вторник, 29 апреля 2014 г.

Лявон Музыка-Бубны. Кампазытар Мікалай Аладаў і якуцкая песьня. Койданава. "Кальвіна". 2014.



                                                    КАМПАЗЫТАР МІКАЛАЙ АЛАДАЎ
                                                                                 І
                                                                  ЯКУЦКАЯ ПЕСЬНЯ
    У 1901 г. пры этнаграфічным аддзеле Імпэратарскага Таварыства Аматараў Прыродазнаўства, Антрапалёгіі ды Этнаграфіі пры Маскоўскім Імпэратарскім Унівэрсытэце Мікалай Андрэевіч Янчук заснаваў музычна–этнаграфічную камісію, якая пачала вывучаць музычны фальклёр народаў Расейскай імпэрыі.
    У 1919 г. бальшавіцкі ўрад стварае Навукова-тэхнічны аддзел МУЗА (музыкальнага аддзелу) Маскоўскага Пралеткульту з пяцьцю сэкцыямі: фізыка-фізыёляга-псыхалягічная, тэхнічная, тэарэтычная (па дасьледаваньню музычнага жыцьця масаў) і мэтадычная, а таксама Акадэмічны Пададдзел МУЗА Наркампрасу, са спэцыяльным Вучоным саветам, які вёў працу ў тэарэтычным і этнаграфічным аспэктах. Вясной 1921 г. у сувязі з рэарганізацыяй АКМУЗА Наркампрасу і са скасаваньнем Навукова-тэхнічнага аддзелу МУЗА Пралеткульту быў створаны навукова-дасьледчы Дзяржаўны Інстытут музыкальнай Навукі [ДЗІМН (ГИМН)], які афіцыйна адкрыўся 1 лістапада 1921 г., у доме № 7 па Вялікай Дзьмітраўскай у Маскве. Тады ж у 1921 г. ў ДЗІМНе на базе камісіі Янчука была створана этнаграфічная сэкцыя, якая пачала займацца зьбіраньнем, вывучэньнем, апрацоўкай і прапагандай песьняў народаў Расіі, а потым і СССР.
    8 лютага 1921 года быў створаны Якуцкі аддзел Наркамату па справах нацыянальнасьцяў у структуры Наркамнацу РСФСР. Пэўна тады, і потым, пасьля абвяшчэньня ў красавіку 1922 г. Якуцкай АССР, калі паўстала Паўнамоцнае Прадстаўніцтва ЯАССР пры Прэзыдыюме УЦВК у Маскве, ўжо пачаліся перамовы з ДЗІМНам аб апрацоўцы якуцкіх песьняў, якія б адлюстроўвалі новы савецкі лад жыцьця кваліфікаванымі кампазытарамі і выданьні іх масавым зборнікам.
    Восеньню 1923 года ў Маскву выехала дэлегацыя Якуцкай АССР, дзеля ўдзелу ў першай Усерасійскай сельскагаспадарчай і саматужна-прамысловай выставе, якая адчынілася 19 жніўня 1923 г. Сярод яе знаходзіўся і самадзейны якуцкі кампазытар Адам Скрабін, які падрыхтаваў дзеля гэтага мастацкую праграму.
    Адам Васільевіч Скрабін, як указвае ў сваёй кнізе “Музыкальная культура якутского народа” (Якуцк, 1987) дасьледчыца Галіна Крывашапка, спасылаючыся на “Пасьведчаньне аб нараджэньні № 27, якое была выдадзенае архівам ЗАГС пры Савеце Міністраў ЯАССР па запісам у кнізе актаў Грамадзянскага стану Якуцкай Барагодзкай царквы” (с. 23), “нарадзіўся 18 (30) траўня 1896 года ў Якуцку ў сям’і непісьменных якутаў, ураджэнцаў Нэмюгінскага насьлегу Заходне-Кангаласкага ўлуса”. Ягоны бацька, Васіль Ніканавіч, які займаўся дробным гандлем, памёр, калі Адаму было ўсяго пяць гадоў, а маці, Аляксандра Ігнацьеўна, суворая і ўладарная жанчына, пасьля сьмерці мужа занялася будаўніцтвам жылых дамоў, здавала іх у арэнду, утрымоўвала наёмных работнікаў. Яна хоць і мела прыгожы голас і ведала шмат якуцкіх народных песень, не вітала цягі свайго сына да музыкі.
    Адам з дзяцінства “любіў слухаць аланхасутаў (выканаўцаў якуцкага гераічнага эпасу аланхо), народныя песьні, граньне аматараў на розных інструмэнтах. На гарышчах, у сьмецьці, ён з аднагодкамі зьбіраў аскепкі пабітых балалаек і гітар, дбайна склейваў іх рыбінымі пухірамі. Мог цэлымі днямі падбіраць на слых знаёмыя мэлёдыі”. Пасьля заканчэньня чатырохгадовага Якуцкага духоўнага вучылішча, дзе атрымаў элемэнтарныя веды па музычнай грамаце і харавым сьпеве, а таксама навучыўся граньню на скрыпцы, маці аддала яго вучнем у гандлёвую фірму. З 1910 года ён, як піша Г. Крывашапка, быў актыўным удзельнікам гуртка “Аматараў музыкі і літаратуры” [пэўна, гэта быў кружок “Аматараў якуцкай літаратуры”, сярод заснавальнікаў якога быў Анэмпадыст Сафронаў (Алямпа) /Антонов Е. П. Культурно-просветительное общество «Саха Омук» (1920-1928)., Новосибирск, 1998, с. 11./], аркестра рускіх народных інструмэнтаў, дзе быў выканаўцам сольных нумароў на скрыпцы, ды сьпяваў рускія народныя песьні і таньчыў, граў на вясельлях і пахаваньнях.

   У 1914 г. Адам Скрабін пабраўся шлюбам з Агрыпінай Іванаўнай Шадрынай, дачкой князцоў Шадрыных, якія паходзілі з Хахсыцкага насьлега Заходне-Кангаласкага ўлуса.
    Пасьля лютаўскай рэвалюцыі 1917 г., па парадзе свайго сябра якуцкага пісьменьніка Алампа (Анемпадыста Сафронава), Скрабін робіцца чальцом тэатральнай сэкцыі культурна-асьветнага таварыства “Саха аймах” (Якуцкае племя), дзе вядзе працу па прапагандзе якуцкай музыкі, а таксама засноўвае першы якуцкі аматарскі хор, які выступіў 31 сьнежня 1917 г. на навагоднім вечары “Саха аймах” Тады была выкананая песьня “Саргылардаах сахабыт” (“Авеяны шчасьцем якут”) на музыку Адама Скрабіна і на вершы Алампы “Ыччат сахаларга”. Дадзеную песьню з цягам часу кампазытар Г. С. Гамбург паклаў ў аснову сымфанічнай сюіты на якуцкія тэмы пад назвай “Ысыах”.
    Але неўзабаве, у жніўні 1920 г., таварыства “Саха аймах” было зьліквідавана ворганамі УЧК. У 1920-1921 гг. Адам Скрабін працаваў у Губпрадкаме, адкуль быў пераведзены ў Губнародадукац для стварэньня “новага” якуцкага нацыянальнага хору, які быў створаны ў найкароткі тэрмін і пачаў выконваць ужо песьні “рэвалюцыйнай” накіраванасьці. Як піша Г. Крывашапка, “А. В. Скрабін быў арганізатарам і кіраўніком духавога аркестра Якуцкай нацыянальнай роты, які выконваў рэвалюцыйныя песьні і маршы на шматлікіх мітынгах, сходах і дэманстрацыях”. (С. 25-26). [“Энциклопедия Якутии” (C. 466) сьцьвярджае, што Скрабін быў стваральнікам “духавога аркестра пры Якуцкай нацыянальнай ваеннай школе (1920 г.)”, хаця на стар. 253 паведамляе што “Якуцкая нацыянальная ваенная школа пачала працаваць у 1926 г.”].
    Пра сваё знаходжаньне ў Маскве пазьней ў газэце“Кɯ:m” [Кыым] за 9 /6/ лютага 1924 г. А. Скрабін пісаў:
    “Праз чатыры дні пасьля прыезду ў Маскву я ў суправаджэньні Дабранравава хадзіў у Маскоўскую цэнтральную ўстанову навукі, песьні і музыкі да Вінаградава і пасродкам ліста старшыні таварыства “Саха амук”, падпісанага Лявонцьевым, намерваўся паказаць якуцкія песьні, вершы і напевы, а калі гэта магчыма, і надрукаваць іх, але ён быў на сходзе і мы не змаглі сустрэцца, таму вярнуўся дамоў.
    Праз некалькі дзён, на выставе, якуцкі павільён наведалі вядомая сьпявачка Нежданава ды кіраўнікі Вялікага тэатра. Карыстаючыся выпадкам, аднаму з іх я паказаў ліст, Пасьля прачытаньня, ён параіў мне зьвярнуцца да дырэктара Дзяржаўнага інстытута музычнай навукі. На наступны дзень я сустрэўся з дырэктарам інстытута музычнай навукі і ён прызначыў сустрэчу а пятай гадзіне вечара. Увечары, без аніякай падрыхтоўкі я адправіўся да таго чалавека. Мяне правялі ў пакой дзе стаялі фісгармонія, раяль, піяніна і фанограф. Сабраліся ў адным пакоі 13 чалавекаў, з іх шэсьць прафэсараў, пяць чалавекаў з Вялікага народнага тэатру і 2 выкладчыкі па сьпевах. некаторыя з іх прышлі з цікаўнасьці. Каля загаварыў на чыстай рускай мове, то першае пытаньне якое яны мне задалі было: “Якая такая нацыя гаворыць гэтак чыста на расейскай мове”. Па першае, ад імя якутаў я падзякаваў ім за цёплы прыём, па другое, перапрасіў за тое, што прастуджаны і наўрад ці змагу прасьпяваць ды папрасіў перанесьці сустрэчу. Тады яны сказалі, што былі б вельмі задаволены, калі б я прасьпяваў на колькі хапае сілаў. Не зьвяртаючы ўвагу на хваробу, давялося прасьпяваць тры песьні запар перад фанографам. Найперш прасьпяваў “Песьню аўтаноміі”, потым “Песьню працоўнага”, а трэцяй была “Як белыя сьнегіры”. Сьпярша мне падалося, што з маіх песьняў анічога не выйшла, але фанограф усё запісаў і тут жа мне рэпрадуктавалі запіс прасьпяваных мною песьняў. Пасьля праслухоўваньня прасьпяваных песьняў прафэсары і выкладчыкі праглядзелі і іншыя маі нотныя запісы. Я спытаў іх, ці магчыма надалей працаваць над матывамі, прасьпяванымі мною, а таксама нотнымі запісамі? Тады яны выдзелілі аднаго чалавека, які спэцыяльна займаецца матывамі розных народаў па імю Іван Сяргеевіч Гусабродзкі. Да яго я прыходзіў на працягу 14-ці дзён і прасьпяваў усе нашыя якуцкія матывы, якія ён перанёс на ноты. Абяцаў размножыць на гектографе і адаслаць нам у Якуцк. Так што заданьне “Саха амук” будзе выкананае, таму жадаю выразіць шчырую падзяку за цёплы прыём і аграмадную дапамогу дырэктару Дзяржаўнага інстытута музыкальнай навукі, а таксама Івану Сяргеевічу Гусабродзкаму, які запісаў музыку і словы на ноты”.
    У сераду 10 кастрычніка 1923 года (№ 229) газэта “Правда”, у зацёмцы “Вечар народнасьцей”, адзначала, што “далёкія якуты” на “вечары нацыянальнасьцяў”, які пачаўся а 20 гадзіне ў панядзелак 8 кастрычніка ў Вялікім тэатры, “выставілі сваю паходную юрту, якая была пакрытая зьвярыным футрам” і выступілі “з аднастайным сьпевам ва ўнісон”. Хаця гэта і быў першы выхад якуцкага мастацтва на ўсесаюзную арэну, але прадстаўнікі Якуціі, як зрэшты і ўсе астатнія, заслужылі пахвалу наркама асьветы А. Луначарскага, распарадчыка вечара. На вечары ад імя Наркамнаца прамовіў “тав. Паўловіч”, які “супрацьпаставіў дружна аб’яднаны СССР капіталістычнаму ладу, які разлагаецца” і заявіў: “Мы прысутнічаем пры скананьні капіталістычнага ладу. Захад стаіць як бы на вулькане. У Нямеччыне цеціва ўжо нацягнутая і лук гатовы. Не сёньня-заўтра з яго сарвецца страла, якая ўвойдзе прама ў сэрца капіталістычнага ладу”.
    Неўзабаве ў ДЗІМНе даручылі апрацоўку якуцкіх песьняў кампазытару М. І. Аладаву.
    Мікалай Ільіч Аладаў нарадзіўся 9 (21) сьнежня 1890 г. у Санкт-Пецярбурзе, у сям’і апантанай музыкай. Бацька, чалец губэрнскай земскай управы па страхаваньню, захапляўся музыкай і тэатрам, граў на раялю ды ў свой час марыў зрабіцца піяністам. Маці таксама грала на фартэпіяна і няблага сьпявала. Мікалай ужо з дзевяці гадоў пачаў пасьпяхова вучыцца граць, а праз два гады прыняўся за сачыненьне невялічкіх п’есаў, якія ён называў мэлёдыямі. З 1907 г. ён пачынае браць прыватныя урокі па музычна-тэарэтычных прадметах ды сачыненьню. Ягоным настаўнікам робіцца кампазытар-этнограф Якаў Васілевіч Прохараў, які нарадзіўся 25 кастрычніка (6 лістапада) 1870 г. ў вёсцы Пажаркі Калужскай губэрні. Вучань М. А. Рымскага-Корсакава, Прохараў запісваў і апрацоўваў народныя песьні на выснове твораў рускіх кампазытараў, і гэта таксама зрабілася асноўным у творчай дзейнасьці М. Аладава. Менавіта у гэты пэрыяд пад узьдзеяньнем настаўніка Аладаў усмоктвае ў сябе традыцыі рускай і замежнай клясычнай музыкі. У 1908 г. ён піша опэру на сюжэт казкі “Сьпячая царэўна”, а годам пазьней опэру “Баярын Ворша” паводле Лермантава. Праз год, пасьля заканчэньня гімназіі, дзякуючы заняткам з Прохаравым, Мікалай Аладаў у 1910 г. здае экстэрнам іспыты за поўны курс кампазытарскага факультэту Пецярбургскай кансэрваторыі. Ён пачынае грунтоўна займацца ўласнай творчасьцю, даваць прыватныя ўрокі па раялю, акампаніраваць у канцэртах–лекцыях, якія арганізоўвае Прохараў, удзельнічаць у пасяджэньнях “Таварыства сяброў музыкі”, заснаванаму ў 1909 годзе, куды таксама яго ўвёў Прохараў і дзе прагучалі упершыню творы маладога кампазытара, якія потым пачалі ўключаюцца ў праграмы публічных канцэртаў. На адным з такіх канцэртаў восеньню 1913 г. з посьпехам былі выкананы рамансы Аладава на вершы А. Кальцова, аб чым паведаміла “Русская музыкальная газета”. Дарэчы, Я. Прохараў уваходзіў у музычна-этнаграфічную камісію, створаную ў Маскве М. Янчуком. Пасьля кастрычніцкага перавароту 1917 г. Мікалай Аладаў кіруе ў Петраградзе дзіцячым хорам адзінай працоўнай школы пры паштамце. У 1919 г. ён на вайсковай службе ва Уладзіміры, а пасьля дэмабілізацыі ў 1920 г. пераяжджае ў Казань, дзе ў толькі што адчыненай Усходняй Кансэрваторыі выкладаў Я. Прохараў, які займаўся пасьля 1917 г. зьбіраньнем і апрацоўкай татарскіх, чуваскіх і мардоўскіх песьняў. У Казані Аладаў на працягу 2-х гадоў працуе музычным інструктарам у клюбе Губэрнскага саюза каапэратыўных таварыстваў. Тады, спэцыяльна для арганізаванага ім хору, Аладаў зрабіў апрацоўкі “Інтэрнацыяналу” ды некаторых рускіх народных песьняў. Таксама ў гэты час Аладаў выступаў у якасьці акампаніятара паказальнай групы ваенкамата, быў піяністам ў тэатры Мініятур, выкладчыкам абавязковага фартэпіяна ва Усходняй Кансэрваторыі, удзельнікам самадзейных драматычных спэктакляў. З восені 1922 году Аладаў пачаў працаваць з самадзейнымі калектывамі клюба мануфактурнай фабрыкі ў Тутаеве, невялічкім гарадку на Волзе. Жывучы ў Казані Аладаў пазнаёміўся з чуваскім музычным этнографам А. Нікольскім і марыйскім музычным этнографам М. Васільлевым, якія прапанавалі яму згарманізаваць чуваскія і марыйскія народныя песьні. Гэтак з’явіліся 10 чуваскіх і 10 марыйскіх народных песень для голасу з фартэпіяна ў апрацоўцы Аладава. Гэтыя апрацоўкі зацікавілі музычна-этнаграфічную сэкцыю ДЗІМНа, дзе ўжо працаваў Я. Прохараў, і Мікалай Ільліч у 1923 г., па запрашэньню старшыні этнаграфічнай сэкцыі, пераяжджае працаваць у гэтым інстытуце. Там ён увайшоў у склад “пяцёркі”, якую ўзначальваў М. Іпалітаў-Іваноў, у задачу якой уваходзіла гарманізацыя і апрацоўка беларускай народнай песьні, запісы якіх (А. Грыневіча, У. Тэраўскага, М. Янчука і інш.) перадаў туды Народны Камісарыят Асьветы БССР. Зразумела ж, у склад гэтай “пяцёркі”, уваходзіў і Я. Прохараў, а таксама А. Аленін, А. Грачанінаў ды А. Нікольскі. Аладаў, працуючы ў Беларускай песеннай камісіі, якая існавала ў 1923-1924 гг., зрабіў шэраг апрацовак беларускіх песьняў і ў сваіх апрацоўках сыходзіў з традыцыяў рускіх клясыкаў.
    Дык вось, у 1923 годзе ДЗІМН даручыў Аладаву апрацаваць якуцкія народныя песьні, якія прывёз у Маскву А. Скрабін. Музыказнаўца Зьміцер Раманавіч Рогаль-Лявіцкі, які нарадзіўся 2 (14) ліпеня 1898 г. на Прачысьцінскай капальні Якуцкай вобласьці, ў сям’і горнага інжынэра і музыканта-аматара Рамана Піліпавіча Рогаль-Лявіцкага, а у 1925 г. скончыў Маскоўскую кансэрваторыю па клясу арфы ды ў 1927-1929 гг. працаваў на этнаграфічных курсах пры ДЗІМНе, у артыкуле “Якуцкая народная песьня.” [“Музыка и революция”, №10, 1926 г.], пісаў, што Аладаў “цудоўна выканаў заданьне, але захапіўшыся мастацкасьцю апрацоўкі, зрабіў іх шматгалосымі, што моцна зацямніла прастату напеву. Якуцкае прадстаўніцтва, якому Скрабін прадставіў на зацьвярджэньне апрацоўкі Аладава [у рускамоўным арыгінале прозьвішча пададзена ў тэксьце як “Алладов”. Магчыма гэта і ёсьць сапраўднае напісаньне прозьвішча кампазытара, а другое “л” згубілася, пэўна, пад уплывам беларускай мовы.], не зацьвердзіла, указаўшы на неабходнасьць пераробкі іх у бок крайняга спрашчэньня, так як песьні разьлічваліся на аўдыторыю надзвычай непадрыхтаваную і малазнаёмую з фартэпіяна. Па якімсьці невядомым прычынам этнаграфічная сэкцыя Інстытута Музычнай Навукі адхіліла прапанову Якуцкага прадстаўніцтва, адмовіўшыся ад якіхсьці пераробак.” [стар. 35.] Трэба зазначыць, што газэта “Правда”, у тым жа нумары за 10 кастрычніка 1923 года паведамляла, што “пастановай Галоўнавуцы Дзяржаўны Інстытут Музычнай Навукі, гэтак званы ДЗІМН, які летась быў зьліты з Расійскай Акадэміяй Мастацкіх Навук, ліквідуецца. Замест яго арганізуецца нанава музычная сэкцыя ў акадэміі, у якую перадаецца маёмасьць і справы ДЗІМНа”. Пэўна тады ДЗІМН перажываў не лепшы свой час, хаця яшчэ, пэўна, існаваў да 1931 году.
    За дзевяць месяцаў (з 10 лютага па 10 лістапада 1923 г.), што ДЗІМН быў аб’яднаны з Акадэміяй мастацкіх навук “Этнаграфічная Асацыяцыя скарысталася наведваньнем Сельскагаспадарчай выставы народнымі музыкамі розных абласьцей Саюза і прыняла на валікі шмат народных мэлёдый у вакальным і інструмэнтальным выкананьні”. З 10 лістапада 1923 г. ДЗІМН, страціўшы гістарычную і філязофскую асацыяцыі, асобную ўстанову ў веданьні Галаўнавуцы. Этнаграфічная сэкцыя ў гэты пэрыяд займалася “гарманізацыяй напеваў”, зборнай працай “ад прыежджых артыстаў з народу”. У “Маскве сэкцыя зафіксавала на валіках… некалькі… якуцкіх песень”. [Иванов-Борецкий. Пять лет научной работы Государственного института музыкальной науки (ГИМНа). 1921-1926. М. 1926. С. 24, 26.]
    У верасьні 1923 г., разам з сябрамі Інбелкульту, сельскагаспадарчую выставу наведаў беларускі паэта Янка Купала. Паэта, які пад час знаходжаньня ў Маскве (да 28 верасьня 1923 г.) знаёміўся з літаратурнай і музычнай грамадзкасьцю Масквы, зацікавіўся дзейнасьцю Я. Прохарава і М. Аладава ў Беларускай песеннай камісіі ДЗІМНа. Ён пасадзейнічаў іхняму пераезду восеньню 1924 г. у Менск, дзе яны пачалі працаваць у толькі што адчыненым Беларускім дзяржаўным музычным тэхнікуме.
    Па вяртаньні з Масквы Адам Скрабін узнавіў сваю дзейнасьць па прапагандзе якуцкай нацыянальнай музыцы і навучаньню музычнай грамаце якуцкай моладзі. Удзельнічае ў працы тэатральнай сэкцыі таварыства “Саха омук” (Якуцкая нацыя). У 1924 г. ён працаваў “выкладчыкам сьпеваў і музыкі ў школах 1-й ступені № 3 і № 4, у Якуцкім пэдтэхнікуме”, дзе адначасова выкладаў якуцкую мову, “згадваючым настаўнікам школы пры Якуцкай нацыянальнай роце з утрыманьнем за кошт ваеннага ведамства” (магчыма тады ім і быў арганізаваны там духавы аркестар), “настаўнікам школы па ліквідацыі непісьменнасьці”. “Ім арганізаваныя самадзейныя хоры ў школах і пэдтэхнікуме, якія развучвалі якуцкія і рускія рэвалюцыйныя песьні, ён займаўся таксама зьбіраньнем народных мэлёдыяў”. У 1925 г. ў навукова-дасьледчым таварыстве “Saqa keskiele” (Будучыня якутаў) ён узьняў пытаньне аб выданьні зборніка якуцкіх мэлёдыяў. Ягоная прапанова атрымала ўхвалу і ён, будучы на той час “выкладчыкам якуцкай мовы 3-й школы 1 і 2 канцэнтару, пэдтэхнікуму ды цэнтральнага лікпункту” (Г. Крывашапка “Музыкальная культура якутского народа” (Якуцк 1987, с. 28), хаця цытуючы той жа дакумэнт яна ў сваёй кнізе “Адам Скрябин. Из истории Якутского музыкального искусства” (Якуцк 1973, с. 17) пісала: “выкладчыка якуцкай мовы 3-й школы, пэдтэхнікума і цэнтральнага лікпункта”) быў накіраваны ў Маскву “для вывучэньня нацыянальнай музыкі”, дзе з 1925 г. па 1927 г. вучыўся на дырыжорска–харавым аддзяленьні Маскоўскай кансэрваторыі.
    У Маскве Скрабін пры садзейнічаньні сталага прадстаўніка ЯАССР пры УЦВК займаўся падрыхтоўкай да выданьня зборніка нотаў якуцкіх песьняў.
    Як піша дасьледчыца Крывашапка “А. В. Скрабін улічваючы крайнюю неабходнасьць зборніка для хораў, якія арганізоўвалі ў той час па ўлусах рэспублікі. Пэўна, па ягоным заказе першапачаткова ўсе апрацаваныя М. І. Аладавым мэлёдыі прызначаліся для трохгалосага хору. Потым ён змушана згадзіўся на апрацоўку для голасу ў суправаджэньні фартэпіяна, і зрабіў гэта толькі пасьля адхіленьня апрацовак М. І. Аладава Якуцкім прадстаўніцтвам. У сувязі з адказам пастпрэдзтва прыняць апрацоўкі М. І. Аладава складалася крытычнае становішча: зрываўся выпуск зборніка. А. В. Скрабін зьвярнуўся да навукова-кампазытарскага факультэту Маскоўскай кансэрваторыі, а таксама асабіста да З. Р. Рогаль–Лявіцкага. Ён прапанаваў ім нанава запісаць мэлёдыі і апрацаваць іх, не “зацямняючы складанасьцю гарманічнага малюнка”. Але усё ж дамогся каб тыя апрацоўкі ўвайшлі у зборнік у якасьці дадатку.”
    Музыказнаўца Рогаль–Лявіцкі піша, што “будучы ж на той час надзвычай абцяжаранымі працай, мы даручылі зрабіць апрацоўку таленавітаму знаўцу народнай песьні маладому этнографу і навукоўцу К. П. Вінаградаву, які і выканаў бліскуча ўскладзеную на яго задачу. Апрацоўка Вінаградава цалкам задаволіла Якуцкае прадстаўніцтва і Скрабіна, які, будучы да таго ж сам сьпеваком, даў магчымасьць запісаць песьні нанава са свайго голасу. У новых апрацоўках асабліва каштоўная рэльефнасьць напеву, ані ў якай ступені не зацемненая суправаджэньнем і складанасьцю гарманічнага малюнка. Гэтыя абставіны даюць права мець надзею што першы зборнік якуцкіх народных песьняў у апрацоўцы К. П. Вінаградава (у якасьці дадатку ў зборнік уваходзяць і апрацоўкі Аладава) атрымае самае шырокае распаўсюджваньне сярод якуцкіх працоўных масаў”.
    З 1917 па 1929 г. у Якуціі функцыянаваў алфавіт С. А. Ноўгарадава на аснове алфавіта Ота Бётлінга, але з дапамогаю літараў міжнароднай транскрыпцыі лацінскага алфавіту, меў 33 графэмы без прапісных літараў, падоўжаньне галосных адзначалася двукроп’ем пасьля адпаведнай літары. У 1924 годзе ў ім былі зьдзейсьненыя істотныя зьмяненьні, уведзеныя прапісныя літары і некаторыя графічныя зьмены.
    Зборнік “saqa ɯruolarɯn nuotalara. мɔskubaʃa аda:m іskire:bin aʃalbɯt saqa nuotalaruɯ bɯnagra:dap dien uonna ala:dap dien mu:sukahɯttar tupsaran ɔŋɔrbuttara. bastakɯ aŋa:rɯn bɯnagra:dap tupsarbɯta ikkis aŋa:rɯn аla:dap tupsaran ɔŋɔrbuta.” (у сучасным напісаньні: Саха ырыаларын нуоталара. Москубаҕа Адам Искирээбин аҕалбыт Саха нуоталарум Бынаграадап диен уонна Алаадап диен муусукаhыттар тупсаран оҥорбуттара. Бастакы аҥаарын Бынаграадап тупсарбыта иккис аҥаарын Алаадап тупсаран оҥорбута - Ноты якуцкіх песень. Прывезеныя ў Маскву Адамам Скрабіным якуцкія песьні з нотамі, апрацавалі кампазытары Вінаградаў і Аладаў. Першую частку апрацаваў Вінаградаў а другую Аладаў.) выйшаў у Маскве ў 1927 г. у Цэнтральным Выдавецтве Народаў СССР, без рускага перакладу і накладам у 2000 паасобнікаў. Ён зрабіўся першым нотным выданьнем па якуцкай музыцы, куды ўвайшлі якуцкія песьні, што бытавалі ў той час ў рэспубліцы, напетыя А. В. Скрабіным. Як піша дасьледчыца Г. Крывашапка: “Выданьне зборніка якуцкіх песьняў з нотамі мела вялікі рэзананс у коле аматараў музыкальнай і песеннай творчасьці. Увесь наклад хутка разышоўся па ўлусах рэспублікі, дзе ствараліся харавыя гурты для развучваньня песьняў, асабліва новых, якія ўслаўлялі савецкую ўладу і камуністычную партыю… К. П. Вінаградаў ды М. І. Аладаў з’яўляюцца першымі савецкімі кампазытарамі, што апрацавалі якуцкія мэлёдыі, якія, як раней лічылася, не паддаюцца эўрапейскаму нотазапісу. Праўда музыкальная апрацоўка, на жаль, зводзіцца да самай элемэнтарнай гарманізацыі, без пранікненьня ў нацыянальны характар мэлёдыяў. Гэткая прымітыўная падача, безумоўна, зьбядняе народныя напевы.” [Кривошапко Г «Музыкальная культура якутского народа», Якутск, 1987, с. 32.] “Некаторыя песьні са зборніка падобныя з матывамі рускіх песень, але ім нададзеныя характэрныя нацыянальныя дэталі, дзякуючы чаму яны прызнаныя і лічацца якуцкімі песьнямі, а некаторыя з іх сталі народнымі”.
    Праўда, якуцкі фальклярыст-дасьледчык Хведар Рыгоравіч Карнілаў, які выдаў у 1929 годзе ў Маскве таксама зборнік якуцкіх песень, сьцьвярджаў, што “першы зборнік якуцкіх песень з нотамі складаецца з яго мэлёдый, але ён выйшаў пад аўтарствам А. Скрабіна”. Але як сьцьвярджае Г. Крывашапка “З такой высновай нельга пагодзіцца. Бясспрэчна, А. В. Скрабін зьяўляецца ўкладальнікам зборніка, выпушчанага ў 1927 годзе… Ён не толькі ўкладальнік, але і аўтар зьместу зборніка, бо ўсе мэлёдыі запісаныя з яго голасу. Адначасова, аўтарамі зьяўляюцца і кампазытары К. П. Вінаградаў, М. І. Аладаў, якія апрацавалі мэлёдыі для голасу і хору. Магчыма, Х. Р. Карнілаў перадаў А. В. Скрабіну мэлёдыі, запісаныя ім у 1922-1923 гадах. Гэтыя ноты, верагодна, Адам Васілевіч паказваў у Маскве К. Вінаградаву і І. Гусабродзкаму… Аднак, гэтыя нотныя запісы не прымаліся да ўвагі кампазытарамі. Верагодна, першыя запісы Х. Р. Карнілава па сваім тэхнічным выкананьні не падыходзілі для апрацоўкі. Вядома, што Хведар Рыгоравіч, стараючыся паўней паказаць нацыянальны характар песень, ужываў вынайдзеную ім сыстэму запісу, якая не была зразумелая кампазытарам”. [Г. Кривошапко “Адам Скрябин. Из истории Якутского музыкального искусства”, Якутск, 1973, с. 19.] Такім чынам, “А. Скрабін напяваў свой уласны варыянт”. Таму “у зборнік уключаныя мэлёдыі, напетыя А. В. Скрабіным, у тым ліку створаныя ім, а таксама народныя песьні”. Таксама ў яго ўвайшлі “некалькі народных песень, запісаных Ф. Р. Карнілавым і дакладна ўзноўленыя А. В. Скрабіным пры паўторным запісе кампазытарамі”. [Г. Кривошапко “Адам Скрябин. Из истории Якутского музыкального искусства”, Якутск, 1973, с. 22.]
    Першы якуцкі зборнік песень апрацаваны К. П. Вінаградавым не па нотных запісах, перададзеным А. В. Скрабіным, а па запісах з голасу Адама Васілевіча. Мэлёдыі апрацаваныя Вінаградавым у шмат чым адрозьніваюцца ад мэлёдыяў апрацаваных Аладавым, хаця ў аснове іх ляжаць адны і тыя ж мэлёдыі, бо Аладаў, па ўсёй верагоднасьці, карыстаўся запісамі мэлёдыяў а Вінаградаў усе мэлёдыі запісваў нанава з голасу Скрабіна. У першую частку зборніка ўвайшлі 20 песьняў у апрацоўцы К. Вінаградава (магчыма гэта Канстанцін Пятровіч Вінаградаў /1899-1980/, які ў 1923-1936 гг. быў канцэртмайстрам, галоўным хормайстрам і галоўным дырыжорам Опэрнага тэатру імя К. С. Станіслаўскага ды, таксама, у 1924-1953 гг. выкладаў у Маскоўскім музычным вучылішчы імя Гнесіных. [Музыка. Большой энциклопедический словарь. М., 1998. с. 109.], для голасу з фартэпіяна і тэкстам на якуцкай мове а ў другую “16 апрацовак М. Аладава [згодна альфабэту С. А. Ноўгарадава, прозвішча Аладава на вокладцы зборніка выглядала як “Ala:dap”] тых жа і іншых песьняў, але без тэксту і для трохгалосага хору з фартэпіяна”. /Г. Кривошапко  Адам Скрябин. Из истории Якутского музыкального искусства. Якутск. 1973, с. 181] Згодна кнізе гэта:
    1). уtyrgenne:q  yje (Yтургэннээх уйэ) “Век прыгнёту мінуў”. (І ч. стар. 3; ІІ ч. стар. 39) “Куплетная песьня, 4-х тактная пабудова. 5-ы такт, выпісаная фэрмата кадэнцыённага заканчэньня. Адрозьненьне паміж варыянтамі “В” (Вінаградава) і “А” (Аладава) : танальнае, тэмпавае. У варыянце “А” адсутнічаюць фаршлягі, наяўныя ва 2-м і 4-м тактах варыянту “В”;
    2). yryŋ  tulluk  kurduk du: (Yрунг туллук курдук дуу) “Як белыя сьнегіры”. (І ч. стар. 4-5; ІІ ч. стар. 40.) Куплетная песьня, 4-х тактная пабудова. Адрозьненьне паміж варыянтамі “В” і “А”: танальнае, тэмпавае і кадэнцыённае заканчэньне. Як адзначае Г. Крывашапка, мэлёдыя № 6 Yрунг туллук эрэ молбостуур (Белагруды сьнягір) не апрацоўвалася Аладавым, у адрозьненьне ад Вінаградава, толькі мабыць па той прычыне, што яна падобная з мэлёдыяй (Yрунг туллук курдук дуу);
    3). ɔʃɔ,  ɔʃɔ  erdeqqe (Оҕо, оҕо эрдэххэ) “Пакуль мы маладыя”. (І ч. стар. 5; ІІ ч. стар. 40) Куплетная песьня. 4-х тактная пабудова. Адрозьненьне паміж варыянтамі “В” і “А”: танальнае, тэмпавае. Песьня напісаная на словы А. І. Сафронава (Алампа). Лічыцца, што асновай гэтай песьні была мэлёдыя рускай народнай прыпеўкі, вядомай у Якуцку пад назовам “Падгорнай” і суправаджалася скокамі;
    4). keleʃejdi:r  kuolasta:q (Кэлэҕэйдиир куолостаах) “Песьня зязюлі - Кэҕэ ырыата”. (І ч. стар. 6; ІІ ч. стар. 41.) Варыянт “В”: 2-х тактная пабудова з кадэнцыённым заканчэньнем - квінтавыя фаршлягі да сёмай нізкай ступені (f - es). Варыянт “А”: 8-мі тактная пабудова. Мэлёдыя не падобная з варыянтам “В”. Танальнасьць В-dur. Заканчваецца песьня ў мэлядычным стане тэрцыі да асноўнага тону (перайманьне зязюлі);
    5). (7) komysty:r  ini (Көмүстүүр ини) “Ці залацісты” - (або яшчэ мае назву Жаўрук - Куорэгэй). (І ч. стар. 9; ІІ ч. стар. 43) Куплетная песьня. Варыянт “В” - 6-ці тактная пабудова, у мажорным ладзе, рухомы тэмп. У варыянце “А” - 12-ці тактная пабудова, у мінорным ладзе, мэлёдыя запісаная ў павелічэньні, мае шмат выпісаных мэлізмаў. Тэмп - Adante;
    6). (8) keŋsik  muŋsuk  sɯttarda:q (Кэҥсик-муҥсук сыттардаах) “Чадам-гарам які тхне”. (ІІ ч. стар. 44.) Куплетная песьня. У варыянце “А” - 4-х тактная пабудова, мэлёдыя выкладзеная ў павелічэньні;
    7). (9) kɯhalʃala:q  зɯllarbɯt (Кыhалҕалаах дьылларбыт) “Цяжкія гады”. (І ч. стар. 11; ІІ ч. стар.. 45.) Куплетная песьня. Варыянт “В”: 8-мі тактная пабудова, двухчастковай формы ў f-moll'e. У варыянце “А” - 4-х тактная пабудова, мэлёдыя выкладзеная ў павелічэньні і іншым гарманічным і ладавым мышленьні - В - dur пачынаецца з дамінанты, а не з тонікі, як у варыянце “В”. Тоніка “апетая” дапаможнымі тонамі;
    8). (10) зɔhun ma:nɯ зɔnnɔrdɔ:q (Дьоhун-мааны дьоннордоох) [“Выспа Кылах - Кыыллаах арыы” – Песьня пра выспу Кыыллаах (Зьвярыную)]. (І ч. стар. 12; ІІ ч. стар. 46) Куплетная песьня. Варыянт “В” - 8-мі тактная пабудова, танальнае адрозьненьне f-moll, мэтрычнае - 3/8, тэмпавае - м. м. j= 152. Варыянт “А” - 4-мі тактная пабудова, танальнае адрозьненьне d-moll, мэтрычнае - 3/4, темповае - м. м. j= 56 У варыянтах кадансы (канчаткі) “В” – “А” - Д - Т;
    9). (12) qaraŋbɯt qalbаrɯjda (Хараҥабыт халбарыйда) “Прайшла цёмная ноч”. (І ч. стар. 13-14; ІІ ч. стар. 47) Куплетная песьня. Варыянт “В” - 2-х тактная пабудова. У варыянце “А” - 4-х тактная пабудова, мэлёдыя выкладзеная ў павелічэньні;
    10). (14) tulluk tulluk, dɔʃɔttɔr (Туллук-туллук доҕоттор) “Сябры сьнягірыкі”. (І ч. стар. 15; ІІ ч. стар. 49.) Куплетная песьня. У абодвух варыянтах 8-мі тактная пабудова. Мэлёдыя выкладзеная ў мэтрычным павелічэньні;
    11). (15) eder ɯccat зɔnnɔrum (Эдэр ыччат дьоннорум) “Да моладзі”. (І ч. стар. 16; ІІ ч. стар. 50) Куплетная песьня. Варыянт “В” - 4-х тактная рэпрызная пабудова са ўступным тактам запеву. Соль мажор. Мадэрата (М. М. =84). Заключны каданс на II-й прыступцы. Варыянт “А” - 8-мі тактная пабудова са ўступным і заключным тактамі. До мажор. Адажыё. (М. М. =58).;
    12). (17) saŋalɯ:ra зɯllarbɯt (Саҥалыыра дьылларбыт) “Новы год”. (І ч. стар. 18; ІІ ч. стар. 52.) Куплетная песьня. Варыянт “В” - 8-мі тактная пабудова. Варыянт “А” - 4-х тактная пабудова. Некалькі падобны з другой паловай варыянту “В”. Мэлёдыя выкладзеная ў мэтрычным павелічэньні ў танальнасьці да мінору;
    13). (20) ylehit qamnaccɯt зɔnnɔru (Yлэhит-хамначчыт дьоннору) “Людзей рабочых-батракоў”. (І ч. стар. 20; ІІ ч. стар. 54) Куплетная песьня. Была напісаная Адамам Скрабіным у 1919 г. на вершы Алампа “Саха ырыата” (Якуцкая песьня). Але калі у Якуціі усталявалася савецкая ўлада, то у песьні былі зьмененыя некаторыя словы, якія не адпавядаюць духу часу і песьня атрымала новы назоў. “Варыянт “В” - 4-х тактная пабудова ў Соль мажоры. Заключны каданс: Т 4/6, Д, Т. У варыянце “А” - 8-мі тактная пабудова, мэлёдыя ў Сі бемоль мажоры выкладзеная ў мэтрычным павелічэньні. Заключны каданс палавінная кадэнцыя: Т 4/6, Д, Д. У прафэсійнай творчасьці тэму выкарысталі: 1). Д. Саліман-Уладзіміраў “Якуцкі пераможны марш для духавога аркестру”, 1945 г.; 2). Г. Гамбург “Сюіта на якуцкія тэмы для сымфанічнага аркестра”. V-я частка - Марш; 3). М. Жыркоў і Г. Ліцінскі. Хор “Праводзіны Нюргуна”. Другая карціна опэры “Нюргун Ботур”;
    14). (21) “Без назову”. (ІІ ч. стар. 54) 2-х тактная пабудова. Назоў песьні невядомы. Апрацаваная толькі М. І. Аладовым і ўключаная ў зборнік без тэксту. Дадзены матыў, у танальнасьці Мі бемоль мажор, пакладзены ў аснову вітальнага хору народу ў пралёгу опэры “Нюргун Ботур” М. Жыркова і Г. Ліцінскага;
    15). (22) “Без назову”. (ІІ ч. стар. 55). 5-ці тактны напеў. Назоў песьні невядомы. Уключаная ў зборнік толькі ў апрацоўцы М. І. Аладова. [Г. Кривошапко «Адам Скрябин. Из истории Якутского музыкального искусства». (Якутск 1973. С. 56-63.)].
    Пэўна паказаная Г. Крывошапкай колькасьць 16 мэлёдый (паўторанае затым у яе ж кнізе “Музыкальная культура якутского народа”, Якутск 1987, с. 30), зьяўляецца апіскай, бо далей яна піша: “як відаць з прыведзеных 13 мэлёдый маюць падвойную апрацоўку: К. П. Вінаградава для голасу ў суправаджэньні фартэпіяна і М. І. Аладава для трохгалосага хору… Не дубляваныя 7 мэлёдый з першага разьдзелу зборніка і дзьве мэлёдыі з другога. Такім чынам, усяго ў зборнік А. В. Скрабіна ўключана 22 мэлёдыі, у тым ліку 20 для голасу з якуцкім тэкстам і дзьве для хору без тэксту”. (С. 56)
    У 6-ці асобніках зборніка “Якуцкія песьні з нотамі”, якія захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы РС(Я), пад шыфрамі: Як. 23388 - Як. 23393 [З аднаго экзэмпляру была зроблена копія і ў 2005 годзе перададзеная ў Нацыянальную Бібліятэку Беларусі], у другой ягонай частцы ўтрымоўваецца ўсяго толькі 8 (апрацаваных Аладовым) песень: 1). “Век прыгнёту мінуў” (С. 21-22); 2). “Як белыя сьнегіры” (с. 22); 3). “Пакуль мы маладыя” (с. 23); 4). “Зязюля” (с. 24); 5). “Людзей працоўных-батракоў” (з. 25); 6). “Цяжкія гады”. (с. 26); 7). “Чадам-гарам які тхне” (с. 27-28); 8). “Да моладзі” (с. 28). Відаць гэтымі асобнікамі карыстаўся якуцкі дасьледчык Э. Е. Аляксееў, бо пісаў: “зборнік “Ноты якуцкіх песень” быў выдадзены Цэнтральным выдавецтвам народаў СССР у 1927 г. Ён утрымоўвае каля 30 якуцкіх мэлёдый, напетых Скрабіным і апрацаваных для голасу і хору з фартэпіяна кампазытарам М. І. Аладавым і фальклярыстам К. П. Вінаградавым”. [Якутская Советская литература и искусство”, Якутск, 1964, с. 186.] Праўда, усе гэтыя паасобнікі зборніка копіі, зробленыя на ксэраксе з аднаго нейкага асобніка і без тытульнага ліста. Таму магчыма ў іх бракуе апошніх старонак, а Г. Крывашапка для сваёй манаграфіі пра Скрабіна карысталася нейкім іншым поўным асобнікам зборніка. Праўда, беларуская дасьледчыца С. Г. Нісневіч у сваёй манаграфіі “Народный артист БССР Н. И. Аладов” (Мінск, 1959) піша: “Увесну 1924 года па просьбе Якуцкага Пастпрэдзтва Аладаў робіць таксама 15 апрацовак народных якуцкіх мэлёдый, якія былі выдадзеныя ў 1925-1926 гадах”. (С. 5). Але ж паводле Беларускай Энцыкляпэдыі Аладаў у канцы 1923 г. пераяжджае ў Менск. Значыць гарманізацыю якуцкіх песень ён вырабляў у Менску, так як быў чальцом-карэспандэнтам у ДЗІМне, бо ў сьпісе: “Асабісты склад супрацоўнікаў Інстытута [ДЗІМНа] на 1 кастрычніка 1926 г.” значыцца: “1). Аладоў, Мікалай Ільіч. - Менск. - Этнаграфічная сэкцыя”. [Иванов-Борецкий.  Пять лет научной работы Государственного института музыкальной науки (ГИМНа). 1921-1926. М. 1926. С. 58.] У той час як Я. В. Прохараў лічыўся “пазаштатным навуковым супрацоўнікам”. Дарэчы, чальцом-карэспандэнтам быў і нейкі “Вінаградаў Міхаіл Мікалаевіч. - Валакаламск, Маск., губ. - Этнаграфічная сэкцыя”.
    У канцы 20-х гадоў падчас так званых мерапрыемстваў па ачыстцы дзяржапарату ад клясава чужых элемэнтаў Адам Скрабін, як сын “багацея” быў выключаны з Маскоўскай кансэрваторыі. З-за матэрыяльнай незабясьпечанасьці ў Маскве ён пачаў перабівацца выпадковымі заробкамі, заахвоціўся да алькаголю. Вярнуўшыся ў Якуцк, Скрабін працаваў інспэктарам Наркампраса па дашкольным выхаваньні, даваў урокі музыкі і сьпеваў у школах і тэхнікуме. У 1931 годзе пры Якуцкім нацыянальным тэатры пад кіраўніцтвам Скрабіна быў арганізаваны першы ў Якуціі хамусны ансамбаль, які суправаджаў сольны і харавы сьпеў. Некаторы час ён кіраваў духавым аркестрам Якуцкай нацыянальнай ваеннай школы. Быў хормайстрам Якуцкага пэдагагічнага інстытута, дзе займаўся стварэньнем аркестра народных інструмэнтаў. Адам Скрабін “у жыцьці быў чалавекам мяккага, згодлівага характару, са слаба разьвітой воляй” і ў далейшым не знайшоў прымяненьня свайму таленту на радзіме, бо “не знаходзіў належнай падтрымкі”. Потым была распаўсюджаная чутка аб нібыта ягоным вар’яцтве і што, нібыта, Адам Скрабін памёр, са слоў ягонай дачкі, у Маскве ў 1938 годзе, хаця гэтая дата была не падмацаваная аніякімі дакумэнтамі.
    Але з цягам часу зрабілася вядомым, што Адам Васільевіч Скрабін быў арыштаваны 15 лютага 1936 года НКУС ЯАССР. 16 лютага адбыўся першы допыт, дзе яму прад’явілі спробу замаху на сакратара абкама Пеўзняка.
    Пеўзняк Файвэль Мордухавіч нарадзіўся ў сакавіку 1898 года ў вёсцы Дудзіна Мсьціслаўскага павета Магілёўскай губэрні Расейскай імпэрыі ў габрэйскай сям’і гандляра. Па рэкамэндацыі сакратара КП Украіны П. П. Постышава ў верасьні 1930 года рашэньнем ЦК ВКП(б) накіраваны ў Якуцкі абкам ВКП(б), дзе ў кастрычніку быў прызначаны на пасаду І-га сакратара Якуцкага абкама ВКП(б).
    У сапраўднасьці Адам Скрабін толькі падыходзіў да будынку дзе жыў Пеўзняк і распытваў домработніцу, калі той бывае дома, каб яму распавесьці пра свой “бядотны стан і папрасіць дапамогі”, бо яго, як не чальца ВКП(б) не прапускалі ў абкам партыі, таму ён разьлічваў толькі на сустрэчу каля дому.
    4 сакавіка 1936 года Скрабіну прад’явілі абвінавачваньне па артыкулу 58-10 КК РСФСР.
    10 сакавіка 1936 г. яму прад’явілі канчатковае абвінавачваньне: “Скрабін Адам Васільевіч праяўляў антысавецкую дзейнасьць з тэрарыстычнымі намерамі. Быў ў мінулым чальцом контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі “Саха амук” у г. Якуцку.
    У дзейнасьці апошняга прымаў актыўны ўдзел. Меў блізкія сувязі з былым старшынёй “Саха амук” Лявонцьевым В. М. – натхняльнікам контррэвалюцыйнага руху ў Якуціі, Сафронавым А. І., рэпрэсаваным за контррэвалюцыйную дзейнасьць, Сьляпцовым Т. А., расстраляным АДПУ. Скрабін А. В у дадзены пэрыяд мае шырокія сувязі з контррэвалюцыйнай націнтэлігенцыяй, былымі актыўнымі ўдзельнікамі бандытызму, якія вярнуліся з выгнаньня. На кастрычніцкіх урачыстасьцях 1935 года сваім дэзарганізатарскім паводзінамі сарваў урачыстае паседжаньне і мастацкую частку. У залі сярод аўдыторыі выкрыкваў лёзунгі, якія кампрамэтавалі т. Сталіна.
    Дапытаны па справе ў якасьці абвінавачваемага па арт. 59-10 КК РСФСР Скрабін А. В. вінаватым сябе не прызнаў” /Петров П.  Адам Скрябин – первый якутский самодеятельный композитор. Якутск. 2011. С. 95, 97./
    Рашэньнем Асобай нарады пры НКУС СССР ад 13 красавіка 1936 г. Адам Скрабін быў асуджаны да 3 гадоў у папраўча-працоўным лягеры. Справа № 365-р.
    5 лютага 1939 года Файвэль Пеўзняк быў арыштаваны па справе “антысавецкай права трацкісцкай буржуазна-нацыяналістычнай арганізацыі” і абвінавачаны па артыкулам 58-1“а”, 58-2, 58-7, 58-9, 58-11 КК РСФСР. У ліку 25 чалавек 28 траўня 1940 года рашэньнем Вярхоўнага Суду ЯАССР асуджаны да вышэйшай меры пакараньня - расстрэлу, які быў пастановай Асобай нарады НКУС СССР ад 17 траўня 1941 года заменены на 8 гадоў Папраўча-працоўных лягераў. Пакараньне адбываў у Паўночна-Усходнім папраўча-працоўным лягеры Дальбуду. 28 лістапада 1942 года на будаўніцтве аўтадарогі Хандыга-Магадан Файвэль Мордухавіч Пеўзняк быў задаўлены грузавой аўтамашынай. Рэабілітаваны 12 сьнежня 1955 года. Справа – 2320.
    Адам Скрабін адбываў пакараньне ў Паўночна-Ўсходнім папраўча-працоўным лягеры Дальбуду ў бухце Нагаева. 15 лістапада 1939 года быў вызвалены, але далейшы лёс яго невядомы. Указам Прэзыдыюма Вярхоўнага Савета СССР ад 16 студзеня 1989 года “Аб дадатковых мерах па аднаўленьні справядлівасьці ў адносінах ахвяраў рэпрэсій, якія мелі месца ў пэрыяд 30 - 40-х і пачатку 50-х гадоў” Адам Скрабін быў цалкам рэабілітаваны.
    Далейшы лёс М. Аладава быў шчыльна зьвязаны з Беларусьсю. У 1932 году ён удзельнічае ў стварэньні Беларускай кампазытарскай арганізацыі. У 1955 годзе атрымоўвае званьне Народнага артыста БССР. У 1959 годзе ён стварае раманс для тэнара (фа мінор) “Плытнікі” на словы (верш “Парог”) беларускага паэта Івана Ласкова, які памёр у Якуцку ў 1994 годзе. Памёр Мікалай Ільіч Аладаў 4 сьнежня 1972 года ў Мінску.
    Ягоная жонка, Аладава Алена Васілеўна (1907-1986), у 1944-1977 гадах загадвала Дзяржаўным мастацкім музэем Беларусі, калі ў яго паступілі некаторыя карціны з калекцыі якута М. Габышава. Так у 1960 году паступілі творы дэкаратыўна прыкладнага мастацтва, мэблевы гарнітур ХIX стагоддзі. Пазьней, у 1961 году, былі набытыя маляўнічыя творы Фрыдэрыка дэ Мушэрона, Томаса Херэманса, Карла Лота, Яна Жэлі, ды таксама шэраг невядомых італьянскіх, галяндзкіх і французскіх мастакоў. Быў набыты скульптурны твор Жана Батыста Карпо. А дачка, Аладава Радаслава Мікалаеўна, стала беларускім музыказнаўцам і зараз жыве ў Мінску па вул. К. Маркса. Між іншым, яна добра знаёмая з якуцкім дасьледчыкам музыкі Э. Е. Аляксеевым, які ў цяперашні час пражывае ў ЗША.
    Лявон  Музыка-Бубны,
   Койданава.