыві; а будзе не дасьць аманата – наказ табе, Барыска Ліцьвін з дзесяткам жа з тваім, Байдонку гэнага даставіць на суд і на правёж 48 ваяводзкі. Да гэтага руку прылажыў уласнаручна ваявода стольнік царскі Петр Пятровіч Галавін”.
    Твар Байдона то бялеў, то чырванеў. І цяжка было зразумець: ці тое водбліскі блізкага агню, ці тое водбліскі ягоных пачуцьцяў. Бачна было, аднак, што ён не можа ўсьвядоміць цалкам гэты каструбаваты дакумэнт. Ён паварушыў губамі, аблізаў іх і прамычаў:
    - Хатыла! (Паўтары!)
    - Ты, можа, нешта недатлумачваеш? – выказаў здагадку дзесяцкі. – Вазьмі-ка, сынку, памяць, перакажы яму з ліста.
    Ён працягнуў скрутак Андрэю. Памяць, напісаную дрэнным скорапісам ваяводы, цяжка было разабраць, таму Андрэй пераказаў князцу галоўнае: што за ім лічыцца “даімка” шэсьць саракоў, а калі не дасьць, стральцы павінны ўзяць у аманаты кагосьці з яго крэўных або яго самога, прычым яму пагражае “правёж” – пакараньне бізуном.
    І тут усю велічнасьць таежнага ўладара як змыла. Ён узьняў рукі, сьціснуў іх у кулакі і забалабоніў так хутка і так шмат, што Андрэй пасьпяваў перакладаць толькі з пятага на дзесятае:
    - Чаму я павінен плаціць ясак? Рускаму цару, рускаму ваяводзе, рускаму дзесяцкаму? Калі я браў што-небудзь у рускага цара, рускага ваяводы, рускага дзесяцкага? Чаму рускі цар, рускі ваявода, рускі дзесяцкі зноў патрабуюць маіх сабалёў?
    - Пастой! – перапыніў Барыс Ліцьвін. – Ясак ты плаціш не мне і не ваяводзе, толькі цару. Калі я прыхаваю з той з мяккай рухлядзі 49 шкурку адну, а ваявода праведае – буду сьпіну і ягадзіцы два гады пасьля бізуна лячыць. Разумееш? Ты плаціш ясак толькі вялікаму гасудару!
    - Чаму я павінен зноў плаціць ясак?
    - Зноў? Ты яго чатыры гады не плаціў. Бегаў ад ясаку. Зьбеглы ты, княжа!
    - Я не ад ясаку бегаў, я сабе, роду свайму лепшае месца шукаў!
    - А даімкі ў цябе за чатыры гады.
    - Няма даімкі! Я плаціў ясак, плаціў!
    - Чатыры гады назад? Гасудар кожны год ясак патрабуе.
    - Месяц назад плаціў! За чатыры гады! За пяць гадоў! За шэсць гадоў! Усе шкуркі аддаў! Дзе другі раз за адну зіму вазьму для вас?
    Дзесяцкі ўтаропіўся ў растрапанага, узмакрэлага князца:
    - Як не брэшаш... То што ж такое? Хто ясак узяў? Хто таго ясатчыка пасылаў? Цяпер па Якольскай зямлі адзін ваявода ясак зьбірае. Месяц назад у Ленскі астрог ніхто ад цябе не вяртаўся! Ні з казной з сабалінай, ні без яе.
    - Граматку маю! Граматку маю, рускі!
    - Граматку маеш? А ну, кажы!
    Дзесяцкі, можна сказаць, выхапіў скрутак з рукі князца і разгарнуў:
    - “Дадзена граматка гэтая лета сем тысяч сто пяцьдзесят першага ў феўраля шосты дзень князцу Бадурскаму Байдону дзесяцкім казацкім Барыскам Арахоўскім.” Барыскам Арахоўскім? То значыць, мной? – вылупіў вочы дзесяцкі. Ён апусьціў скрутак, страсянуў галавой і зноў паднёс паперу да вачэй. Стральцы паўставалі з лаў і выцягнулі шыі. – “Я, Барыска Арахоўскі, даю граматку гэтую ў тым, што мною, Барыскам Арахоўскім, у князца Байдона ў лік плацяжоў за прошлыя гады гасударава ясаку ўзята: два саракі сабалёў з пупкі і з хвасты, ды паўтрэцяга 50 сарака сабалёў з пупкі без хваста, ды сорак сабалёў без пупкі і без хваста, ды шуба якольская сабаліная, а ў ёй паўсарака сабалёў, ды два лісы чорныя з пупкі без хваста, ды недаліс 51 чырвоны, ды шапка якольская пласьцінчатая” 52.
    Князец згодна і з яўным задавальненьнем ківаў галавой: відавочна, рускія словы “соболь”, “сорок”, “лиса”, “шуба” і ўсе астатнія, якімі пералічвалася ўзятая ў яго пушніна, былі ўжо яму добра знаёмыя. Затое зусім інакшы выгляд быў у дзесяцкага.
    - Я - Барыс Арахоўскі, - узяў усё тое месяц назад? Я? – у бясконцым зьдзіўленьні паўтараў ён.
    - Хтосьці праўда тут пабываў да нас! – крыкнуў Трэнь. – Сам князец граматку не напіша!
    - Пра тое і думаць няма чаго, - выцер лоб рукавом дзесяцкі. – Га! Я ж не дачытаў яшчэ. “Узятая на царскую карысьць, ды з мяккай рухлядзі той, цар маскавітаў, атрымаеш фігу з макам. А калі сыскаць яе захочаш, ідзі на той сьвет да Барыса Арахоўскага. Амен”. Што за людзі былі ў цябе? – павярнуўся ён да князца.
    Байдон зноў горача загаварыў, дапамагаючы сабе рукамі. З яго слоў выходзіла, што былі ў яго чалавек з дзесяць на чале з такім жа высокім, плячыстым, як дзесяцкі, мужчынам, з даўгімі вусамі і без барады. За ясак ён выдаў Байдону гасударава жалаваньне – “адзеньне з царскага пляча”.
    Байдон даў знак падлетку, і той накінуў на плечы Байдона паўзьверх тагалая ярка-малінавую шаўковую апранаху, падбітую лёгкім, даўно аблыселым футрам, з вялікімі разрэзамі на рукавах.
    - Кунтуш! – ахнуў дзесяцкі. Браты, то кунтуш! Так адзяваюцца ў нас, у Літве, князі ды ваяводы!

                                                             РАЗЬДЗЕЛ  ШОСТЫ
                                                                РАНİЦА  КУЛУТА
    Ашаломленыя стральцы застылі. Чаго-чаго, а гэткага з іх ніхто не чакаў. Але аслупяненьне хутка прайшло. Пасыпаліся воклічы, здагадкі, прапановы. Пра князца часова забыліся. Ён жа, лічачы, што сказаў і паказаў дастаткова і яго болей не крануць, зьвярнуўся да хатніх спраў.
    І Андрэй не адразу зразумеў, што адбылося і ў якое становішча трапіў атрад. Ён і сам не стаў асабліва прыслухоўвацца да гоману старэйшых. Яго зацікавіла раптам: як жывецца людзям у такім нязвычным збудаваньні?
    Сьцены з бяросты; хай і ў тры, а можа, і ў чатыры столкі, яны, зразумела, цяпла не зьберагаюць. Тым болей, што ўверсе такая дзюра для дыму! Нічым яе не заткнеш. Пад нагамі – зямля, а пад зямлёю, вядома, холад вечны. Такім чынам, холад ішоў ва ўрагу і зьверху, і з нізу. і ад сьцен – чым жа яшчэ ратавацца ў ёй, як не агнём? Вось і палае ён бесьперапынна, не ведаючы адпачынку. Аж вакол дымавой дзюры нібы не бяроста, а скура бычыная: чорная-чорная. Сажа адвальваецца, падае ў агонь, успыхвае на ляту, а насустрач ёй лятуць іскры з дымам. Так і мільгаюць чырвоныя сьветлякі, снуюць уверх-уніз.
    Каб агонь працаваў без стомы, без стомы павінен працаваць і чалавек. Падкідвае дровы на ачаг гаспадыня, старанна кладзе, каб страва не пераплюхвалася праз край. Карасёў гатуе ў вялізным гліняным гаршчку. У гаршчка дно круглае – і стаяць ён не можа. Таму над агнём вісіць. Гаспадыня драўлянай лыжкай сёрбава гладзіць, каб кіпела, не булькочучы.
    А са двара дровы хлопец цягае. Усё ў штоніках тых, да калена. Ці свой сон беражэ-шкадуе, ці так зручней яму. Сон – адзежына жорсткая. Скура – не палатно. Гнуцца гнецца, ды на марозе дубее. Хлопец з двара доўгія лясіны цягае – на марозе іх цяжка ламаць. Прывалок, а тут галіна выпрасталася, князца па руцэ хвастанула. Як узвые Байдон:
    - Ты што, кулут, па ўразе, як па лесе, цягаеш?
    І – аплявуху.
    Змоўчаў кулут, гуку не выдаў, усчаў тыя галінкі з лясіны ламаць. Не шанцуе сёньня яму, напэўна – сучок каля носа ўладыкі мільгануў. Як узвые Байдон:
    - Ты што, кулут, да сваіх гадоў ламаць дровы не навучыўся?
    Ды ў карак кулута. Ажно хлопец па доле на жываце паехаў.
    Падняўся, ні гуку не выдаў. Запрыкмеціў Андрэй – ухмыльнуўся нават. Не прайшла ухмылка тая і міма вачэй Байдона, і князец узяўся за хлопца ўсур’ёз. Падышоў да лавы са скамечанай заечай коўдрай ды як раўне:
    - Кулут! Арон не заслаў! Абагы 53 ў пасьцель пускаеш?
    Тут кулуту ўжо не да ўхмылак – падскочыў, як на вугольчыках, кінуўся да арона – якая ж радасьць самому ў сваю пасьцель чарцей заманьваць? Добра б у чужую! Толькі коўдру расправіў – Байдон яму ніжэй сьпіны нагой. Зноў паехаў па зямлі кулут, аж да парога. Падняўся – зубы скаліць, а далоні і падбародзьдзе ў гразі. Нічога не зробіш, як ні прыкла, трэба памыцца. Пайшоў кулут да вады. Ваду, аказваецца, прыкмячае Андрэй, іншаземцы ў ступах трымаюць. Знойдуць, відаць, дуплястае дрэва, зваляць, зьверху і зьнізу дупло абсякуць, дно падраўнуюць – гатова!
     Зачарпнуў кулут вады, зірнуў вакол – а хто яму, кулуту на рукі палье? Набраў у рот, сам палівае. А таён 54 ужо тут: схапіў чарпак ды па галаве як бразьне!
    - Грэх, – раве, - з рота мыцца! Абагі сябе з галавы да ног аблізвае!
    А чарпак гліняны, каменны! Тут ужо не да сьмеху. Пырснула вада на ўсе бакі з рота кулута, а на галаве: раз! раз! – падымае гуз валасы. Пырснулі і сьлёзы з вачэй, ды хлопец нічога: размазаў па шчоках іх, зьмяшаў з гразьзю.
    - Дровы давай! Дровы!
    Гэта ўжо гаспадыня. Дровы на ачагу – як порах. Не дзіва: тонкія яны, а ачаг гарачэй гарачага, аж падложжа глінянае сьвеціцца. Ды ў кулута з жанчынай іншая гутарка:
    - Дровы, дровы! Жарэш ты іх, ці што?
    - Ты мне хлудзікі не ламай! Сапраўдныя дровы сячы!
    - Сама сячы! Усе батыі зьнесьлі, ніводнай не пакінулі! І на што ім столькі батый?
    - На мядзьведзя з голымі рукамі пойдзеш?
    - А батасы на што?
    - У каго батас, у каго батыя. На тое мядзьведжае паляваньне.
    - Пяць і яшчэ чатыры батыі забралі! Адной не кінулі!
    - А то што? – шалёна крыкнуў князец, дастаючы батыю з-пад арона і шпурляючы ў кулута. Хлопец у час адхінуўся: прасьвішчэўшы праз урагу, жалезная рэч так ляснулася дзяржаньнем аб бяроставую сьцяну, што адскочыла аж да ачага. Каб трапіла ў сьценку дзюбкай, пэўна б, вонкі вылецела.
    - Тупая! Шчарбатая! – усё ж не здаецца кулут. Падабаецца хлопец Андрэю, і шкада яго, шкада! Калі нават пры чужых так князец яго катуе, то што ж тут робіцца звычайна? Падышоў Андрэй да лясіны, ламануў яе аб калена напалам. Пасьля нагою наступіў – яшчэ ламануў. Кулут аж вочы вылупіў, што сказаць і рабіць – не ведае.
    Узяў Андрэй батыю, што Байдон шыбнуў. І праўда: не батыя – палова батыі. Паклаў уцінак лясіны на ўцінак, расставіў ногі на канцы, падскокнуў – паламаліся абодва.
    - Андрэю, - паклікаў бацька, - хадзі сюды. Ты не слухаеш, пра што гаворка ў іх?
    - Слухаю. Байдон, татку, хлопца...
    - Хлопец бог з ім, разьбяруцца самі. Ты не чуў нічога такога, чаму іх так мала і астатнія дзе?
    Андрэй задумаўся.
    - Чуў! – успомніў ён. – Мішку браць пайшлі. Дзевяць батый узялі і, можа, столькі ж батасаў.
    - Відаць, учора пайшлі, пасьля пахаваньня. Вось ці далёка? Калі вернуцца? Паспрабуй распытаць хлопца. Паскачы там з ім яшчэ на хворасце ды паспрабуй... Га?
    Пайшоў Андрэй зноў скакаць. Побач кулут тое самае робіць. Спадабалася, відаць. Не работа, а гульня. Касавурыцца князец, а маўчыць і нічым не шыбае – яшчэ маладога нуччу 55 зачэпіш. Не варта.
    - Заўсёды адзін дровы цягаеш? – пацікавіўся Андрэй, гледзячы зьверху ўніз.
    - Не. То справа моцных, - адказаў кулут, таксама ўзьляцеўшы.
    - А ты не моцны?
    - Я ля гаршчка волат.
    - Хто многа есьць, той і моц мае.
    - Мне многа есьці не даюць. Баяцца, слуп апорны выверну ва ўразе.
    - А нашто табе?
    - А чаго мне чужую ўрагу шкадаваць?
    - Чужую?
    - Ыгы.
    - А моцных чакаць доўга? У бярлогу мядзьведзь?
    - Бадзяга мядзьведзь. Сьляды знайшлі.
    - Гэй там, хопіць дроў! – не вытрываў князец. Відавочна, вельмі не спадабалася яму, што кулут балабоніць з гэтым падазроным рускім хлопцам, што чамусьці ведае іх мову. – Ежа гатова!
    Хлопцы ўсьміхнуліся адзін аднаму і разышліся.
    - Па шатуна 64 пайшлі, – далажыў Андрэй бацьку.
    - Па шатуна? Чуеце, браты?
    - Шатуна ганяць і дзён сем можна.
    - Могуць і сёньня вярнуцца, будзе сьлед згубяць!
    Жанчына адгарнула вугальле і галавешкі з-пад гаршчка, каб юшка болей не кіпела, і пачала даставаць плеценай з лазовых галінак лыжкай карасёў. Клала іх яна на вялікае доўгае блюда, выразанае з лістоўнічай плахі. Спачатку справа ішла борзда, а потым, калі на сярэдзіне пасудзіны вырасла гара сьлізкай рыбы, карасі сталі спаўзаць на край, пагражаючы ўвогуле зваліцца. З адною невялікай рыбінай так і здарылася. Жанчына падабрала яе, паглядзела, падумала і з яўным шкадаваньнем кінула ў агонь. Галавешкі зашыпелі, прытухлі, але праз імгненьне рыбіна абсохла і ўспыхнула сіняватым невысокім полымем. Ад ачага пайшоў смурод.
    - Багата жывуць! – заўважыў нехта са стральцоў.
    - Зноў жа звычай, - сказаў Шчастка. – Калі вечарам кус упадзе – абчысьцяць, абадзьмуць і зьядуць. А вось што раніцай упала – тое прапала. Павінны агню аддаць, бо зьвядзецца агонь. Ягоная доля нібыта.
    З другой рыбінай, што таксама сасьлізнула з блюда, тое ж самае зрабіць гаспадыні не ўдалося. Распаўнелая ад дзіцяці, што насіла, можа, ужо месяц сёмы, няўклюдная, не пасьпела яна сагнуцца, як карася падхапіў кулут, адскочыў за слуп, прысеў на кукішкі і ўпіўся зубамі ў сваю здабычу. З-за слупа толькі костачкі пасыпаліся. Хутка атрымаў падарунак і агонь – толькі не цэлага карася, а ягоны шкілет з абсмактанай галавой, без вачэй.
    Але дарма спрытнюжку гэта не мінулася. Байдон, што на нейкі момант выпусьціў яго з-пад увагі (а кулут і скарыстаў), скінуў, нарэшце тагалай разам з кунтушом, імкліва пранёсься праз усю ўрагу, схапіў хлопца левай рукой за валасы і прыцягнуў туды, дзе валяліся наламаныя падлеткамі дровы. Узяўшы ў правую грубы лістоўнічы абломак, таён з сілай хлабыснуў ім кулута па голай сьпіне. І тут хлапчына не вытрываў. Трэба сказаць, што лістоўніца – дрэва зусім не шаўковае. Высахлая кара касмаціцца мноствам вострых скабак, што ўпіваюцца ў далоні, варта ўзяць лістоўнічную жардзіну ў рукі. Так што ад чаго заякатаў кулут: ад удару ці дзесяткаў скабак тых – невядома. Вядома толькі адно: што заякатаў ён без прытворства. Не памятаючы сябе, Андрэй кінуўся да князца.
    - Што ты робіш, зьвер? – крыкнуў ён па-якольску, перахопліваючы занесены другі раз уцінак.
    - Нейкі міг князец выглядаў так, быццам перад ім раскалолася зямля, і ступіш крок – правалісься ў бездань. Ён застыў усім целам, толькі торгаліся вусы. Малады нучча быў ростам вышэйшы за яго, але, зразумела, не гэта стрымала Байдона. Хлопца ён бы змог і адной рукой, за якую той ухапіўся, выкінуць з урагі. Але за плячмі Байдона сядзелі дарослыя нуччы з жалезнымі кішкамі, што пляваліся вогненнай сьмерцю.
    Кулут парушыў сьвяшчэнную забарону! З-за яго ў маёй уразе пакрыўдзіцца і навек сканае агонь! – павучальна сказаў ён.
    - Натачы батыю і падкідвай болей дроў. Агонь ніколі не патухне, будзе ў яго кідаць дровы! – гнеўна адспрэчыў малады нучча.
    - Кулут парушыў сьвяшчэнную забарону. Ён заслужыў пакараньне! – настойваў на сваім Байдон. – Ён зрабіў тое са зла!
    - Ён галодны! Ты яму не даеш есьці! Сам жарэш, як рысь! Разьеўся! – дзёрзка сказаў Андрэй.
    Так князцу Байдону ў яго ўразе не гаварыў ніхто. Але ён у час успомніў пра жалезныя кішкі і разьняў пальцы абедзьвюх рук, выпусьціўшы і валасы кулута, і ўцінак, якім ударыў і яшчэ зьбіраўся біць.
    Тут здарылася новая нечаканасьць, якую Байдон сустрэў іначай. Над маладым нуччам вырас дзесяцкі, узяў за вуха і, гучна лаючы, павёў да арона. Праўда, каб Байдон разумеў мову стральцоў, то да яго б дайшло, што лаянка тая толькі здавалася лаянкай, бо дзесяцкі ушчуваў:
    - Эх, сынку, куды ты са сваёй дабрынёй! Ты ж яго на ўсе гады ягоныя не абароніш! Толькі пузатага раззлуеш. Вось пакінем мы ўрагу, яшчэ гарачэй хлопец ад Байдона заплача. Ды запамятай: свой звычай ў іх. Свой са сваім паб’ецца сёньня, а заўтра мірыцца прыйдзе.
    - Ён не князцоў хлопец, чужы! Ад таго катуе!
    - Нам Байдона няможна злаваць. Нас мала, іх многа, а мы яшчэ нічога не дасяглі.
    А Байдону чулася:
    - Смаркач! Каго за руку хапаеш? На каго крычыш? На вялікага таёна Байдона? Ды ён табе адною пстрычкай лоб праламае, і ўсе мы з жалезнымі кішкамі не дапаможам табе!
    - Ну, крычы, як бы табе баліць! – тузануў вуха бацька.
    Тут і Андрэй як завіскоча – вушы ўсім заклала.
    Заўхмыляўся Байдон, паказваючы буйныя зубы:
    - Гы-гы-гы...

                                                            РАЗЬДЗЕЛ  СЁМЫ
                                            ТАЁН  БАЙДОН  НЕ ХОЧА МİРЫЦЦА
    Пабачыўшы, што ў таёна палепшыўся настрой, жанчына пачала зьбіраць на стол. Выраз гэты, праўда, мы ўжылі чыста па звычцы, бо і стала ва ўразе не было, і сьнеданьне, якое складалася з аднае юшкі, трэба было не зьбіраць, а дзяліць. Гаспадыня наліла юшкі ў гліняныя кубкі і з паклонам падала кожнаму “госьцю”. Місу з карасямі яна паставіла на цурбан, адкуль кожны мог браць, колькі захоча. Кулут першы схапіў рыбіну і кінуўся куды далей. Байдон зірнуў на яго нядобра, але гэтым разам прамаўчаў. Відаць, выгаладаўся і сам.
    Дзесяцкі сербануў юшкі і з задавальненьнем пацмокаў, хаця варыва і было без солі. Гаспадыня расплылася ва ўсьмешцы.
    - А ну, Трэню, - падміргнуў Барыс Ліцьвін, - пакажам, што і мы не з пустымі рукамі.
    Трэнь борзда падняўся – надакучыла сядзець, выйшаў з урагі і хутка вярнуўся з вялікай торбай. З яе на свет паказаліся хлеб, печаная ласяціна і скураны мех – сімір, у якім пабульквала нейкая вадкасьць. Вадой яна, вядома, быць не магла, бо замерзла б. Гэта адразу скеміў князец. Відавочна, яму пра тое невядомае, што хавалася ў сіміры, нешта было вядома, бо ён адразу выцягнуў шыю ў яго кірунку.
    Дзесяцкі страсянуў сімір над вухам. Пачуўся звон ільдзінак.
    - Вымаразіла наша віно, хоць і гарачым завецца. Можа, хай растане? А то так ў галоў шугане – на чатырох папаўзём. А яколец, глядзіш, праглынуць не зможа. А то і ў рот не возьме.
    Каб зразумець, пра што ён гаварыў, трэба ўспомніць, што любая гарэлка – не што іншае, як разьведзены вадой сьпірт. Вада на марозе застывае, а сьпірт – не. І калі мароз якуцкі, то можа здарыцца, што ён лепш за ўсякага хіміка правядзе аддзяленьне сьпірту ад вады.
    - Возьме! – упэўнена сказаў Шчастка. – Глядзі – ужо вочы гараць!
    Дзесяцкі наліў у медны куфель, што дастаў з торбы разам з сімірам, перахрысьціў, адпіў, зморшчыўшыся, глыток, і падаў князцу. Той паднёс быў куфель да губ, але, бы нешта ўспомніўшы, устаў, падышоў паважна да ачага і, адкінуўшы галаву назад, занёс посуд і ўрачыста вымавіў некалькі слоў.
    - Што ён робіць? Ці не зьбіраецца выплюхнуць віно? Адмаўляецца піць? – занепакоіўся Трэнь, шкадуючы гарэлку.
    - Не бойся. Дзьве-тры кроплі адчэпнага кіне духу агню. Звычай! – паблажліва ўсьміхнуўся знаўца Шчастка.
    Так яно і выйшла. Байдон сунуў тоўсты палец у гарэлку і пырснуў у агонь. Там, дзе ўпалі кроплі, успыхнулі сінія агеньчыкі – сімір вымаразіла як мае быць Затым князец адвярнуўся ад ачага і ўліў гарэлку ў рот.
    Вочы яго, вузенькія, як шчыліны, раптам зрабіліся круглымі, кожнае з грыўню, а зрэнкі замітусіліся, як тапелец у палонцы. Здавалася, што імгненьне, і Байдон рухне. Але ён авалодаў сабой, выпрастаўся, застыў і вярнуў дзесяцкаму амаль пусты посуд.
    - Моцны мужык! – пахваліў Шчастка.
    Куфель пайшоў па руках. Дасталася між іншых і гаспадыні, якая толькі лізнула і крадком плюнула ў кут. Андрэю і кулуту, як занадта маладым, дзесяцкі не даў.
    Усе адразу павесялелі, загаманілі гучна і бязладна. Пацягнуліся пяцярні па рыбу і мяса. Байдон адламаў кавалачак хлеба, панюхаў, адправіў у рот і, прыслухоўваючыся да сябе, стаў жаваць. Гэты ласунак яму спадабаўся меней, і ён ўзяўся за ласяціну. Не разумеючы гаворкі стральцоў, ён маўчаў і, пераводзячы погляд з аднаго на другога, прыязна ўсьміхаўся.
    - Вярнуцца хлопцы з удачай – мядзьведзем вас пачастую, - абвясьціў ён.
    - Што кажа? – страпянуўся дзесяцкі.
    Андрэй пераклаў.
    - То добра, будзем, як людзі, адзін аднаго частаваць. Можа, суджана сустрэцца яшчэ не раз. Ты ператлумачвай, сынку.
    Барыс Ліцьвін памаўчаў.
    - І ўсякае можа яшчэ між намі быць, - з сумнай суровасьцю прадоўжыў ён. – І гаворка наша пра ясак, княжа Байдоне, не скончана. Шкадую, але не скончана.
    - Што такое? – спахмурнеў Байдон. – Зноў ясак?
    Відаць было, што гэтае слова нанова сапсавала яму настрой.
    - Я табе, княжа Байдоне, веру. Ты пушніну даў, у цябе граматка ёсць. ды толькі ведаеш што? Не таму ты даў. Твая граматка Барысам Арахоўскім падпісана, а Барыс Арахоўскі я. Разумееш?
    - Не.
    - Той чалавек, што быў у цябе, Арахоўскім Барысам назваўся. Злодзей ён і табе салгаў, бо не ён, а я Барыс Арахоўскі. Ці ж я быў у цябе месяц назад?
    Байдон уважліва агледзеў дзесяцкага, потым іншых стральцоў, падумаў і нечакана рэкнуў:
    - Ты.
    - Што ты, княжа, прыглядзіся лепей! То быў не я, а нейкі вораг мой! Ён, відаць, страляў мяне, ды прамахнуўся. Думае, што я мёртвы. Таму ў граматцы і напісаў: шукай Барыса Арахоўскага на тым сьвеце. Зразумеў?
    - Не.
    - Трэба яму яшчэ наліць, тады зразумее! – параілі стральцы.
    - Тады ён зусім засьне, а нашто ён сонны? – адпрэчыў дзесяцкі. – Зірні, княжа! Зірні на мяне як след!
    - Усе вы адно аблічча. У яго пад носам барада 57, у цябе пад носам барада. У яго падбародзьдзе голае, у цябе падбародзьдзе голае. Ну, можа, ты і не ён, - пачаў здагадвацца князец. – То што з таго?
    - Той чалавек цябе абдурыў. Ён не ясак гасудару вялікаму збірае – сабе пушніну бярэ. Яго ваявода не пасылаў, сышча – у кайданы закуе і на царскі суд адправіць.
    - Хай адправіць. Ды мне што з таго?
    - Ты ясак не ясатчыку здаў, і табе не залічваецца. Мне ясак здавай. Я табе наказную памяць ваяводы Пятра Пятровіча чытаў...
    - Ага! – гнеўна крыкнуў Байдон. – Дык вось для чаго ты мне галаву дурыш, быццам ты – не ты. Ты хочаш другі раз узяць ясак!
    Нагадаем дарэчы чытачу, што размова гэта вялася праз тлумача і была не такою хуткай, як мы яе перадаём. Пакуль Андрэй перакладаў апошнія словы Байдона, князец падаўся наперад і напружыўся ўвесь, чакаючы, што скажа дзесяцкі.
    - Вось і паспрабуй з імі па-добраму, - азваўся адзін стралец.
    - Дамовіліся па-добраму, па-добраму і будзем, - спакойна сказаў Барыс Ліцьвін. – Княжа Байдоне, што чалавеку нядобраму ты ясак аддаў – не наша віна, а твая. Ты за яе і плаці. Мы сваімі сьпінамі плаціць не згодны. Калі мы пустымі прыйдзем, ваявода з нас шкуру жыва спусьціць. Падумай, прашу цябе: знойдзеш яшчэ хоць палову таго, што патрабуе ваявода? А мы Пятру Пятровічу ўсё перакажам. Раз да цябе той збродзень заявіўся, значыць, дзесьці блізка шастае. Адправіць атрад ваявода, і калі зловяць з рухлядзьдзю мяккай – твая на даімку залічыцца. Ды не забывай, што царскі ясак не дарма даецца. За яго гасударава жалаваньне пакладзена.
    - Не дарма! – з крыўдай перадражніў Байдон. – Даў месяц назад адзежку з царскага пляча, а ў ёй рукавы з прарэхамі, сапсаваная! Куды з ёй такой?
    - То прарэхі наўмысныя, для гожасьці. – усьміхнуўся Барыс Ліцвін. – Рукі ў іх прасоўваюць нашы паны, а рукавы кунтуша назад, за плечы закідваюць. Аж бы рукаву жупана паказаць. У іх, Байдоне, і пад кунтушом адзежка гожая... Ды і не я табе кунтуш даваў. Мы прывезьлі табе гасударава жалаваньне, сапраўднае. Прынясіце, сябры, бісэру, волава!
    Алавяныя талеркі ашаламілі Байдона, бісэр – яго маладую жонку. Байдон круціў белаватую пасудзіну і так, і сяк; перавёў позірк на лістоўнічную місу, з якой даўно зьніклі апошнія карасі: узлаваўся на несамавітасьць яе – аж штурхнуў нагою цурбан, на якім яна стаяла. Жанчына ўпілася ў бісэр прагнымі вачыма. Яна не сьмела падыйсьці бліжэй, не тое што памацаць, але ўсе яе пачуцьці выразна чыталіся на твары. Вэнэцыянскія чырвоныя, зялёныя, сінія, вогненныя шкельцы ўразілі яе ў самае сэрца. Ні ў якае параўнаньне з імі не ішоў грубаваты маскоўскі адэкуй, якім былі абшыты па краях яе сыалі. Князец перахапіў жончын пагляд і са скрухай паморшчыў лоб.
    - А яшчэ, - вытрымаў паўзу Барыс Ліцьвін, - гасудар даруе табе чвэрць вядра віна гарачага, якое ты ўжо спрабаваў.
    Байдон ляснуў сабе па каленях і аж застагнаў. Яны былі побач, гэтыя дзівосы, яны ішлі ў рукі, але за іх трэба было плаціць.
    - Няма шкурак, – з уздыхам выціснуў ён. – Усе Барыс Арахаў узяў.
    - Добра. Дай ясак за адзін год, каб было нам з чым да ваяводы вяртацца. Паўтара сарака сабалёў – і ваявода будзе ведаць, што ты яколец мірны, не зьбеглы.
    - Няма! Няма! – у адчаі закрычаў князец. – Ты ж усё узяў!
    Дзесяцкі даў знак. і царскія “дарункі” вынесьлі з урагі.
    - Так, - устаў Барыс Ліцьвін, – мала таго, што не можаш адрозьніць злодзея ад чалавека сумленнага, яшчэ і ясак гасудару не хочаш даваць. Тады, княжа Байдоне, ты павінен у аманаты даць найбліжэйшага крэўнага. Без нічога мы да ваяводы не паедзем. Наша слова моцнае. Не дасі аманата –самога ў ясыры возьмем!
    Зьлева і справа дзесяцкага стральцы грозна ўзьнялі бердышы.
    - Дзе вазьму я вам аманата! – завыў Байдон. – Аднаго сына тунгусы забілі, другі памёр. Во народзіць, - паказаў ён на жонку, - выгадую – тады бярыце!
    - Тады і мы на каня не сядзем, і ваявода пераменіцца, – усьміхнуўся сумна Барыс Ліцьвін. – Брата ад бацькі аднаго маеш?
    - Не.
    - Ад маткі адной?
    - Ёсьць.
    - Колькі гадоў?
    - Да мяне нарадзіўся. Але гады на два, не болей.
    - Здаровы?
    - Як я.
    - Дасі ў аманаты?
    - Дам!
    - Дзе ён цяпер?
    - У юрце сваёй ! – перакладаў Андрэй.
    - Так таму і быць. Зараз жа едзем. Павядзеш нас. І брата ўгаворыш, каб мірна з намі паехаў. І глядзі напярод, княжа Байдоне, каму ясак даеш. Пры сабе ясатчык наказную памяць ад ваяводы павінен мець, з ваяводзкай пячацьцю ж. І будзе прыйдзе хто па ясак без пячаці ваяводзкай, вяжы яго і да ваяводы зьвязанага вязі. Узнагароду займаеш. Глядзі пячаць!
    Дзесяцкі дастаў скрутак, на якім на суканай нітцы боўталася адціснутая на сургучы пячаць – арол з собалем у кіпцюрах.
    - Бліжэй глядзі, бліжэй!
    Але Байдон не толькі не ўзяў пячаць у рукі – яшчэ адышоўся:
    - Мне блізка вочы не служаць. Толькі здалёк.
    - Дык адыдзіся яшчэ далей, можа, дойдзе да цябе, нарэшце, што мяне першы раз страчаеш! – пажартаваў дзесяцкі.
    Але князцу было не да жартаў. Яго калаціла ліхаманка – занадта шмат перажыў за лічаныя гадзіны, і дзесяцкі пашкадаваў яго.
    Добра, княжа, угаварыліся – абмыем угавор. Чую я, любіш ты віно гарачае, ох любіш! А ну, Трэнька, налі чару.
    І Байдон зноў памякчэў. Лёд у сіміры растаяў, цяпер гарэлка была куды слабейшая, і непрывычнаму да такога пітва князцу яна здалася яшчэ болей прыемнай. Ён апусьціў рукі і з асалодай слухаў, як грэецца страўнік.
    - Хачу спытаць, княжа Байдоне, - па-сяброўску сказаў дзесяцкі, чаму ты так з месца на месца,з ракі на раку як блыха скачаш?. Хто цябе гоніць туды і назад? Скажаш?
     Князец заківаў галавой:
    - Скажу. Мой род – мегінскага адломак. Там жылі. Бедна жылі. Цесна стала. Зьвера мала, мала азёр. Вобак род Кусянея і род Лаптуя палявалі. Нехта павінен быў сысьці.
    - А коні вашы? Каровы? А малако?
    - Аднаго каня два разы не з’ясі. Тое запас на чорны дзень. Малако кабылы толькі летам даюць.А кароў у мяне і зусім няма... Нехта павінен быў сысьці. Зьвера мала. Рыбы не стала. Род Кусянея мацнейшы, род Лаптуя мацнейшы – я на новае месца пайшоў. Сюды. А тут тунгусы. То іх няма гадамі, то зноў сюды. І б’юцца. Кажуць: гэтыя ўгодзьдзі нашы, нашы лясы, нашы балоты. Ідзі, Байдоне. адкуль прыйшоў. Дзесяць мужоў я страціў.
    - І пайшоў назад?
    - Рускія прыйшлі. Дзесьці тунгусаў пабілі, дзесьці іх замірылі. Род Лаптуя на Янгу-раку 58 сышоў, ля Кусянея свабодна стала. Я вярнуўся. А Кусяней, - тут голас Байдона ад гневу задрыжаў, - ужо прывык на трайным угодным месцы жыць, не схацеў цясьніцца. З рускімі дружбу завёў, стаў у іх за малодшага сына. Яго не крані! Я не кранаю. На бацькоўскіх азёрах палюю, рыбу лаўлю. А Кусянею мае суседзтва не па губе! Хто пасварыцца хоча – знойдзе, як. Шапку ўкраў у мяне!!!
    Апошнія словы Байдон прамовіў з такім надрывам, што можна было падумаць: не шапку ўкраў Кусяней, а Байдонавага бацьку да продкаў адаслаў. Стральцы пераглянуліся. Па тварах паплылі ўсьмешкі.
    - А ты не памыляесься? Можа, нехта іншы?
    - Ён нахабна носіць яе не здымаючы! Ён хацеў, каб я палез біцца. Тады б ён паклікаў казакоў мяне біць! І я не стаў біцца. Калі бабулю Ёлюнэ 59 пакрыла першым лёдам, я сыскаў у тайзе два табуны Кусянеевых коней і разам са сваімі пагнаў сюды. Я думаў, што рускія замірылі тунгусаў і тут, ды ў першы ж дзень тунгусы прыйшлі, забілі майго старэйшага сына і пайшлі. А сын мой малодшы проста памёр. Я яго яшчэ не пахаваў.
    Байдон апусьціў галаву. З-пад цёмных павек выкаціліся дзьве сьлязінкі.
    - Вось да чаго шапка можа давесьці, - сказаў Трэнь. – Трэба ж! І цана ёй рубель, а можа, і паўрубля.
    - Кусяней – гэта ж наш вож? – успомніў хтосьці.
    - Так. – пацьвердзіў дзесяцкі.
    - Трэба іх памірыць! – загаманілі стральцы. – Столькі няшчасьця ад гэтакай драбязы!
    - Ты, Шчастка, што скажаш? – павярнуўся дзесяцкі.
   Але знаўцы Шчасткі не было. Чытач, спадзяюся, не забыўся, што на двары на ўсялякі выпадак Барыс Ліцвін пакінуў дваіх стральцоў. Там жа быў і праваднік. Хоць каравульшчыкі і распалілі вогнішча, балазе дроў каля ўрагі хапала, ва ўразе ўсё-ткі было цяплей. Таму дзесяцкі час ад часу мяняў каравул, і Шчастка цяпер быў менавіта там. Праваднік жа ўвесь час заставаўся на двары – па-першае, дзесяцкі, як мы памятаем, забараніў яму ўваходзіць у жытло Байдона, па-другое, Кусяней і сам туды не рваўся. Падумаўшы пра тое, што праваднік не быў у цяпле ўжо столькі дзён, Барыс Ліцьвін пашкадаваў Кусянея.
    - Паклічце вожа, - загадаў ён.
    Пакуль за правадніком хадзілі, Барыс Ліцвін зьвярнуўся да князца з такім павучаньнем (Андрэй перакладаў слова за словам):
    - Княжа Байдоне! Кусяней украў у цябе шапку, ты ў яго – коней, гэта дробязі! Навошта вам, якольцам, казытаць адзін другога пальмамі? Лепш ваюйце да пары разам супраць тунгусаў, калі тыя на вас напускам пойдуць. Памірыся. княжа Байдоне, з Кусянеем! Ён табе аддасьць шапку, ты яму коней, і будзеце квіты. Будзеце жыць, як добрыя суседзі, памагаючы па-суседзку. А пасьля, як памірыцеся, вып’ем яшчэ адну чару, сядзем на коней і...
    Захоплены сваёй натхнёнай прамовай, дзесяцкі не заўважаў, як мяняўся твар князца, як закіпала ўнутры яго нястрыманая ярасьць.
    - Ды вось і ён. Глядзі, Байдонка. твой Кусяней ці не?
    - А!.. – узвыў Байдон, як толькі праваднік пераступіў парог. Нейкая неверагодная сіла падкінула князца, і ён, праляцеўшы ў паветры сажні дзьве, зьбіў Кусянея з ног. Тут жа тоўстыя пальца яго сашчапіліся на доўгай шыі правадніка.
    - Стой! Стой! Разьняць! – залямантаваў дзесяцкі, зразумеўшы, якога глупства нарабіў.
    Цяжка сказаць, ці застаўся б жыць тым разам Кусяней, каб не Шчастка. Пачуўшы крыкі ва ўразе, ён ускочыў з пішчаляй (каравульныя трымалі іх зараджанымі) і стрэліў угору. Куля са скавытаньнем пайшла ў дымавую адтуліну ўрагі. Байдон адскочыў ад ворага і, дзіка азіраючыся, кінуўся за ачаг. Недзе каля яго ложа, відавочна, у яго была нейкая зброя, і двое стральцоў з бердышамі наперавес адрэзалі яму шлях да хованкі.
    - Што здарылася? – недаўменна спытаў Шчастка.
    А калі Барыс Ліцьвін, зьбіваючыся, пераказаў усё, што вядома чытачу, вырак:
    - Эх, башлыча! Столькі год сярод якольцаў, а не ведаеш, што ў іх украсьці шапку – усё адно што забіць!

                                                            РАЗЬДЗЕЛ  ВОСЬМЫ
                                          ТАЁН  БАЙДОН  ПА - ГЕРОЙСКУ  ЗЬНİКАЕ
    Зьбянтэжаны дзесяцкі пачухаў патыліцу.
    - Т-так... Так... Хто б мог падумаць? А ўсё-такі, - кінуў ён князцу, - гэты звычай – не звычай! З дзікімі звычаямі пара канчаць, княжа Байдоне! Самасуду больш на Ленскай зямельцы не будзе. Пакрыўдзілі цябе – пішы чалабітную ваяводзе. Шапку там укралі ў цябе ці коней – ваяводзкі суд усё рассудзіць!
    Ён памаўчаў, прымаючы рашэньне. Усе з чаканьнем глядзелі на яго: і стральцы, і Байдон з-за ачага, і спалоханая жанчына з-за дзежы з вадой.
    - Паколькі ты, княжа, нямірны, паедзеш з намі без усялякай зброі. Ні нажа, ні пальмы. Пакуль з аманатам твой улус 60 не пакінем, сам за аманата нашага будзеш. Далёка твой брат?
    - Байдон пахмурна набычыўся. Адчувалася, што ён даведзены да шалу, і яго стрымлівае толькі чужая сіла.
    - Блізка.
    - Брат? Чаму брат? - паціраючы шыю, падаў голас Кусяней. Брат яго – па мацеры, то, лічы, не брат!
    Байдон прыгнуўся, рыхтуючыся да новага скачка, але уважлівыя стральцы скрыжавалі перад ім бердышы.
    - Няма ў яго сыноў. Аднаго забілі, другі памёр. То мы ж самі бачылі.
    - То сыны ад памёршай жонкі! А ў яго, апроч брухатай гэтай, яшчэ дзьве асобна жывуць. У аднае – дочкі толькі, а ў другой – і сын. Сем гадоў мае.
    Байдон замёр.
    - Малы... Стральцы – не нянькі.
    Байдон перавёў дых. Затое на Кусянея ён кінуў такі позірк што хто-небудзь іншы на месцы даносчыка грымнуўся б вобзем. Кусяней жа і не міргнуў.
    - Апранайся, княжа. Едзем.
    - Жонка! – крыкнуў князец. – Ідзі сюды, дзе мае сутуры?
    Як мы ўжо гаварылі, у якутаў штаны тады былі разборныя: частка надзявалася на клюбы, частка – ніжэй калена. Злучаліся яны між сабою раменьчыкамі. Ясная справа, што на марозе такія штаны не дужа грэлі. Каб закрыць калеі, ужываліся накаленьнікі - так званыя сутуры. Палахліва азіраючыся, жанчына прабралася да пасьцелі мужа, знайшла іх і падала. Байдон схапіў яе за руку і нягучна загаварыў.
    - Што ён там шэпча, Андрэю? – устрывожыўся Барыс Ліцвін.
    - Не чую, татку, - вінавата адгукнуўся сын.
    - Можа, не сямейнае шэпча? Можа, супраць нас азіяцец замышляе?
    - А што зробіць жанчына? Скора ценю свайго баяцца будзем! Засьмяяўся Трэнь.
    - Сама, ведама, не зробіць, а перадаць мужаў наказ можа.
    - Пабяжыць да суседзяў з брухам сваім? Наўрад...
    - А жэўжык гэты? – паказаў дзесяцкі на кулута. – Апранайся таксама. Едзеш з намі! З бабай жа вось што, - дадаў ён, падумаўшы. – Трэба яе разуць. Тады яна з юрты ні нагой. А брат Байдонаў блізка жыве, казаў. Управімся да поўдня – і назад, да Ленскага. Здымай сары! – усьміхаючыся, паказаў ён, што рабіць жанчыне.
    Тая сцягнула боты і з недаўменьнем падала рускаму начальніку: навошта яму? Дзесяцкі зьвязаў аборкі сар, начапіў на сук даўгой лясіны, падняў да дымавой адтуліны і, карыстаючыся сваім рэдкім ростам, уладкаваў так, што адна сара вісела ва ўразе, а другая – знадворку. Стральцы весела зарагаталі. Тоненька падпеў ім Кусяней, і сама жанчына ўсьміхнулася бездапаможна, не разумеючы мэты “жарту”. Толькі Байдон – заўважыў Андрэй – скрыгатнуў зубамі.
    Чаму Барыс Ліцвін не падумаў, што ў жонкі таёна можа быць і другая пара абутку – сказаць цяжка. Зрэшты, калі было і так, ўсё адно перасьцярога аказалася дарэмнай. Не пасьпеў атрад перасягнуць і двух вялікіх балоцін, як насустрач трапіўся “іназемец”. Падагнуўшы ногі, ён ехаў верхам на быку і, як убачыў стральцоў зваліўся ад нечаканасьці на сьнег. Тут жа разгледзеў сярод чужых князца і крыкнуў:
    - Таён Байдон, ты вядзеш ці цябе?
    - Я! – адказаў Байдон, з нянавісьцю азірнуўшы на блізкага Андрэя. Ух, каб не было гэтага маладога нуччы, што разумее кожнае слова ўранхайцаў! 61
    Ханна (куды)? – зноў спытаў сустрэчны. Гэтае слова Барыс Ліцьвін ведаў.
    - Сагарама (маўчы)?- апусьціў ён цяжкую руку на плячо князца.
    Байдон не адказаў радовічу. Але той ведаў, дзе наталіць цікаўнасьць: адразу пагнаў быка да ўрагі Байдона.
    - Ну, не страляць ж яго? – падумаў услых Барыс Ліцвін. – І з сабою не возьмеш: нашто нам столькі іх? Байдоне, сурова сказаў ён, - запамятай: ты – у нашых руках. Не ўздумай дурнога! А хто іншы з тваіх дурное замысьліць – супыні! Першая куля – табе!
    - Сёп (згода)! – кіўнуў Байдон.
    Тут, у асвойтаных ужо людзьмі мясьцінах, удоўж пералескаў і перасякаючы іх, ішлі ўтаптаныя сьцежкі, іншым разам даволі шырокія. Зрэдку можна было ўбачыць невялікія статкі кароў. Яны без мітусьні, засяроджана выкопвалі з-пад сьнегу траву. Толькі цяляты ўзбрыквалі і спрабавалі скакаць адно за адным, але неяк ляніва, замінаў шарпак.
    Андрэю прыйшлося ехаць побач з князцом і бацькам – так сказаў Барыс Ліцьвін. Трэба было лавіць кожнае слова, кожны гук што зрываліся з вуснаў Байдона. Справа гэта была нецікавая, і Андрэй раз-пораз азіраўся назад – у канцы каравана ехаў равесьнік. Да яго дзесяцкі прыставіў стральца, але Андрэй лічыў, што гэта дарэмна: не будзе кулут дапамагаць князцу. Кулут выглядаў зусім іначай, чым гаспадар: скаліў зубы, круціўся на хрыбце каня. Ехаў ён без сядла, на гаспадарскім кані, у цёплай адзежыне, што даў на гэтую паездку гаспадар; сам жа таён быў як хмара – гэта болей за ўсё і весяліла раба.
    З-пад капыта бацькава каня якраз да вачэй Андрэя ўзьляцеў няроўны камяк зьмерзлага сьнегу: Андрэй спачатку быў адмахнуўся ад яго, а потым падхапіў на рукавіцу, павярнуўся ў сядле і спрытна шыбнуў у грудзі кулуту. Той засьмяяўся, паказаўшы ўсе свае зубы. Часткі іх не ставала: можа, не вырасьлі, можа, князец павыбіваў. Але ўсьмешка атрымалася іскрыстай.
    Злавіў камяк сьнегу і кулут і таксама сабраўся шпурнуць, але раздумаў: побач з жартаўлівым хлопцам, які яго абараніў ад таёна, ехаў сам таён. Яшчэ не хочучы ў яго заедзеш. Кулут заціснуў камяк у руцэ, чакаючы, калі Андрэй хоць крыху адаб’ецца ад таёна і грознага рускага начальніка.
    Час ад часу наперадзе на ўскрайках палян узьнікалі ўрагі. Тады дзесяцкі загадваў перадавому ўзяць лявей або правей, па супрацьлегламу краю. Але наўрад ці заставаўся незаўважаным ад гэтых ураг такі нязвыклы для мясцовых насельнікаў атрад. Да адной з гэтых урагаў Барыс Ліцьвін прыглядаўся асабліва ўважліва: яму здалося, што ўжо бачыў яе.
    - Ці не водзіць нас гэты шайтан па крузе? – прамармытаў ён. – Нешта даўно едзем. Гэй, Байдонка, - узвысіў ён голас, - ты казаў – твой брат блізка жыве, а мы ўжо чвэртку днішча адмахалі. Чаму так.
    - Вам далёка, нам блізка, - быў адказ Байдона.
    “Не, шэльма, - падумаў Барыс Ліцвін. – Дурыш! Ты сказаў блізка, бо і праўда блізка. А як выехалі, рашыў павадзіць, пакуль род твой увесь не ўведае, з кім і куды ты едзеш”.
    - Не забывайся, Байдоне: пешая куля табе!
    - Памятаю, памятаю, - з незразумелым сьмехам ашчэрыўся князец.
    І яшчэ мінулі не адну лугавіну, не адзін перачакалі пералесак, а дабраліся нечакана. Барыс Ліцьвін і не думаў, што ўрагу можна знайсьці ў лесе. Звычайна якольцы ставілі іх на краі адкрытай прасторы, каб быць адначасова бліжэй і да лугоў, дзе пасьвілася іх быдла, і да лесу, дзе здабывалі сабе харч і адзеньне. А тут – урага ўзвышалася пасярод – не, не паляны, а невялічкай пляцоўкі высечанага лесу. Нават і слова “узвышалася” мы ўжылі не падумаўшы, бо хаця ўрага і была звычайная, трох – ці чатырохсажнёвая, высачэзныя лістоўніцы, можа сказаць, зьвісалі над ёй. Непадалёк ад урагі бялелі сумёты – дзіўна было бачыць іх сярод тайгі, куды звычайна вецер не далятае. Можа, то былі занесеныя сьнегам дровы? Можа, бо нават нібыта тырчалі, але вось дзіва: зямля вакол тых дроў была ачышчаная ад сьнегу, быццам нехта засыпаў дровы незнарок.
    - Тут брат жыве! – абвясьціў князец.
    Над урагой курэў дымок. Стральцы скочылі з коней. Сэргэ побач з гэтай урагой не было, а найбліжэйшыя да ўрагі дрэвы стаялі далекавата. Ды і ўвогуле рызыкоўна ставіць коней ушчыльную да лесу, адкуль магла з’явіцца любая небясьпека. Таму коней зьвязалі паміж сабой – так, усім табуном, цягнучы ў розныя бакі, яны не маглі сысьці з месца.
    Да таго старанна Байдон “цягаў” стральцоў па ўладаньнях свайго роду, што ўсе яны выгаладаліся і азяблі. У некаторых нават палясквалі зубы. Так усіх клікала цяпло, што хавалася за бяроставай скурай няхітрага жытла! Так не хацелася нікому заставацца на варце! І дзесяцкі тое разумеў. Разумеў і тое, што калі атраду і пагражае нешта, то толькі не ва ўразе, дзе з імі як заложнік будзе Байдон.
    - Усе ў юрту, - вырашыў ён. – Яду адразу з сабой.
    Як і ў Байдонаву, у гэтую ўрагу першы ступіў дзесяцкі. За ім двое дужых стральцоў падштурхнулі князца. Сьледам увалілася і ўся грамада.
    - Добры дзень у юрту! – гучна павітаўся дзесяцкі і разгублена агледзеўся. – А дзе ж гаспадары?
    Сапраўды, ва ўразе нікога не было. Дагараў агонь на ачагу, над ім боўтаўся гаршчок. І – больш нічога. Лавы – без пасьцеляў і футравых фіранак, што засланялі ложы, асабліва сямейныя і дзяўчат-нявест. Не відаць было і звычайнага начыньня: дзяжы з вадой, бяроставых вядзерцаў, місак, чарпакоў. Ці ва ўразе ніхто не жыў, ці ўсё, што ў ёй было прыдатнага, вынесьлі.
    - Куды прывёў ты нас, княжа? – прыўзьняў бярдыш дзесяцкі. Дзе твой брат і яго сям’я?
    - Э-э? – пакруціў галавой Байдон, чакаючы перакладу.
    - Андрэй! Ты дзе? Ператлумач яму, што вадзіць нас за нос...
    - Манна! Убай манна! (Тут! Брат тут!) - усклікнуў Байдон, паказваючы пальцам пад арон.
    - Тут? Пад лаўкай? Жартуеш, княжа? Андрэй, ідзі сюды, кажу табе!
    - Няма яго ў юрце! Не ўвайшоў яшчэ! – паведаміў нехта.
    - Ах, божа... Паклічце!
    - Убай манна! – настойваў Байдон. Ён стаў на калені, зазірнуў пад лаву, яшчэ раз бадзёра раўнуў: - Манна! – І раптам, лёгшы, закаціўся пад арон.
    - Гэ-эй, княжа, канчай глупства! – дзесяцкі і сам стаў на калені, зірнуў... Пад аронам Байдона не было. Байдон зьнік. Знадворку праз ладную дзюру – тут была адагнутая бяроставая сьценка – дзьмуў холад.
    - Што ж тое значыць? Зьбег?
    Дзесяцкі выпрастаўся. Твар яго перакасіла трывога:
    - Усе тут? Андрэй тут?
    - Н-не, - разгублена адказаў за ўсіх Трэнь. – На двары забавіўся.
    Барыс Ліцьвін кінуўся да дзьвярэй. Засланіўшыся бердышом, адкінуў іх – тут жа ў вушак урэзалася даўгая, з трыма хваставымі пёрамі страла. Другую дзесяцкі адбіў баявой сякерай, яшчэ дзьве ўпіліся ў кажух на грудзях дзесяцкага. А калі Барыс Ліцьвін, пляснуўшы дзьвярыма, павярнуўся да сваіх – у зямлю пад яго нагамі ўбілася пятая страла. Яна ўляцела ва ўрагу праз дымавую адтуліну.

                                                           РАЗЬДЗЕЛ  ДЗЕВЯТЫ
                                           СТРАЛА  СТРАЛОЙ,  А  КУЛЯ  КУЛЯЙ
    А з Андрэем было вось што.
    Калі ўсе пайшлі ва ўрагу, а Андрэй, спатыкнуўшыся аб пень, які быў прыпарушаны сьнегам, затрымаўся, кулут нарэшце шпурнуў камяк, які даўно пракатваў у далонях, ды так вёртка - аж каўпак у Андрэя з’ехаў на лоб. Андрэй падхапіў абломак шарпаку, кінуў сам... Кулут, зьзяючы зубамі, адказаў тым жа. Андрэй забыў усё на сьвеце. Ніколі не гуляў ён з равесьнікамі, усё дарослыя ды дарослыя, з іх сур’ёзнымі, заклапочанымі тварамі. Каб закрыцца ад чарговага камяка, кінуўся за сумёт, з якога тырчалі дровы, прысеў. І тут сумёт заварушыўся - не пасьпеў хлопец і пікнуць, як нечыя халодная рукавіца заціснула рот, а велізарны цяжар распасьцёр яго па зямлі.
    Ён чуў, як бацька з урагі трывожна клікаў яго, але не мог адазвацца ніводным гукам. Яго ўціснулі тварам у сьнег. Добра, што быў гэты сьнег пад шарпаком рыхлым, сыпучым і носам дыхаць не замінаў.
    Выкручвацца было бескарысна, - закруціўшы рукі за сьпіну, на ім хтосьці сядзеў. Неўзабаве Андрэй адчуў, што рукі абмотваюць. Раменьчык зацягнулі так туга, што хлапец уздрыгнуў. Пасля гэтага яго ўзялі за каўнер і паставілі на ногі. Вынялі рукавіцу з рота. Павярнулі. Перад Андрэем гарой узвышаўся Байдон.
    - А ну, за мною! - загадаў князец і рушыў вакол паляны, не выходзячы на яе. Андрэй, накульгваючы, павалокся сьледам. А што зробіш? Рукі зьвязаныя, зьлева і справа - мужыкі з батыями. Нізкарослыя ды квадратныя, як Бойдон, шыракаплечыя - усё ў яго роду такія, ці што? Не адапхнеш.
    Нарэшце, князец спыніўся. Непадалёк між дрэў Андрэй убачыў стралецкіх коней, ва ўсё той ж зьвязцы. “Іназемцы” з прагнасьцю абшуквалі ўюкі. Байдон сурова глянуў на сваіх:
    - А ну, не капацца! Будзе час!
    Аднак не ўтрымаўся і сам запусьціў руку ў торбу.
    Дастаў жменю пацерак - заквітнеў:
    - Нашы жанчыны будуць рады!
    Папляскаў па сіміры з гарэлкай:
    - Нашы мужчыны таксама будуць рады!
    Тут жа рашуча адвярнуўся і накіраваўся да паляны. Але з лесу не выйшаў - так стаў, што ад урагі яго засланялі дрэвы. Схапіў Андрэя за локаць:
    - Стой тут! Далей пойдзеш - сьмерць!
    А так хацелася кінуцца да сваіх, да бацькі, што, мабыць, месца сабе не знаходзіць з-за яго, Андрэя! І ўсяго ж да урагі было крокаў дваццаць мужчынскіх, крокаў трыццаць андрэевых, а паспрабуй!
    Андрэй набраў у грудзі паветра, каб крыкнуць: “Я тут, татку!”, але Байдон ізноў сьціснуў локаць:
    - Маўчы! За адно слова - сьмерць!
    Андрэй з заміраньнем сэрца ўзіраўся ў урагу. Яе абсадзілі са ўсіх бакоў. Андрэй добра бачыў, што трое Байдонавых воінаў нават узьлезьлі на лістоўніцы за ўрагой. Апынуўшыся вышэй дымавой адтуліны, яны адну за адной з баявым клічам пускалі туды стрэлы. Урага ўпарта маўчала, нібы ў ёй не было нікога жывога.
    Лучнікі стралялі па уразе і з землі, хаця і ведалі, што тры-чатыры слаі бяросты страла не праб’е, а праб’е - завязьне хвастом. Мелі надзею, відаць: а раптам патрапіць у слабіну? Над палянай стаяў глухі стук.
    Бачачы, што урага не адказвае, нейкі сьмяльчак пабег зьбіраць стрэлы. Уцягнуўшы галаву, хаця ў тым не было патрэбы, дзе бягом, дзе паўзком абкружыў урагу і вярнуўся з пучком стрэл.
    - Уруй! 62 - пераможна загарлапаніў ён, падняўшы стрэлы над галавой.
    - Уруй! - застагнала вакол паляны.
    Ураса на гэтыя выгукі не адазвалася нічым.
    - Што вы робіце тут, сыну мой? - пачуўся старэчы голас. Андрэй абярнуўся. За сьпіной Байдона стаяў сівабароды стары, торгаючы князца за плячо. - Навошта палохаеце лес і неба?
    - Бацька! - адрывіста крыкнуў Байдон. - Бацька! Ты не ўставаў з арону тры гады. Ты ўстаў, каб паглядзець на маю перамогу?
    - Каго перамог ты, сыне мой? - без радасьці вымавіў стары.
    - Я перамог рускіх! Я загнаў іх, як зайцоў, у сахсо! 63 Яны там і адтуль не выйдуць! - паказаў Байдон рукой на урагу. Шчокі яго палымнелі ад марозу і ўзбуджанасьці, выкліканай барацьбой з прышэльцамі. Ды, магчыма, і выпітая раніцай гарэлка не выветрылася яшчэ.
    - Сыне мой! - з гаротным уздыхам сказаў стары. - Ты сабраўся зьвесьці наш род?
    - Глупства, бацька! Яны не выйдуць адтуль!
    - Можа, і так. Але па іхнім сьлядам прыйдуць новыя.
    - Да лета аб іх не ўспомніць ніхто. А ўлетку сьнег растане! Растаюць сьляды! Хай прыходзяць, шукаюць. Я скажу, што іх пабілі тунгусы! Яны павераць мне: бо мяне ніхто не аспрэчыць! Ніхто не зможа сказаць: мяне хацеў забіць Байдон. Тых, каго Байдон жадае зьнішчыць, ён нішчыць!
    - Ты не абдурыш рускіх, сыне мой. На што зьвязаўся з імі?
    - Яны хацелі другі раз узяць ясак!
    - Плаці і другі, і трэці раз, пакуль ёсьць чым. А не будзе чым - і так нічога не возьмуць.
    - Яны запатрабавалі ў аманаты убая!
    - Сам у аманаты ідзі. Не падстаўляй наш род пад сякеры.
    - Іх прывёў сюды наш закляты вораг, Кусяней!
    - Памірыся з ім. Не чапай рускіх.
    - Годзе, стары! – разьюшана гаркнуў Байдон. - Ляжаў тры гады - ідзі і ляжы яшчэ дзесяць!
    Бацька князца апусьціў затуманеныя сьлязьмі вочы і адступіўся.
    - Страляй! - сьвіснуў Байдон, і ізноў па уразе ўдарылі белыя прамяні стрэл. І ізноў адскочылі ад абшыўкі. І усё ж сказаць, што яны не прычынялі уразе нікай шкоды, было нельга. Жалезныя наканечнікі стрэл дзяўблі і, ірвалі бяросту, як дзюбы каршуноў. Адна страла ўпілася нават так глыбока, што на сьнег не звалілася.
    І ізноў той самы ўдалец адправіўся за стрэламі. На гэты раз ён трымаўся куды сьмялей. Ля дзьверцы урагі ён нават спыніўся і, выказваючы поўную пагарду да нябачнага праціўніка, выпрастаўся і паказаў, як іншы раз гавораць, камбінацыю з трох пальцаў. Тут дзьверцы раптам адчынілася, і за парогам, у глыбіні ўрагі, паказаўся Барыс Ліцьвін з перакошаным тварам і нацягнутым лукам у руках. Перапуджаны ўдалец кінуў сабранае і, сагнуўшыся, пусьціўся наўцёкі. Страла, пушчаная жалезнай рукой дзесяцкага, дагнала яго дзесьці на паў дарозе да выратавальных дрэваў, і рэштку шляху нябозе прыйшлося пакрываць з непажаданым гасьцінцам, які засеў ніжэй паясьніцы. Дзьверцы імгненна закрылі, і некалькі стрэл упіліся ўжо ў яе.
    І сам Байдон, і ўсё яго воінства ад нараджэньня жылі ў урагах і выдатна ведалі: для таго, каб адчыніць і асабліва зачыніць дзьверы, абавязкова трэба стаяць на парогу або ў парога. Патрабавалася на гэта і час. А стральцы знайшлі спосаб рабіць гэта імгненна: як зразумеў Андрэй, адчынілі, пхнуўшы бердышом, а зачынілі, рэзка ірвануўшы на сябе даўгі рамень, прывязаны да ручкі. Страляць ж скрозь адкрытыя дзьверы можна было ад процілеглага боку урагі, з суцэльнага ценю. Байдону адразу стала ясна, што адгэтуль без вялікіх стратаў урагі не ўзяць.
    Але, як відаць, гэты выпадак адначасова і ўзрадаваў князца.
    - Рускія стралялі з лука, а не са страшных жалезных кішак! Можа, у іх няма чым страляць? - прамармытаў ён. - Пакінулі ж яны ва ўюках самае каштоўнае: пацеркі, віно... Гавораць жа: каб страляць з жалезнай кішкі, патрэбны чорны гаручы пясок. Можа, і ён застаўся на конях?
    Князец абмацаў торбы.
    - Здаецца, ёсьць чорны пясок! - для вернасьці запусьціў руку, зачарпнуў порах, панюхаў, лізнуў. - Чорны пясок, чорны!
    Павесялела відавочна душа ў Байдона. Пакінуўшы воінаў для нагляду за дзьвярмі, ён адправіўся, ізноў жа вакол паляны, за заднюю сьценку урагі - туды, дзе тайга падступала да самой пабудовы. Андрэя пагналі за ім.
    На лістоўніцах, што навісалі над урагой, уладкаваліся ўжо пяцёра. Адчувалі яны сябе пасярод таўстых галінаў зусім няблага, так як звыклі да думкі, што ўверх страла ляціць з куды меншай сілай, чым уніз. Скрозь дымавую адтуліну, даволі вялікую, стралу магло занесьці ў любой куток урагі.
    - Нам не прыйдзецца паліць урагу. Мы перастраляем іх там, як курапатак! - з пахвальбой вымавіў Байдон. - Больш стрэл, і справа зроблена!
    Ён не ўлічваў таго, што зьверху ва уразе анічога не было відаць, а яго “верхалазы” вылучаліся на белых засьнежаных галінах, як гнёзды гракоў.
    Яшчэ ў нутро урагі сыпнулі стрэлы. І вось, нарэшце, прыйшла расплата. Два ўдары бубна глуха бумкнулі ва ўразе, і адзін з “гракоў” з дзікім воклічам загрымеў на зямлю - аж Андрэй прыскокнуў ад радасьці. Не ахаладзіла яго і цяжкая аплявуха, якую не замарудзіў адвесіць Байдон. Бо Андрэй пачаў ужо турбавацца: чаму маўчаць пішчалі? Што ў стральца зельле заўсёды на боку, ён добра ведаў, але, можа, здарылася што? Бацька ж гаварыў, што зельле трэба б было перакруціць!
    Убачыўшы, які страшэнны лёс напаткаў іхняга таварыша, астатнія “гракі” пасаскоквалі з дрэваў самі.
    Дарма Байдон крычаў, каб яны нічога не баяліся, так як у рускіх няма чорнага пяску - ні адзін не паверыў.
    А тут яшчэ такая непрыемнасьць для тых, хто нападаў: з белага боку ўрагі паказаліся чорныя жалезныя “кішкі”. Прычым на вышыні ў сажні дзьве. Як таго дабіліся стральцы - звонку відаць не было, а вынік прынесла сур’ёзны: зараз ужо тыя, хто абараняўся, маглі страляць зьверху. Пішчаль заходзіла ў адтуліне, адшукваючы цэль... Байдон жвава сьлізгануў за дрэва. Тое ж самае зрабіла ўсе ягонае воінства.
    Неяк не ладзілася у правадыра. Раней, мабыць, ён думаў, што варта заманіць такой невялікі атрад у капкан, як усё астатняе зробіцца само сабой. А капкан ператварыўся ў крэпасьць, а як яе браць - было невядома.
    Выгляд у князца быў даволі кіслым. Ад нядаўняй ўзбуджанасьці не засталося і сьледу. Але раптам ён ляснуў сябе па ілбу, нібы прыпомніў нешта, уважліва абгледзеў Андрэя:
    - Барыс Арахаў - ці не бацька твой?
    - Бацька, - ганарліва кінуў Андрэй.
    - А ну, ператлумачвай. Крычы гучней, каб цябе чулі! Ды памятай: скажаш больш або менш таго, што скажу я - сьмерць!
    Андрэй ўсьміхнуся: адкуль ж Байдон здагадаецца, што ён скажа па-свойму? “Калі ведаеш па-нашаму, на што табе тлумач?”
    - Сьме-ерць! - прашыпеў Байдон, які заўважыў гэтую ўсьмешку.
    У Андрэя па скуры пабеглі мурашкі. Але не ад страху. Дзень хіліўся да вечару, і прыкметна пахаладала.
    - Гавары: Барыс Арахаў, здавайся!
    - Татку! Я тут! Мяне схапілі! Рукі зьвязалі! - крыкнуў Андрэй.
    - Ты, Андрэй? Жывы? Добра, сынку, добра! - прычуўся абрадаваны голас бацькі.
    - Ты сказаў інакшае, маленькі нягоднік. Ты не сказаў “Барыс Арахаў”! Я чуў! Гавары: “Барыс Арахаў, здавайся!” - балюча ўшчыкнуў Андрэя за голае запясьце Бойдон.
    - Барыс Арахаў! Здавайся! Татку, то не я, то Байдон гаворыць! Ён мяне тлумачыць прымушае!
    - Тлумач, сынку!
    - Ты зноў гаворыш не то. Ты лішняе гаворыш! – разьюшыўся Бойдон. - Паўтарай за мною: Барыс Арахаў, здавайся! Інакш - сьмерць!
    - Барыс Арахаў, здавайся! - паўтарыў па-руску Андрэй.
   - Навошта я здавацца павінен? - быццам бы зьдзівіўся Барыс Ліцьвін. - Урагу табе не ўзяць, Байдоне!
    - Я не выпушчу ні воднага з урагі. Вы замерзнеце ўначы. У вас няма дроў. Татку, няўжо няма? Зусім? - дадаў ад сябе Андрэй.
    - Скажы яму, што будзем грэцца стрэламі яго. Тут іх досыць! - цьвёрда адказаў Барыс Ліцьвін. Ва ўразе пачуўся дружны рогат.
    - Вы падохніце з голаду! - пераклаў Андрэй.
    - У нас без малога некрануты сахаты!
    - У вас няма чорнага пяску! Тата, то ён пра зельле!
    - Перадай яму, што зарадаў у нас досыць, каб зьвесьці ўсіх мужчын ягонага роду. А з цяжарнымі бабамі ваяваць можна і без зельля!
    - Хлусіш, Барыс Арахаў! Чорны пясок у вас ва ўюках!
    - І ў торбах на боку таксама.
    Байдон, здавалася, пазелянеў ад такога ўдару.
    - Я спалю ўрагу! - задыхаючыся, крыкнуў ён, - Разам з вамі!
    - Паспрабуй! - быў адказ.
    Байдон задумаўся. Лёгка сказаць - спалю, а як гэта зрабіць? Хоць бяроста гарыць і няблага, але як яе падпаліць? Блізка да урагі разьвесьці вогнішча немагчыма, а цягаць галаўні здалёк бескарысна: згаснуць. Ды і каго пашлеш з галавешкай той пад жалезныя кішкі? Пачакаць да ночы? Але ж уначы чалавек з агнём бачны не горш, чым пад сонцам.
    - Ты скажы яму, сынку, хай здаецца сам, - пачуўся упэўнены голас Барыса Ліцьвіна. – Нас васьмёра без вожа, кожны наш дзесяці яго варты, а ў яго васьмі дзесяткаў няма, у яго і шасьці, мабыць, няма. Хай здаецца, пакуль нікому з іх не нарабіў шкоды. Тады і я не стану чапаць ні яго, ні крэўных яго. Толькі самога павязу на суд ваяводзкі. Хай раскажа сам, для чаго здрадзіў гасудару, да вераломства дайшоў, прысягу паламаў і на служылых людзей гасударавых з лукамі напусьціўся. Можа, ваявода і памілуе.
    - Добра! - паразважаўшы ў думках, ні з кім не раячыся, сказаў князец. – Згаджаюся на міравую! Ты даеш мне ворага майго, Кусянея, я табе сына твайго, і ты спакойна едзеш да ваяводы. Я табе дам і ясак, але не зараз - праз год, а ты мне пацеркі, волава і віно дай цяпер.
    - Гасударава жалаваньне - не маё дабро, царскае. Мне яго наперад даваць не дазволена. І вож не мой, пад маю абарону ваяводам дадзены, ваяводзе і вярну, - адрэзаў дзесяцкі. - Здавайся без размоў!
    - Добра, не будзем пра пацеркі! Вязі з сабой! І віно вязі, - з відавочным шкадаваньнем загарлапаніў князец. - Але ворага майго - аддай, Барыс Арахаў! Ператлумачвай! - грукнуў ён нагой на Андрэя.
    - Для цябе - вораг ён, а для мяне чалавек. Ён мне даверыўся, і я яго на згубу па сваёй волі не дам! - цьвёрда сказаў дзесяцкі. - Здавайся, Байдоне!
    - Так... Тады, - звузіў вочы князец, - хай выбірае. Скажы так: тады я заб’ю твайго сына!
    - Татку! - не сваім голасам усклікнуў Андрэй. - Ён гаворыць, мяне заб’е, калі не выдасі вожа!

                                                         РАЗЬДЗЕЛ  ДЗЕСЯТЫ
                                                                      КУЛУТ
    Ва ўразе стаяла нядобрая цемра, хаця сонца, відаць, яшчэ не зайшло. Аб гэтым сьведчыў густаружовы квадрат неба ў прадоньні дымавой адтуліны. Магільным быў холад - урага даўно не тапілася, каб не адтаў нябожчык. Андрэй баяўся глядзець налева, дзе ён ляжаў - каменна-белы, прысыпаны сьнежным пылам. А направа яму глядзець не хацелася - там, ля парога, захутаны ў конскі кажушок, з аголеным батасам сядзеў кулут. Таму Андрэй глядзеў прама перад сабой - на ачаг з даўным-даўно астылым попелам.
    Чаму не хацелася яму глядзець на кулута – думаецца, і тлумачыць не трэба. А спачатку равесьнік яму спадабаўся нават! Разам па дровах скакалі. Андрэй яго яшчэ ад князца абараніў. Прыкінуўся беднай авечкай, а сам на праклятай паляне гульню наладзіў - вядома, князец навучыў! І вось з-за кулута Андрэй аказаўся адзін, у руках бязьлітаснага таёна, а кулут у дадатак яшчэ каравуліць. Эх, былі б свабодныя рукі, урэзаў бы па патыліцы - да другой урагі б куляўся! Ды зьвязаны рукі. Не за сьпінай ужо, а перад грудзьмі, і даўгім рэменем - можна штаны зьняць і падняць, калі трэба, а не размахнесься, не ўдарыш.
    Ды і ўставаць неахвота з арона: падлога ва уразе – той жа сьнег, што і знадворку. Праз дымавую адтуліну насыпаўся. Утаптаны сьнег, ды што карысьці: не грэе. А Андрэй без тарбосаў. Як прывезьлі яго на Байдонаў панадворак, панабегла разявакаў: як жа, нуччу злавілі! Байдон думаць пачаў, дзе аманата трымаць. Сьпярша рашыў у той уразе, дзе жывуць: надзейней, маўляў. Ды потым пляснуў сябе па ілбе: ён жа па-нашаму ведае, гэты нучча, будзе чуць, што замышляем! “У тую яго, дзе нежывы наш!” “А не ўцячэ?” - забаяўся нехта. Тут і ўлезла тая, якой раніцай дзесяцкі сары на урагу павесіў: “Зьняць з яго тарбосы! - кажа.— Босы не ўцячэ”. І такімі злымі вачамі ў Андрэя ўпілася! А чым Андрэй вінаваты? Ён, ці што, тыя сары вешаў? Ды і бацька пакінуў яе без сараў у цёплай юрце, не з мерцьвяком. Адным словам, кругом крыўдна Андрэю, а нікому не паскардзісься. Падагнуў ногі свае ў анучах пад сябе, сумуе.
    Уласна кажучы, сумуе - гэта занадта лёгка сказана. Які там сум! Ці ж назавеш сумам тое пачуцьцё, якое гняце пры думцы аб сьмерці? Ды яшчэ якой сьмерці!
    Каб забілі адразу, хай сабе галаву адсеклі – нічога. Памучыўся міг, і на тым сьвеце, ля мамкі роднай, адзінай. А то ж пакляўся князец, што голадам заморыць. Гэта ж доўга як паміраць давядзецца! І да сьмерці аж будзе душа хлеба прасіць. Так да бога галодны і пойдзеш. А там, казалі, нічога не даюць. Раса адна, і тое ў раі. А хто сказаў, што ў рай трапіш? Можаш і зусім наадварот.
    А падумаўшы, дык за што не ў рай? Бог жа бачыць, што Андрэй нічым не грэшны. Не пасьпеў награшыць. А так хацелася іншы раз дзень не памыўшыся прагуляць, рана легчы, позна ўстаць! Добра, што татка не даваў. А то б зараз прамой дарогай у пекла.
    З мамкай пабачыцца... Гэта добра. І яна будзе рада. Хоць, напэўна, так рана і не чакае. А хто яго ведае? Пажыві Андрэй яшчэ гадоў дзесяць, можа б, так награшыў... А мамка ж, і думаць няма чаго, у раі. Бо такой яснай, такой радаснай, чулай не сустракаў болей Андрэй.
    А татка - татка куды пойдзе, як памрэ? Цяжка будзе яму з богам гаварыць. Ён чалавек служылы, бердыша з рук не выпускае. Можа, і таго, што забіўся, упаўшы сёньня, зьняў з дрэва ён. Але ж і той хацеў татку забіць! Можа, бог не стане сьпяшацца, месца татку выбіраючы? Можа, выслухае, памысьліць? Бо са зла Барыс Ліцьвін нікога не забіваў, тое ведае Андрэй змалку.
    І ніколі не рабіў Барыс Ліцьвін ні для сябе, ні для Андрэя нічога такога, каб іншаму шкоду прынесла. Вось і сёньня: мог бы выдаць вожа ў абмен на Андрэя? Мог. А не стаў. Толькі крыкнуў, як Байдон пагразіў, што Андрэя заб’е:
    - Не бойся, сынку! Пакуль мы жывыя будзем, і ты не памрэш! А нас ён не паб’е! Ты скажы яму: цябе кране - род яго ўвесь жывата парашым!
    Страшна сказаў Барыс Ліцьвін. І Байдон:
    - Глядзі ж і ты! Заб’еце майго хоць аднаго - адразу твайму шчанюку сьмерць!
    Андрэй на бацьку не крыўдуе, сам вінаваты. Якія могуць быць забаўкі, калі вакол пішчалі грымяць і стрэлы сьвішчуць! Кулут падмануў? Ды і хто першы гульню тую пачаў, яшчэ ў дарозе?
    Вось і неба згасла над урагой. Патануў у цемры белы нябожчык, кулут у чорным футры сваім патануў. Добра яму, відаць. Сыты. Абуты. А тут, глядзіш, і не дачакаесься сьмерці галоднай: мароз задушыць.
    Голад - то Байдонава кара. Стаў пытаць Андрэя, колькі ў стральцоў хлеба і зельля. Мяса колькі. Андрэй мог б і схлусіць. Ведае ён, што зельля ў кожнага на дваццаць зарадаў, што мяса не цэльны сахаты, а чвэрць, што хлеба з гульчын нос. Мог бы сказаць, як татка: усяго даволі, здавайся, Байдоне! Мог бы. Ды не захацеў і хлусіць. Гаварыць са зьверам не захацеў. Тады Байдон: “Пакуль не загаворыш - есьці не дам!” А Андрэй з ім ніколі не загаворыць. Значыць, памрэ...
    Што ж яно будзе далей? Якольцы стральцоў пабіць не могуць, не могуць узяць урагу. А стральцы з урагі не могуць выйсьці – многа, многа Байдонавых вояў вакол. Ды і біць іх няможна: заб’юць аднаго – Бойдон Андрэя заб’е. Так татка думае. А таго не ведае, што Байдон Андрэя ўжо, лічы, забівае.
    Ох, каб выйшлі ўначы, пракраліся між стрэл і батасаў сюды - што тут са смаркачом гэтым важдацца, Андрэй і сам бы справіўся з ім, каб не рэмень на руках! А можа, засьне, пракляты? Выбрацца - і да сваіх. Па сьнезе? Басанож? Са зьвязанымі рукамі? Ды і не сьпіць. Не сьпіць! Круціцца на парозе.
    Маладзік ва урагу зазірнуў. Мерцвяка з цемры вырваў. Заблішчэла шэрань на твары, на футры яго. Колькі гадоў пражыў, бедалага? Непахаваны ляжыць. Пахаваюць! Вунь калода гатовая ўжо без малога. А Андрэя, глядзіш, ваўком выкінуць.
    Што, калі перасесьці ў недавыдзеўбаную труну? Можа, ногі меней мерзнуць будуць? Бр-р... Чаго не прыдумаеш ад холаду і голаду.
    А на Ленскай зямельцы не кожнаму шчасьце здараецца ў труне ў магілу легчы. Мамку татка так пахаваў. Летам яе забілі, не было калі калоду часаць: летам нябожчык не чакае. Татка пра то расказваў, сам Андрэй памятае слаба. Як жа студзёна, відаць, без труны ў доле мерзлым! Шкада мамку, ой, шкада...
    Раптам пачуліся цяжкія, грузныя крокі. Кулут спалохана ўскочыў - ва урагу няўклюдна пераваліўся Байдон.
    - Ідзі паеш, - без цеплыні сказаў ён кулуту, - і адразу назад.
    Кулут кінуў батас і зьнік. Князец падняў зброю, паспытаў пазногцем лязо. Апіраючыся на батас, як на кій, рушыў да Андрэя.
    “Праўду кажуць, што якольцы ў цемры сьлепнуць”, - падумаў Андрэй, бачачы, як спатыкаецца князец, як кідае яго ад сьцяны да ачага.
    Байдон вылаяўся, сеў на калоду і ўтаропіўся ў хлопца.
    - Бялееш, нахо 65? - задаволена, у расьцяжку прамовіў ён. - Бялееш. То добра. Хутка станеш роўна, як мой Мунай.
    Ён страсянуў пальцам у бок нябожчыка.
    - А мне, нахо, зусім неахвота ваяваць з рускімі. Ваша віно такое смачнае!
    Напіўся, таму і спатыкаецца, - зразумеў Андрэй. - А бачыць ён і ў цемры, як рысь”.
    - ,Не х-хачу ваяваць! - паўтарыў князец.- А трэба. Трэба Кусянею сэрца вырваць, станавую жылу перарваць. Іначай ён са мной тое ж самае зробіць. А бацька твой не дае. Дзе ж праўда, нахо?
    Кусяней у цябе шапку ўкраў, а ты ў яго сэрца вырваць хочаш”, - ледзь не сказаў Андрэй.
    - Разумееш? Мая праўда. Мая! І я ад свайго не адступлюся. Нахо, памажы мне — і я адпушчу цябе.
    - Я забойцу не памагаты, - вырвалася ў Андрэя.
    Байдон задраў галаву і быццам з нейкай вышыні зірнуў на хлопца:
    - Нахо, не забойца я! То вы забойцы. Вы прыйшлі на маю зямлю, патрабуеце тое, чаго мне не давалі... Чаму? Паранілі аднаго і забілі другога... За што?
    - Ты першым хацеў пабіць нас да сьмерці. Першы пачаў.
    - Н-не! Першыя вы пачалі. Я цярпеў, калі вы ўварваліся ў маё жытло і другі раз патрабавалі ясак. Я цярпеў, калі вы патрабавалі аманата. Але вы не далі мне расплаціцца з ворагам маім. Таго я цярпець не мог.
    Князец з шумам выпусьціў з грудзей паветра.
    - Ведай, рускі нахо, Кусянея я павінен забіць, і я заб’ю! Аднаго або з ўсімі вамі. Выбірай. Вас я не хачу забіваць. Ты мне паможаш. Заўтра я павязу цябе, і ты скажаш: ойча, аддай Кусянея, бо я не хачу памерці. Разумееш? Ты скажаш: ойча, дай Кусянея, бо я жыць хачу! Бацька паслухае, мне дастанецца вораг мой, а табе - жывот. А не паможаш - цябе заб’ю. Заўтра ж!
    - Пакуль бацька мой жыў, ты не заб’еш мяне! - няўпэўнена адпрэчыў Андрэй.
    - Хто табе сказаў? - быццам бы зьдзівіўся князец. - Бацька сам? І ты паверыў? Думаеш, я баюся яго? О-ё-ёй, падтрымайце мяне за лоб, я ад страху падаю ніцма! О-ё-ёй, падтрымайце мяне за патыліцу, я ад страху на сьпіну падаю! - заскамарошнічаў ён. - Дзіця! Я, Байдон-ботур 66, ад бацькі твайго з яго жалезнай кішкай пабягу? Ён казаў, што ў іх дастаткова яды і чорнага пяску. Можа, і не салгаў - хай так! Але ў іх няма дроў - тут не абдурыш мяне! Я пабыў у ёй, у той уразе, і бачыў: мае людзі не забыліся тое зрабіць, яны не пакінулі ва уразе ніводнага палена!
    - Да вясны недалёка, - яшчэ меней упэўнена сказаў Андрэй. Словы ў яго выплывалі гучныя, цьвёрдыя, а вымавіць іх гучна і цьвёрда не мог – біла дрыготка.
    - Да вясны? Гы-гы-гы, - рассыпаўся злым сьмехам князец. - Раніцою я цябе спытаю, колькі можна праседзець ва уразе без агню. Думаю, заўтра ты дасі болей праўдзівы адказ. Не сьпі! – кінуў ён, выходзячы, кулуту. – Як месяц зойдзе, Нока прышлю, пераменіць.
    А Андрэй і не заўважыў, што кулут ужо на сваім месцы. Колькі чуў ён з размовы: палову ці толькі канец - цяжка было сказаць. Зрэшты, Андрэя і не цікавіла. Ён заплюшчыў вочы, спрабуючы падрамаць. І тут жа адкрыў: яго рукі даткнуўся кулут.
    - Вазьмі. Еш, - прашаптаў ён, працягваючы штосьці.
    Гэта быў кавалак мяса. Несалёнага, напалову сырога, невядомага. Але ўсё гэта было лухтой, пра якую Андрэй успомніў толькі тады, як праглынуў апошні кус. Ён са скрыгатам абгрыз костку – яна бялела ў сутоньні, як месячная, і кінуў у ачаг. Кулут падабраў, адчыніў дзьверы і шпурнуў костку далёка ў ноч.
    - Памагай табе бог, браце, - падзякаваў Андрэй. Апошняе слова ён сказаў па-свойму, не ведаючы, старэйшы кулут за яго або маладзейшы 67.
    Кулут прамармытаў штосьці кароткае і замоўк.
    Па руках і нагах Андрэя пабегла цяпло. Будзеш часьцей есьці - можна ў няпаленай уразе сядзець, - падумаў ён. Быў бы ў бацькі са стральцамі цэльны сахаты! Цяпер Андрэй да раніцы дацерпіць. А там сонейка ўстане. Дарма спадзяесься, Байдон-ботур, што сын Барыса Ліцьвіна хоць словам паможа табе!
    Але тады князец заб’е Андрэя? Ён ж казаў!.. Застукалі зубы. Цяпер, калі ён пад’еў, асабліва страшна было паміраць.
    Ну што ж. Паміраць дык паміраць. Не два разы.
    Нечакана кулут устаў і падышоў. Бліснуў батас.
    - Выцягні рукі. Расстаў, - пачуў Андрэй. Ён напяў раменьчык, якім яго зьвязалі. І тут жа адчуў, што рукі вольныя.
    - Пайшлі, - прашаптаў кулут.
    - Куды? - не зразумеў Андрэй.
    - Ад сьмерці.
    Быццам сонца зазьзяла раптам над урагой. Быццам мамка ўстала з магілы. Быццам татка паклаў на цемя вялікую добрую руку! А Андрэй думаў яшчэ, што хлопец наўмысна заманіў яго ў палон!
    - Пайшлі, пайшлі, - падагнаў кулут.
    - Босы ж я! - успомніў Андрэй. – Босы далёка не пойдзеш.
    - Няможна па твае тарбосы ва урагу ісьці, - змрочна сказаў кулут. - Праўда, яны ўсе напіліся той брыдоты, што вы прывезьлі. Сьпяць. Ды будзе прачнуцца – усё прапала.
    - Што ж рабіць? - у адчаі сьціснуў кулакі Андрэй.
    - Табе да сваіх недалёка, я давяду. Таён ураньні дальняй дарагой вёў, а тут блізка.
    - А можа, у гэтай урасе што-небудзь ёсьць?
    - Бяры ў Муная, - сказаў кулут і адвярнуўся.
    - У каго?!
    - У Муная, сына Байдона, што тут ляжыць ужо другі месяц. Толькі сам здымай. Я баюся.
    - “А я не баюся?” - хацеў адказаць Андрэй, але адразу аб гэтым забыў. Перад ім стаяў суровы выбар - або зьняць абутак з мерцьвяка і карыстацца ім, або памерці самому. І ён выбраў першае.
    Ногі трупа звонка стукнулі па ароне, калі Андрэй зьняў тое, што на іх надзелі. Гэта былі не тарбосы, а сары, лёгкі скураны абутак. Іх апранаюць на цёплыя панчохі з футра, іначай яны на марозе грэюць слаба.
    Але і ў сарах лепш, чым басанож.
    Андрэй сунуў ногі ў сары, завязаў аборы. Нагам адразу стала цяплей. Кулут прачыніў дзьверы, выглянуў у іх. Высьлізнуў сам і махнуў рукой да сабе. Андрэй рушыў за ім... Ногі не слухаліся Андрэя. Столькі сядзеў, падкурчыўшы іх!
    Сьнег іскрыўся пад маладзіком. Ветру не адчувалася - за сьценкамі урагі было не халадней, чым у ёй самой. Дым над жылой урагой не курэў: да таго, відаць, перапіліся, што агню патухнуць далі. Недзе бліжэй да краю паляны чарнелі коні. Кулут накіраваўся было да іх, але махнуў рукой і вярнуўся.
    - Няма часу лавіць, - шэптам растлумачыў ён і пайшоў на маладзік па ўтаптанай капытамі сьцежцы. Сьнег рыпеў. “Так рыпіць расшчэпленае ветрам дрэва. Як гучна! Аж вушы закладае!” - думаў Андрэй, прысьпешваючы крок.
    Ён памалу разышоўся, дагнаў кулута. Ногі адталі. Кулут, ніжэйшы без малога на галаву, сам цяпер не пасьпяваў за ім. Сам таго не заўважыўшы, Андрэй перайшоў на бег - і імчаўся, імчаўся, пакуль марознае паветра, выхаладзіўшы грудзі, не схапіла за горла. Толькі тады спыніўся і закашляўся. Кулут, прытупваючы, чакаў, калі ж ён нарэшце заціхне.
    - За лесам адпачнём, - сказаў кулут.
    Андрэй і сам разумеў, што нельга спыняцца, пакуль яны яшчэ на паляне з урагой князца. І вось урага засталася далёка ззаду! Андрэй азірнуўся – яе не было відаць! Значыць, і іх з кулутам не відаць ад урагі? Не, на гэта разьлічваць нельга. Урага белая, зьлілася з бельлю сьнягоў, а яны ў чорным, іх на сьнезе далёка відно.
    - Глядзі - месяц заходзіць, - штурхнуў кулут.
    - Хутка цябе пераменьваць прыйдуць?
    - Наўрад... Што таёну з таго, што кулут мерзьне? Кулут чужы, з ім што хочаш рабі.
    - А яшчэ кулутаў няма?
    - Іншыя - свае, Байдонавага роду. Усе - Байдонавы іні.
    - А ты як да яго трапіў?
    - Мяне малога Байдон украў. З майго роду украў! Ну, пабеглі. Месяц заходзіць - раніца блізка.
    І яны пабеглі ізноў праз цьмяны, заценены пералесак, потым праз нешырокую лагчыну. А калі наблізіліся ізноў да лесу, кулут сказаў:
    - Тут у лесе твае. Ідзі. Толькі не забывай, што тры кальцы аховы Байдон паставіў. Можа, сьпяць, а можа, і не. Могуць мяняючыся спаць, бо вораг грозны.
    - А ты? Ты куды?
    - Я да сваіх, да свайго роду. Дзень і ноч буду ісьці, тады дайду. Я даўно зьбегчы хацеў, ды баяўся - зловяць. А цяпер Байдону не да мяне. Воі ўсе сьцерагуць нуччаў. Кулута лавіць няма каму. Я яшчэ вось што прыдумаў...
    Ён наблізіў твар да твару Андрэя:
    - Род Байдонаў заўсёды мой род крыўдзіў. Мой - слабейшы, не мог адплаціць. Я скажу мужчынам роду свайго: Байдон з нуччамі ваюе! Нуччы б’юць ягоных людзей, як курапатак! Паможам нуччам, зьнішчым Байдонаў род! Хай пра тое твой бацька ведае. Чакайце нас! Мы Бойдона ўдарым з другога боку!
    - Я скажу бацьку... Калі дайду да яго.
    - Дойдзеш. Тут блізка. Ідзі. Яны сьпяць. Хай і на перамену - сьпяць.
    Кулут на імгненьне прыхінуўся лбом да пляча Андрэя - відавочна, гэта быў знак сяброўскага разьвітаньня. І ў гэты час у сярэдзіне лесу прагучаў пішчальны стрэл. Потым яшчэ адзін. Трэці...
    - Не сьпяць, - уздыхнуў кулут. А спалі - ад грому прачнуліся. Ведаў бы бацька твой, што ты ідзеш!
    У Андрэя абвялі плечы.
    - Значыць, да раніцы я ўжо не пасьпею прайсьці? А сонца ўстане - не прайду тым болей?
    - Выходзіць, так, - ізноў уздыхнуў кулут.
    - Тады... Тады...- азарыла Андрэя, - вазьмі з сабой мяне! Мы вернемся разам з мужчынамі твайго роду!